«Оставить эту птицу!» — так нібыта напісаў Мікалай I, калі Паскевіч запытаў яго аб лёсе польскіх арлоў у Варшаўскім замку.

Апухцін

 

Партрэт Апухціна № 1

 

Нізкі, прысадзісты, з пухлым чырвоным тварам, кароткімі стрыжанымі валасамі і сівымі вусамі, з настолькі дабрадушным і сумленным выразам твару, што ажно гатовы расчараваць найбольш адданага паслядоўніка фізіянамічнай тэорыі.

 

Партрэт Апухціна № 2

 

Была гэта, напышлівая сваім саноўным становішчам і ўсведамленнем уласнай гістарычнай місіі, дробная постаць у фраку з шырокай стужкай ордэна праз плячо, з зоркай на грудзях, з паморшчаным тварам, акружаным сівой барадой, з халодным праніклівым позіркам.

 

Мастак русіфікацыі ці самы звычайны фельчар?

 

Русіфікатар — з ног да галавы, таксама як Лір быў каралём з галавы да пят. Толькі русіфікатарам ён быў самым пасрэдным, вельмі прымітыўным, не толькі без здольнасцей, але і без спрыту. Ён робіць на мяне ўражанне не тонкага і дасведчанага дзеяча, але фельчара з малога мястэчка, які рэжа, кроіць, не пытаючыся, дзе і як, абы толькі як найбольш крыві было і як найдаражэй узяць за бінты. Ён люта ненавідзіць нас, ён быў бы рады ўсіх нас утапіць і згнаіць у матчыным улонні, але за што, якая прычына яго нянавісці, дзе яе крыніца?

 

Гутаркі Апухціна

 

Падуладных прымаў паасобку, кожнага частаваў гарбатай, у супольнай гутарцы ўсе разам абмяркоўвалі спосабы пераследу моладзі. Да сваіх ён ставіўся вельмі паблажліва, але быў суровы з тымі, хто асмельваўся гаварыць па-польску. А таксама з тымі, хто ажаніўся з полькамі. Шлюб полькі з маскалём-настаўнікам быў вельмі рэдкім выключэннем. Шлюб рускага з полькай мог адмоўна паўплываць на яго кар’еру, як і траплянне ў спіс т. зв. «спіс спальшчэлых», які вёў Апухцін. А гэта магло напаткаць настаўніка кожны раз, калі ён меў смеласць абараняць вучня.

 

Слабасць Апухціна

 

Тэкля. Яна моцна ўплывала на яго. Пры дапамозе звонкай манеты з ёй можна было паспяхова ўлагодзіць шмат справаў. Амаль усё. За выключэннем атрымання пасады настаўніка палякам пасля 1884 г.

 

Вуха Апухціна

 

У 1883 г. студэнт Жуковіч, рускі, даў поўху Апухціну. Ва універсітэце раза­гналі мітынг салідарных з гэтым жэстам. Шмат студэнтаў выключылі з навучальнай установы. А Апухцін атрымаў ордэн. Крыху пазней у цырку, калі адзін клоун даваў поўху другому, трэці падбягаў і прышпіляў ордэн пацярпеламу.

 

У рэстаране госці, замаўляючы зразы, замест «бітых» прасілі падаць «апухцінскія».

 

Мара Апухціна

 

Каб польскія маткі спявалі перад сном сваім дзецям рускія калыханкі.

 

Медаль Апухціна

 

У 1897 г. за межамі Каралеўства быў выбіты бронзавы медаль з выявай бюста куратара Варшаўскай навучальнай акругі Аляксандра Львовіча. З другога боку змяшчаўся надпіс:

 

Вечная анафема его имени, вечный позор его постыдной деятельности в Царстве Польском (1879—1897).

 

 

Медаль «у гонар» Апухціна з надпісам «Вечны праклён яго прозвішчу, вечная ганьба яго агіднай дзейнасці ў Польскім Каралеўстве (1879—1897).

 

Медаль быў высланы ва ўсе еўрапейскія музеі. 

 

Пахаванне Апухціна

 

Сярод вянкоў на труне з’явіўся адзін, на стужцы якога было напісана: «Ад удзячных студэнтаў». Студэнты запатрабавалі, каб вянок быў неадкладна выдалены. Натоўп, сабраны ў двары універсітэта, быў заатакаваны выкліканымі атрадамі казакоў. Шмат каго арыштавалі і пасадзілі ў Цытадэль. У гэты дзень заняткі ва універсітэце адмянілі.

 

Арол

 

«Оставить эту птицу!» — так нібыта напісаў Мікалай I, калі Паскевіч запытаў яго аб лёсе польскіх арлоў у Варшаўскім замку. Яны захаваліся на харугве па-над вежай і перад уваходнай брамай першага дзядзінца (у асабістым каралеўскім гербе — разам з Цяльцом і Пагоняй), а таксама ў пары залаў на першым паверсе.

 

Немагчыма было выдзерці арлоў, не знішчыўшы надзвычай прыгожых алебастраў, аздобленых пад мармур, таму белых арлоў у залатых каронах у балёвай зале закрывалі кандэлябрамі.

 

Пасля паўстання 1863—1864 гг. рэгламент пачаў вымагаць, каб уваход у Замак сцераглі двухгаловыя чорныя расійскія арлы.

 

*****

Верх ялінкі ў доме Віктара Гамуліцкага замест партрэта цара быў аздоблены белым арлом, вырабленым з дрэва адным з сыноў паэта. Гэта была не адзі­ная праява асабістага патрыятызму.

 

 

Артельщик

 

Расійскія насільшчыкі, барадачы ў белых фартухах, побач з польскімі насільшчыкамі (вусачы ў блакітных блузах з нумарамі на плячы) абслугоўвалі пасажыраў на Пецярбургскім вакзале, а пазней і на Тэрэспальскім.

 

Палякі, нават станцыйныя вартаўнікі і стрэлачнікі, гублялі працу з-за расій­цаў. Адусюль выдалялася польская мова. Усе надпісы на будынках чыгуначных станцый, у пачакальнях, рэстаранах, вагонах павінны быць напісаныя на мове, незразумелай для большасці. І расклад руху друкаваўся толькі па-расій­ску. Рабілася гэта дзеля таго, каб іншаземец, «праязджаючы праз нашу краіну», не змог усумніцца, што гэта «истинно-русский край».

 

У 1891 г. быў распрацаваны і зацверджаны праект (праўда, з прычыны змены царуючай асобы рэалізаваны толькі часткова) аб звальненні ўвогуле палякаў з службы на чыгунцы за выняткам ніжэйшых пасад (да 20 %) і сярэдніх (да 5 %). Удалося звольніць на працягу двух год у Прывіслінскай, Тэрэспальскай і Дамброўскай чыгунках каля 700 палякаў і прызначыць на іх месцы расейцаў з унутраных губерняў. На чыгунцы існавалі загады, якія забаранялі службоўцам «разумець па-польску», г. зн. прымушалі не адказваць на пытанні, якія задавалі пасажыры на гэтай мове.

 

Афіцэры

 

Талстой адрозніваў тры катэгорыі афіцэраў: наёмнікі, рабаўнікі і амаральныя дурні.

 

Ніякай пашаны для мундзіра. У найгоршую дзюру залезе тутэйшы афіцэр (у асноўным страявыя і пяхоты) і будзе біцца ў першым-лепшым агародзе з чэляддзю. Няма такога дня, каб не было нейкай бойкі, а калі нават у варшаўскіх дзяржаўных тэатрах паводзяць сябе больш прыстойна, то толькі дзякуючы пільнасці паліцыі. Мундзір гэты цёгаюць па самых падазроных месцах, а кожнае свята ў палку павінна скончыцца агіднай оргіяй сярод ву­лічных прастытутак і бруду сцёкавых ямін,

 

— паведамляе сяброўцы Баранеса XYZ.

 

Да 1855 г. афіцэрскі чын у расійскай арміі быў даступны толькі дваранству, што было атрымана ці то ў спадчыну, ці то асабіста. Пазней афіцэрам мог быць кожны расійскі падданы, нават з вельмі сціплай адукацыяй, які праслужыў не менш за чатыры гады ў ніжэйшым чыне і здаў экзамен у абсягу курсаў юнкерскай школы (то бок рэлігія, расійская мова, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, троху геаграфіі і гісторыі, чытанне і рысаванне мап). Вялізная розніца назіраліся паміж афіцэрскім корпусам страявой пяхоты і гвардыі, кавалерыі, артылерыі. У конніцы служылі пераважна нашчадкі старадваранскіх родаў і сыны вельмі багатых купцоў, у артылерыі і інжынерыі — сыны мяшчан, дробнага родавага дваранства, чыноўнікаў, якія скончылі прафесійныя школы. Афіцэры гэтых родаў войск бывалі не толькі адукаванымі, але таксама вылучаліся «гуманітарнасцю». Афіцэры пяхоты былі з ніжэйшых саслоўяў чыноўнікаў, вайскоўцаў, мяшчан. Яны былі найменш «вырабленыя», таму «дзікія жарсці тут найбольш сябе выяўлялі…»

 

Афіцэр, які напіўся і ў гэтым стане дазволіў сабе нейкі абразлівы ўчынак, афіцэр, які ўчыніў нейкі гвалт, які быў зняважаны аплявухай, якога з дадзенай кампаніі, рэстарана, тэатра з ганьбай адлупілі і выкінулі, спакойна і надалей застаецца ў войску, носіць афіцэрскі мундзір, за гонар якога ён не змог паклапаціцца, таварышы гутараць з ім, як быццам нічога не здарылася. У найгоршым выпадку яго перавядуць у іншы полк.

 

У гэтым асяроддзі найбольш цанілася ўпэўненасць у сабе, схільнасць да рызыкоўных авантураў, усе праявы задзёру, бравуры, часта на мяжы злачынства. Па п’яні стралялі ў мішэнь (слынная «зязюля» — гульня з зброяй з завязанымі вачыма) або займаліся эквілібрыстыкай на падваконнях найвышэйшых вокнаў, ішлі ў самыя дзіўныя заклады, выклікалі на дуэль праз абы-якое глупства.

 

Жыццё ў губернскай сталіцы шмат хто называў манатонным. Раніцай муштра, прафесійныя абавязкі ў казармах і пры батарэі. Абед, адпачынак. Потым яны рушылі ў горад, у кандытарскую, на шпацыр. Раз на некалькі дзён у кагосьці з старшых ладзілася «попойка» (або вялікае жлуктанне гарэлкі ў разнастайных формах), спевы, танцы, забавы — таксама непрыстойныя з прадстаўніцамі супрацьлеглага полу. Часам нейкая адметная па колькасці алкаголю эскапада ў рэстаране, забава з шампанскім і аркестрам, біццё сервізаў і бутэлек. Гэтую асаблівую манію расійскіх афіцэраў ведалі гаспадары варшаўскіхрэстаранаў, таму трымалі фаянсавы посуд і пустыя бутэлькі, прызначаныя на разбіццё. Міжсобку ацэньвалі кожнае наведванне колькасцю бітых талерак. Часам афіцыйны візіт, імяніны, дзень прыёму ў кагосьці з значных людзей горада. Ночы займала шырокая прастора — ад тэатра да бардэля.

 

Прус апісвае цырульніка, для якога прадметам захаплення быў адзін гусарскі афіцэр.

 

У аднаго, пане, я сустрэў аж чатыры маладыя дамы, і ўсе — з усмешкай на твары… З таго часу, даю слова, заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён больш не ходзіць да мяне і вінен мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрце Рубінштэйна я мог даць шэсць рублёў, то я б хіба і не шкадаваў пяці рублёў для такога віртуоза.

 

Балерыны

 

Існуе вялікая розніца паміж тэатральным асяроддзем, дзе могуць панаваць самыя свабодныя норавы, і кабетамі, якія прафесійна займаюцца распустай,

 

— пісаў гісторык варшаўскай прастытуцыі. І дадаваў, каб апраўдаць тых, хто карыстаўся найбольш сумнеўнай славай:

 

Збольшага балерыны не былі ані горшыя, ані лепшыя маральна ад усёй жаночай сферы тэатральнага свету. Былі толькі прыгажэйшыя і вабнейшыя, тэатральны строй падкрэсліваў спакуслівыя формы, робячы іх аб’ектамі мацнейшых мужчынскіх заляцанняў.

 

Яны былі занадта прыкметныя ў глядзельнай залі і за кулісамі Вялікага тэатру і аперэты. Кошыкі кветак і букеты, кінутыя да ног з балконных ложаў, каштоўнасці. Багацці расійскіх афіцэраў коннай гвардыі ў Варшаве знікалі ад сутыкнення з балетам, а нямала балерын, прыняўшы на шлюбным дыване ў царкве тытул і прозвішча расійскага саноўнага мужа, урачыста прымаліся ў расійскіх кампаніях. Хронікі згадваюць генераліху Чаркасаву і графіню Фрыдрыхсову, якія непасрэдна са сцэны трапілі разам з сваімі мужыкамі ў замкавыя салоны.

 

Варшаўскія балерыны займалі вядучае месца «сярод куртызанак, і былі самым культурным элементам жаночага свету, які не лічыўся з сваімі цнотамі».

 

Драматычныя артысткі, падкрэслівалася ў жарце (bon-mot) той эпохі, вельмі рэдка давалі хабар гатоўкай.

 

Балерыны атрымлівалі месячны заробак, роўны цане аднаго білета ў ложу, — менш за швачак. Гэтага было недастаткова нават на дзесятак батыставых насовак. Цяжкая сітуацыя ў балетным калектыве была галоўным чыннікам пераўтварэння балета «ў пастаянны рэзерват утрыманак». Адпаведнае выкарыстанне сваіх пышных формаў абумоўлівала пазіцыю ў іерархіі тэатральнага свету. Згрызоты сумлення — як маральныя, так і нацыянальныя, — хутка развейваліся перад абліччам голаду.

 

Жалюгодная мікалаеўская традыцыя загадвала дзяржаўным тэатрам у абе­дзвюх расійскіх сталіцах і ў Варшаве ўтрымліваць балет разам з балетнымі школамі дзеля прастытуцыі для прыдворнай і вайсковых сфер, а таксама для найвышэйшай арыстакратыі. Зрэшты, і ўва Францыі ад пачатку ХІХ ст. опера была своеасаблівым «стойлам жарэбчыкаў» для сяброў «Jockey Club».

 

Кожны новы дырэктар Дзяржаўных варшаўскіх тэатраў шукаў сябе сяброў у тэатры, найчасцей скіроўваючы свае пачуцці ў каралеўства тарлатанных спаднічак. Яны часта і ахвотна змянялі аб’екты захаплення, а здаралася, што і выкарыстоўвалі сваю дырэктарскую ўладу, высылаючы ў войска канкурэнтаў сваіх пасій. Толькі адзін Карандзееў ажаніўся з балерынай. Матыльда Кшасінска, польская танцорка, была фаварыткай цара Мікалая ІІ.

 

Бардэлі

 

Рэгламент, што санкцыянаваў працу публічных дамоў, існаваў з 1845 г. Бардэлі развіваліся з дабраславення ўлады і пад крылом паліцыі.

 

Колькасць прастытутак павялічвалася ў другой палове ХІХ ст. не ў меншай прапорцыі, чым колькасць насельніцтва. У шасцідзесятыя і сямідзесятыя гады ХІХ ст. на 1000 жыхароў Варшавы прыпадала 50 жанчын лёгкіх паводзін. Перапіс 1898 г. зарэгістраваў прыкладна 16 тысяч прафесіяналак. Рост значны. Больш як 10 % незамужніх жанчын у той час уступала ў нелегальныя палавыя зносіны з мужчынамі. Колькасць дамоў сустрэчаў заўсёды перавышала колькасць публічных дамоў. 1884 г. рэкордны ў гэтых адносінах (16 публічных дамоў і 169 дамоў сустрэч). Усе гэтыя дадзеныя маглі адно за­ніжацца.

 

Алкаголь, як заўсёды, быў важным элементам як гандлю, так і забаваў.

 

Прастытуткам нельга было адмаўляцца выпіць з гасцямі. Найбольш гарэлкі лілося ў найтаннейшых жаўнерскіх дамах распусты. Старое Места, Мар’енштат, Павісле, Чарны Двор за Павонзкамі, Млынарская — там у святочныя дні, дні парадаў і лазенныя дні жаўнераў за 30 капеек можна было гуляць дасхочу. На адну жанчыну прыпадала прыкладна 30 жаўнераў. Тыповы казармавы дэкор, перагародкі з дошак (як у стайнях), алкаголь і закуска ў выглядзе агурка ці гарбаты. У сярэдзіне калідор для тых, хто чакаў сваёй чаргі. Плацілі пры ўваходзе, каля дзвярэй стаяла гаспадыня.

 

Летам жаўнеры часта карысталіся з паслугаў прыгарадных «ваўчыц» — самотных прастытутак, якія цягаліся па ўскраінах горада. «Маладыя сосенкі служаць цяпер сховішчам распуснікам вялікага горада: жаўнерам і іх каханкам, — натуе Жаромскі. — Жахлівая іронія жыцця», — дадае, падымаючы з зямлі разбітую бутэльку ад гарэлкі з этыкеткай, пісанай па-руску ў ваколіцах Грахоўскай Альшынкі…

 

Афіцэры карысталіся лепшымі апартаментамі. Нароўні з багатымі капіта­лістамі яны складалі кліентэлу раскошных публічных дамоў на Таваровай. Обер-паліцмайстар Мікалай Клейгельс, эстэт прастытуцыі, як яго называлі, вельмі ганарыўся васьмю пансіянатамі еўрапейскага ўзроўню. У дамах нумар 60 у Слімаковай і 58 у цёткі Роўзэн інтэр’эр нумароў быў зроблены з асаблівым шыкам. Мураваныя сходы, на сценах карціны а ля Вато, Фраганар ці амуры, люстры, канапы, эстрада з фартэпіянам, дзе гралі сляпыя, найменш падатлівыя на цялесныя спакусы. Кожная з пансіянатак была адзетая іначай — цыганкай, іспанкай, італьянкай, балерынай. Шклянка гарбаты каштавала там рубель. За цану трох можна было наведаць два іншыя дамы насупраць.

 

Атмасфера дамоў распусты спрыяла бойкам, якія нярэдка канчаліся смерцю. Паліцыя старалася любым коштам гэта хаваць. Здараліся выпадкі, калі запальчывы кліент забіваў дзяўчыну. У публічным доме на Падвалі расійскі афіцэр быў забіты прастытуткай, якую без дай прычыны ўдарыў. Дзяўчына размажджэрыла яму чэрап начным гаршком.

 

Цэннік бардэляў — ад 30 капеек да 10 рублёў. Пяцьдзесят каштавала куртызанка з «краю Патоцкіх Гучаў»38 .

 

Утрыманцы плацілі 3000 рублёў штогод. 

 

 

ЦАЛКАМ ЧЫТАЙЦЕ КНІГУ АГАТЫ ТУШЫНСКАЙ «РУСКІЯ Ў ВАРШАВЕ» У №4 «ARCHE» ЗА 2010 ГОД

 


 

 

Агата Тушынска (нар. 1957) — польская пісьменьніца, рэпартажыстка, гісторык літаратуры і тэатру. Скончыла аддзяленьне тэатразнаўства Вышэйшай тэатральнай школы ў Варшаве. Жыве ў Таронта.