Сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі, якая склалася ў 1917—1920 гг., выкарыстоўвалася потым у якасьці нацыянальнай новымі пакаленьнямі беларусаў.

 

Сярод трох дзяржаўных сымбаляў Беларускай Народнай Рэспублікі найдаўжэйшую гісторыю мае герб “Пагоня”. Паводле пазьнейшых летапісаў, гербам літоўскіх князёў “Пагоня” стала ў канцы XIII ст. Першая выява вершніка з узьнятым мечам, якая дайш ла да нас, захавалася на пячатцы полацкага князя Нарымонта (Глеба), прыкладзенай да акту дамовы Полацку з Рыгай 1330 г. [1] Вершнік на ёй павернуты ў левы бок. Гэтая пячатка нагадвае больш раньнія пячаткі князя Аляксандра Неўскага [2]. Гэта сьведчыць пра старажытнарускае паходжаньне герба. Наступны па часе вершнік з узьнятым ме чам зь пячаткі мсьціслаўскага князя Лугвена (Сямёна) Альгердавіча (1388—1389 гг.) таксама павернуты ўлева. Толькі пазьнейшыя “Пагоні” павернутыя ўправа і маюць шчыт з падвойным крыжам. Гербам Беларускай Народнай Рэспублікі “Пагоня” была афіцыйна прызнаная пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1918 г.

 

Сьцяг БНР мае свайго аўтара. Ім быў інжынэр Клаўдзі Дуж–Душэўскі (1891, Глыбокае — 1959, Вільня), які распрацаваў эскіз сьцяга пасьля Лютаўскай рэвалюцыі па просьбе беларускіх дзеячоў у Петраградзе. Паводле словаў сына К. Дуж–Душэўскага, бел–чырвона–белыя кукарды і стужкі на шапках беларускія студэнты насілі яшчэ да 1915 г. Узыходзіла такое спалучэньне колераў, відаць, да народнай сымболікі беларускага чырвонага арнамэнту. Бел–чырвона–белыя колеры ўжывалі таксама і латышы. Латыскі мастак і скульптар Яніс Гросвалдс распрацаваў узор бел–чырвона–белага сьцяга для латыскіх стралкоў. Іншы варыянт нацыянальнага латыскага сьцяга — кармінавы зь белай паласой па сярэдзіне, які ўзыходзіў да апісаньня найстаражытнейшага штандару, ужыванага жыха рамі Латвіі вэнэдамі, — быў канчаткова зацьверджаны ў траўні 1917 г. [3]

 

Як успамінаў у 1934 г. Дуж–Душэўскі,

 

цікава адзначыць, што беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і летувісы, г. зн. белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бел–чырвона–белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг [4].

 

На жаль, невядома, калі дакладна і хто менавіта зацьвердзіў гэты штандар.

 

Дуж–Душэўскі распрацаваў беларускі сьцяг згодна з геральдычным прынцыпам пераносу колераў гербу на сьцяг. Бел–чырвона–белы сьцяг лунаў у 1917 г. над будынкам Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны ў Петраградзе, супрацоўнікам якога ў 1916—1918 гг. быў Дуж–Душэўскі.

 

12 сакавіка 1917 г. у Менску прайшоў Дзень беларускага значка. У кінатэатры “Гігант” быў праведзены беларускі мітынг, на якім прагучала патрабаваньне аб аўтаноміі Беларусі. Адначасова на вуліцах гораду прадаваліся “значкі нацыянальных колераў Беларусі — чырвонага зь белым” [5]. Сьцягі, пашытыя паводле эскізу Дуж–Душэўскага, былі разасланыя па мясцовых арганізацыях. Радаслаў Астроўскі, дзеяч са Слуцку, атрымаў такі сьцяг у траўні 1917 г. На сьцягу золатам былі вышытыя словы “Няхай жыве вольная Беларусь”. У час адкрыцця Ўсебеларускага зьезду 1917 г. над сталом прэзыдыюму быў прыма цаваны белы сьцяг з надпісам “Няхай жыве вольная Беларусь!”.

 

Леваруч разьмяшчаў ся нацыянальны “чырвона–белы” сьцяг з надпісам “За родны край, за вольную Беларусь”, праваруч — чырвоны штандар Беларускай сацыялістычнай грамады [6].

 

7 (20) сьнежня бальшавіцкі камісар Рэзаўскі ўчыніў на зьезьдзе скандал, зьвязаны зь беларускім сьцягам. Карэспандэнт, які даваў справаздачу са зьезду, апісаў гэта наступным чынам:

 

Але гэты велічны дзень быў азмрочаны нечуваным нахабствам прадстаўніка, паводле ягоных словаў, латыскага народу, а хутчэй за ўсё проста нахабнага бальшавіка, які запрапанаваў нам, адданым сынам цяжка пакрыўджанага лёсам, але ад цяперашняга дня вольнага народу, выкінуць наш сьцяг. Якая бульварная дзёрзкасьць! [7]

 

На думку Сяргея Харэўскага, латыскі бальшавік пратэставаў з прычыны таго, што бел–чырвона–белы сьцяг лічыў сваім [8]. Гэта абвяргаюць дакладна перададзеныя словы латыскага бальшавіка: “Прыбярыце гэтую трохколерную анучу”. Латыш ня мог назваць свой сьцяг анучай. Рэзаўскі быў “проста нахабным бальшавіком” і таму нацыянальных сымбаляў відавочна не прызнаваў.

 

Яму, зрэшты, быў дадзены належны адпор. У адказ пачуліся воклічы “Вон!” і “Прэч!”. Да трыбуны выйшлі жаўнер, матрос і генэрал, моцна трымаючыся за рукі. Генэрал Аляксееўскі падышоў і пацалаваў сьцяг. Адзеты ў сярмягу селянін зь Менскай губэрні Плішэвіч заклікаў прысутных: “Трэба бараніць сьцяг і шанаваць яго!”

 

Самы стары дакумэнт з выявай бел–чырвона–белага сьцяга, які захаваўся да нашых часоў, — гэта ўлётка арганізацыі “Беларускі гай”, створанай у сьнежні 1917 г. у Адэсе, якая была знойдзена Віталем Скалабанам у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

 

Упершыню беларускі сьцяг быў узьняты над будынкам губэрнатарскага палацу ў Менску пасьля выгнаньня з гораду бальшавікоў 19 лютага 1918 г. [9]

 

Неўзабаве беларусы прызналі гэты сьцяг сваім спрадвечным сымбалем. Вацлаў Ластоўскі так камэнтаваў ягоныя колеры:

 

Белыя нагавіцы, белая кашуля, белая сьвітка, падперазаная чырвоным паясом, — вось сыльвэтка беларуса. Зразумела, што і нацыянальны сьцяг беларусаў бел–чырвона–белы. Ён прыгадвае нам нашую белую сьвітку з чырвоным паясом.

 

Тамаш Грыб даў больш паэтычнае тлумачэньне:

 

Белая барва, як уяўленьне сьвятла, вельмі пашыраная на Беларусі, згэтуль, мабыць, паходзіць і назва Беларусі — белая, чыстая, вольная, як сьвет сонца. Ня менш пашыраная ёсьць на Бела- русі і чырвоная барва, як чырвоны ёсьць золак на небе перад узыходам сонца; таму наш бел– чырвона–белы сьцяг — сьцяг адраджэньня і вызваленьня беларускага народу [10].

 

Цікавую сымболіку колераў беларускага сьцяга прапаноўвалі беларускія вайсковыя дзеячы ў Латвіі і Эстоніі. На іх думку, гэтыя колеры сымбалізавалі пот, кроў і сьлёзы [11]. Улічваючы, што беларускай вайскова–дыпляматычнай місіяй у прыбалтыйскіх краінах у той час кіраваў К. Дуж–Душэўскі, такая інтэрпрэтацыя сымболікі колераў беларуска га сьцяга магла паходзіць ад самога аўтара яго эскізу.

 

Клаўдзі Дуж–Душэўскі, зьняволены палякамі ў 1921 г., пасля вызваленьня з турмы ў тым жа самым годзе пераехаў у Літву, у Коўна. У 1924 г. ён скончыў там Літоўскі ўнівэрсытэт. Быў аўтарам архітэктурных праектаў дзясяткаў будынкаў у Коўне, Панявежы, Кляйпэдзе і Шаўлях [12].

 

У час Усебеларускага зьезду 1917 г. яшчэ не было агульнапрынятага нацыянальнага гімну. Пра гэта сьведчыць справаздача са зьезду:

 

Вайсковы аркестар грае “Марсэльезу”. Крыкі: “Ура!”. Зноў “Марсэльеза”. Нехта абвяшчае: “Няхай жыве Беларуская Рэспубліка!” (Аплодисменты.) Зноў “Марсэльеза”. Нехта зь лёжы гаворыць: “Почтим вставанием память всех положивших свою жизнь за родину и свободу”. Усе стаяць. Аркестар грае пахавальны марш.

 

У той час ззаду старшынскага стала становіцца беларускі хор. […] “Ад веку мы спалі”, — дружна і стройна засьпяваў хор беларускую марсэльезу. Прыгожа палілася свабодная песьня беларускага пралетарыяту. Ні адной фальшывай ноткі. Быццам адзіныя грудзі аддаюць тыя гукі. Скончылі. (Бурные аплодисменты переходят в овацию.) Хор пяе беларускі гімн “А хто там ідзе…”. Велічэзны гімн ад зараз свабоднага народу свабодна вырываецца з маладых грудзей. (Снова овация.) Хор пяе беларускі рэвалюцыйны гімн “Кроў нашу льюць даўно ўжо каты…”. (Долгие овации были ответом хору.) [13].

 

Такім чынам, у час адкрыцьця зьезду былі выкананыя аж тры песьні гімнавага ха рактару: беларуская марсэльеза “Адвеку мы спалі” (словы А. Мікульчыка, музыка У. Тэраўскага), беларускі гімн (гімн беларускага народу) “А хто там ідзе” і беларускі рэвалюцыйны гімн “Кроў нашу льюць даўно ўжо каты”. Ніводная з гэтых песень ня стала, аднак, беларускім нацыянальным гімнам.

 

Такі характар з часам набыў “Ваяцкі марш”, напісаны 30 кастрычніка 1919 г. Макарам Касьцевічам (літаратурны псэўданім Макар Краўцоў), які пачынаўся словамі “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…” [14]. У гэтым маршы ўжо прысутнічае згадка пра беларускі сьцяг: “Штандар наш бел–чырвона–белы пакрыў сабой народны рух”. Музыку да песьні напісаў Уладзімер Тэраўскі (аўтар музыкі да “Адвеку мы спалі”). Абедзьве песьні гучалі падчас абароны ад савецкіх войскаў тэрыторыі Случчыны 1–й Слуцкай стралковай брыгадай войскаў БНР увосень 1920 г. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю Беларусі як Слуцкае паўстаньне ці Слуцкі збройны чын [15]. З гэтага часу “Ваяцкі марш” пачалі называць таксама “маршам Слуцкай брыгады”.

 

Уладзімер Тэраўскі ў 1938 г. у Мінску быў арыштаваны савецкімі ўладамі і расстраляны [16]. Праз год, пасьля далучэньня да БССР Заходняй Беларусі, Макар Касьцевіч (Макар Краўцоў) быў закатаваны падчас допытаў у беластоцкай турме [17].

 

Сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі, якая склалася ў 1917—1920 гг., выкарыстоўвалася потым у якасьці нацыянальнай беларусамі, якія жылі на тэрыторыі міжваенных Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама на эміграцыі. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка стварыла сваю ўласную, кардынальна іншую сымболіку, якая апэлявала да ідэалаў камунізму. Пасля Другой сусьветнай вайны беларускую нацыяналь ную сымболіку можна было ўжываць ужо толькі ў эміграцыі на Захадзе.

 

Нацыянальная сымболіка вярнулася на родную зямлю ў 1980–я гг. У 1991 г. на сваёй другой пазачарговай сэсіі 17—19 верасьня дэпутаты Вярхоўнага Савету незалежнай ужо БССР зьмянілі назву дзяржавы на “Рэспубліка Беларусь” і прынялі “Пагоню” ды бел– чырвона–белы сьцяг у якасьці сымбаляў гэтай дзяржавы [18]. Такога прызнаньня, аднак, не дачакаўся марш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

 

12 чэрвеня 1995 г. прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка з парушэньнем заканадаўства падпісаў указ аб увядзеньні новай дзяржаўнай сымболікі, заснаванай на савецкай традыцыі [19]. Герб і сьцяг БНР зноў сталі беларускімі нацыянальнымі сымбалямі, вольна карыстацца якімі сёньня можна толькі за межамі беларускай дзяржавы.

 

______________________________________________________________

 

1. Цітоў А. “Пагоня” // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мінск, 1999. С. 366—367; Казбярук У. Летапісы пра нараджэнне Пагоні // Спадчына. 1992. № 1. С. 9—14.

 

2. Гл.: Силаев А. Г. Истоки русской геральдики. Москва, 2003. С. 70.

 

3. Харэўскі С. Клаўдзі Дуж–Душэўскі. Сьцяг // Наша Ніва. 1998. № 6. С. 15.

 

4. Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе. Мінск, 2001. С. 80.

 

5. Тамсама. С. 79—80.

 

6. Белоруская Рада. 1917. № 6.

 

7. Тамсама.

 

8. Харэўскі С. Клаўдзі… С. 15.

 

9. Гл.: Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923. Białystok, 1995. S. 70—72, 256.

 

10. Харэўскі С. Клаўдзі… С. 15.

 

11. Даклад палітычнага дзеяча Беларусі Антона Борыка зь Вільні, б. д. (далей: Даклад Борыка…), Instytut Józefa Piłsudskiego w Nowym Jorku, Akta Ogólne, Adiutantura Generalna Naczelnego Wódza, T. 28, t. 1. S. 11.

 

12. Харэўскі C. Клаўдзі… С. 15.

 

13. Белоруская Рада. 1917. № 6.

 

14. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк. Менск, 2001. С. 272.

 

15. Гл.: Łatyszonek O. Białoruskie… S. 191—210.

 

16. Гесь А, Ляхоўскі У. Тэраўскі (Цераўскі) Уладзімір // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 668.

 

17. Цыхун А. Пройдзеныя шляхі–пуцявіны. Гродна, 2003. С. 87.

 

18. Mironowicz E. Białoruś. Warszawa, 1999. S. 234.

 

19. Тамсама. S. 250—251.

 

_________________________________________________________

 

Алег Латышонак гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Гэты тэкст разам зь іншымі апублікаваны ў ягонай нядаўна выдадзенай кнізе «Жаўнеры БНР».