Адным з важных складнікаў «імперскага міфа», бадай, любой імперыі ёсць постаць валадара – заснавальніка гаспадарства або таго, пры кім яно дасягнула найвышэйшай магуты і росквіту. Старарымскі rex, функцыі якога пазней перанялі прынцэпсы-імператары меў перадусім сакральныя паўнамоцтвы, што адпавядала індаеўрапейскай канцэпцыі царскай улады[1].

Як прадстаўнік багоў ён быў рупліўцам унутранага парадку на зямлі, таму ягонай прэрагатывай было права суду, пакарання вінаваных і абвяшчэння законаў. Ён здзяйсняў ахвярапрыношанні багам ад імя ўсяго народу і быў вайсковым правадыром, якога народны сход уганароўваў паўнамоцтвамі imperium – найвышэйшай вайсковай уладай[2].

Як паказвае матэрыял, у беларускай народнай культуры вялікі князь Вітаўт выступае тыпова міфалагічным персанажам, сакралізаваным валадаром, які валодае рысамі дэміюрга, першапродка, надзяляецца медыятыўнай функцыяй пасярэдніка, што сімвалізуе пераход ад старога да новага (часу, прасторы). Паданні пра Вітаўта, што актуалізуюць семы ‘вялізарны рост’, ‘сіла’, ‘будаўнік’ суадносяцца з пашыраным у беларускім фальклоры матывам аб веліканах-волатах, якія ў часе небяспекі выйдуць з гор і будуць бараніць краіну[3]. У паданні пра ўваладаранне князя Вітаўта, запісанага ў Смаленскай губерні, апавядаецца, як пасля смерці караля-волата яго слугі вырашылі пусціць па волі каралеўскага каня з тым, каб той знайшоў сабе новага ездака. Конь, колькі там хадзіўшы, знайшоў старога дзядка, які віў «абрыўкі за авінам». Ён і быў ушанаваны за караля і атрымаў імя Вітаўт[4]. Апісаны ў паданні рытуал узыходжання на пасад новага валадара цалкам адпавядае добра вядомаму ў індыйскіх арыяў рытуалу ашвамэдхі, у часе выканання якога цар крочыць за выпушчыным белым канем і, гэтым самым, сведчыць сваю ўладу над усімі землямі, куды прыйдзе конь. Пасля таго, як конь абыходзіў усё царства, ён прыносіўся ў ахвяру[5]. Матыў падання пра вяртанне Вітаўта пасля смерці ў часе небяспекі для краіны, карэлюецца з еўрапейскімі легендамі пра Карла Вялікага, што спачывае са сваім войскам у гары Одэнберг, пра кайзера Фрыдрыха Барбаросу, які спіць у нетрах гары Кіфгойзэр і чакае свайго часу або караля Артура, які спіць у Авалоне ды прачнецца, каб выратаваць Брытанію.

Падобнае стаўленне да асобы Вітаўта вядомае таксама і ў кніжнай традыцыі. Перадусім гэта тычыцца г. зв. «Пахвалы вялікаму князю Вітаўту», створанай, як мяркуецца, яшчэ пры жыцці князя і таксама на Смаленшчыне, якую можна назваць своесаблівым літоўскім «імперскім маніфестам». Зачын твору адразу акцэнтуе ўвагу на звышнатуральных здольнасцях гаспадара: «Тайну цареву таити добро есть, а дела великаго господаря паведати добро жь есть. […] не мощьно исповедати, ни писанию предати дела великого князя. Яко же бы мощно кому испытати высота небесная и глубина морская, тоже бы исповедати мощьно сила и храбрость того господаря»[6] (параўн. аналагічныя эпітэты ў дачыненні да імператара Фрыдрыха II Гагенштаўфена: «Твая сіла, о Цэзар, не мае межаў, яна перасягае ўсе чалавечыя абмежаванні і тоесная боскай сіле»[7]). Ужо звярталася ўвага на тое, што ў дачыненні да Вітаўта аўтар «Пахвалы» выкарыстоўвае царскую вобразнасць і тытулятуру, падкрэслівае пакору ды залежнасць ад яго ўсіх астатніх валадароў свету[8]: «Сии князь велики Витовт, бяше же ему дръжаще Великое Княжение Литовськое и Руское, иныи многыи земли, спроста реку вся Руская земля[9]. Не токмо же Руская, но еще господарь Угоръскои земли, зовемыи цесарь римьскии, у великой любви живяще с нимь. [] Некогда сущу тому славному господарю, бывшю ему у своем градЂ в Луцку у Великомь и послал послы свои королю угорьскому, цесарю римьскому, и повеле ему быти к собе. Он же беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею, и честь велику и дары многы подаваша имь; оттоле же в ниьх утвердися велико любовь. Како не почюдимся чти великаго господаря, иж которыи земли на устоце или на западе приходяче поклоняються славному господарю, иж есть царь надо всею землею, и тои пришед поклонися славному царю великому князю Александру. Еще же и турецькии царь честь велику и дары многы подаваше. Славному госпадарю, благоверному же и христолюбивому царю цариградскому, и тому с нимь у великой любви живущу. [] Еще же и инии цари усточнии служахуть ему. […] Мног бяше и ордыньских великих цареи служаху у дворе его»[10].

Вітаўт паўстае тут як валадар валадароў, які мае статус, роўны рымскаму і канстанцінопальскаму імператарам, яму служаць і мусульманскія гаспадары. Постаць Вітаўта набывае ў гэтым панегірычным творы аблічча касмакратара, імператара сусвету паводле тагачасных уяўленняў: «Імператар – Vicarius Christi, пастаўлены звыш над усімі зямнымі ўладамі, над усімі валадарствамі; вобраз Вышняга Бога, ён як бы другі Стваральнік (alter creator) на зямлі. Ён валадар Сусвету (imperator orbis terrarum), у параўнанні з якім усе іншыя манархі не больш чым кіраўнікі асобных правінцый (reguli provinciarum). Ён не падпарадкаваны ніякай уладзе на зямлі і аддае справаздачу толькі Богу»[11].

У дачыненні да рымскага імператара ідзецца нават пра яго падпарадкаванне Вітаўту, які «повеле ему быти к собе» і той «беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею». Гэта досыць дзіўная сітуацыя, бо ў сярэднявечнай Еўропе на царскі/імператарскі тытул, і адпаведна, на вяршынства ва ўладнай герархіі, маглі прэтэндаваць толькі рымскі імператар у каталіцкім свеце і візантыйскі ў праваслаўным, а таму выкарыстанне яго валадаром, які фармальна быў толькі вялікім князем, яўна выдае на парушэнне тагачаснай «субардынацыі». Выкарыстанне летапісцам царскай тытулятуры і вобразнасці сведчыла пра імперскія амбіцыі Вітаўта і яго ідэолагаў, імаверную спробу стварэння «трэцяга» імперскага полюсу ды прэтэнзію на вярхоўны суверэнітэт над усімі астатнімі валадарамі. Імперскія ідэі, імаверна, пранікалі ў ВКЛ праз мясцовае рускае пасярэдніцтва з Візантыі, дзе можна шукаць і пэўныя аналогіі «Пахвалы», але аналіз твора паказвае, што ў яго няма дакладных аналогій і ён ёсць арыгінальным панегірыкам, створаным з мэтай узвялічвання Вітаўта накшталт візантыйскіх імператараў[12].

Аўтар Ніканаўскага летапісу ўкладвае ў вусны Вітаўту словы аб ўласнай богабаранасці: «Бог покорил мне все земли», а таксама раскрывае ягоную задуму маштабнага імперскага праекту, які аб’ядноўваў бы землі Усходу і Захаду: «Поидем пленити землю Татарьскую, победим царя Темирь Кутлуя, возьмем царство его и разделим богатство и имение его, и посадим во Орде на царстве его царя Тахтамышя, и на Кафе, и на Озове, и на Крыму и на Азтаракани, и на Заяицкой Орде, и на всем примории, и на Казани; и то будет все наше и царь наш, а мы не точию Литовскою землею и Полскою владети имамы, и Северою, и Великим Новымгородом, и Псковом, и Немцы, но и всеми великими княжении Русскими, и со всех великих князей Русских учцем дани и оброкы имати, а они нам покорятся и служат и волю нашу творят, якоже мы хотим и повелеваем им»[13].

Імперскі праект Вітаўта разам з яго каранацыяй гэтак і не быў рэалізаваны, але час ягонага кіравання неўзабаве стаў успрымацца як «залаты век», а сам ён з гістарычнай постаці ператварыўся ў ідэалізаваную ды міфалагічную. Падобную тэндэнцыю мы сустракаем у палітычным трактаце Міхалона Літвіна або ў паэтычнай форме ў Міколы Гусоўскага: «Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названы // Найпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіх // Княжых удачаў, але мо й таму, што над грошы, // Ўдачу ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце»[14]. З гледзішча даследчыка рэнесансавай і барочнай гістарычнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага Д. Куоліса з «Хронікі» М. Стрыйкоўскага вынікае, што «Вітаўт, пашыраючы свае ўладанні не ствараў новую імперыю, але намагаўся аднавіць колішнюю балцкую дзяржаўнасць»[15]. Сакралізацыя і ўзвялічванне Вітаўта характэрнае не толькі для барочнай літаратуры ды народнай традыцыі[16], але прысутнае таксама і ў сучаснай гістарыяграфіі, дзе ён ужо называецца не іначай як Вітаўт Вялікі[17].


[1] Бенвенист Э. Словарь индоевропейских социальных терминов. Москва, 1995. С.249-252.

[2] Коптев А. Римское право в архаическую эпоху // http://ancientrome.ru/publik/koptev/kopt17.htm

[3] Гурская Ю. Образ князя Витовта в народной культуре белорусов // Tautosakos darbai. 2005. T. XXX. P. 170.

[4] Легенды і паданні. Мінск, 1983. С. 233-234.

[5] Прохараў А. Вітаўт // Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2011. С. 83-84.

[6] Пахвала вялікаму князю Вітаўту // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: XI – першая палова XVIII стагоддзя. Мінск, 2003. С. 250-251.

[7] Цыт. паводле: Андреева Л. Сакрализация власти в истории христианской цивилизации: Латинский Запад и православный Восток. Москва, 2007. С. 109.

[8] Марзалюк І. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (X – XVII стст.). Магілеў, 2003. С. 221-222.

[9] Паказальна, што «уся руская зямля» разглядаецца як і ў выпадку з князем Альгердам у якасці Вітаўтавай вотчыны.

[10] Слуцкі летапіс // Хронікі і летапісы Беларусі. Сярэднявечча і раньнемадэрны час. Мінск, 2010. С. 150-151. Тытул «цара» у дачыненні да Вітаўта ўжываецца ў версіі «Пахвалы», прадстаўленай у Слуцкім летапісе – 3-й рэдакцыі агульнадзяржаўнага летапіснага зводу ВКЛ, створанага каля 1500 г.

[11] Андреева Л. Сакрализация власти в истории христианской цивилизации: Латинский Запад и православный Восток. С. 122.

[12] Mickūnaitė G. Making a Great Ruler: Grand Duke Vytautas Of Lithuania. Budapest – New York, 2006. P. 261, 78.

[13] Полное собрание русских летописей. Т. XI. Летописный сборник, именуемый Патриаршею или Никоновскою летописью. Санкт-Петербург, 1897. С. 173, 172.

[14] Гусоўскі М. Песня пра зубра // Арсеннева Н. Выбраныя творы. Мінск, 2002. С. 451.

[15] Kuolys D. Asmuo, tauta, valstybė Lietuvos didžiosios kunigaikštystės istorinėje literatūroje (renesansas, barokas). Vilnius, 1992. P. 91.

[16] Скварчэўскі Зм.Вобраз князя Вітаўта ў міфалагічнай свядомасці беларусаў // DRUVIS. 2011. № 3. С. 102-111.

[17] Bumblauskas A. Senosios Lietuvos istorija 1009 – 1795. Vilnius, 2005. P. 166-167.