Аб гэтак званых “эпіцэнах” і аб іх пашырэньні ў сучаснай беларускай мове

Эпіцэны (1)   ці словы (назоўнікі) супольнага або агульнага роду складаюць маргінальную гісторыю мовы  і займаюць нязначнае  ў ёй месца.  Але як часта  здараецца,  якраз праз прызму, на першы погляд,  нязначнага,  бачыцца  глябальнае,  бачыцца  хібнае,  бачыцца  забытае  і ігнараванае.  Тэма назоўнікаў  супольнага роду – эпіцэнаў – месьціць іншую надзвычай цікавую і актуальную  тэму дэкалянізацыі і актуалізацыі беларускай мовы, калі глябальна, а, калі лякальна, то такую важную тэму,   як   актуалізацыя   нутраных   рэсурсаў   ўзбагачэньня   мовы.   Тэарэтызаваньні   беларускіх мовазнаўцаў  на   конт  эпіцэнаў  ці,  як  самі  яны  азначаюць  дадзеную  катэгорыю  –  назоўнікі супольнага  роду  –  досыць  цікавыя,  хоць  далёка  няпоўныя  (тут асобна  варта  ўзгадаць  узьнёсак мовазнаўцаў  Ганны  Арашонкавай (2)    і  Фёдара  Піскунова (3)).  Прыгэтым  зазначым,  што  ва  ўмовах дэбеларусізацыі   і  выключэньня  з  акадэмічнага  поля  максымалісцкага   праекту  тарашкевіцы  і іншых  альтэрнатыўных  моўных  праектаў,  крытычная  рэвізыя  тэмы  эпіцэнаў  пакуль  застаецца заказанай.  Хоць апошні артыкул прыгаданага  мовазнаўцы  Ф. Піскунова вельмі аптымістычны  і надзвычай крытычны ў бок афіцыйнай мовазнаўчай пазыцыі, што датачыць пытаньня пашырэньня сьпісу   словаў   супольнага   роду.   Ёсьць   спадзёў,   што   афіцыйная   беларуская   мова   пакрысе пазбаўляецца расейскага апякунства і надае большай увагі ня вонкавым, а нутраным мэханізмам урэгуляваньня і ўзбагачэньня мовы.

Апрача ўсяго дадзеная тэма шчыльна зьвязаная з іншай маргінальнай тэмай – фэмінізацыяй назваў пасадаў у беларускай  мовай. Фэмінісцкі падыход закрануў тэму фэмінінатываў, паказаўшы, што мова   не  ізаляваны   фэномэн,  а  заўжды  залежны  ад  сацыяльнага,  палітычнага   і  натуральна падштурхнуў нас да крытычнага аналізу сумежнай тэмы эпіцэнаў у мове.

Праблематыка  дадзенай  тэмы  ляжыць  вось  у  чым:  на  сяньня  многія  патэнцыйныя  эпіцэны афіцыйна  маюць  мужчынскую  прапіску,  то  бок  маюць  мужчынскі  род  (творца,  міратворца, вытворца,   адмоўца,   дарадца   і   падобныя).   Сп.   Піскуноў   вельмі   слушна   прадэманстраваў непасьлядоўнасьць   ужываньня   рознымі   моўнымі   акторамі   дадзеных   словаў   то   ў   якасьці мужчынскага  роду,  то  ў  якасьці  супольнага,  падсумаваўшы,  што,  насамрэч,  гэтую  катэгорыю словаў трэба аднесьці да супольнага роду і адкінуць у бок усе штучныя абмежаваньні на шляху дапашырэньня  тэндэнцыі (4).   Такім   парадкам,   словы  кшталту   абаронца,   абвінаваўца,   атакоўца,

відавочца,  водца,  вызнаўца,  выканаўца,  вынаходца,  выступоўца,  вытворца,  дарадца,  дароўца, даўца, дбайца, (бацька-, брата-, дзета-, сама-)забойца, залогадаўца, знаўца, кіназнаўца, кіроўца, літаратуразнаўца,   мовазнаўца,   моўца,   нападоўца,   наступоўца,   падтрымоўца,   паступоўца, прапаноўца, паўбаронца,  пераможца, празорца,  прамоўца, прапойца,  пратэстоўца, працадаўца, суразмоўца  і  многія  іншыя)  –  гэта  словы  не  мужчынскага,  а  супольнага  роду.  Трэба  ўсяляк пашыраць  дадзеную  практыку,  тым  больш,  што! назоўнікі  на  –ц-а,  як  мяркуюць  лінгвісты, сэмантычна  суадносныя  з  дзеясловамі,  правамерна  і  лягічна  адносяцца  да  разраду  назоўнікаў супольнага роду (5). Падаецца, тут ня трэба рабіць ніякіх выключэньняў (часта, напрыклад, назоўнік збаўца  падаецца  выключна  як  мужчынскага   роду;  магчыма   ў  рэлігійных  тэкстах  ён  і  мае мужчынскую прапіску, у тэкстах агульных назоўнік мусіць быць эпіцэнам).

Прыгэтым пазначым, што эпіцэны, якія маюць стылістычна зьніжаную экспрэсіўную афарбоўку (выскаляка, плакса,  няўдаліца,  няўдобіца,  нязграба, разявака,  выхваляка, крыўляка, выстаўляка, туляга, няўдобіца і г.д.) не выклікаюць праблемаў і сумненьняў, і ўжо традыцыйна афармляюцца і падаюцца,  як сталыя  эпіцэны.  Тое  самае можна  сказаць  пра  эпіцэны,  якія маюць  нэўтральную ацэначную  характарыстыку  (цёзка,  сьведка,  лістаноша,  кніганоша,  сірата,  судзьдзя,  галава). Праўда, тут варта адзначыць праблематычнасьць  у беларускай  мове надаць супольны род такім словам,  як  старшыня  і  старшына.  У  слоўніках  –  як  афіцыйных,  так  і  тарашкевіцкіх  –  яны падаюцца,  як  выключна  мужчынскага  роду,  тады  як  маўленчая  практыка  паказвае,  што  словы могуць  без  праблемаў   быць  эпіцэнамі.   Таму  з  улікам  практыкі  (шмат  кабетаў  зьяўляюцца старшынямі на розных узроўнях  улады, а таксама старшынамі ў краінах, дзе кабеты служаць у войску),              варта             афіцыйна                  вярнуць                    гэтыя         назоўнікі                  да     катэгорыі      эпіцэнаў.     Зрэшты, старшыня/старшына  –  не  адзіныя  праблематычныя   назоўнікі.  Іншыя  –  ваявода,  стараста, вазьніца  –  таксама  зьдзіўляюць  сваёй  адназначнай  прыналежнасьцю  да  мужчынскай  роду.  У мінулым  сустракаліся  кабеты-вазьніцы  і  кабеты-старасты.  А  калі  не  было  кабетаў-ваяводаў  у далёкім мінулым, то зьявіліся кабеты на чале ваяводзтваў у 20-ым стагодзьдзі. Натуральна, тут не ахопленыя ўсе праблематычныя  назоўнікі, а толькі частка  найбольш  відавочных.  Як бы там ні было, варта пашыраць сьпіс эпіцэнаў, зноў жа ў зьвязку з радыкальнымі зьмяненьнямі становішча жанчыны ў грамадзтве.

На чарзе іншая катэгорыя назоўнікаў іншамоўнага паходжаньня, якія таксама спараджаюць больш пытаньняў, чымся адказаў і гэта не зважаючы на тое, што афіцыйна словы гэтыя ўжо маюць мужчынскую прапіску. Магыма, мовазнаўцы занадта пасьпяшылі. Так, назоўнікі кутур’е, музыка, тамада, круп’е, рант’е, гіпі, парвэню, гуру, аташэ, маэстра, торы, рыкша, ніньдзя, ёга, мэсія, чычэронэ,  мафіёзі,  імпрэсарыё  ў  наркамаўцы  маюць  мужчынскі  род,  бо  традыцыйна  гэтыя функцыі, прафэсіі выконвалі мужчыны. Аднак цяпер многія з пералічаных званьняў выконваюцца жанчынамі,  таму  дадзеныя  назоўнікі  маюць  усе  правы  набыць  супольны  род,  так  яны  будуць выглядаць натуральней  у беларускай  мове:  выбітная  кутур’е,  францускі кутур’е,  лоўкі  круп’е, прафэсійная круп’е, маладая рыкша, моцны рыкша, маднявая гіпі, стары гіпі, эстонская аташэ, новы  аташэ, вясковы  музыка, маладая  музыка і г.д. Не зважаючы  на тое, што ў мове,  адкуль словы прыйшлі – з італійскай, францускай і г.д. – яны выступаюць пераважна ў мужчынскім родзе (un  couturier,  un  croupier  і  г.д.),  у  размоўнай  беларускай  мове  яны  часьцяком  зыначваюцца  і набываюць  супольны род. У дадатак  да ўсяго, тут варта ўлічваць чыньнік варыянтнасьці (6), каліпэўнае   слова   мяняе   род   у   залежнасьці   ад   дыялекту   і   мастацкага   твору.   Менавіта   праз варыятыўнасьць спрэчнае слова зможа асвойтацца і лепей інтэгравацца ў беларускае маўленьне. Некаторыя  ўжо  дэманструюць  сваю  здольнасьць  лёгкай  беларусізацыі,  так  бы  мовіць:  слова маэстра ў гутарковай мове часам набывае форму “маэстарка”, калі размова йдзе пра жанчыну- маэстра. Нарэшце, у дадзеным пытаньні мы мусім абаперціся на цікавы і багаты досьвед тарашкевіцы. Асабліва  карыснай  і,  дадушы,  сьмелай  зьяўляецца  спадчына  мовазнаўцы  Я.  Станкевіча,  які, абапіраючыся на дыялекталёгію і ўласныя распрацоўкі, досыць радыкальна ўзбагаціў катэгорыю назоўнікаў  супольнага  роду  (душаемца,  прычынца, спадкаемца,  прыемца,  прадпрыемца  і г.д.)(7).

Прыгэтым гістарычная тарашкевіца не разьвязала ўсіх вузлоў, зьвязаных з пашырэньнем эпіцэнаў у беларускай мове. Як ужо прыгадавалася раней, назоўнік “старшыня” і ў слоўніку Станкевіча мае выключна  мужчынскі  род.  Сучасная  тарашкевіца   ў  межах  сучаснага   нашаніўскага   пэрыяду спрабавала   вырашыць  гэтае  пытаньне:   узгадаем,   што  ў  “Нашай  Ніве”,  калі  яна  выходзіла клясычным  правапісам,  сустракаліся  сьмелыя  варыянты  (эстонская  аташэ,  амэрыканская  гіпі, напрыклад). У цэлым жа рэвалюцыйнай тарашкевіца ня стала, што да радыкальнага пашырэньня эпіцэнаў у беларускай мове.

Такім парадкам, корпус эпіцэнаў дасюль цалкам не сфармаваны, не зафіксаваны ў беларускай мове.  Ягонае фармаваньне часта адбывалася і адбываецца пад моцным уплывам расейскай мовы (напрыклад,  словы “прапойца”, “тупіца” (8)   не без уплыву расейскай мовы падаюцца як назоўнікі

мужчынскага роду, быццам кабеты ня могуць быць прапойцамі і тупіцамі). Бачна, што гендарныя стэрэатыпы  працягваюць  вызначаць  пэўныя  моўныя  правілы  і  замінаць  пашырэньню  эпіцэнаў (напрыклад,   назоўнікі   тыпу   граміла,   выбівала,   здаравяка,   якія   падаюцца   выключна   як мужчынскага   роду,  бо  лічыцца,  што  кабета   ня  можа  ані  граміць,  ані  выбіваць,  ані  быць здаравілай),  а  разам  з  гэтым  пашырэньню  роўнасьці  палоў.  На  сяньняшні  момант  у  сучаснай беларускай  мове  застаецца  неўрэгуляваным  і  негарманізаваным  пытаньне  эпіцэнаў,  якое,  няма сумневу, паўстала ў выніку радыкальных прагрэсісцкіх зьмяненьняў статусу кабеты ў грамадзтве ў

20-21 стагодзьдзях, што абвязкова вядзе і да зьмяненьняў унутры самой мовы.

Спасылкі:

1. З грэцкае ἐπίκοινος (epikoinos) – супольны; у францускай мове назоўнік супольнага роду завецца épicène, у гішпанскай – epiceno, у ангельскай – epicene, у каталёнскай — epicè. Неабходна пазначыць, што  панятак  “эпіцэн” у беларускай мове новы, а таму ў пэўнай ступені штучны, тым ня менш, можна паспрабаваць увесьці яго замест ці нароўні з больш грувасткім  “назоўнік агульнага роду” ці “назоўнік супольнага роду”. Афіцыйна мы сустракаем панятак “назоўнік агульнага роду”, у Я.  Станкевіча сустракаецца як “слова агульнага”, так і “супольнага роду”.

2. Арашонкава Г. “Пра назоўнікі тыпу вынаходца, дарадца, стараста” // Пытаньні культуры пісьмовай мовы, Мн., 1991, с. 114-121.

3. Піскуноў Ф., “Гендарная роўнасць і граматычная схема. Да пытання суфіксальнай тыпізацыі  назоўнкаў  агульнага роду” // Роднае слова, 2010-11, с. 44 -49.

4. Піскуноў Ф., с. 49.

5. Арашонкава Г., с. 114.

6. Шкраба І. Варыянтнасьць у сучаснай беларускай мове. Менск, 2004, с. 106-107.

7. Станкевіч Я. “Зацемкі з крывіцкае (беларускае) мовы” // Збор твораў у двух тамах, том 1, Менск, 2002, с. 259.

8. Піскуноў Ф., с. 47.