У сучаснай літаратурнай беларускай мове пануе блытаніна. Да гэтае блытаніны прычынілася мова расійская, пад уплывам якой мы пачалі ўжываць словы з матчынае мовы ўва неўласцівых значэннях.

Возьмема, да прыкладу, слова «верагодны». Пераважная большасць скажа, што гэта слова значыць «вероятный». Але гэта не так. Падабенства да расійскага слова яшэ не значыць тожсамасць значэння.

Калі ўважна прачытаць слова «верагодны», то лёгка заўважыць, што яно складаецца з дзвюх частак: «вера» і «годны». Перамясціўшы іх мы атрымаем: «верагодны»=«годны веры», т.б. «достойный веры, доверия».

Успомнім верш Максіма Багдановіча «Летапісец»:

І добрыя яго, і кепскія дзяла
Апавядаю тут. Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак,
І бачанаму мной – я  г о д н ы  в е р ы  сьведак.

Хто ці што можа быць «годным веры»? Апроч сведка годным веры можа быць, напрыклад, прагноз надвор’я, а таксама годнай веры можа быць інфармацыя.

Дык як тады перакласці на расійскую «верагодны»? Надта проста: «верагодны», як бачым, ёсць скаротам злучэння словаў «годны веры». Скараціўшы пераклад гэтага злучэння на расійскую, мы знойдзем адказ: «достойный веры»=«достоверный».

Значыцца, беларускаму слову «верагодны» ў расійскай адпавядае слова «достоверный». Верагоднасць гэтага пацвярджае расійска-беларускі слоўнік Байкова-Некрашэвіча. У ім насупраць слова «достоверный» стаіць «пэўны», «верагодны».

Уторыць яму беларуска-расійскі слоўнік Аляксандра Булыкі: верагодны – достоверный.

Але, калі мы кажам «верагодны» аб людзях, як у Багдановічавых радках, то слова «верагодны» належыць перакласці як «надёжный» («надежный свидетель»).

Зазначым, што слова «верагодны» ці «веры годны» мае даўнюю гісторыю: на Беларусі яго ўжывалі яшчэ ў 16 стагоддзі: «[…] и подъ печатми людей добрыхъ трехъ або чотырехъ особъ народу шляхетъского,  в е р ы  г о д н ы х ъ, въ великомъ князьстве литовском оселыхъ […]»(Статут ВКЛ 1588 г.)

Такім чынам, верагодны – (об информации, сведениях, прогнозе погоды и т.п.) достоверный; (о людях, напр. о свидетеле) надёжный.

Як жа тады будзе па-беларуску «вероятный» (паводле тлумачальнага слоўніка расійскай мовы Яфрэмавай, «такой, который может произойти, осуществиться; возможный»)?

Ізноў адчынім расійска-беларускі слоўнік Байкова-Некрашэвіча. «Вероятный» – праўдападобны, імаверны, магчымы. Як бачым, тры варыянты перакладу. З іх, «вероятно», толькі першых два могуць канкураваць міжсобку, бо трэці – «магчымы» – пададзены хутчэй як сінонім, каб паказаць багацце нашае мовы.

Спынімся пакуль што на другім варыянце – «імаверны». Паддаўшы яго нашаму марфемнаму аналізу, мы пабачым, што яно складаецца з двух частак: «іма» і «верны». А праўдзівей, з двух словаў: «імаць веру», т.б. «прыймаць веру».

Слова «імаць» («няць» у закончаным трыванні) цяпер сталася перастарэлым, але яно жыве ў паасобных словах, напр. «спадкаемца», што значыць «той, хто йме (прыймае) спадак» (наследник, наследоприниматель).

Апроч таго, на яго можна натрапіць, уважна чытаючы Максіма Гарэцкага:

Яна ж спадзявалася, што незабавам прыедзе бацька; вельмі хацела паведаць старому радасную тайну сваю і пахваліцца Ігналікам. Болей нікому не  й м е л а  яна  в е р ы. (Максім Гарэцкі «Дзве душы»)

Адсюль вынікае, што «імаверны» можа значыць «той, хто йме веру» («тот, кто доверяет»), т.б. «доверчивый».

Гэты здогад пацвярджае Практычны беларускі вайсковы слоўнік 1927 г. «доверчивый – імаверны», а таксама расійска-беларускі слоўнік Байкова-Некрашэвіча: доверчивый – даверлівы, імаверны.

Стасоўна да гэтай мадэлі было ўтворана і расійскае слова «вероятный»:

вероя́тный
образовано от др.-русск., ст.-слав. вѣрѫ ѩти, букв. «принять веру», «уверовать», аналогично сложениям с -о-; см. Френкель.

Відаць, гэта і збівае нас з панталыку. Як і тое, што ў  расійскай ёсць слова «неимоверный», што значыць «чрезвычайно большой; невероятный».  «Неимоверный» – «невероятный», значыцца, «імаверны» – «вероятный». Логіка тут простая.

Такім чынам, «імаверны»=«доверчивый», «імавернасць»=«доверчивость», а «неімаверны»=«недоверчивый» («неймавернасць»=«недоверчивость»):

Зноў расчыняюцца дзверы ў палату, і ўваходзіць яшчэ адна ў белым, мабыць, другая сястра. Яна таксама ідзе да ягонага ложка. Першая чамусьці борздзенька ўстае і ў лёгкім замяшанні выходзіць з пакоя. Уладзік з вострым здзіўленнем, з  н е й м а в е р н а с ц ю  глядзіць на гэту другую, на малое кучаравае стварэнне. (М.Зарэцкі «Навелла пра каханне»)

Але, адкінуўшы «імаверны», мы маем адзіны адпаведнік «вероятный» – гэта «праўдападобны» (а «вероятно»=«праўдападобна»). Праўдападобны ці «падобны да праўды»:

Пасьля зборкі пэрсаналу й пералічэньня выявілася, што блізу пятая частка кадэтаў недзе згубілася. Фактычна ніхто ня ведаў, ці згубілася, ці сьведама засталася.  П р а ў д а п а д о б н ы м  было апошняе. (Кастусь Акула «Змагарныя дарогі»).

Часопіс – ці лепш зародак часопіса – “Мужыцкая Праўда” пачала выходзіць у Гарадзеншчыне,  п р а ў д а п а д о б н а  ў Беластоку, у 1862 г. (Адам Станкевіч). Гусева, што нажом прабіла жывот “старцу” прызнана не спаўна розуму, так што справа проці ёй  п р а ў д а п а д о б н а  будзе спынена. («Наша Ніва», № 29-30, 1915 г.) Нямецкія войскі адступаюць, гэты рэгіён зойме, п р а ў д а п а д о б н а,  французская армія. (Яўхім Кіпель «Эпізоды»)

Такім чынам,

верагодны – (об информации, сведениях, прогнозе погоды и т.п.) достоверный; (о людях, напр. о свидетеле) надёжный
неверагодны – (об информации, сведениях, прогнозе погоды и т.п.) недостоверный; (о людях, напр. о свидетеле) ненадёжный

імаверны – доверчивый
неймаверны – недоверчивый

праўдападобны – вероятный
непраўдападобны – невероятны