4 жніўня 2011 года на 83 годзе жыцця памёр наш зямляк, вядомы беларускі навуковец-археолаг Яраслаў Генрыхавіч Звяруга.

Яраслаў Звяруга нарадзіўся 4 верасня 1928 года ў Мядзеле ў працавітай і паважанай сям’і. Дзяцінства і ранняе юнацтва яго прайшлі ў пераломныя і драматычныя перадваенныя і ваенныя гады.   Затым было Пастаўскае педвучылішча, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і праца на ніве народнай адукацыі — настаўнікам, дырэктарам Сваткаўскай школы, загадчыкам Мядзельскага РАНА. У 1964 годзе шчаслівы лёс звёў дапытлівага мядзельца з археалогіяй. І менавіта ў археалагічнай навуцы Яраслаў Генрыхавіч  праявіў свае лепшыя інтэлектуальныя якасці, напоўніцу рэалізаваў сябе як творчая асоба.Скончыўшы аспірантуру пры Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, працаваў у гэтай установе навуковым супрацоўнікам да выхаду на пенсію. Аб’ектам яго даследаванняў сталі жалезны  век і сярэднявечча Беларускага Панямоння, уключна з Павіллем і, зразумела, тэрыторыяй Мядзельшчыны.

За чатыры дзесяцігоддзі напружанай працы навуковец выявіў і абследаваў сотні помнікаў беларускай старасветчыны. Ён  праводзіў раскопкі ў старажытных беларускіх гарадах — Ваўкавыску, Гародні, Слоніме, Лідзе і іншых, а таксама на дзясятках селішчаў і курганных мо­гільнікаў. Вынікі гэтых археалагічных работ знайшлі ўвасабленне ў трох грунтоўных манаграфіях, у вялікай колькасці навуковых і навукова-папулярных артыкулаў. Яраслава Генрыхавіча, як навукоўца,  выдзяляла высокая культура палявых даследаванняў, глыбі­ня і дакладнасць аналізу, абгрунтаванасць і выверанасць высноў.

Як сапраўдны патрыёт сваёй малой радзімы, Яраслаў Генрыхавіч асаблівую ўвагу ўдзяляў даследаванням археалогіі Мядзельшчыны. Ён вывучаў гарадзішчы каля Астраўлян, Баяр, Дзянісава, Пярэгра­дзі, Слабады, Целякоў, Шыкавіч, селішчы каля Корак, Курчына, Пасынак, Скароў, Слабады, курганныя могільнікі каля Алешкаў, Гускаў, Коркаў, Нагавак, Нявер, Палесся, Старынак, Шкленікова. Асабліва плённымі былі раскопкі каля Засвіры, дзе на селішчы і ў курганах выяўлены старажытнасці ўсходнелітоўскага насельніцтва, і на селішчы каля Мікольцаў, знаходкі з якога даюць падставу гаварыць аб пачатку славянізацыі Нарачанскага краю ўжо ў 6-м стагоддзі н.э., гэта значыць паўтара тысячагоддзя таму. Вынікі даследаванняў нашага раёна апублікаваны ў адмысловай манаграфіі, шэрагу артыкулаў, а таксама ў кнізе “Памяць” Мядзельскага раёна.

Ужо знаходзячыся на пенсіі, наш зямляк не пераставаў цікавіцца мядзельскай мінуўшчынай. На падставе архіўных матэрыялаў і ўспамінаў  старажылаў ён піша і публікуе змястоўны артыкул пра сацыяльна-маёмасны стан мядзельцаў канца 18-га стагоддзя і тапа­графію мястэчка дарэвалюцыйнага часу. На пісьмовым стале да­следчыка засталася незавершанай праца па гісторыі мядзельскага  староства 18-19 стагоддзяў. Былі і іншыя задумкі…

Нейкі час я быў вучнем Яраслава Генрыхавіча ў Мядзельскай школе, затым падначаленым у адной са школ Мядзельшчыны. А потым мы сталі паплечнікамі ў  справе вывучэння старажытнай гісторыі Беларусі. Я ведаў яго вельмі шмат гадоў, як заўсёды актыўнага і жыццярадаснага чалавека. І ніколі не думаў, што трэба будзе ўскласці на свае плечы такі цяжар — пісаць гэтыя радкі… Адзінае суцяшае, што засталіся яго навуковыя працы, вартасць якіх захаваецца на стагоддзі, а таксама разумныя і працавітыя дзеці, цудоўныя ўнукі. І наша памяць таксама.

narachanka.by