Пасьля ўзурпацыі ўлады ў Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам праз
правядзеньне сумнеўных рэфэрэндумаў на Захадзе сталі папулярныя два
падыходы да афіцыйнага Менску. Гэта, вядома, калі размова ідзе пра
людзей, якія ўвогуле мелі нейкае ўяўленьне пра тое, што такое Беларусь
і дзе яна.

У ЗША і Францыі мне давялося пачуць ад тых, хто кожны дзень працуюць зь
людзьмі з усяго сьвету, г. зн. ад памежнікаў, пытаньне: «А дзе
знаходзіцца Беларусь?». Прычым амэрыканскі памежнік, які мне яго задаў,
меў літоўскае прозьвішча. І тут няма чаго асабліва зьдзіўляцца, бо
здаецца, што ня проста пытаньне, дзе знаходзіцца Беларусі, але й ці
будзе яна існававаць як незалежная і дэмакратычная дзяржава, мала
хвалюе Амэрыку і Эўразьвяз, дзьве замежныя апоры нашага апазыцыйнага
руху.

Гэтыя два падыходы да нядаўніх дзён зводзіліся да дылемы: альбо як мага больш
ізаляваць Беларусь, каб прымусіць яе ўлады паводзіць сябе дэмакратычна,
альбо наблізіць краіну да Расеі, каб дэмакратыя прыйшла ў Менск з
Крамля. У 2001 г. у Грынэлеўскім каледжы я пазнаёміўся зь нідэрляндзкім
дыпляматам чэскага паходжаньня Міхалам Крэйзам, які ў той час быў
кіраўніком палітычнага аддзелу прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Таліне.
Крэйза даводзіў мне, што беларусам, якія, маўляў, страцілі сваю
нацыянальную культуру, каб вызваліцца ад дыктатуры, трэба аб’яднацца з
Расеяй. Паводле Крэйзы, зь небалтыйскіх рэспублік былога СССР адна
толькі Малдова мае маленькі шанец на ўступленьне ў ЭЗ, бо ў гэтым
зацікаўленая Румынія. А Беларусі застаецца толькі рушыць на Ўсход. Дый
што там казаць пра прадстаўніка Эўракамісіі, калі беларускі аналітык з
Радыё «Свабода» Ян Максімюк пісаў у 2003 г.,
што «яскравы супраціў Крамля бестэрміноваму Лукашэнкаваму кіраваньню
можа прымусіць… беларускія апазыцыю і электарат мабілізавацца супраць
Лукашэнкі». У меру таго, як праясьнялася стаўленьне Ўладзімера Пуціна і
яго атачэньня да дэмакратыі і дэмакратычных інстытутаў, гэты падыход
страціў сваю былую папулярнасьць. Цяпер, праз дванаццаць гадоў пасьля
разгону Вярхоўнага Савету, відаць, што і першы падыход, г. зн. ізаляцыя
Беларусі як краіны, плёну для беларускай дэмакратыі не
прынёс. Таму сёньняшняя заходняя аналітыка Беларусі спрабуе разабрацца
ў прычынах і перадумовах дзіўнай, на першы погляд, стабільнасьці
лукашэнкаўскага рэжыму, які, нягледзячы на шматлікія ранейшыя прагнозы,
не капітулюе перад Расеяй і існуе надалей без прыцягваньня падтрымкі прадэмакратычных элемэнтаў беларускага грамадзтва.

Дзьве кнігі, якія мы разгледзім, ілюструюць гэтую тэндэнцыю. Абедзьве (у
выпадку кнігі Шмітке й Екельчыка — часткова) цікавяцца гістарычнай
траекторыяй Беларусі, якая прывяла яе да Лукашэнкі, а таксама
аналізуюць сацыяльную базу яго падтрымкі й спробы апазыцыі яго
дэлегітымізаваць. Але на гэтым падабенства гэтых кніг канчаецца. У той
час, як выдадзеная пад рэдакцыяй Шмітке й Екельчыка кніга «Апошні рубеж
Эўропы? Беларусь, Малдова і Ўкраіна паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам»
прадстаўляе сабой зборнік сур’ёзных навуковых прац, напісаных
дасьледчыкамі з шэрагу канадзкіх унівэрсытэтаў, опус Ст’юарта Паркера
«Апошняя савецкая рэспубліка: Беларусь Аляксандра Лукашэнкі» — гэта
спроба дылетанта зь відавочным недахопам ведаў у абранай тэме палепшыць
імідж Лукашэнкі на Захадзе.

САЦЫЯЛЬНЫЯ ПАДСТАВЫ СТАБІЛЬНАСЬЦІ ЛУКАШЫЗМУ

Пачнём зь першай кнігі. Яна падзеленая на дзесяць разьдзелаў, якія закранаюць
шэраг тэмаў, зьвязаных з унікальным геапалітычным становішчам тэрыторый
Беларусі, Украіны й Малдовы ў сучаснасьці і гісторыі. Амаль у палове
кніжкі так ці інакш фігуруе Беларусь. Першы разьдзел, напісаны Сяргіем
Екельчыкам, дацэнтам славістыкі й гісторыі ўнівэрсытэту Вікторыі (што ў
канадзкай правінцыі Брытанская Калюмбія), разглядае гісторыю
фармаваньня мадэрных беларускай, украінскай і малдаўскай нацыяў. Трэцяя
частка, чый аўтар Пэр Андэрс Радлінг піша дысэртацыю ўва ўнівэрсытэце
Альбэрты (г. Эдмантан, Канада), прысьвечаная найноўшай гісторыі
Беларусі. Дзявяты разьдзел, напісаны Дэйвідам Марплзам, прафэсарам
гісторыі ўнівэрсытэту Альбэрты, аналізуе беларускія прэзыдэнцкія выбары
2006 г. Апошні разьдзел, напісаны Штэфанам Генцле, запрошаным дацэнтам
паліталёгіі ўнівэрсытэту Брытанскай Калюмбіі (г. Ванкувэр, Канада),
прысьвечаны таму, як палітыка Эўразьвязу ў дачыненьнях з Расеяй
паўплывала на адносіны ЭЗ зь Беларусьсю, Малдовай і Ўкраінай. Рэшта
кнігі аналізуе памаранчавую рэвалюцыю, палітыку Данбасу і аўтаноміяў
Малдовы, а таксама стан дачыненьняў паміж ЭЗ, Украінаю і Малдоваю.

Артыкул Сяргія Екельчыка называецца «Выхад з доўгага ценю Расеі: стварэньне
мадэрных Украіны, Беларусі й Малдовы» (с. 9—30). Аўтар аналізуе працэс
фармаваньня нацыяў у гэтых трох краінах праз прызму мадэлі чэскага
гісторыка Міраслава Гроха, якая сьцьвярджае, што фармаваньне малой
цэнтральнаэўрапейскай нацыі пачыналася з акадэмічнай зацікаўленасьці
жменькі інтэлектуалаў у сялянскай культуры яе народу. Потым мясцовая
гарадзкая эліта робіць гэтую сялянскую культуру высокай. На трэцім
этапе адбываецца палітычная мабілізацыя сялянскіх масаў, якія
далучаюцца да новай, нацыянальнай гарадзкой культуры, карані якой
калісьці былі ў іх жа запазычаныя.

Екельчык даволі крытычна ставіцца да канцэпцыі Гроха, бо той не
зьвярнуў дастатковай увагі на ролю імпэрскіх уладаў у працэсе
нацыятварэньня. Таму аўтар імкнецца паказаць, што тры памянёныя нацыі
набылі сваю форму дзякуючы вызначальнаму ўплыву дарэвалюцыйнай
расейскай і савецкай улады (а таксама міжваенных Польшчы і Румыніі) на
працэс іх фармаваньня. Паводле Екельчыка, першыя беларускія і
ўкраінскія нацыяналісты дзейнічалі ў рамках, акрэсьленых тагачаснай
расейскай гістарыяграфіяй. Калі расейцы прыпісалі сабе ўсю гісторыю
Кіеўскай Русі, то беларускія нацыяналісты пачалі ідэнтыфікаваць
Беларусь зь Вялікім Княствам Літоўскім, а ўкраінскія — Украіну з
казацкай протадзяржавай. І толькі ў ХХ ст. беларускія гісторыкі сталі
выводзіць пачаткі Беларусі з Полацкага княства, а ўкраінскія абвясьцілі
Кіеўскую Русь пачаткам украінскай дзяржаўнасьці. Сваімі практычнымм
дзеяньнямі і расейская імпэрская ўлада, і пазьнейшыя савецкая і
польская ўлады па-свойму абмяжоўвалі працэс нацыятварэньня на тэрыторыі
Беларусі. Але пры гэтым савецкая ўлада адначасова спрыяла разьвіцьцю
мадэрнай беларускай нацыі (зь яе шматлікімі расейска-савецкімі
адметнасьцямі). Выснова Екельчыка — грохаўскія тры этапы ў дадзеным
выпадку самі па сабе ня здольныя вычарпальна тлумачыць разьвіцьця
нацыяў — выглядае пераканаўча. Бо калі б тры этапы Гроха дзейнічалі
незалежна ад прыналежнасьці пэўнай тэрыторыі да той ці іншай
наднацыянальнай дзяржавы, то як мінімум публічная сфэра Беларусі была б
сёньня беларускамоўная.

Свой аналіз «Беларусь у лукашэнкаўскую эпоху: нацыянальная ідэнтычнасьць і
зносіны з Расеяй» (с. 55—78), адзін з найцікавейшых у кнізе, Пэр
Радлінг пачынае з асэнсаваньня вынікаў савецкага панаваньня ў Беларусі.
На яго думку, на савецкую эпоху прыпаў найгоршы пэрыяд у гісторыі
«беларусізацыі» Беларусі, а таксама два з трох найлепшых пэрыядаў.
Падчас сталінскіх рэпрэсіяў былі забітыя сотні беларускіх
пісьменьнікаў, гісторыкаў ды іншых інтэлектуалаў. Як адзначае Радлінг,
колькасьць забітых дзеячаў украінскай ці расейскай культуры была амаль
аднолькавая, але маштаб культурных злачынстваў савецкай улады ў
Беларусі быў большы з увагі на розьніцу ў насельніцтве трох рэспублік.

Пэрыядамі найбольшага росквіту беларускай культуры Радлінг лічыць 1919—1929 гг.,
часткова 1953 г. (пасьля сьмерці Сталіна) і 1991—1994 гг. Хоць
камуністычная ўлада спрычынілася да двух такіх пэрыядаў (з адзначаных),
пры гэтай уладзе ў Беларусі асела 600 тысяч вайсковых пэнсіянэраў, што
спрыяла масаваму зьяўленьню ў Беларусі homo sovieticus’a.

Гэта ня значыць, што працэс фармаваньня нацыі ў Беларусі за савецкім часам спыніўся. Ён прадоўжыўся, але ў Беларусі стварылася не
беларуская, а савецкая нацыя: «нацыянальная мабілізацыя праводзілася
па-расейску ў кантэксьце савецкай структуры». У падтрымку свайго
аргумэнту Радлінг прыводзіць лічбы з сацыягічнага апытаньня канца
1980-х гг., у якім 69 % жыхароў Беларусі сьцьвердзіла, што яны
пачуваюцца «савецкімі» людзьмі. Гэта быў найвышэйшы паказчык у
тагачасным СССР. На рэфэрэндуме 1991 г. за захаваньне Саюзу
прагаласавала 83 % беларусаў, у той час як сярэдні паказчык быў 76% .
Да таго ж у КПБ не
існавала «нацыянальнай фракцыі», а беларусы вельмі павольна прывыкалі
да незалежнасьці: у 1992 г., на пытаньне, ці згодны яны са словамі «Мой
дом — Беларусь», толькі 36 % беларусаў адказалі станоўча.

Савецкасьць беларусаў, іх слабая нацыянальная ідэнтычнасьць, а таксама «агрэсіўная
антырасейская рыторыка» БНФ стварылі ўмовы для абраньня прэзыдэнтам
Лукашэнкі, які ўдала выкарыстаў настальгію па СССР у сваіх мэтах.
Беларусы настальгавалі па былой звышдзяржаве і не хацелі заставацца пад уладай карумпаванай намэнклятуры. Гэта было яшчэ адной з прычынаў выбарчага посьпеху Лукашэнкі, «поўнасьцю новага і ўнікальнага палітычнага фэномэну», адзінага з тагачасных прэзыдэнтаў
краінаў СНД, які ня меў намэнклятурнага мінулага. Беларусы дагэтуль
задаволеныя сваім прэзыдэнтам і ягоным палітычным курсам. Нядаўняе
апытаньне, праведзенае дзьвюма славацкімі сацыялягічнымі службамі,
паказала, што 24 % беларусаў вельмі задаволеныя сытуацыяй у краіне, а
59 % — задаволеныя. Перадумоваў для «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі
няма.

Хоць некаторыя дэталі артыкулу Радлінга спрэчныя (напрыклад, яго
сьцьверджаньне пра неіснаваньне «нацыянальнай» фракцыі ў КПБ) і
праглядаюцца дробныя памылкі (да прыкладу, напісаньне «трансянка»
замест «трасянкі», спольшчаны выраз «проста мова» замест «простай мовы»
і г. д.), яго аргумэнтацыя ў цэлым пераканаўчая. Аднак мне здаецца, што
Радлінг недаацэньвае эканамічныя фактары, якія таксама падштурхнулі
беларусаў на палітычны экспэрымэнт з Лукашэнкам. І ці Лукашэнка
сапраўды нагэтулькі «ўнікальны», як кажа Радлінг? Ці не зьяўляецца ён папулістам лацінаамэрыканскага ўзору?

У артыкуле «Няўдалая рэвалюцыя: думкі наконт выбараў 2006 г. у Беларусі»
(с. 157—176) Дэйвід Марплз апавядае пра згаданыя выбары і імкнецца
разабрацца ў прычынах перамогі Лукашэнкі. Гэтыя падзеі добра вядомыя
беларускаму чытачу, які цікавіцца найноўшай гісторыяй нашай краіны.
Цікавая выснова наконт стабільнасьці лукашэнкаўскага рэжыму:

 

Ужо не выпадае меркаваць, што прэзыдэнт адлюстроўвае імкненьні беларускага
народу. Наадварот, яго мэтаю ёсьць пераўтварэньне гэтага народу згодна
з сваімі вельмі абмежаванымі поглядамі.

Марплз таксама ставіць пад сумнеў выжываньне рэжыму ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, бо Лукашэнка «не акрэсьліў ніякай візіі будучыні».

Аднак чаму ж тады такая вялікая частка беларусаў у цэлым задаволеная рэжымам?
Паводле Марплза, прычына ў эканоміцы. Калі парушыцца эканамічная
стабільнасьць Беларусі, Лукашэнка можа ў любы момант страціць уладу.

Несумнеўна, эканамічны рост апошніх гадоў забясьпечвае Лукашэнку падтрымку ў
Беларусі. Але выглядае, што Марплз недаацэньвае сілу лукашэнкаўскай
ідэалёгіі. Значная частка беларусаў стаяла за яго ў эканамічна цяжкі
пэрыяд сярэдзіны 1990-х гг., бачачы ў ім увасабленьне савецкіх
каштоўнасьцяў. Доля беларусаў, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасьці,
падае, але рост долі беларусаў, якія прымаюць эўрапейскія каштоўнасьці,
расьце вельмі павольна. Таму нават пры новым эканамічным спадзе можна
чакаць, што сярод пэўнай часткі беларускага грамадзтва падтрымка
Лукашэнкі толькі павялічыцца.

Штэфан Генцле ў артыкуле «Дачыненьні ЭЗ і Расеі і іхныя наступствы для
дзяржаваў, што займаюць прамежкавае паміж імі становішча» (с. 195—130)
сьцьвярджае, што ў 1990-я гг. Эўразьвяз аддаваў перавагу сваім
дачыненьням з Расеяй перад дачыненьнямі зь небалтыйскімі рэспублікамі
эўрапейскай часткі СССР. З важных эканамічных і геапалітычных прычынаў
зносіны з Расеяй па-ранейшаму застаюцца прыярытэтам для ЭЗ. Аднак у
выніку адкату Расеі ад дэмакратыі і росту дэмакратыі ва Ўкраіне й
Малдове ЭЗ пачаў пераацэнку свайго падыходу да гэтага рэгіёну. Пасьля
памаранчавай рэвалюцыі ранейшай палітыцы «Расея ў першую чаргу»
(«Russia first») прыйшоў канец. Тым ня менш, у ЭЗ дагэтуль няма
кансэнсусу, як разглядаць Украіну: як добрую суседку і партнэра або як
патэнцыйнага члена Зьвязу? Калі палітыкі краін ЭЗ маюць розныя погляды
на Ўкраіну, то ўвогуле ня ведаюць, што рабіць зь Беларусьсю. Санкцыі
Эўразьвязу супраць Беларусі, якія звычайна зводзяцца да выключэньня
Беларусі з розных праграмаў ЭЗ добрасуседзтва і эканамічнай падтрымкі,
прыводзіць да страты ўплыву Брусэлю на Менск. І сапраўды, калі чытаеш
пра інвэстыцыі Эўразьвязу ў такія краіны, як Азэрбайджан, Туркмэністан
ды Марока, зьдзіўляесься: няўжо паводле Эўразьвязу ў гэтых краінах
больш дэмакратыі, чым у Беларусі? Нельга не пагадзіцца з калегам Зьмітром Карацеевым:
калі ЭЗ сапраўды хоча бачыць зьмены ў Беларусі, яму трэба памагчы
беларускаму рэжыму разьвязаць праблему яго легітымнасьці дзеля
паступовай дэмакратызацыі і адначасовага ўзмацненьня дачыненьняў з
Захадам, што прывядзе да членства дэмакратызаванай Беларусі ў ЭЗ.

СЬВЯТЫ ЗМАГАР ЗА ЧАЛАВЕЧУЮ ГОДНАСЬЦЬ

Як адзначалася вышэй, кніга Ст’юарта Паркера мае зусім іншы характар, чым
толькі што разгледжаны зборнік. Аднаго толькі бібліяграфічнага
апісаньня выданьня досыць, каб зразумець, што гэтай кнігі не
апублікавала б ніводнае акадэмічнае выдавецтва. Рэч у тым, што
«Trafford Publishing» — з даволі распаўсюджанага ў Паўночнай Амэрыцы
шэрагу выдавецтваў, якія за адпаведную плату друкуюць амаль любую кнігу любога аўтара,
нягледзячы на ягоную кваліфікацыю і часам на якасьць матэрыялу. Сам
Паркер, адрозна ад спэцыялістаў, якія напісалі для вышэй памянёнага
зборніка, зьяўляецца мэдыцынскім работнікам.
Непадрыхтаванасьць аўтара ў галіне гісторыі рэжа вока амаль у кожнай
частцы кнігі. Можна быць упэўненым, што ў цяперашняй форме ніякае
сур’ёзнае выдавецтва гэтай кнігі не апублікавала б.

На думку Паркера, Лукашэнка зьяўляецца змагаром за свабоду свайго народу
ад спрута міжнароднага капіталізму. І нават калі гэты аргумэнт нам
здасца сьмешным, гэтая кніга заслугоўвае на ўвагу хоць бы з той
прычыны, што яна зьяўляецца прыкладам ідэалізацыі антызаходніх
дэмагогаў накшталт Фідэля Кастра і Уга Чавэса сярод маленькай часткі
заходняга грамадзтва, а таксама далучэньня Лукашэнкі да ліку сьветачаў
левага папулізму.

Кніга Паркера поўная памылак — як гістарычных, так і граматычных, і
артаграфічных. Гэта заканамерна, бо, апроч дылетанцтва Паркера, такія
выдавецтвы, як «Trafford Publishing», выпускаюць кнігі без рэдактуры.
Сярод гістарычных казусаў у кнізе адзначым сьцьверджаньне, што беларусы
ніколі ня мелі ніякай дзяржаўнасьці да абвяшчэньня БССР, у той час, як
«украінцы і палякі… мелі доўгую гісторыю дзяржаўнасьці» (с. 14).
Паркер таксама сьцьвярджае, што «калектывізацыя не
была абавязковай» і што, маўляў, сяляне добраахвотна ўступілі ў калгасы
з-за іх эканамічнага росквіту (с. 26). Моўная рэформа 1933 г. перавяла
беларускі альфабэт з лацінкі на кірыліцу (с. 28). Аўтар таксама выдае
існаваньне Габрэйскай аўтаномнай вобласьці на расейскім Далёкім Усходзе
за доказ «добрага разьвіцьця габрэйскага жыцьця» ў СССР (с. 30). Леанід
Брэжнеў санкцыянаваў уварваньне савецкіх войскаў у Аўганістан у 1982 г.
(с. 44).

Гэтыя недарэчнасьці сьведчаць пра непадрыхтаванасьць Паркера як гісторыка —
нават у якасьці гісторыка-аматара. Што датычыць яго поглядаў як
палітоляга, дык яны ў асноўным гэткія ж эксцэнтрычныя. Напрыклад,
Паркер сьцьвярджае, што пераважна праваслаўныя беларусы не
жадаюць прыватызацыі, якая прывядзе да эканамічнага ладу, што пануе ў
індывідуалісцка-пратэстанцкіх краінах (с. 59). Думку пра калектывізм
праваслаўя Паркер запазычыў некрытычным чынам у расейскага эканаміста
Дзьмітрыя Львова. Але як жа тады наконт калектывізму каталіцтва і
прыватызацыі ў Польшчы?

Далей — болей. Паводле Паркера, «роўны статус расейскай і беларускай ахоўвае
беларускую мову» ад выміраньня (с. 93). Так, на паперы ахоўвае. Але як
насамрэч? Паркер сьцьвярджае, што Лукашэнка ніколі не
адгукаўся станоўча пра Адольфа Гітлера (с. 112). Дастаткова паглядзець
фільм «Звычайны прэзыдэнт», каб усумніцца ў гэтым меркаваньні. Відаць,
Паркер ня меў на тое часу.

Але ён не шкадуе намаганьняў, каб ачарніць беларускую апазыцыю. Напрыклад,
паводле Паркера, Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся падчас сваёй
кампаніі з антырасейскімі элемэнтамі ў Польшчы ды Прыбалтыцы (с. 182).
Чатырнаццаць апазыцыянэраў, якія зладзілі пікет у падтрымку
амэрыканскай вайны ў Іраку, паказалі, што ўся апазыцыя «актыўна
сымпатызуе мэтам сваіх спонсараў» (с. 184), г. зн., што яна фактычна
прадалася ЗША, як сьцьвярджае Лукашэнка. Паводле Паркера, маніпуляцыі
падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 г. былі ўласьцівыя зусім не
беларускім мэдыям, а заходнім. Выбары былі поўнасьцю справядлівыя, а
калі парушэньні і былі, то іх зьдзейсьнілі Мілінкевіч і Зянон Пазьняк,
а Захад цынічна адмовіўся ад прызнаньня вынікаў выбараў, баючыся
беларускай палітычнай сыстэмы (с. 185—191).

Аднак адзін аргумэнт Паркера ў гэтым фрагмэнце выглядае слушным. Ён цытуе
ліст тагачаснага амэрыканскага амбасадара Майкла Козака ў Беларусі ў
рэдакцыю лёнданскай газэты «Times», у якім той заявіў, што мэты ЗША ў
Беларусі былі падобныя да амэрыканскіх мэтаў у Нікарагуа ў 1980-я гг. У
рэдакцыйным камэнтары да гэтага ліста «Times» нагадала пра
грамадзянскую вайну, якая ішла ў 1980-я гг. у Нікарагуа і ў якой
загінула 30 тысяч чалавек, і выказала зьдзіўленьне гэтым параўнаньнем
(с. 138).

Што б ні казаў дзіўнага амбасадар ЗША, трэба быць сьляпым, каб ня бачыць
пастаяннай маніпуляцыі выбарцамі з боку беларускага рэжыму — як у часе
выбараў, так і пасьля іх. Паркер, які бываў у Беларусі і працаваў тры
гады над сваёю кнігаю (с. 3), ня мог не
заўважыць адсутнасьці асноўных свабодаў у Беларусі. Даводзіцца прыйсьці
да сумнай высновы, што альбо Паркер, нягледзячы на тры гады працы над
кнігаю, не разумее Беларусі, альбо рэальная сытуацыя ў нашай краіне зусім яго не
бянтэжыць з прычыны пэўнай ідэалягічнай заангажаванасьці. У прадмове да
кнігі Паркер піша, што «стварыць апалёгію Лукашэнкі ня ёсьць мэтай
гэтай кнігі» (с. 7). Цяжка ўявіць, як бы выглядаў твор, калі б аўтар
заявіў гэтую мэту адкрытым тэкстам.

Азнаёміўшыся з тэзісамі «Апошняй савецкай рэспублікі», можна падумаць, што аўтар
кнігі зацікаўлены ня столькі ў Беларусі як краіне, колькі ў спробе
даказаць правільнасьць лукашэнкаўскай «сацыяльна арыентаванай рынкавай
эканомікі». Таму ён заканчвае сваю кнігу цытатай са Стывэна Міліза,
дацэнта паліталёгіі ва ўнівэрсытэце Паўднёвай Караліны ў Эйкене, у якой
той кажа, што «для рабочых усяго сьвету Беларусь — фарпост супраціву»
(с. 199). І таму ня дзіўна, што дзьве з шасьці інтэрнэт-старонак, якія
прапаноўвае Паркер чытачам у канцы кнігі для далейшага знаёмства з
тэмай, тычацца Кубы й Вэнэсуэлы (с. 249). Сёлета ў сакавіку стала
вядома, што Лукашэнка бярэ на працу брытанскага спэцыяліста па
піяр-тэхналёгіях, Ціма Бэла [1]. Паркер фактычна адыгрывае тую ж ролю,
толькі бясплатна і няўмела.

***

Даўгавечнасьць лукашэнкаўскага рэжыму становіцца выклікам для заходніх аналітыкаў,
якія спрабуюць зразумець, чаму Беларусь ня ўпісваецца ў традыцыйныя
паліталягічныя мадэлі дэмакратычнага транзыту. З агляду гэтых дзьвюх
кніг відаць, што гэтыя спробы знаходзяцца яшчэ на пачатковым узроўні.
Напрыклад, Марплз кажа, што Лукашэнка нічога не прапаноўвае народу, а Радлінг сьцьвярджае, што Лукашэнка — унікальны фэномэн, якога раней не было.
Паркер, мабыць, падыходзіць у гэтым пляне бліжэй да праўды, калі
заплюшчыць вочы на ягоную фанатычна сьляпую любоў да беларускага
прэзыдэнта. Ён разумее, што Лукашэнка, нягледзячы на важную ролю
беларускага кантэксту, звычайны левы папуліст.

Пытаньне ў тым, якія з гэтага рабіць высновы. ЗША сваімі шматдзесяцігадовымі
байкотамі Кубы й Ірану дасягнулі пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў
гэтых краінах і яшчэ большай папулярнасьці тамтэйшых рэжымаў. Вядома,
санкцыям супраць Беларусі далёка да тых, зь якімі жывуць кубінцы й
іранцы. Але застаецца спадзявацца, што ў выпадку Беларусі падыход
Захаду зробіцца больш канструктыўны.

________________________________________

1. Harding Luke. Thatcher’s former PR man to remake image of Europe’s pariah // Guardian. 18 March. 2008.

 

Рашэд Чоўдхуры — гісторык, дактарант Макгілеўскага ўнівэрсытэту (Манрэаль, Квэбэк,
Канада). Спэцыялізуецца на гісторыі Асманскай імпэрыі Новага часу.
Атрымаў ступень бакаляўра па міжнародных адносінах у Грынэлеўскім
каледжы (Грынэл, Аёва, ЗША) і ступень магістра па ісламазнаўстве ў
Макгіле. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Фондзе Карнэгі за
міжнародны мір у Вашынгтоне. Аўтарская назва тэксту — «Унікальны
фэномэн? Дзьве заходнія спробы зразумець падставы беларускага рэжыму».