Тое, што прынята называць афіцыйнай беларускай паліталёгіяй, паступова ператвараецца ў аналяг БТ. Прынамсі мэтады падобныя – скрасьці фактуру, замазаць лягатып першакрыніцы і дадаць глупыя, але зьедлівыя камэнтары. Такім чынам, і адносіны да прадстаўнікоў гэтага напрамку мысьленьня мусяць быць адпаведныя.

Выданьне, якое абмяркоўваецца ў рэцэнзіі: Игорь Котляров. Феномен многопартийности в современном белорусском обществе. — Минск, ФУАинформ, — 2009. — 320 с.

Беларускія палітычныя партыі ўяўляюцца мне вельмі прывабным аб’ектам для дасьледаваньня з боку палітычнай навукі. Менавіта ў асяродку апазыцыйных партыяў віруе палітычнае жыцьцё ў выглядзе пэрсанальных і ідэалягічных канфліктаў, барацьбы за галасы, рэсурсы ды ўплыў у супольнасьці, прадукуюцца палітычныя праекты стратэгічнага і тактычнага ўзроўняў. Апазыцыйныя партыі абсалютна ня ўключаныя ў размеркаваньне публічнай улады, але толькі ў іх шэрагах акумулююцца людзі таго псыхалягічнага складу, для якога ўласьцівая неадольная прага да палітычнай барацьбы, тыя, для каго палітыка ёсьць пакліканьнем і прафэсіяй. Да таго ж мала які іншы з інстытутаў беларускай палітычнай сыстэмы можа лічыцца даступным для дасьледчыка: у беларускай палітыцы толькі партыйнае жыцьцё зьяўляецца празрыстым і бязьлітасна крытыкаваным усімі мэдыямі. Усё астатняе ж настолькі прыхавана, што вымушае дасьледчыка кіравацца выключна ўскоснымі дадзенымі.

Але насуперак такой відавочнай прывабнасьці навукоўцы ня вельмі шануюць палітычныя партыі як аб’ект дасьледаваньня. Больш-меньш прыстойна тут паводзяць сябе прадстаўнікі так званай “незалежнай паліталёгіі”, а афіцыйная акадэмічная навука айчынныя партыі збольшага амаль не заўважае. Мабыць, навуку гэтую настолькі закатавалі, што яна, бедная, баіцца хоць нейкім чынам закранаць рэальную палітыку. Гэта зразумела, бо дасьледчык палітычных партыяў рызыкуе быць падазраваным у неляяльнасьці альбо нават у ідэалягічнай дывэрсіі.

Таму для таго, каб працаваць з такім далікатным прадметам, прадстаўнік афіцыйных навуковых інстытуцыяў мусіць мець стоадсоткавае алібі. Накшталт таго, якое мае Ігар Катляроў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету трынаццатага скліканьня, які падтрымаў рэфэрэндум 1996-га году і быў перасаджаны ў палатку першага скліканьня.

Значыць, вядомы беларускі палітоляг, прафэсар, доктар сацыялёгіі і дырэктар Інстытуту сацыялёгіі, выбітны адміністратар айчыннай навукі всея белыя і чорныя паліталёгіі і протчая і протчая і протчая таварыш Ігар Катляроў усьцешыў новай кніжкай пра айчынную партыйную сыстэму. На вокладцы амбіцыйны падзагаловак: «На основе архивных материалов, контент-анализа программных документов и интервью с лидерами политических партий Республики Беларусь, результатов многолетнего социологического мониторинга раскрыта сущность феномена многопартийности в стране…» (я не жартую – там насамрэч шматкроп’е). Апроч таго, аўтар прадстаўлены на вокладцы яшчэ і акадэмікам Расейскай акадэміі сацыяльных навук – то бок сябрам замежнай няўрадавай арганізацыі, якая да клясычных акадэміяў мае мала дачыненьня. Дасьведчаныя людзі кажуць, што на апошніх выбарах у айчынную Акадэмію навук таварыша пракацілі “з трэскам” (менавіта гэты эпітэт аўтар выкарыстоўвае да ўсіх вынікаў партыяў на выбарах) і ніякія адміністратыўна-палітычныя рэгаліі не дапамаглі пралезьці ў член-коры.

Шчыра кажучы, апошнія кніжкі Катлярова па партыях былі страшным занудзтвам і папросту з навуковага пункту гледжаньня былі нецікавыя. Адміністратыўная вага ў навуковых колах і магчымасьць прабіць публікацыю без праблемаў робіць з такімі навукоўцамі кепскія жарты – яны могуць некрытычна аддаць у друк поўную лажу, на аб’ектыўную рэцэнзію разьлічваць не прыходзіцца, усё “схвачана, прабіта і праплачана”. Але катляроўская палітычная вага дазваляла ўсё ж яму трохі больш, чым шараговым асьпірантам паліталягічнага аддзяленьня, дзе можна пажыцьцёвы чорны шар атрымаць за цытаваньне няправільных крыніцаў. У ягоных кнігах заўважнае прынамсі імкненьне падмацаваць крытыку апазыцыйных партыяў нейкай фактычнай інфармацыяй.

Гэтая манаграфія ў параўнаньні з папярэднімі катляроўскімі публікацыямі выглядае больш грунтоўна. Магу меркаваць, што тут справа ідзе да абароны доктарскай ужо па палітычнай навуцы. Карацей, чытаць варта. Ну, дык я пагартаў і зьдзівіўся – наколькі выпускнік ВПШ добра падае жыцьцё апазыцыйнай часткі палітычнага спэктру. Часам такія тэзы відавочныя, якія цалкам супадаюць з маімі назіраньнямі… стоп. Дык гэта ж мой тэкст!

Напрыклад, на старонке 292 «обширная цитата» зь мяне без пазначэньня крыніцы. Айяйяй, Ігар Васільевіч, і гэта пры беглым праглядзе кніжкі. Цытата без пазначэньня крыніцы звычайна называецца плягіятам. Карацей, цэлая гэтая старонка перадраная з майго артыкулу «Конфигурация структур оппозиции накануне избирательной кампании» з сайту “Наше мнение” зь нязначнымі рэдакцыйнымі праўкамі. Канкрэтна перадраны разьдзел «ОДС: тактический союз и потенциальные противоречия», які таксама публікаваўся ў папяровым выглядзе ў АРХЭ пад назвай «Расстаноўка сілаў у беларускай апазыцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў» і зьяўляецца запісам майго выступу на канфэрэнцыі «Беларусь. Разрыў пакаленьняў: Адрозьненьні ў мэтах, каштоўнасьцях, стратэгіі» (Варшава, 3–5 чэрвеня 2008 году). Выступ, натуральна быў зьмешчаны і ў выніковым зборніку той мінулагодняй канфэрэнцыі пад рэдакцыяй Андрэя Дынька. У сьпісе літаратуры Катляроў не пазначае аніводнага з папяровых ці лічбавых варыянтаў той публікацыі.

І калегам, якія займаюцца айчыннай палітычнай сыстэмай, таксама раю пачытаць: у кніге надзіва страката зьмяняецца стыль, назвы адных і тых жа структураў даюцца ў розных варыянтах, а шматлікія дадзеныя падаюцца таксама без пазначэньня крыніцы. Рэцэнзенту Землякову таксама раю перачытаць прадмет рэцэнзіі і праверыць яго вядомымі кампутарнымі прыстасаваньнямі, якімі выкладчыкі карыстаюцца для пошуку перадраных з інтэрнэту рэфэратаў. Ну, а ВАКу гэтую кнігу дык і паводле службовых абавязкаў чытаць варта. Увогуле мушу даць рэкляму выданьню: яно можа быць скарыстанае як крыжаванка альбо рэбус, дзе трэба вылічыць крыніцы розных кавалкаў тэксту і аддзяліць аўтарскія камэнтары ад цытатаў з чужых твораў.

Але пры гэтым ня варта вельмі давяраць тэзам выпускніка Вышэйшай партыйнай школы. Відавочна, што аўтар даволі павярхоўна знаёмы з прадметам, які імкнецца дасьледаваць. Шматлікія выпадкі падачы памылковых альбо неправераных зьвестак зьніжаюць навуковую вартасьць гэтага выданьня. Блытаюцца назвы, даты і фактычныя абставіны тых падзеяў, пра якія вядзецца гутарка. Часьцяком пры гэтым крытычны запал ў бязьлітасным бічаваньні апазыцыі пераходзіць межы дазволенага і набывае рысы зьнявагі рэпутацыі. Напрыклад, аўтар сьцьвярджае, што ў Беларускай партыі “Зялёныя” не хапае колькаснага складу сяброў, няма неабходных арганізацыйных структураў і за грубае парушэньне закону “Аб палітычных партыях” яна можа быць у любы момант зьліквідаваная. Гэткія безапэляцыйныя і непраўдзівыя зьвесткі могуць у пэрпэктыве стаць падставай для судовага разьбіральніцтва (калі Лёлік Ушкін не пагрэбуе зьвязвацца з распаўсюджвальнікам хлусьлівых плётак).

Дарэчы, паводле дадзеных Інстытуту сацыялёгіі, менавіта Катляроў распрацаваў праект закону “Аб інтэлектуальнай уласнасьці”, які мусіць павялічыць аплату працы навукоўцам і пісьменьнікам. Пры гэтым згадваецца магчымасьць атрымліваць пастаянныя дывідэнды ад навуковых публікацыяў. Паводле падлікаў ЖЖ-суполкі sociologia_by, у дасьледаваным кавалку кнігі просты падлік паказвае 80% запазычаньньня з майго тэксту без пазначэньня крыніцы – так што з выпускніка ВПШ належыць, калі ён насамрэч так шануе чужую ўласнасьць.

Зразумела, што збольшага перадраныя таварышам Катляровым кускі майго тэксту не зьмяшчалі ў сабе аніякіх звышкаштоўных адкрыцьцяў. Наадварот, увагу “пазычальніка” прыцягнула простая, нават тэхнічная праца па пералічэньні падзеяў жыцьця апазыцыйных палітычных партыяў. Дзеля таго гэты выпадак зьяўляецца яшчэ больш ганебным: афіцыёзная паліталоёгія ўжо ня толькі няздатная да прадукаваньня нейкіх ідэяў, яна няздольная нават да простай дасьледчыцкай працы, зьвязанай са зборам першаснай інфармацыі.

Тое, што прынята называць афіцыйнай беларускай паліталёгіяй, паступова ператвараецца ў аналяг БТ. Прынамсі мэтады падобныя – скрасьці фактуру, замазаць лягатып першакрыніцы і дадаць глупыя, але зьедлівыя камэнтары. Такім чынам, і адносіны да прадстаўнікоў гэтага напрамку мысьленьня мусяць быць адпаведныя. Бо такая сутнасьць гэтага фэномэну.


Юры Чавусаў – палітоляг, сталы аўтар “ARCHE” .