Снежаньскае сацыялагічнае даследаванне НІСЭПД ізноў прадэманстравала наяўнасць у настроях беларускага соцыуму дамінаваўшых на працягу года трэндаў.

1. Электаральная падтрымка прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі страціла прамую залежнасць ад сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне.

2. У грамадстве нарастае песімізм, а таму і суб’ектыўныя ацэнкі грамадзянамі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі не цалкам карэлююць з аб’ектыўнымі характарыстыкамі.

3. У грамадстве дамінуе расчараванне ў дзеючым прэзідэнце, аднак расчараваныя грамадзяне ня бачаць выразнай альтэрнатывы ні асабіста Аляксандру Лукашэнку, ні кіруючаму рэжыму.

4. Патэнцыял апазіцыі застаецца слабым, ён пераважна абмежаваны адносна невялікай традыцыйнай аўдыторыяй, якая застаецца лаяльнай апазыцыі ўжо шмат гадоў.

5. Рэвалюцыйны патэнцыял беларускага соцыума мінімальны. Відавочны трэнд, скіраваны на нейкія эвалюцыйныя змены, грамадствам запатрабаваныя стваральныя сэнсы, што адкрывае перспектыву для тых палітычных сілаў, якія будуць гатовыя гэты трэнд рэалізаваць.

Дынаміка электаральнага рэйтынгу прэзідэнта на фоне індэксаў «сацыяльна самаадчування» грамадзянаў

У сацыяльным плане мінулы год быў дастаткова спрыяльным для грамадзянаў. У валютным эквіваленце сярэдні зарабак вырас ў лістападзе 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011 года амаль у паўтара разы: з $ 341,1 да $ 494.9. Пры гэтым памер мінімальнага спажывецкага бюджэту вырас значна менш – у 1,28 разы. Гэта значыць рос і рэальны зарабак. Калі ў студзені мінулага года індэкс суадносінаўд сярэдняй заработнай платы да кошту мінімальнага спажывецкага бюджэту складаў 2.566, то ў лістападзе ўжо 2.948. Прырост рэальнага заробку ў лістапада 2012 года да снежня 2011 года склаў 12.7%.

Пенсіі ў параўнанні са снежнем 2011 года выраслі да лістапада 2012 года яшчэ больш істотна – амаль у два разы, з $ 115,4 да $ 228.6. Істотным быў рост і рэальнай пенсіі ў снежні 2011 года: 0,884 (суадносіны памеру сярэдняй пенсіі і кошту спажывецкага кошыка), а ў лістапада 2012 года: 1.347.

Аднак насельніцтва нібы не заўважае гэтай пазітыўнай дынамікі. Як адзначаюць аналітыкі НІСЭПД, “у чацвёртым квартале “эканамічнае самаадчуванне беларусаў” практычна “застыла” на ранейшым узроўні: нягледзячы на тое, што для абсалютнай большасці мінулы год стаў годам росту рэальных даходаў, 41% апытаных сказалі, што ён апынуўся больш цяжкім, чым папярэдні, столькі ж – што “такім жа”, і толькі для 14% ён апынуўся “лягчэйшым””.

У справаздачы НІСЭПД таксама паказваецца, што “у параўнанні з трэцім кварталам суадносіны тых, чыё матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы палепшылася, і тых, у каго яно пагоршылася, засталося прыкладна такім жа (14.7% vs. 25% у верасні і 17.4% vs . 26/7% у снежні). А суадносіны тых, хто лічыць, што “ў цэлым стан рэчаў у нашай краіне развіваецца ў няправільным кірунку” па-ранейшаму значна перавышае колькасць тых, хто даў супрацьлеглы адказ (47.4% vs. 34.1% у верасні і 46.1% vs. 33.5% у снежні). Ня дзіва, што сваю бліжэйшую будучыню большасць беларусаў ацэньваюць хутчэй скептычна, чым аптымістычна: 23.3% апытаных лічаць, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшыя гады палепшыцца, а 29.7%  – што пагоршыцца (у верасні гэтая суадносіна была 18.4% vs. 27.8 %)”.

На гэтым фоне рэйтынг прэзідэнта Лукашэнкі стабілізаваўся на ўзроўні 31,5% (31,6% у верасні). Індэкс даверу выглядае для яго больш аптымістычным – 39.1%, хоць і ён на 10% саступае індэксу недаверу.

У кантэксце нізкай дынамікі рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі дакладна прасочваецца яго ўзаемасувязь з індэксамі “сацыяльна самаадчування” грамадзянаў, якія таксама дэманструюць млявую дынаміку, якая не карэлюе з аб’ектыўнымі сацыяльна-эканамічнымі паказчыкамі.

Сандартная сацыялогія не дазваляе сістэмна выяўляць матыватары і прычыны такіх дыспрапорцыяў ва ўспрыманні соцыумам навакольнай рэчаіснасці, для гэтага патрэбныя больш глыбінныя псіха-семантычныя даследаванні. Аднак дазволім сабе сфармуляваць асноўныя гіпотэзы, якія тлумачаць актуальную карціну дня.

1. Шматлікія даследаванні, якія праводзіліся ў Беларусі і ў іншых постсавецкіх краінах, паказваюць цікавую спецыфіку постсавецкага менталітэту. Для постсавецкіх людзей важнейшым сацыяльным стрэсарам з’яўляецца інфляцыя і рост коштаў. І гэты стрэсар не кампенсуецца нават фактарам больш высокай дынамікі росту даходаў. Постсавецкія людзі арыентаваныя на стабільнасць, а ў кантэксце Беларусі ў 2012 годзе ўлада гэтую стабільнасць забяспечыць не змагла. Хоць, відавочна, што гэта мела пад сабой цалкам аб’ектыўныя прычыны. На працягу 2012 адбывалася выраўноўванне цэнавых дыспрапорцыяў, якія ўзніклі на рынку ў перыяд вострага крызісу 2011 года, калі ўлада штучна ўтрымлівала кошты.

2. Другі стрэсар, на наш погляд, уяўляецца больш небяспечным для дзеючай улады, так як ён не залежыць ад поспехаў улады і не паддаецца адміністрацыйнаму ўздзеянню. Гаворка ідзе пра тое, што ў 2011-2012 гадах былі разбураныя базавыя іміджавыя характарыстыкі кіруючага рэжыму, тое, на чым шмат гадоў будавалася афіцыйная прапаганда і на чым грунтаваўся асабісты імідж Аляксандра Лукашэнкі. Тэракты ў менскім мэтро (2011), востры эканамічны крызіс (2011 год), новыя тэракты (ля амбасады Літвы і каля ўправы КДБ у Віцебску, лістапад 2012 года) рэгулярна дэманструюць, што прэзідэнт Лукашэнка больш не кантралюе сітуацыю ў краіне, міф пра яго «усемагутнасць» разбураны, а значыць грамадзяне больш не адчуваюць сябе абароненымі. А як мы ўжо адзначылі ў папярэднім пункце, менавіта адсутнасць адчування стабільнасці выклікае ў грамадзянаў найбольш вострыя стрэсы.

3. Аляксандр Лукашэнка страціў за апошнія некалькі гадоў яшчэ адзін базавы фактар свайго публічнага іміджу. Ён перастаў успрымацца масавым электаратам, як «свой», як прэзідэнт з народу, які працуе ў інтарэсах народа. Папярэднія апытанні паказваюць: грамадзяне лічаць, што ў сваёй дзейнасці Аляксандр Лукашэнка ўсё больш абапіраецца на чынавенства і сілавыя структуры, а не на народ.

Снежаньскае апытанне паказала, што 48% рэспандэнтаў лічаць, што «чыноўнікі глухія да патрэбаў людзей, таму што над імі няма кантролю зверху». Гэта значыць, на іх думку, Лукашэнка з гэтай функцыяй не спраўляецца. Другі паказальны індыкатар – доля рэспандэнтаў, згодных з тым, што палітыка кіраўніка дзяржавы з’яўляецца сумленнай і справядлівай – склала толькі 35%. Перыядычныя публічныя лупцоўкі чыноўнікаў і дырэктарату ня ўражваюць грамадзянаў, і выглядаюць ня надта шчырымі.

У снежаньскім апытанні прысутнічаюць індэксы дынамікі розных складнікаў іміджу Аляксандра Лукашэнкі, якія прадстаўляюць істотную цікавасць. З часу піку эканамічнага крызісу, калі дамінуючым матыватарам прэзідэнта грамадзяне лічылі імкненне да ўмацавання ўласнай улады («ён проста імкнецца умацаваць сваю ўладу»), у снежаньскім апытанні 2012 гэты індэкс істотна ўпаў – з 36% у чэрвені 2011 года да 29%. Прычым у снежні мінулага года негатыўны матыватар зраўняўся з пазітыўным – «ён павольна, але дакладна ідзе па шляху рэформаў да мэты»: 23% у чэрвені 2011 года і 28% у снежні 2012 года.

Менш істотна выраслі яшчэ два рознаскіраваныя індэксы. «Ён агучвае лозунгі без канкрэтных дзеянняў» з 13% у чэрвені 2011 года да 15% у снежні 2012 года. Гэты матыватар уяўляецца нам найбольш небяспечным для дзеючага прэзідэнта. Аднак паралельна некалькі вырас і самы кампліментарны індэкс: «ён якасна і рэвалюцыйна пераўтворыць рэчаіснасць»: з 9% у чэрвені 2011 года да 10% у снежні 2012 года.

Нават на падставе гэтых індэксаў можна канстатаваць, што электаральная сітуацыя для дзеючага прэзідэнты выглядае няпростай, але далёка не катастрафічнай.

Фактар «новай большасці»

Агульная карціна за мінулы год такая, што Аляксандр Лукашэнка ўпершыню з 2010 года ня мае падтрымкі большасці. Яго электаральная база ў цяперашні час не перавышае 40%. Гэта можна прасачыць па індэксе даверу (39%), а таксама па шэрагу ўскосных індыкатараў. Сумленнай і справядлівай палітыку дзеючага прэзідэнта лічаць 35%. Тое, што ўся ўлада засяроджаная ў руках Аляксандра Лукашэнкі, пазітыўным лічаць 34%. Яшчэ 34% лічаць, што сітуацыя ў краіне развіваецца ў правільным кірунку. Надзеі на выхад Беларусі з крызісу звязваюць з прэзідэнтам таксама 34%.

Можна ацаніць і колькасць цвёрдых прыхільнікаў прэзідэнта, яго жорсткае электаральнае «ядро». Яно складае каля 30%. Пра гэта сведчаць наступныя індыкатары. 28% лічаць, што «ён павольна, але дакладна ідзе па шляху рэформаў да мэты». 26% думаюць, што жыццё ў краіне пагоршыцца ў выпадку сыходу Аляксандра Лукашэнкі. 28% лічаць эканамічную палітыку ў Беларусі паспяховай і звязваюць гэта з ўнутранымі фактарамі.

Прыведзеныя вышэй лічбы дазваляюць сцвярджаць, што каля 60% грамадзянаў у той ці іншай ступені крытычна ўспрымаюць дзеючага прэзідэнта. У беларускім апазіцыйным і экспертным асяроддзі паўстаў нават тэрмін «новая большасць», хоць, на наш погляд, карэктней было б казаць пра «незадаволеную большасць». Прычым гэтая большасць не з’яўляецца ні маналітнай, ні нават адносна аднастайнай у сваіх поглядах. Тут можна вылучыць як мінімум два ўзроўні.

Па-першае, гэта тая група, якая свядома адпрэчвае існуючую ўладу і знаходзіцца да яе ў апазіцыі. Розныя індэксы снежаньскага даследавання дазваляюць вызначыць, што гэтая група адносна невялікая і складае каля 20% беларускага электарату.

Давяраюць апазіцыйным партыям – 20% (не давяраюць 56%). Сумарная колькасць падтрымліваючых апазіцыйных палітыкаў у снежні мінулага года склала каля 12%. У тым ліку: Андрэй Саннікаў – 4,8%, Уладзімір Някляеў – 4,6%, Мікалай Статкевіч – 1,1%, Анатоль Лябедзька – 0,9%. Лічаць сябе ў апазіцыі да цяперашняй улады 21,3% (за год гэты індэкс некалькі паменшыўся з 22,6% у снежні 2011 года). 24,5% лічаць, што з сыходам Аляксандра Лукашэнкі жыццё палепшыцца.

Другі ўзровень «незадаволенай большасці» значна маштабнейшы – 40%, ён прыкладна роўны колькасці лаяльных прэзідэнту грамадзянаў. І гэта ўласна асноўны сегмент, ад выбару і падтрымкі якога залежыць зыход будучых палітычных баталіяў. Але погляды гэтай групы пакуль гранічна амбівалентныя. З аднаго боку, яны расчараваліся ў існуючай уладзе. З іншага, відавочны іх скепсіс у дачыненні да існуючай апазіцыі.

Снежаньскае даследаванне дазваляе зразумець прычыны гэтага скепсісу. Існуе каласальны разрыў паміж поглядамі і мэтамі апазіцыі, і інтарэсамі і перавагамі гэтых грамадзянаў.

Па-першае, апазіцыя занадта захопленая радыкальнай фразеалогіяй і рэвалюцыйнай рыторыкай. А беларускі соцыум практычна адзіны ў сваім непрыманні рэвалюцыяў. Згодна са снежаньскім даследаваннем НІСЭПД, у падтрымку рэвалюцыі або збройнага чыну выступаюць толькі 3,1% грамадзянаў. Іншыя радыкальныя, але ўжо негвалтоўныя сцэнары гэтаксама непапулярныя, як і рэвалюцыя. Увядзенне міжнародных эканамічных санкцыяў падтрымлівае 4,7% рэспандэнтаў. Байкот ініцыятываў урада – 5,6%. (Рэспандэнт мог адначасова выбраць некалькі варыянтаў адказу). Паўторна уключанае пытанне пра байкот парламенцкіх выбараў мінулага года даў тыя ж вынікі – 9,8% сказалі пра свядомы байкот.

Большасць беларусаў выступаюць за выключна эвалюцыйныя сцэнары. Згодна са снежаньскім даследаваннем, 35% рэспандэнтаў палічылі, што апазіцыя павінна прапанаваць уладзе дыялог. 20% прапаноўваюць апазіцыі дамагацца адмены міжнародных эканамічных санкцыяў супраць Беларусі. Папярэднія даследаванні НІСЭПД паказвалі высокую папулярнасць розных электаральных сцэнараў змены ўлады.

Па-другое, пераважная большасць грамадзянаў ня бачаць у апазіцыі канструктыўнай сілы, здольнай прапанаваць грамадству не канфрантацыю і хаос, а стваральную альтэрнатыву. Толькі 8,6% (!) рэспандэнтаў звязваюць свае надзеі на выхад з крызісу з апазіцыяй. Гэта больш, чым удвая ніжэй, чым узровень падтрымкі апазіцыйных палітычных партыяў. Гэта значыць, у стваральны патэнцыял апазіцыі ня вераць нават яе прыхільнікі.

Запатрабаванасць беларускім соцыумам стваральных праграмаў дэманструюць індэксы снежаньскага даследавання пра адносіны беларусаў да дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі, прапанаваным Еўрапейскім саюзам. Чулі пра гэтую ініцыятыву 25% рэспандэнтаў. Але, нават ня ведаючы пра яе, амаль палова апытаных (48%) ўспрынялі яе пазітыўна (негатыўна толькі 23%).

Маюць беларусы і свае ўласныя погляды на тое, што неабходна рабіць для мадэрнізацыі краіны. 42% назвалі ўкараненне новых тэхналогіяў, 34% – мадэрнізацыю інфраструктуры. Відавочна, што абмеркаванне гэтай праблематыкі і папулярызацыя дыялогу аб мадэрнізацыі маглі б стаць для апазіцыйных сілаў значна больш удалым і выйгрышным дыскурсам, чым заклікі да пратэстаў або размовы пра «адзінага кандыдата».