Народазнаўцы Беларусі не так даўно атрымалі выдатны падарунак — зборнік працаў Юзафа Абрэмбскага, падрыхтаваны да друку вядомай польскай этналінгвісткай і этнолагам Ганнай Энгелькінг.

Obrębski, Józef. Polesie. [Studia etnosocjologiczne. T. 1] / Redakcja naukowa i wstęp Anna Engelking. — Warszawa: Oficyna Naukowa, 2007. — 574 s.

Юзаф Абрэмбскі (1905—1967), вучань такіх вядомых этнографаў, як Казімір Машынскі і Браніслаў Маліноўскі, займае ў гісторыі этнаграфіі і сацыялогіі адно з вядучых месцаў. Многія працы вучонага, сабраныя ў рэцэнзаваным томе, які адкрывае запланаваную цэлую серыю ягоных этнасацыялагічных працаў, чакалі апублікавання амаль шэсцьдзесят гадоў. Разам з раней ужо друкаванымі артыкуламі цяпер мы маем магчымасць чытаць і іншыя датычныя Палесся працы навукоўца, у тым ліку і няскончаныя, якія захаваліся ў архівах у рукапісным ці машынапісным выглядзе. Як заўважае ў прадмове Ганна Энгелькінг, тут змешчана ўсё адшуканае з таго, што Юзаф Абрэмбскі ў свой час напісаў пра Палессе.

Шлях у народазнаўства Ю. Абрэмбскі пачынаў як асістэнт К. Машынскага. Гэты навуковец у многім спрычыніўся да абуджэння цікавасці маладога даследчыка да Палесся. Менавіта Палессе як край, які захаваў шмат архаічных кампанентаў у традыцыйнай культуры ды побыце, як «найбольш прымітыўная» вёска, прыцягнуў маладога навукоўца і зрабіўся ўдзячным полем для ягоных доследаў. Падчас навучання ў Лондане Ю. Абрэмбскі выпраўляўся ў комплексную экспедыцыю ў Македонію, а ў 1934 г. пад кіраўніцтвам Б. Маліноўскага абараніў дысертацыю і стаў доктарам сацыяльнай антрапалогіі, пасля чаго стаў выбірацца ў навуковыя экспедыцыі на Палессе. Тут варта заўважыць, што Ю. Абрэмбскі нарадзіўся ва Украіне, а выхоўваўся ў маёнтку пад Слонімам, таму быў добра абазнаны і ў мове, і ў культуры рэгіёна. Такім чынам, да часу палескіх экспедыцый Юзаф Абрэмбскі быў практычна і тэарэтычна падрыхтаваным навукоўцам, этнолагам-функцыяналістам еўрапейскага кшталту.

Меркаваць пра методыку працы навукоўца можна на падставе ягоных рукапісаў, нататак, дзённікаў, анкет і інструкцый. Найперш ён як прадстаўнік функцыянальнай школы Б. Маліноўскага выкарыстоўваў мясцовыя назіранні, уключаныя назіранні ды апытанні рознай ступені фармалізацыі — ад анкеты да вуснай размовы. Запісы гэтых размоваў — вельмі каштоўны элемент, яны і цяпер застаюцца неацэнным помнікам звычаяў, культуры, побыту палешукоў. Безумоўна, яны таксама ёсць і помнікам іхнай жывой мовы. Ю. Абрэмбскі праводзіў статыстычныя назіранні, збіраў аўтабіяграфіі інфармантаў. На пачатку працы ён ставіў пытанні, праводзіў размовы і назіранні, і толькі на іх падставе пасля фармуляваў гіпотэзы ды рабіў высновы, якія затым зноў праходзілі апрабацыю і ўдакладняліся, шліфаваліся, правяраліся.

Кніга Ю. Абрэмбскага «Архаічнае Палессе», якая складае першы раздзел рэцэнзаванага выдання, з’яўляецца класічным прыкладам выкарыстання функцыянальнага метаду даследавання вясковай сям’і ў сістэме ўсяго жыццёвага і гаспадарчага ўкладу. Даследчык імкнуўся да як мага паўнейшага ахопу ўсіх праяваў палескай традыцыйнай культуры. Акрамя функцыяналізму, важкасць высновам навукоўца надае ягоны зварот да пастулатаў гуманістычнай сацыялогіі Фларыяна Знанецкага, сярод якіх — заклік абавязкова ўзгадняць уласныя пачуцці як назіральніка з пачуццямі сустраканых ім людзей.

У планах Ю. Абрэмбскага, як можна меркаваць з ягоных архіўных нататак, было напісанне «сінтэтычнай» працы, якая падавала б вясковую супольнасць Палесся ў працэсе культурных зменаў. Першай часткаю гэтай працы было б ужо згаданае «Архаічнае Палессе», дзе выразна паказаныя вопіс і аналіз традыцыйнай вясковай сістэмы ў яе зменах і пераўтварэннях на фоне класавых і іншых канфліктаў на польска-рускім міжмежжы. Сярод параграфаў кнігі ёсць такія, як «Край каралёў і мужыкоў» і «Панская гаспадарка», дзе скрупулёзна і грунтоўна падаюцца асаблівасці гаспадарання на Палессі, прычым у цэнтры ўвагі знаходзіцца чалавек зямлі ды ягоныя суседзі. Значнае месца тут надаецца і этнастэрэатыпу яўрэя. У раздзеле «Паншчына-дарэмшчына» разглядаюцца асаблівасці грамадска-сацыяльнага жыцця палешука, апісаныя такія ягоныя сферы, як прызыў у войска, жабрацтва, прыгон і яго скасаванне. Хочацца адзначыць яркія аўтарскія загалоўкі этнографа, якія дасціпна і разам з тым трапна фармулююць асноўную ідэю раздзела. Напрыклад, гэта можна сказаць пра раздзел «Лях-прыгнятальнік і цар-вызваліцель», дзе прааналізавана пачуванне палешука паміж Расіяй і Польшчай, фармаванне ў яго адпаведных сацыяльна-класавых стэрэатыпаў. Такі ж адметны загаловак раздзела «Гаспадары лесу і балота», дзе селянін-паляшук паўстае гэтым разам ужо ў прыродна-касмічным свеце. Тут з’яўляюцца размовы, дыялогі збіральніка матэрыялу з мужыкамі, дужа каштоўныя эксплікаванай у іх народнай аксіялогіяй, выказваннем каштоўнасных прыярытэтаў.

У наступным параграфе, пад назвай «Палескі патрыярхат», аўтар заканамерна пераходзіць да апісання другога боку свету палешука — ягоных сямейных дачыненняў. Два гэтыя бакі — прыродна-гаспадарчы і сямейны — настолькі непадзельныя, што Ю. Абрэмбскі піша: «Узаемасувязь бацькоў, сыноў і зямлі — галоўны элемент арганізацыі вялікай палескай сям’і» (с. 145). Шмат увагі тут надаецца культу бацькі, рэлігійна-магічным чыннікам, якія суправаджалі жыццё палешука ад ранку да вечара, выхаванню дзяцей. Як дужа важкія і істотныя падае этнограф такія рысы жыццёвага ўкладу палешука, як працавітасць, што базуецца на ўсведамленні маральнасці працы і багацці яе культурных складнікаў, а таксама сваяцкая салідарнасць. Аднак вялікія сем’і арганічна ўтваралі вясковую супольнасць, еднасць і знітаванасць якой шматлікімі сувязямі рэгулярна спраўджвалася і мацавалася ў сумесных святкаваннях як агульных каляндарных святаў, так і індывідуальных урачыстасцяў — радзінаў, вяселляў, пахаванняў. Супольныя бяседы, калі за адным столам збіраецца цэлая вёска, — важная рыса палескіх звычаяў. «Брутальная і цвёрдая грамадская справядлівасць», «цвёрдае права», як трапна заўважыў паляшук з вёскі Альманы, вынікала не толькі з суровасці звычаяў, але і з багацця ды сілы грамадска-маральнага кодэксу. Цікавымі і арыгінальнымі ў беларускім народазнаўстве падаюцца назіранні Ю. Абрэмбскага за роляй і аўтарытэтам багацейшых вяскоўцаў.

Увага Ю. Абрэмбскага як этнолага-тэарэтыка факусавалася на праблеме этнічных групаў і іх дэфініцыяў. Абрэмбскі лічыў, прымаючы за прынцыповы крытэр групавую свядомасць і самаідэнтыфікацыю, што жыхары Палесся — гэта асобная этнічная група, якая валодае такімі прыкметамі, як лінгвістычная адрознасць і разнастайныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Для яго этнічная група — гэта не канкрэтны, але канцэптуальны феномен, адсюль паходзіць і выснова Абрэмбскага, што аб’ектыўныя крытэры ў дадзеным выпадку не могуць быць выкарыстаныя.

Этнічным праблемам Палесся прысвечаная частка працы «Народ без бацькаўшчыны». Навуковец разважае тут пра чыннікі, якія арганізуюць людзей у тую ці іншую этнічную групу. Сярод іх — адзенне (строй), мова, фізічны тып, асаблівасці псіхічнага складу і культуры. Параграф «Палессе і палешукі ва ўяўленнях суседзяў» поўніцца разважаннямі інфарматараў (варта заўважыць, што тут сустракаюцца і самастойныя, па-мастацку дасканалыя паданні, былічкі, а таксама павер’і). Але, як пісаў Ю. Абрэмбскі, усё, што пра палешука кажуць ягоныя суседзі, «разглядаецца не як разнавіднасць мясцовых аналагічных рысаў і ўласцівасцяў, але як культурны анахранізм, як доказ ягонай непаўнавартаснасці, тая акалічнасць, якая апраўдвае пагарду і пачуццё перавагі над палешуком» (с. 199).

Падрабязна і грунтоўна, на багатым фактычным матэрыяле Ю. Абрэмбскі апісвае ўнутраны падзел Палесся, асаблівасці мясцовых дыялектаў і, што вельмі важна, — змены іх у часе. Аднак агульная выснова навукоўца ўражвае сваёй катэгарычнасцю:

Сучасныя ж палешукі ўжо іншыя. Ад былых прадстаўнікоў гэтага краю і гэтай групы іх цяпер розніць комплекс этнічнай непаўнавартаснасці, адсутнасць лакальнага патрыятызму, уцёкі ад уласнай культуры і свайго асяроддзя, палеская настальгія, імкненне да іншых сацыяльных і этнічных групаў, пошук бацькаўшчыны па-за межамі свайго краю і атачэння… У любым выпадку, цяпер жыхары Палесся ў сваёй пераважнай масе — не ўкраінцы і не беларусы. Перастаюць яны быць і палешукамі, робячыся народам без бацькаўшчыны (с. 234).

Гэты раздзел заканчваецца разгорнутымі выкладкамі метадалагічна-тэарэтычных падставаў даследавання этнічных групаў.

Частка «Сённяшнія людзі Палесся» працягвае апісваць побыт палескага грамадства на пазнейшым этапе і завяршаецца дыскусіяй, у якой узялі ўдзел вядомыя польскія этнолагі, сацыёлагі, гісторыкі ды чыноўнікі, звязаныя з Палессем.

Раздзел «Панская школа і мужыцкія дзеці» сам аўтар называе даследаваннем на памежжы этналогіі і сацыялогіі, дзе ў якасці галоўнага выступае пытанне «Чым была для Палесся польская школа?». Становішча і вынікі функцыянавання рускай школы, постаці вясковых настаўнікаў і нават хроніка адной школы — усё служыць даследчыку для шукання «дзвюх праўдаў — школьнай і вясковай». У раздзеле «Легенда лясных людзей» Ю. Абрэмбскі імкнецца абмаляваць «міф палешука, такога, які жыве, працуе і, можа быць, «крышталізуецца» сярод польскай інтэлігенцыі» (с. 28). Прыклад сацыяграфічнага апісання адной вёскі мы знаходзім у раздзеле, прысвечаным Альманам у Столінскім павеце, — той вёсцы, якую Ю. Абрэмбскі ведаў найлепш. Уступ да яго аналізуе стэрэатып «цёмнага і дзікага палешука». Урэшце, апошні змешчаны ў кнізе раздзел, пад назвай «Палеская вёска сёння», складаецца з накідаў у наступных кірунках — грамадскія інавацыі ды кансерватызм, вайна на Палессі, культурныя змены, грамадска-культурная дэзарганізацыя і нявернасць сужэнцаў, заляцанне і шлюб, радыкалізм і камунізм, распад на Палессі этнічнай групы.

Юзаф Абрэмбскі шырока цытуе працы іншых народазнаўцаў, сваіх папярэднікаў і сучаснікаў — Мітрафана Доўнара-Запольскага, Часлава Пяткевіча і інш. Кніга ілюстраваная шэрагам фотаздымкаў самога Ю. Абрэмбскага і ягоных калегаў, на якіх выяўленыя палескія краявіды, а таксама выразныя твары, абразкі побыту і забаваў палешукоў. Застаецца выказаць вялікі спадзеў і пажаданне, каб гэтая кніга выйшла і па-беларуску, што значна пашырыла б яе чытацкую аўдыторыю.

Асобна хацелася б падзякаваць Ганне Энгелькінг за грунтоўную і вялікую працу ў выяўленні, навуковым рэдагаванні ды падрыхтоўцы матэрыялаў да друку. Нагадаем, што Ганна Энгелькінг разам з Гражынай Рушчык раней ужо выдалі (спачатку па-польску, а потым і па-беларуску) альбом фотаздымкаў «Палессе», у якім сярод іншых змешчаныя і здымкі Ю. Абрэмбскага. Цяпер жа чытачы атрымалі бліскучае выданне, якое значна папаўняе народазнаўчыя веды, а на прыкладзе Ю. Абрэмбскага праглядаецца выразны прыклад высокага прафесіяналізму пры тэарэтычным і практычным даследаванні сваёй Радзімы.


Тацяна Валодзіна — фальклярыст, этналінгвіст, доктар філялягічных навук. Займаецца пытаньнямі народнай анатоміі і мэдыцыны беларусаў, дасьледуе міталёгію, замовы, народны каляндар, знакавую арганізацыю традыцыйнай карціны сьвету беларусаў. Аўтар сямі кніг, сярод якіх: «Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў» (1999), «Белорусский эротический фольклор» (2004), «Цела чалавека: слова, міф, рытуал» (2009). Навуковы рэдактар энцыкляпэдычнага слоўніка «Міфалогія беларусаў» (2011).


ЧЫТАЙЦЕ ГЭТЫ АРТЫКУЛ У №3 «ARCHE» ЗА 2011 ГОД

Друкаваную вэрсію часопісу можна замовіць у распаўсюднікаў:

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл.            (029) 767-20-37      .

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл.             (0162) 25-61-55      .

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл.             (0212) 34-52-41      .

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл.             (029) 341-66-94      ;

Дзяніс Федарэнка, тэл.             (029) 733-55-22      .

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл.             (029) 133-87-17      .

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл.             (0222) 25-57-85      ,            (029) 625-57-85      .

Мазыр — Дамарад Вадзім (8029) 732-75-93

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл.             (044) 792-36-88      ,            (029) 271-77-22      .

Менск — Сяргей Бахун, тэл.             (029) 724-54-56      ,            (029) 624-54-56      .

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл.             (029) 296-15-73

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты».

Падпісны індэкс — 00345.