«Уничтожить как можно больше…»: Латвийские коллаборационистские формирования на территории Белоруссии, 1942–1944 гг. Сборник документов / Ред. А.Р. Дюков, В.В. Симиндей и др. – М.: «Фонд историческая память», 2009. – 360 с. ISBN 978-5-9990-0006-4

Размешчаны ў Маскве «Фонд гістарычная памяць» даволі актыўна публікуе працы, прысвечаныя балтыйскай і ўкраінскай супрацы з нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны і Халакосту. Гэты фонд і яго кіраўнік Аляксандр Дзюкаў вядомыя сваёй рэзкай крытыкай таго, што яны лічаць «рэвізіянісцкай» гістарыяграфіяй ў балтыйскіх краінах і ва Украіне адносна Другой сусветнай вайны, Халакоста і сталінскіх рэпрэсій. Нядаўна апублікаваны зборнік дакументаў «Знішчыць як мага больш…» («Уничтожить как можно больше…») працягвае гэтую традыцыю, прапаноўваючы ўвазе чытача малавядомыя крыніцы пра ролю дапаможных паліцэйскіх частак з Латвіі ў нацысцкіх злачынствах, учыненых на тэрыторыі акупаванай Беларусі.

Прадмову напісаў А. Дзюкаў, адзін з рэдактараў зборніка. І не дзіўна, што значная частка гэтага ўступнага слова з’яўляецца палемікай з некаторымі латышскімі гісторыкамі (як спецыялістамі, так і больш папулярнымі аўтарамі), якія схільныя мінімізаваць ролю латышоў у Халакосце і іншых нацысцкіх злачынствах, паказваючы, напрыклад, на розніцу паміж шуцманшафтамі (Schutzmannschaften ) і Латышскім легіёнам. Аргументацыя, якую і крытыкуе А. Дзюкаў, заключаецца ў тым, што першыя былі дапаможнымі паліцэйскімі фармаваннямі, у функцыі якіх уваходзілі карныя аперацыі, тады як апошнія лічыліся падраздзяленнямі Вафен-СС, якія дзейнічалі выключна на баявым фронце. На думку Дзюкава, гэта азначае спробы зменшыць ролю латышоў у Халакосце і іншых нацысцкіх злачынствах.

Аднак галоўная ідэя А. Дзюкава зводзіцца да таго, што нацысты, каб рэалізаваць «свае чалавеканенавісніцкія планы генацыду», вербавалі калабаранцкія часткі з ліку «савецкіх грамадзян» рускай, беларускай, украінскай, літоўскай, эстонскай і латышскай нацыянальнасці (стар. 19). Аднак, робячы гэта, ён ігнаруе той факт, што некаторыя з гэтых народаў не былі «савецкімі грамадзянамі» напярэдадні падзей 1939-1940 гадоў, калі з прычыны савецкіх анэксій гэтае грамадзянства ім было навязана, і не расцэньвае як праблему пытанне аб тым, ці не было ў гэтых народаў дадатковай матывацыі для калабарацыі ў параўнанні з тымі, якія жылі на «старых» савецкіх тэрыторыях. Той факт, што ў атрады немцы вербавалі прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, з’яўляецца бясспрэчным, як і іншы факт, што яны маглі прымаць удзел у нацысцкіх зверствах, таму не зразумела, на каго, на думку Дзюкава, быў скіраваны гэты генацыд. Бо не толькі яўрэі, але і цывільнае насельніцтва і савецкія ваеннапалонныя Беларусі прысутнічаюць у яго спісе ахвяр таго, што ён называе «палітыкай генацыду супраць насельніцтва рэспублікі [Беларусь]» (стар. 19). Такім чынам, Дзюкаў схіляецца да думкі, што мэтай генацыду было насельніцтва Беларускай СССР — а гэта сацыяпалітычная катэгорыя, якая вельмі падобная на «мірных савецкіх грамадзян» у савецкай гістарыяграфіі. Гаворачы канкрэтна пра «латышскіх» крыўдзіцеляў, ён, зрэшты, спасылаецца на савецкую судовую справу ад 1961 г. аб ліквідацыі гета ў Слоніме (стар. 21) і затым цытуе дакумент, у якім прыводзяцца словы чалавека з «латышскіх СС» аб тым, што іх задачай было «знішчыць як мага больш расейцаў» (у арыгінале — «рускіх», стар 23; — курсіў мой). Але ў супрацьлегласць таму, што хоча паказаць Дзюкаў, гэтыя прыклады хутчэй пацвярджаюць распаўсюджаную навуковую тэзу пра тое, што нацысцкая палітыка была скіраваная на асобныя этнічныя групы, а не тэзу пра тое, што «палітыка генацыду» была скіраваная супраць жыхароў Беларусі як такіх. Дзюкаў такім чынам дэманструе, што яго разуменне азначэння генацыду больш палемічнае, чым навуковае.

Замест ўступлення падаецца артыкул беларускага гісторыка Аляксея Літвіна аб дзейнасці батальёнаў латышскай дапаможнай паліцыі (шуцманшафт (Schutzmannschaften), або скарочана шума (Schuma)) на яго радзіме падчас Другой сусветнай вайны. Улічваючы яго пасаду ў Акадэміі навук Беларусі (ён з’яўляецца загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі), можна лічыць, што пазіцыя Літвіна адлюстроўвае афіцыйную лінію сучаснай беларускай гістарыяграфіі Другой сусветнай вайны. Уступ у значнай ступені ўяўляе сабой перапрацаваную версію даклада Літвіна на канферэнцыі дзесяцігадовай даўніны[1] з усімі недахопамі арыгінальнай версіі, такімі як цытаванне матэрыялаў партызанскай выведкі, у якіх ёсць спасылка на латышскія батальёны з несапраўднымі нумарамі[2].

Акрамя батальёнаў латышскай паліцыі, пра якія піша Літвін, яшчэ адным важным прадметам разгляду ў зборніку ёсць сумнавядомы смяротны атрад СД латышскай дапаможнай паліцыі бяспекі, больш вядомы па імені яго нефармальнага лідэра Віктарса Арайса як «Зондэркаманда Арайс» або проста «каманда Арайс».

На добра вядомым фотаздымку на вокладцы сфатаграфаваныны сам Арайс і некалькі іншых латышскіх добраахвотнікаў з групы, якая праходзіла курс у школе СД у Фюрстэнбургу каля Бэрліна.

Асноўная частка кнігі складаецца з больш чым 100 дакументаў і выпісак з дакументаў. Дакументы нямецкага паходжання перакладзеныя на рускую мову. Прэзентацыя і навуковы апарат адпавядаюць прынятым практыкам публікацыі дакументаў.

За некаторымі выключэннямі, прадстаўленыя дакументы можна ў цэлым падзяліць на тры тыпы: сучасныя нямецкія даклады, атрыманыя з СС і паліцэйскага апарата, які быў задзейнічаны ў рэйхскамісарыяце Остланд, даклады выведкі і з поля бою, падрыхтаваныя савецкімі партызанамі ў Беларусі ў часе вайны, і пасляваенныя допыты палонных нямецкіх і латышскіх злачынцаў, якія праводзіліся савецкімі сіламі бяспекі.

Для навукоўцаў павінен быць цікавым той факт, што дакументы ўзятыя з архіваў, да якіх даследчыкам, асабліва замежным, не заўсёды лёгка атрымаць доступ. Большасць дакументаў захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Цэнтральным архіве ФСБ (ЦА ФСБ) і Цэнтральным архіве Міністэрства абароны РФ (ЦАМО РФ). Некаторыя з апублікаваных дакументаў захоўваюцца толькі ў НАРБ, тады як копіі многіх дакументаў нямецкага паходжання беларускіх архіваў можна знайсці пераважна ў калекцыях Бундэсархіву (напрыклад, BArch, R 20), Латвійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва (напрыклад, LVVA, f. P-82) або мемарыяльнага музея Халакосту ЗША (USHMM). Чытача зацікавіць тое, што перад ім упершыню апублікаваныя дакументы.

Большасць прадстаўленых крыніцаў датычацца шматлікіх кампаній супраць партызан, што ажыццяўляюцца падпарадкаванымі галоўнакамандуючаму СС і паліцыяй (HSSPF) падчас Другой сусветнай вайны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Праз скіраванасць на дасягненне агульнай мэты — прадставіць доказы спланаванага генацыду супраць насельніцтва Беларускай ССР, — выпадкі забойства габрэяў згадваюцца ў гэтым кантэксце толькі мімаходзь.

Аднак гэта не азначае, што ў кнізе не знойдзецца нічога цікавага для даследчыкаў Халакоста. Найбольш інтрыгуючыя апублікаваныя расшыфроўкі допытаў палонных злачынцаў з фондаў архіваў ФСБ. У іх былыя латышскія члены Зондэркаманды Арайс апісваюць свае дзеянні ў гета Рыгі, Менска і Слуцка. У запісах некалькіх допытаў даволі падрабязнае апісанне выкарыстання душагубак для знішчэння яўрэяў у Менску ў 1943 г. У іх таксама ўтрымліваюцца пераканаўчыя сведчанні пра тое, наколькі гэты смяротны атрад СД прыцягваўся да іншых праектаў СС, уключаючы баявыя дзеянні супраць партызанаў, пра дзейнасць латышскага легіёна і нават авіяцыйных знішчальных злучэнняў СС у тыле (SS-Jagdverbände). Як і з іншымі прыведзенымі дакументамі, было б дарэчным праінфармаваць даследчыкаў, ці можна знайсці копіі гэтых дакументаў у адпаведных справах НКУС / МГБ / КДБ у Латвійскім дзяржаўным архіве (LVA, f. 1986) [3] ці ж яны знаходзяцца толькі ў сховішчах архіва ФСБ у Маскве.

Таксама выклікаюць цікавасць савецкія матэрыялы следства, якія маюць справу з былымі членамі латышскіх шуцманшафтаў і нямецкага гестапа. У іх таксама ўтрымліваюцца дадзеныя аб забойствах габрэяў у Рызе і Менску, што, такім чынам, пралівае святло на тое, што менавіта было вядома савецкім службам бяспекі пра Халакост непасрэдна ў пасляваенныя гады.

Пры жаданні выдаўцы зборніка маглі б зрабіць значна большы акцэнт на сувязі асабістага складу латышскіх шума, якія прымалі ўдзел у жорсткіх дзеяннях у Беларусі, з Халакостам ў Латвіі. Напрыклад, кніга змяшчае шмат дакументаў, якія тычацца аперацыі супраць партызанаў «Зімовае чараўніцтва» («Вінтэрцаўбэр») у пачатку 1943 г. З латышскіх частак, задзейнічаных у гэтай кампаніі этнічнай чысткі па стварэнні «мёртвай зоны» (tote zone)[4], быў 280-й батальён латышскіх шума, узначалены у той час Карлісам Лобэ. Лобэ абвінавачвалі ў тым, што ён, будучы кіраўніком мясцовай паліцыі, адыграў ключавую ролю ў забойстве габрэяў 1941 г. у Вентспілсе. У 1971 г., ужо знаходзячыся ў эміграцыі на захадзе, Лобэ падаў у суд пазоў аб паклёпе супраць шведскай камуністычнай газеты «Новы дзень» («Ny Dag») за публікацыю артыкула, у якім ён апісваецца як «масавы забойца Карліс Лобэ з Стуребы [прыгарад Стакгольма], які ўдзельнічаў у забойстве тысяч габрэяў ». Падчас слухання справы Лобэ ў зале суда была разгледжаная не толькі яго роля ў 1941 г. у Вентспілсе, але і функцыя камандзіра ў «Вінтэрцаўбэр»[5]. Лобэ прайграў справу аб паклёпе супраць «Новага дня» збольшага таму, што ўлада савецкай Латвіі падала боку адказчыка копіі нямецкай дакументацыі па аперацыі «Вінтэрцаўбэр». Гэтыя копіі ў матэрыялах дадзенай справы, якія захоўваюцца ў гарадскім архіве Стакгольма, падобныя, калі не ідэнтычныя на некаторыя крыніцы, апублікаваныя ў рэцэнзуемай кнізе.

Нягледзячы на той ўхвальны момант, што дзякуючы гэтай падборцы матэрыялы першакрыніцаў сталі больш даступнымі, нельга не звярнуць увагі на яе пэўныя недахопы. Галоўны з іх складаецца ў здагадцы рэдактараў, што гэтыя крыніцы маюць толькі адно тлумачэнне. Робячы выбарку дакументаў, выдаўцы лічаць, што крыніцы «кажуць самі за сябе» і пераконваюць чытача ў дакладнасці вядучай гіпотэзы, на якой грунтуецца публікацыя. Аднак навукоўца, які мае звычку да належнай крытыкі першакрыніц, будзе не так лёгка пераканаць. Напрыклад, ці можна не задумваючыся браць на веру паказанні ад 1944 г. аб жорсткасці «латышскіх СС» да «рускіх», калі іх дае латыш, які знаходзіўся ў шэрагах Рускай вызваленчай арміі (РОА) — у праекце, кантраляваным СС! — свайму расейскаму старэйшаму па званні афіцэру? (стар. 269-271). Ці не могуць гэтыя сцверджанні мець занадта спецыфічны кантэкст і быць нечым большым, чым проста агульным сведчаннем пра «русафобскія матывы расправы над насельніцтвам беларускіх вёсак»?

Аналагічным чынам у выпадку з добраахвотнікамі сумнавядомай Зондэркаманды Арайс належная крытыка крыніц ставіць пад сумнеў сапраўднасць некаторых дэталяў у пратаколах допытаў. Вялікая колькасць «палітычна карэктных» фармулёвак ў савецкім стылі наводзяць на думку, што сьледчыя МГБ часам перакручвалі словы злачынцаў. Шэраг сведчанняў у допытах былых шуцманаў (Schutzmänner) таксама ўтрымліваюць дэталі, якія больш адпавядаюць савецкай інтэрпрэтацыі, чым гістарычным фактам, у прыватнасці, сцверджанне аб тым, што многія з добраахвотнікаў 18-га і 19-га батальёнаў латышскіх шума былі актывістамі колькасна невялікай фашысцкай арганізацыі Пэрканкрустс (арт. 309).

Наратыву, які спрабуюць сканструяваць выдаўцы, таксама ўласцівыя пэўныя непаслядоўнасці. Напрыклад, Літвін сцвярджае, што ёсць выразныя доказы таго, што 18-ы батальён латышскіх шума удзельнічаў у расправе над габрэямі ў Слоніме летам 1942 г. (стар. 31). Дзюкаў звяртаецца да той жа падзеі, спасылаючыся на савецкі судовы працэс 1961 над латышскімі злачынцамі (стар. 21). Гэтая падзея важная, паколькі яна была не толькі важкім элементам савецкай прапаганды часоў Халоднай вайны, накіраванай на прыніжэнне латышскіх эмігрантаў як ваенных злачынцаў[6], але і ўвайшла ў мемуары[7] і навуковую літаратуру[8] пра ролю латышоў у Халакосце. Пытанне аб удзеле 18-га батальёна ў Слонімскай разні абмяркоўваецца і ў «Талісмане», гісторыі аднаго габрэйскага хлопчыка з Беларусі, «ўсыноўленага» латышскімі шуцманамі[9].

Таму, насуперак магчымым чаканням, ні адзін дакумент у кнізе пра 18-ы батальён — ні нямецкага, ні савецкага паходжання — у рэчаіснасці не пацвярджае яго ўдзелу менавіта ў гэтай разні. Нават допыт былога члена батальёна не ўтрымлівае важкіх доказаў: згадваюцца некалькі масавых забойстваў летам 1942 г., але не сумнавядомая Слонімская бойня (стар. 349-350). Акрамя таго, адзін з дапытаных выразна сведчыць пра прысутнасць членаў Зондэркаманды Арайс падчас масавай расправы ў Слоніме 20 чэрвеня 1942 года і ўспамінае пра ўдзел «латышскага батальёна шуцманаў» — але не называе канкрэтна якога (стар. 289).

Як заўважыў Эндру Эзергайліс, прычынай такой сітуацыі з’яўляецца тое, што, хоць і ёсць бясспрэчныя доказы аб месцазнаходжанні 18-га батальёна ў раёне Слоніма ў розны час улетку 1942 г., у іх не пазначаныя менавіта тыя даты, калі знішчалі габрэяў, аб якіх ідзе размова[10] . Але нават калі б Дзюкаў і Літвін не зачапілі пытанне аб удзеле 18-га батальёна ў масавых забойствах габрэяў у Слоніме, чытач не мог прапусціць гэтую неадпаведнасць у дакументацыі гэтай падзеі ў іншых частках кнігі.

У зборніку таксама адчувальны відавочны прарасейскі ўхіл, што таксама можа стварыць цяжкасці для больш інфармаванага чытача. Акрамя вышэй згаданых абставінаў, калі бяруцца на веру выказванні членаў РОА пра латышоў на службе ў СС, і Дзюкаў (стар. 20), і Літвін (стар. 46) не такія строгія ў сваім меркаванні пра так званыя «латгальскія» батальёны, сфармаваныя пераважна з этнічных расейцаў з усходняй Латвіі (Латгаліі). Але, як і большасць латышскіх шуцманаў, значная частка гэтых расейскіх грамадзянаў былой незалежнай Рэспублікі Латвіі у рэчаіснасці добраахвотна згаджаліся, надзеўшы нямецкую ўніформу, супрацьстаяць савецкім сілам, што анэксавалі іх краіну ў 1940 г.

Больш за тое, асуджаючы злачынствы шума ў Беларусі, кніга адлюстроўвае 283-ці батальён шума як «латышскае» падраздзяленне. Такое ўражанне магло скласціся часткова на аснове крыніц савецкай партызанскай выведкі (стар. 43-44). На жаль для выдаўцоў, рэчаіснасць была іншай. 283-ці батальён быў батальёнам шума, створаным у 1943 г. з этнічных расейскіх добраахвотнікаў з Латгаліі. У адрозненне ад так званых “латгальскіх” будаўнічых батальёнаў, ён падпарадкоўваўся непасрэдна кіраўніку СС і паліцыі ў Латвіі[11]. Гэтыя факты, калі б яны былі прыведзеныя ў кнізе, некалькі бы парушылі тэзу пра тое, што ўдзельнічаць у знішчэнні насельніцтва Беларускай ССР крыўдзіцеляў заахвоціла іх балтыйская “русафобія”.

Застаецца без адказу пытанне, артыкуляванае ў назве кнігіі прадмове Дзюкава: ці даводзяць гэтыя дакументы самі па сабе, што латышскія калабаранты свядома тварылі генацыд, забіваючы як мага больш савецкіх грамадзян? Няма сумневаў у тым, што даследуемыя падраздзяленні актыўна прыцягваліся да зверстваў, але варта заўважыць, што галасы людзей з Латвіі, якія ўдзельнічалі ў гэтых злачынствах, падаюцца праз крыніцы нямецкага і савецкага паходжання. Відавочна, патрэбныя іншыя крыніцы, такія як сучасныя асабістыя запісы (лісты, дзённікі і інш), каб зразумець, што ж сапраўды матывавала гэтых латышскіх і этнічных рускіх шуцманаў з Латвіі ўдзельнічаць у спробе рэалізацыі генацыднага праекта СС у акупаванай Беларусі.

Прыняўшы пад увагу гэтыя агаворкі, можна сцвярджаць, што гэты зборнік у цэлым застаецца пазітыўным укладам у навуковую літаратуру. Ён дае больш глыбокае разуменне аб тым, як мясцовыя памочнікі з Латвіі цалкам інтэграваліся ў смяротную сістэму, якая складаецца з нямецкай паліцыі аховы парадку, паліцыі бяспекі і брыгад Вафэн-СС. Не прапаноўваючы наватарскіх адкрыццяў, яна дапаўняе наяўныя веды цікавымі дэталямі і спрашчае доступ да інфармацыі з першакрыніц. Для даследчыка Халакоста зборнік спатрэбіцца як дадатак да апошніх знаходак аб паліцыі аховы парадку і Халакосце ў балтыйскім рэгіёне, напрыклад Вольфгана Курылі[12], і як суправаджаў матэрыял да зборніка «Разгортванне дзеянняў у Рэйхскамісарыяце Остланд»[13]. Даследнікі, якія цікавяцца Зондэркамандай Арайса або гета Менска, павінны таксама годна ацаніць некаторыя з дакументаў зборніка. Аднак тым, хто імкнецца асэнсаваць размах нацысцкіх генацыдных планаў па Беларусі, лепш усё ж звярнуцца да Крысціяна Герлаха[14].

Зборнік быў таксама апублікаваны ў англамоўным варыянце Інстытутам Ёхана Бэкмана ў Фінляндыі[15]. На жаль, шматлікія памылкі друку, перакладчыцкія недакладнасці і скажоная транслітарацыя нямецкіх і латышскіх імёнаў лацінкай (нават «Екельн» шмат разоў напісана з памылкай!) робяць гэтую версію бескарыснай для гістарычнай навукі. Таму даследчыкам рэкамендуецца арыгінальнае рускае выданне.

Пераклад з ангельскай Яўгена Роўнага


1. Ļitvins A. Latviešu policijas bataljoni Baltkrievijā 1941.–1944. gadā // Latvija Otrajā Pasaules karā: Starptautiskās konferences materiāli 1999. gada 14.–15. jūnijs, Rīga / Latvia in World War II: Materials of an International Conference 14–15 June 1999, Riga / Eds. D. Bleiere, I. Šķiņķe. – Riga, 2000. – P. 252–265.

2. Напрыклад, няма нямецкіх дадзеных пра існаванне «546-га латышскага паліцэйскага батальёну» (стар. 45). Пар.: Kangeris K. ‘Closed’ Units of the Latvian Police – Lettische Schutzmannschafts-Bataillone: Research Issues and Pre-History // The Hidden and Forbidden history of Latvia under Soviet and Nazi Occupations 1940–1991: Selected Research of the Commission of Historian of Latvia / Eds. V. Nollendorfs, E. Oberländer. – Riga, 2005. – P. 110.

3. У LVA, f. 1986 утрымліваюцца справы адносна людзей Арайса, указаных у зборніку: Tālivaldis Ozols (file 43228), Edgars-Teodors Mihelsons (file 6948), Radions Zasters (file 635) і г.д.

4. Паводле даследавання Крысціяна Герлаха, узорам для антыпартызанскай аперацыі у Беларусі была аперацыя «Enzian» ў Славеніі ў сяр. 1942 г. (Gerlach Ch. Kalkulierte Morde: Die deutsche Wirtschafts-und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. — Hamburg: Hamburger Edition, 1999 Р. 925). Герлах таксама дэталёва аналізуе стварэнне «мёртвых зон». У аперацыі «Enzian» элементы антыпартызанскай барацьбы з этнічнымі чысткамі былі злучаныя, гл.: Klein R. «Das Polizei-Gebirgsjäger-Regiment 18: Massaker, Deportation, Traditionspflege / / Zeitschrift für Geschichtswissenschaft. — 2007. — 55:1. — Р. 47. Больш таго, генацыднае знішчэння габрэйскіх суполак, якія знаходзіліся наводдаль, было таксама распаўсюджанай практыкай антыпартызанскіх дзеянняў у Беларусі.

5. Deland M. Purgatorium: Sverige och andra världskrigets förbrytare. – Stockholm, 2010. – Р. 133–142.

6. Avotiņš E., Dzirkalis J., Pētersons V. (pseud.). Kas ir Daugavas Vanagi. – Riga, 1962. – Р. 5–8; cf. Ezergailis A. Nazi/Soviet Disinformation about the Holocaust in Nazi-Occupied Latvia: Daugavas Vanagi: Who Are They Revisited. – Riga: Latvijas 50 gadu okupācijas muzeja fonds, 2005 (далі – Ezergailis A. Nazi/Soviet Disinformation). – Р. 46.

7. Напр.: Press B. The Murder of the Jews in Latvia 1941–1945. – Evanston, IL, 2000. – Р. 55.

8. Напр.: Lumans V.O. Latvia in World War II. – New York, 2006. – Р. 312.

9. Kurzem M. The Mascot: The Extraordinary Story of a Young Jewish Boy and an SS Extermination Squad. – London: Rider, 2007. – 340 р.

10. Ezergailis А. Nazi/Soviet Disinformation. – Р. 45–50. Пор з: Ezergailis A. The Holocaust in Latvia 1941–1944: The Missing Center. – Riga; Washington, DC, 1996. – Р. 326-327.

11. Swain G. Between Stalin and Hitler: Class War and Race War on the Dvina, 1940–46. – London/New York, 2004. – Р. 115; Neiburgs U. Latvijas krievi Vācijas bruņotajos spēkos Otrajā pasaules karā // Latvijas Vestures Institūta Žurnāls. – 2007. – No. 1. – P. 159–164; Дробязко С.И. Под знаменами врага: Антисоветские формирования в составе германских вооруженных сил. – М., 2005. – С. 245.

12. Curilla W. Die deutsche Ordnungspolizei und der Holocaust im Baltikum und in Weißrußland 1941—1944. – Paderborn etc.: Ferdinand Schöningh, 2006. – 1041 s.

13. Einsatz im «Reichskommissariat Ostland»: Dokumente zum Völkermord im Baltikum und in Weißrußland 1941–1944 / Eds. W. Benz, K. Kwiet, Jü. Matthäus. – Berlin: Metropol, 1998. – 301 s.

14. Gerlach Ch. Kalkulierte Morde: Die deutsche Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. – Hamburg: Hamburger Edition, 1999. – 1231 s.

15. Destroy as Much as Possible…: Latvian Collaborationist Formations on the Territory of Belarus, 1942–1944. Document Compendium / A.R. Dyukov, trans. by Irina Zhila. – Helsinki: Johan Beckman Institute, 2010.

nbuv.gov.ua