Абагульненні паводле серыі інтэрвію.

АПІСАННЕ ДАСЛЕДАВАННЯ

Мэтай дадзенага даследавання было выяўленне агульных рысаў у стылі і сістэме прыняцця рашэнняў у ключавых палітычных партыях з шэрагу беларускай апазіцыі. Даследаванне не было скіраванае на выяўленьне хібаў альбо недахопаў кожнай канкрэтнай партыі. Даследчыкі намагаліся вывучыць агульную сутнасць сістэмы прыняцця рашэнняў у беларускай апазіцыі як супольнасці, без увагі на прыватныя акалічнасці ў асобных структурах. Адначасова даследаванне мела крытычную скіраванасць, звязаную з практычнай патрэбай пошуку шляхоў паляпшэння ў галіне партыйнага кіравання.

Прадметам даследавання былі палітычныя структуры беларускай апазіцыі. Пры гэтым пад увагу патрапілі як арганізацыі, зарэгістраваныя ў якасці легальных палітычных партыяў, так і некаторыя незарэгістраваныя структуры. Агульнай прыкметай гэтых арганізацыяў з’яўляецца іх апазіцыйнае стаўленне да існуючага палітычнага рэжыму. Аб’ектам даследавання была сістэма прыняцця рашэнняў і стыль прыняцця рашэнняў у беларускіх палітычных арганізацыях і рухах дэмакратычнага крыла.

У межах даследавання былі праведзеныя інтэрвію з функцыянерамі палітычных партыяў і рухаў, якія адносяць сабе да дэмакратычнай апазіцыі. Была пастаўленая задача правесьці інтэрвію з функцыянерамі дзесяці арганізацыяў: Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Партыя БНФ, Рух “За Свабоду”, Партыя свабоды і прагрэса, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”, Партыя камуністаў Беларуская, Партыя працы, Партыя зялёных. Дзякуючы ласкавай падтрымцы Планава-аналітычнай групы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС) даследчыкі атрымалі магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі дзевяці арганізацыяў, апроч Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ (прадстаўнікі гэтай партыі адмовіліся ад інтэрвію, спаслаўшыся на небяспеку таго, што вынікі інтэрвію могуць быць скарыстаныя палітычнымі апанентамі). У большасці выпадкаў кожная з гэтых арганізацыяў была прадстаўленая некалькімі рэспандэнтамі з ліку розных узроўняў партыйнага кіраўніцтва – сябры кіруючых органаў партыі, кіраўнікі альбо намеснікі кіраўнікоў партыі, лідэры рэгіянальных аддзяленняў (усяго было апытана 39 рэспандэнтаў). Таксама пры рэалізацыі даследавання браліся пад увагу унутрыпартыйныя пастановы і рашэнні, прадстаўленыя даследчыкам кіраўніцтвам азначаных партыяў.

Апроч выпадку Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, астатнія структуры былі прыязна настроеныя да дасьледчыкаў. Аднак шэраг рэспандэнтаў адказвалі на пытанні выключна фармальна, малаінфарматыўна, цытуючы статут і заканадаўства. Відавочна, што гэта ў значнай ступені было выклікана імкненнем схаваць праблемы, якія, верагодна, існуюць у працы некаторых партыяў. Але даследчыкі спадзяюцца, што сама ўвага да ўнутрыпартыйных працэсаў з аб’ектыўнай навуковай пазіцыі паспрыяе самаасэнсаванню ў партыях, якія былі далучаныя да гэтай серыі інтэрвію.

 АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫЙНАЙ СІСТЭМЫ

Канфігурацыя партыйнай сістэмы беларускай апазіцыі ў сваёй аснове была вызначная ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Перыяд шпаркага павелічэння колькасці партыяў у першых двух трацінах дзесяцігоддзя, у нядоўгі час парламенцкай дэмакратыі, змяніўся перыядам аўтарытарнага непартыйнага кіравання ў другой палове 90-х. Паступовае адсоўванне партыяў ад прадстаўнічай улады і дзяржаўнага кіраваня закансервавала партыйную эліту і абумовіла ейны нягнуткі характар, у тым ліку захаваўшы некаторыя традыцыі і нормы ўнуртыпартыйнага жыцця, якія цяпер падаюцца дзіўнымі і досыць архаічнымі. Цяперашняя структура апазіцыі нязначна адрозніваецца ад той, што была аформлена напрыканцы 90-х, калі адбылося вымушанае, але натуральнае яднанне ўсіх апанентаў дзеючага прэзідэнта ў агульным лагеры “пазасістэмнай апазіцыі”. З таго часу аб’яднаная апазіцыя фігуруе ў палітычнай прасторы пад рознымі назвамі (цяпер гэта АДС), але мала мяняецца па сутнасці.

Падзел партыяў на апазіцыйныя і неапазіцыйныя застаецца галоўным у беларускім партыйным ландшафце. Па абодва бакі прадстаўлены больш-менш поўна увесь спектр ідэалагічных перакананняў. Пры гэтым не-апазіцыйныя партыі яднаныя зусім не нейкімі праграмнымі палажэннямі, а выключна безагляднай падтрымкай курсу дзеючага прэзідэнта. Больш за тое, нават кардынальная змена прэзідэнцкага курсу аўтаматычна прызнаецца не-апазіцыйнымі партыямі як абгрунтаваная, нават у выпадку рэзкага супярэчання з ідэалагічнымі ўстаноўкамі партыі. Відавочна, што гэтыя партыі не маюць самастойнай палітычнай пазіцыі, дакладней, іх бягучая пазіцыя закладаецца зверху дзеючай адміністрацыяй і можа быць адвольна карэктаваная ею ў любы момант. “Партыі ўлады” ў Беларусі няма, а таксама ў даследаванні не будзе выкарыстоўвацца тэрмін “праўрадавыя партыі”, які нягледзячы на сваё шырокае мала пасуе для азначэння тых беларускіх партыяў, што падтрымліваюць існуючы палітычны рэжым.

Аб’яднане апазіцыйных партыяў адбываецца на падставе агульнага адмаўлення дыктатарскага рэжыму ў краіне. Гэтыя партыі ставяць мэту вяртання беларускай палітыкі ў плюралістычнае рэчышча, вяртання да канкурэнтнай палітыкі. Цяпер большасць гэтых партыяў аб’яднаныя ў АДС, але пры гэтым асобныя элемэнты гэтай кааліцыі захоўваюць аўтаномію, не прызнаюць некаторыя кааліцыйныя рашэнні, перыядычна прыпыняюць альбо увогуле спыняюць кааліцыйнае супрацоўніцтва. Дынаміка інтэграцыі альбо дэзынтэграцыі ў беларускай апазіцыі знаходзіцца ў залежнасці ад выбарчага календара і ніколі не вядзе ані да поўнага яднання, ані да канчатковага распаду кааліцыі.

У межах апазіцыйнай сістэмы існуе поўны ідэалагічны спектр ад правых да левых партыяў, аднак для дадзенага даследавання мае большае значэнне іх падзел на зарэгістраваныя партыі (легальныя) і незарэгістраваныя партыі і аб’яднанні (чыя дзейнасць забароненая і падпадае пад артыкул 193-1 Крымінальнага кодэкса). Легальны статус з’яўляецца каштоўнасцю для партыі, паколькі забяспечвае больш магчымасцяў для дзеяння ў межах прававога поля, трохі змяншае рызыкі пераследу, але пры гэтым накладае і пэўныя абмежаванні, бо прымушае абачліва ставіцца да пагрозы страціць рэгістрацыю. Наяўнасць дзяржаўнай рэгістрацыі застаецца адным з нешматлікіх элемэнтаў, якія звязваюць апазіцыйныя партыі з існай палітычнай сістэмай. У межах даследавання былі апытаныя прадстаўнікі пяці легальных і чатырох нелегальных (незарэгістраваных альбо ліквідаваных) арганізацыяў. Таксама ў даследаванні адлюстраваныя як “старыя” палітычныя структуры, што паўсталі да афармлення аўтарытарызму, так “новыя” структуры, што склаліся ў нядаўні час.

Тактычна для дзеючай улады больш важная патрымка яе крокаў з боку апазіцыйных партыяў, чым умацаванне не-апазіцыйных партыяў-зомбі, гатовых бяздумна падтрымаць любое яе рашэнне. “Канструктыўная апазіцыя” не можа паўстаць з кола не-апазіцыйных партыяў, яна можа зарадзіцца толькі сярод дзеючай рэальнай апазіцыі.

 1. ІДЭАЛОГІЯ І ПРАГРАМА НЕ ВЫЗНАЧАЮЦЬ ПАРТЫЙНЫХ РАШЭННЯЎ

Нягледзячы на ідэалагічную разнароднасць апазіцыйных партыяў, уласна ідэалагічныя палажэнні не аказваюць вызначальнага ўплыву на прыняццё імі рашэнняў. Дыскусіі ідэалагічнага альбо праграмнага характару ў іх асяроддзі паўстаюць звычайна пасля з’яўлення на парадку дня нейкай практычнай праблемы. Разыходжанні адносна меркаванай стратэгіі практычных дзеянняў на выбарах, ва ўзаемадзеянні з партнёрамі па кааліцыі, у канфліктах з калегамі па партыі альбо з унутрыпартыйнай апазіцыяй часам выклікаюць ідэалагічныя аргументы, накшталт абвінавачанняў у рэвізіянізме.

Амаль ніколі ідэалагічная спрэчка не служыць імпульсам для пастаноўкі пэўнай практычнай праблемы на парадак дня альбо для нейкіх дзеянняў з боку партыі. Дыскусіяў чыста тэарэтычнага характару вельмі мала, і яны звычайна ізаляваныя ад практычнай дзейнасці, маюць абстрактны характар. Амаль ніколі нейкія тэарэтычныя альбо ідэалагічныя разнагалоссі не выклікаюць спрэчак па наступных практычных кроках, а вынікі такіх дыскусіяў не ўплываюць на палітычныя рашэнні партыйных органаў. Такім чынам, рухавіком партыйнага развіцця ёсць не ідэалогія, але хутчэй прыхільнасць да нейкіх стратэгіяў палітычнага дзеяння. Напрыклад, як адзначыў адзін з рэспандэнтаў, пытанне перадвыбарнага мэсіджу больш важнае для функцыянераў, чым палажэнні партыйнай праграмы. Спрэчкі адносна перадвыбарнай стратэгіі больш важныя для партыяў, чым дыскусіі па партыйнай праграме і дактрыне.

Як ні дзіўна, на рэгіянальным узроўні ідэалагічная матывацыя займае больш значнае месца – там яшчэ, відаць, засталася ранейшая інерцыя ідэалагічна матываванай палітычнай дзейнасці. Выклікі практычнай працы з насельніцтвам з непазбежнасцю прымушаюць партыйцаў суадносіць свае дзеянні з ідэалагічнай дактрынай. Склалася парадаксальная сітуацыя, калі цэнтральныя органы партыі менш заклапочныя ідэалагічнымі і праграмнымі пытаннямі, чым рэгіянальныя лідэры і нізавыя актывісты.

Адначасна рэспандэнты адзначалі, што калі згаданыя практычныя чыннікі выклікаюць дыскусіі па ідэалагічных пытаннях, то спрэчкі ахопліваюць усю вертыкаль партыйнай улады, ад пярвічных структураў да кіраўніцтва, і звычайна выходзяць па-за межы партыі. Але пры гэтым больш жвавыя дыскусіі адбываюцца па пытаннях статутнага характару (кампетэнцыі органаў, прынцыпы кіравання, прадстаўніцтва рэгіёнаў, магчымая фракцыйнасць), чым па пытаннях ідэалагічнай дактрыны альбо праграмы.

У параўнальна новых палітычных структурах ідэалагічныя працэсы больш актыўныя, паколькі яны яшчэ шукаюць сваю ідэалагічную ідэнтычнасць. Але і ў гэтых структурах назіраецца адыход ад ідэалагізаванай палітыкі, што можна патлумачыць агульнымі правіламі гульні ў асяроддзі апазіцыйных партыяў. Гэтыя структуры надзвычай хутка пераходзяць да ідэалагічнай узгодненасці, і фундаменталісты адыходзяць ад партыйнай дзейнасці, саступаючы пасады прагматыкам. Прышчэпкі ідэалогіі да дрэва беларускай апазіцыі, звязаныя з афармленнем новых ідэалагічна матываваных партыйных структур, пакуль не змянілі агульнага парадку дзейнасці.

З гэтым фактарам неідэалагічнай палітыкі звязана тое, што ў большасці партыяў няма тэарэтычных друкаваных органаў альбо іншых пляцовак для дыскусіяў праграмнага кшталту. Тыя тэарэтычныя распрацоўкі, якія з’яўляюцца ў рэчышчы партыйнай ідэалогіі, звычайна прадукуюцца асобамі, наўпрост не звязанымі з партыйнай іерархіяй, альбо нават не далучанымі да шэрагаў партыі. Апоші варыянт нават болей распаўсюджаны – “людзі з боку” альбо нават цэлыя староннія структуры паразітуюць на партыйных ідэалогіях і вызначаюць іх змест. Звычайна няма нефармальнага “захавальніка полымя”, бясспрэчнага ідэалагічнага аўтарытэта, альбо ён знаходзіцца па-за межамі партыйнага апарату. Прыватныя абмеркаваньні ідэалагічных пытанняў адбываюцца, але яны звычайна не носяць функцыянальнага характару, гэта проста “гульні розуму”.

Пра праграму і ідэалогію ўсе рэспандэнты цвёрда адказвалі як пра нешта, што даўно ёсць, даўно распрацавана і ўдасканалена, сфармулявана ў пэўных дакументах і “пакладзена на паліцу”. У далейшых размовах ідэалагічныя альбо праграмныя палажэнні паўставалі вельмі рэдка, на іх спасылаліся альбо ў выключных выпадках, альбо ў тых выпадках, калі за цытаваннем праграмных палажэнняў хавалася імкненне сыйсці ад адказу.

З іншага боку, на фоне ідэалагічнай стагнацыі і нязначнасці ідэалогіі для практычнай дзейнасці традыцыйных партыяў паўстаюць іншага кшталту апазіцыйныя структуры, што не грунтуюць сваёй дзейнасці на ідэалагічных падмурках. Часам яны пазіцыянуюць сабе як сілы, што знаходзяцца “па-над партыйнымі і ідэалагічнымі супярэчнасцямі”. Нярэдка яны прэтэндуюць і на вядучую ролю ў дэмакратычнай апазіцыі, намагаюцца выступаць ейным каардынацыйным цэнтрам. Натуральным чынам мабільнасць падобных структур надае ім перавагу перад партыямі традыцыйнага кшталту, для якіх ідэалагічная дактрына ўсё ж застаецца абмежаваннем, якое ўскладняе манеўры на палітычнай арэне. Відавочна, што ва ўмовах далейшай адлучанасці ад рэальнай улады тактычная перавага можа быць менавіта за такімі структурамі – яны ўжо цяпер паступова адцясняюць старыя ідэалагічыя партыі.

Для партыяў АДС спрэчка па ідэалагічным пытанні робіцца табу, неабходным для захавання адзінства дэмакратычнай кааліцыі. Геапалітычная арыентацыя партыі па лініі “Захад-Масква” мае большае значэнне, чым ейнае ідэалагічнае аблічча. І наадварот, абарона ад абвінавачанняў у няправільнай геапалітычнай арыентацыі ажыццяўляецца ідэалагічнымі сродкамі. Гэта робіць ідэалогію і партыйную праграму ўнутры дэмакратычнай кааліцыі ўсяго толькі рытарычнымі прыладамі ў міжпартыйнай барацьбе.

На ўзроўні апазіцыйнай кааліцыі ў цэлым назіраецца ідэалагічная нявызначанасць. Цяжка сказаць, ці то кааліцыя з’яўляецца неідэалагічнай, паколькі ейныя ўдзельнікі страцілі ідэалагічны стрыжань, ці то партыі адклалі ў бок свае праграмы дзеля ўдзелу ў такой надзвычай шырокай кааліцыі. Можна меркаваць, што вынікам няўвагі да пытанняў ідэалогіі з’яўляецца праграмная ўсяяднасць, павелічэнне значэння персанальных амбіцыяў лідэраў, вялікая рызыка патрапіць у пастку папулізму падчас працы з электаратам, страта актывістамі адчування сэнсу ўласнай палітычнай дзейнасці з адначасовым распаўсюджаннем цынічнага і меркантыльнага стаўлення да яе.

Партыі ў сваёй дзейнасці кіруюцца пераважна сітуатыўнай палітычнай мэтазгоднасцю. Крытэры гэтай мэтазгоднасці, аднак, вызначаюцца не перспектывай захопу ўлады (узаемадзеянне з дзяржавай), а заняццём дамінуючага становішча ў апазіцыйным полі (узаемадзеянне з іншымі дэмакратычнымі партыямі) і, у рэшце рэшт, задачай самазахавання палітычных партыяў. У сітуацыі, калі ідэалагічныя пастулаты робяцца ў стасунках паміж партыямі “фігурай умаўчання”, павялічваецца значэнне працэдурных нормаў кааліцыйнага ўзаемадзеяння, што фармальна ці нефармальна прынятыя ў прасторы апазіцыйных партыяў.

  2. ПАРАДАК ДНЯ ДЫКТУЕ ЎЛАДА, А ПАРТЫІ ТОЛЬКІ РЭАГУЮЦЬ

З адказаў рэспандэнтаў можна зрабіць выснову, што для ўсіх апазіцыйных партыяў штуршком для бягучай дзейнасці з’яўляецца рэагаванне на тыя выклікі, якія фармулююцца палітыкай дзеючай улады. У якасці падобных выклікаў называліся: скарачэнне сацыяльных гарантыяў і адмена ільготаў, прымусовае распаўсюджаньне сістэмы кантрактнага найму на працу, пабудова атамнай электрастанцыі і іншых экалагічна небяспечных аб’ектаў, энэргетычная палітыка, непразрыстая прыватызацыя, урэгуляванне канфлікту беларускага рэжыму з Захадам і інш. Усе гэтыя тэмы патрапілі пад увагу апазіцыйных партыяў толькі пасьля таго, як па іх была аформленая і рэалізаваная на практыцы пэўная пазіцыя дзеючай адміністрацыі. Менавіта дзяржава дыктуе парадак дня сучаснай беларускай палітыкі. Пры гэтым рэспандэнтам было складана назваць тэмы, якія былі бы прыўнесеныя ў палітычны парадак дня самой партыяй альбо паўсталі ў выніку ейнай праграмнай дзейнасці – у якасці такіх тэмаў звычайна называліся абставіны як мінімум дзесяцігадовай даўніны.

Такім чынам, палітыка беларускіх партыяў з’яўляецца рэактыўнай, абумоўленай дзеяннямі кіруючай улады. Самастойнае вызначэнне грамадска-палітычнага парадку дня альбо пастаноўка канкрэтных палітычных задачаў, якія б вынікалі з праграмных мэтаў, ім не ўласцівае. Партыі рэагуюць на дзеянні ўладаў, а не намагаюцца выканання сваёй праграмы.

Падаецца, што звышкаштоўнасцю для апазіцыйных партыяў зрабілася іх самазахаванне як структураў. Гэта праяўляецца не толькі ў імкненні захаваць легальны статус, але і насцярожаных адносінах да любых інавацыяў у партыйнай дзейнасці. У гэтым сэнсе ўсе апазіцыйныя партыі Беларусі з’яўляюцца “кансерватыўнымі”: іх шматгадовая барацьба за змяненне status quo зрабілася элементам існага стану рэчаў, звыклай рысай беларускага палітычнага пейзажу.

Не ў апошнюю чаргу такое становішча ёсць вынікам ціску, які аказваецца на палітычныя партыі. Любая актыўнасць партыі непазбежна выклікае рэпрэсіўную рэакцыю ўладаў – гэта справядліва для ўсіх партыйных узроўняў. Гэтая рызыка ўлічваецца пры планаванні дзейнасці і звычайна прымушае больш асцярожна ставіцца да неартадаксальных палітычных рашэнняў.

Прадстаўнікі практычна кожнай з даследаваных палітычных партыяў адзначылі, што некаторыя падыходы альбо варыянты рашэнняў, распрацаваныя ў гэтай партыі, былі перанятыя (“перахопленыя, скрадзеныя, запазычаныя”) дзеючай уладай. Пры гэтым рэспандэнты неаднаразова дзяліліся адчуваннем, што нягледзячы на існаванне партыяў у так званым “апазіцыйным гета” яны маюць пэўнае функцыянальнае значэнне ў якасці своеасаблівай надзвычайнай сігналізацыі, якая паведамляе ўладам пра нарастанне незадаволенасці дзяржаўнай палітыкай. Магчыма, што партыі выконваюць ролю своеасаблівага механізму зваротнай сувязі ўладаў і грамадства: яны не рэалізуюць уласных палітычных стратэгіяў, але служаць індыкатарам пэўных працэсаў у грамадзтве і дапамагаюць уладам пазбегнуць залішняга прэсінгу на грамадзтва, які можа выклікаць сацыяльны выбух.

Партыі як форма барацьбы за ўладу ў Беларусі не існуюць. Але яны існуюць як форма арганізацыі грамадзтва для артыкулявання сваіх інтарэсаў, як форма легальнай грамадскай дзейнасці з пэўнай прасторай для ускоснага ўздзеяння на дзяржаўную палітыку.

 3. УНУТРЫПАРТЫЙНЫЯ КАМУНІКАЦЫІ: СУЧАСНЫЯ І АРХАІЧНЫЯ

Усе рэспандэнты адзначалі брак унутрыпартыйных камунікацыяў, які дзіўным чынам сумяшчаўся з выкарыстаннем сучасных сродкаў камунікацыі. У гэтай якасці ў партыйных шэрагах узгадваліся не толькі традыцыйныя унутрыпартыйныя друкаваныя бюлетэні і ўлёткі, але і мабільныя тэлефоны, электронная пошта, партыйныя сайты ды інтэрнэт-рассылкі, электронная рассылка макетаў друкаванай прадукцыі і размяшчэнне іх у агульным доступе, масавыя смс-паведамленні, перамовы праз скайп, блогі кіраўнікоў, унутрыпартыйныя апытанні і г.д. Але пры гэтым рэгіянальныя актывісты адзначалі брак непасрэдных камунікацыяў з цэнтральным кіраўніцтвам: “Праз скайп, праз сотавы тэлефон абшчаемся, але даехаць цяжкавата”.

Партыі не ўяўляюць сваёй працы без сучасных сродкаў камунікацыі, захоўвання і распаўсюду інфармацыі. Але гэта сумяшчаецца з строгімі бюракратычнымі схемамі прыняцця рашэнняў, з субардынацыяй паводле адміністратыўнай вертыкалі і неабходнасцю ўзгаднення з непасрэдным начальнікам адпаведнага кірунку. Як падаецца, у большасці даследаваных партыяў партыйнае кіраўніцтва праз захаванне гэткага бюракратычнага механізму і поўны кантроль за апаратам трывала трымае ўладу ў сваіх руках, нягледзячы на параўнальна невялікі тэрмін існавання саміх партыяў.

Паказальна, што некаторыя рэспандэнты адзначылі, што ў іх арганізацыях адбываюцца папярэднія электронныя абмеркаванні дакументаў, якія рыхтуюцца да прыняцця, ёсць магчымасць унесці змены ў падрыхтаваныя праекты пастановаў. І тыя ж самыя рэспандэнты таксама адзначалі адарванасць кіраўніцтва ад шэраговых партыйцаў, адарванасць цэнтра ад рэгіёнаў.

Але так не ва ўсіх партыях. У некаторых арганізацыях нават грунтоўныя і аб’ёмныя дакументы не высылаюцца перад абмеркаваннем і прыняццём, а прадстаўляюцца ў друкаваным выглядзе ўжо непасрэдна ў часе пасяджэння. Маніпуляцыя працэдурай і адсячэнне ўнутрыпартыйнай апазіцыі альбо рэгіянальнай фронды ад каналаў камунікацыі ўзгадваліся рэспандэнтамі ў якасці аднаго з негатыўных аспектаў партыйнага жыцця.

Такім чынам, назіраецца супярэчнасць паміж мадэрнізаванымі сродкамі вядзення партыйнай дзейнасці і традыцыйнымі бюракратычнымі схемамі цыркуляцыі інфармацыі дзеля прыняцця кіраўнічых рашэнняў. У сучасную форму ўкладзены архаічны змест, і праз сучасныя камунікацыйныя каналы ажыццяўляецца звычайны бюракратычны дакументазварот. У чымсці гэта абумоўлена нормамі беларускага заканадаўства, якое рэгулюе адміністраванне ў партыі, але таксама звязана і з інтарэсамі партыйнага апарату.

 4. УПЛЫЎ КААЛІЦЫЙНЫХ РАШЭННЯЎ: ВЫКАНАННЕ І НЕЗАДАВОЛЕНАСЦЬ

Кааліцыйныя інтарэсы не адпавядаюць інтарэсам асобных партыяў, і прыктычна ніводная партыя не можа сабе цалкам атаесамляць з кааліцыяй. Хутчэй ёсць пэўнае кола партыйных функцыянераў з прадстаўнікоў апарату розных партыяў, якія злучаныя супольнай кааліцыйнай працай. Своеасаблівая “карпарацыя АДС” у кадравым сэнсе ўжо сфармавалася падчас шматлікіх сумесных кампаніяў і мерапрыемстваў, аднак яна ні ў адной партыі не мае поўнага кантролю за прыняццём рашэнняў. І падзел па партыйных і кааліцыйных інтарэсах яскрава прасочваецца практычна ва ўсіх партыях-удзельніцах кааліцыі: ёсць прыхільнікі партыйнай самастойнасці, якія карыстаюцца падтрымкай шараговых партыйцаў, асабліва ў рэгіёнах, і ім апаніруюць прыхільнікі вернасці кааліцыйным пагадненням, якія абапіраюцца на пэўную частку цэнтральнага апарату.

Верагодна, цяпер галоўны падзел унутры кожнай з апазіцыйных партыяў палягае ў стаўленні да рашэнняў, што прымаюцца кааліцыяй АДС. Баланс партыйных і кааліцыйных інтарэсаў, паводле рэспандэнтаў, так і не быў дасягнуты. Гэта ўяўляецца галоўным дэстабілізуючым фактарам як у дачыненні кааліцыі АДС, так і ў дачыненні да тых партыяў, якія ў яе ўваходзяць. Шмат хто з рэспандэнтаў адзначаў немагчымасць існавання іх партыі ў стане падобнага дысбалансу ў сярэднетэрміновай перспектыве.

Гэты падзел мае і вертыкальнае вымярэнне, бо ўверсе партыйнай іерархіі прыхільнікі кааліцыі маюць большы ўплыў, а ўнізе большы ўплыў маюць прыхільнікі партыйнай самастойнасці. Вынікам такога падзелу з’яўляецца нярэдкі сабатаж і невыкананне рашэнняў, якія прынятыя кааліцыяй, але не служаць інтарсам партыі. Раней была вельмі рэдкай пагроза “нератыфікацыі” партыйнымі органамі кааліцыйных рашэнняў – цяпер шмат якія партыі прыйшлі да высновы, што ахвяраваць інтарэсамі сваіх структураў надалей нельга. Хто выйграе ад кааліцыі, калі кожная партыя-складнік паасобку значна часцей адчувае сабе праграўшай? Удзел у кааліцыі не прыносіць відавочных перавагаў, асабліва з пункту гледжання рэгіянальных актывістаў, інтарэсамі якіх прынята ахвяраваць у межах кааліцыйных угодаў. У дадзены перыяд кааліцыя АДС знаходзіцца ў стадыі дамінавання дэзынтэграцыйных працэсаў, але не выключана, што на наступным этапе электаральнага цыклу зноў атрымаюць перавагу прыхільнікі больш шчыльнага ўзаемадзеяння.

Рашэнні, прынятыя ў межах кааліцыі АДС, вельмі рэдка ўспрымаюцца партыйцамі як рашэнні кампрамісныя, як вынік саступкі з боку розных суб’ектаў кааліцыі на карысць агульнакааліцыйных мэтаў. Хутчэй дамінуе меркаванне, што кожнае канкрэтнае кааліцыйнае рашэнне служыць інтарэсам той альбо іншай партыі. “Малыя” суб’екты кааліцыі стала незадаволеныя тым, што іх не дапускаюць да прыняцьця рашэнняў у кааліцыі на роўных правах з буйнымі партыямі. “Буйныя” ж партыі больш рупяцца не пра прыняццё эфектыўных рашэнняў альбо правядзенне ўласнай праграмнай лініі ў кааліцыі, а пра тое, каб не дапусціць узмацнення пазіцыяў кагосьці з іншых “буйных” суб’ектаў. У выніку кааліцыйныя рашэнні хоць неяк выконваюцца на ўзроўні тактычных альбо аператыўных задачаў, але практычна не выконваюцца на ўзроўні стратэгічным. Стратэгіяй дзейнасці кааліцыі застаецца імкненне не дапусціць узмацнення хоць нейкага з ейных суб’ектаў, і ў гэтым сэнсе ў любых яе дзеяннях заўжды праглядаецца стрымліваючая функцыя. Па сутнасці кааліцыю АДС можна разглядаць як сістэму стрымлівання апазіцыйных партыяў, што ў тым ліку праяўляецца і ў неналежным выкананні партыямі рашэнняў кааліцыйных органаў.

Асобную ролю ў апазіцыі адыгрываюць каардынацыйныя высілкі з боку замежных актараў і непартыйных каардынацыйных цэнтраў унутры Беларусі. Акурат дзеянні гэтых актараў накладаюць адбітак на ўспрыняццё партыйнымі актывістамі тых альбо іншых кааліцыйных пагадненняў і ў цэлым спрыяе згаданай дэідэалагізацыі партыйнай дзейнасці. Іх уплыў на прыняццё рашэнняў апазіцыйнымі партыямі не варта пераацэньваць, але ён застаецца даволі істотным асабліва ў дачыненні да “малых” суб’ектаў кааліцыі АДС (буйныя партыі больш устойлівыя перад вонкавым ціскам) і ў якасці такога неаднаразова адзначаўся рэспандэнтамі.

 5. ФАРМАЛЬНЫЯ І НЕФАРМАЛЬНЫЯ СТРУКТУРЫ Ў ПАРТЫЙНЫМ КІРАВАННІ

Структура органаў партыйнага кіравання ва ўсіх зарэгістраваных партыях падобная, бо яна вызначаная беларускім заканадаўствам. Стандартная схема ставіць на чале партыі вышэйшы орган – з’езд, дэлегаты якога абіраюцца ўсімі сябрамі партыі. Але ж з’езды адбываюцца даволі рэдка, і пры гэтым зусім не заўсёды маюць справаздачна-выбарчы характа. Часам праводзяцца так званыя тэхнічныя з’езды (дзеля вылучэння кандыдатаў на парламенцкія выбары альбо дзеля ўнясення зменаў у статут), якія звычайна не мяняюць кіраўніцтва партыі. У перыяд паміж з’ездамі партыяй кіруе абраны з’ездам орган, які можа мець у падпарадкаванні выканаўчы орган, апарат, сістэму дарадчых і дапаможных камісіяў, камітэтаў, бюро. Закон патрабуе ад партыяў абавязковай наяўнасці рэгіянальных арганізацыйных структураў абласнога ўзроўню ў пэўнай колькасці, а таксама аддзялення ў сталіцы. Звычайна партыі маюць яшчэ і іншыя гарадскія і раённыя аддзяленні (не заўжды зарэгістраваныя органамі юстыцыі, але заўжды зафіксаваныя на ўнутрыпартыйным узроўні). Абавязковым у зарэгістраваных партыях з’яўляецца існаванне кантрольна-рэвізійнага органа, якому нададзенае права разглядаць скаргі на рашэнні іншых партыйных органаў і сачыць за адпаведнасцю дзеянняў службовых асобаў партыі патрабаванням статута і заканадаўства. Гэткая абумоўленая законам мадэль ляжыць у падмурку партыйнай архітэктуры, да якога дадаецца надбудова з сістэмы камісіяў, выканаўчых камітэтаў і іншых органаў.

Незарэгістраваныя партыі больш вольныя ў вызначэнні структуры кіравання, але звычайна яна ў агульным выглядзе капіюе тую, якая закладзена законам для зарэгістраваных партыяў. Гэта звязана з тым, што незарэгістраваныя партыі альбо калісьці былі зарэгістраваныя, альбо не выключаюць магчымай рэгістрацыі ў будучыні. Некаторыя незарэгістраваныя партыі закладаюць у свае статуты пэўныя асаблівасці ўнутранай арганізацыі, якія на іх погляд дазваляюць найлепей забяспечыць захаванне кіраванасці партыяй разам з ейнай дэмакратычнасцю. Пры гэтым частка з такіх дэталяў свядома закладаецца архітэктарамі незарэгістраваных партыяў дзеля таго, каб пазбегнуць нефармальных спосабаў прыняцця рашэнняў.

Большасць апытаных асобаў адзначыла, што ў іх партыях ў той альбо іншай форме працуюць механізмы нефармальнага прыняцця рашэнняў. Але нават тыя рэспандэнты, якія ўсяляк адмаўлялі іх наяўнасць, звычайна хаваючыся за прапісаную ў статуце працэдуру, пазней на гэткія механізмы спасылаліся. Механізмы фармальнага і нефармальнага прыняцця рашэнняў суіснуюць ва ўсіх партыях, хоць суадносіны паміж гэтымі двума ўзроўнямі вельмі вагаюцца ад партыі да партыі. Звычайна ж на разгляд кіруючых органаў партыяў выносяцца праекты рашэнняў, якія ўжо былі папярэдне ўзгодненыя на нефармальным узроўні паміж ключавымі асобамі і групамі. У такім выпадку фармальнае абмеркаванне праекту рашэння мае меншае значэнне, чым ягонае ўзгадненне на нефармальным узроўні паміж кіраўнікамі партыі, апаратам, лідэрамі нефармальных груповак, генерацыйнымі нефармальнымі згуртаваннямі, рэгіянальнымі “зямляцтвамі” і разнастайнымі кліентэламі.

Нягледзячы на бюракратызаванасць партыйнага кіравання на самой справе большая частка рашэнняў выпрацоўваецца на нефармальным узроўні. Пры гэтым на пытанне пра наяўнасць альтэрнатыўных праектаў пастановаў рэспандэнты давалі супярэчлівыя адказы – так, у дачыненні да адной партыі сустракаліся варыянты ад “практычна ніколі не бывае альтэрнатыўных праектаў рашэнняў” да “заўжды бываюць альтэрнатыўныя прапановы”. Але ў абсалютнай большасці выпадкаў партыйныя органы прымаюць тыя праекты рашэнняў, якія выносяцца на парадак дня.

Асобна варта вылучыць нефармальнае прыняццё тых рашэнняў, якія знаходзяцца ў “шэрай зоне” партыйнай дзейнасці з-за неадпаведнасці гэтай працы жорсткім патрабаванням беларускага заканадаўства. Фармалізацыя такіх рашэнняў была б небяспечнай для партыяў. Таксама пытаннямі бяспекі абумоўленае часам нефармальнае прыцягненне да працэсу прыняцця рашэнняў асобаў, якія не могуць публічна ўдзельнічаць у працы апазіцыйных партыяў (напрыклад, дзеючыя чыноўнікі дзяржаўнага апарату).

 

Кантрольныя механізмы, прапісаныя ў статутах ўсіх партыях, практычна паўсюль з’яўляюцца толькі намінальнымі. Сістэма абскарджання рашэнняў партыйнага кіраўніцтва ў рэальнасці амаль нідзе не функцыянуе, бо кантрольны орган звычайна цалкам салідарны з дзеючым кіраўніцтвам. У гэтым сэнсе сістэмы стрымак і процівагаў для партыйнага кіраўніцтва не існуе.

 6. ЛІДЭРСТВА І РАТАЦЫІ, УНУТРЫПАРТЫЙНАЯ  АПАЗІЦЫЯ І КАНФЛІКТЫ

Большасць рэспандэнтаў адмаўляла існаванне ў іх партыі ўнутрыпартыйнай апазіцыі. Вельмі часта адзначалася, што ніхто не змагаецца за ўладу ў партыі, бо праца партыйных кіраўнікоў цяжкая, няўдзячная і часам небяспечная. Асаблівая безальтэрнатыўнасць адзначалася ў дачыненні да постаці партыйнага лідэра. Наяўнасць нязгодных з рашэннямі партыйнага кіраўніцтва, на думку большасці рэспандэнтаў, не сведчыць пра існаванне глебы для афармлення ўнутрыпартыйнай апазіцыі, а тым больш для паўстання альтэрнатыўнага прэтэндэнта на кіраўнічае крэсла. Некаторыя партыйныя кіраўнікі з роспаччу апавядалі, з якой цяжкасцю ім даводзілася шукаць ахвотных вылучыцца на з’ездзе на пасаду кіраўніка партыі, каб выбары не атрымаліся непрыгожымі і безальтэрнатыўнымі.

У тых партыях, прадстаўнікі якіх канстатавалі наяўнасць унутранай апазіцыі, яна мае хутчэй працэдурны альбо персанальны, а не праграмны альбо ідэалагічны характар. Сфармуляваць, што канкрэтна прапануе ўнутрыпартыйная апазіцыя, гэтым рэспандэнтам было вельмі цяжка. Частка з іх нават не зразумела пытаньне пра наяўнасць праграмы ў групы, якая змагаецца за партыйнае лідэрства. Верагодна, існуе сувязь паміж дэідэалагізацыяй партыйнага жыцця і адсутнасцю альбо слабасцю ўнутрыпартыйнай апазіцыі. У сістэме неідэалагічнай палітыкі апазіцыя папросту пераўтвараецца не ў праграмнага апанента, а ў “банду” па захопу крэсла партыйнага лідэра, якая цынічна прыкрывае свае мэты праграмнымі лозунгамі. Апазіцыйныя фракцыі ўнутры партыяў будуюцца зверху, а не знізу. Асноўныя аргументы для апазіцыі ў гэткай схеме звязаны з генерацыйнымі якасцямі, і маладосць ейных прадстаўнікоў ёсць галоўнай іх перавагай.

Прадстаўнікі ўнутрыпартыйнай апазіцыі часам выходзяць з партыі, выключаюцца з яе, альбо спрабуюць перахапіць партыйны брэнд. Верагоднасць іх прыходу да ўлады ў партыі – мізэрная. Але больш распаўсюджаны вынік дзейнасці партыйнай апазіцыі – падпарадкаванне кіраўнічаму мэйнтрыму і ціхі сыход у палітычны нябыт без выхаду ейных сябраў з партыі. Сістэма ўнутрыпартыйных стасункаў пабудаваная ў большасці партыяў так, што прыход да ўлады ў партыі магчымы толькі са згоды дзеючага кіраўніцтва.

Але гэта не перашкаджала большасці з рэспандэнтаў сцвярджаць наяўнасць у іх партыях механізму ратацыі лідэраў. Звычайна гэта адносілася да рэгінальных лідэраў, і часам такі механізм прапісаны нарматыўна. Пошук дзейных кандыдатураў на пасады партыйных функцыянераў сярэдняга і рэгіянальнага звяна ёсць злабадзённай праблемай для беларускіх апазіцыйных партыяў. Для некаторых партыяў асноўнай крыніцай кадравай падпіткі з’яўляюцца даччыныя маладзёвыя арганізацыі, якія вельмі адрозніваюцца па ступені афіліраванасці з партыяй і па ступені кантроля за імі з боку партыйнага кіраўніцтва (толькі ў дзвюх з даследаваных арганізацыяў няма адмысловай маладзёвай структуры). У якасці пазітыўнага досведу прадстаўнікі некаторых партыяў адзначалі сістэмы стажыроўкі будучага лідэра пры дзеючым кіраўніку – так фактычна рэалізуецца механізм пераемніка. Часцей за ўсё змена цэнтральнага альбо рэгіянальнага лідэра адбываецца праз ягоны добраахвотны сыход з пасады, што часам супраджаецца з разрывам з палітычнай дзейнасцю.

Не ў апошнюю чаргу падставай для канфліктаў бывае барацьба за фінансавыя рэсурсы ўнутры партыі. Але ў якасці асноўных прычынаў, якія выклікаюць унутрыпартыйныя канфлікты, рэспандэнты часцей за ўсё ўзгадвалі персанальныя амбіцыі асобных функцыянераў і рашэнні, што прымаюцца кааліцыяй АДС. Члены тых партый, якія канстатавалі адсутнасць канфліктаў з нагоды пэрсанальных лідэрскіх амбіцыяў, гаварылі аб гэтым з пэўнай доляй жалю. Тут праяўляецца ўзгаданая адным з рэспандэнтаў супярэчнасць: арганізацыйна аформленыя як палітычныя партыі, яны дзейнічаюць як дысідэнцкія групы, альбо ў лепшым выпадку як малаўплывовыя палітычныя клубы.

Паводле большасці адказаў, у вырашэнні ўнутрыпартыйных канфліктаў дамінуе шлях нефармальнага ўрэгулявання і дасягнення кампрамісу праз нефармальныя ўгоды. Калі ж канфлікт набывае фармалізаванае аблічча, а ягонае вырашэнне шляхам капрамісу часцей за ўсё робіцца немагчымым, то дзеючае кіраўніцтва партыі праводзіць сваю пазіцыю валявым рашэннем, а нязгоднаму боку даводзіцца альбо сысці з партыі, або быць выключаным, альбо на нейкі час адысці ад актыўнай партыйнай дзейнасці (у некаторых партыях практыкуецца дабраахвотнае часовае прыпыненне сяброўства ў партыі дзеля нязгоды з нейкімі партыйнымі рашэннямі).

 7. КАДРАВАЯ ПАЛІТЫКА, ПЕРСАНАЛ І АДУКАЦЫЯ

Беларускія палітычныя партыі адчуваюць вялізарны кадравы голад. Гэта праяўляецца як на ўзроўні палітычным (бракуе палітыкаў з абгрунтаванымі амбіцыямі і здольнасцямі), так і на ўзроўні тэхнічнага персанала. Дзеля нястачы фінансаў і ціску з боку ўладаў практычна ніколі немагчыма прыцягнуць да працы наёмны персанал у чыстым выглядзе – заўжды вялізарную ролю будзе адыгрываць фактар ускоснага маральнага заахвочвання і адчування далучанасці да справядлівай працы. Але ж у сітуацыі дэідэалагізаванасці практычнай дзейнасці партыяў, што ўваходзяць у АДС, рэсурс гэткага маральнаага заахвочвання памяншаецца. Партыі часцяком няздольныя даць сваім супрацоўнікам адчування ўдзелу ў працы на карысць пэўнай ідэі, і з-за гэтага вымушаныя павялічваць памер грашовай узнагароды. Пры гэтым шмат ідэалагічна блізкіх партыі спецыялістаў не далучаюцца да партыйнай дзейнасці тамуо, што не маюць жадання працаваць на агульнадэмакратычную кааліцыю з абстрактнымі праграмнымі мэтамі і нявызначаным ідэалагічным абліччам.

Колькасць прафесійных партыйных супрацоўнікаў у партыях, чые прадстаўнікі былі апытаныя, вагаецца ад 0 да некалькіх дзесяткаў. Пераважная большасць партыяў мае сталы персанал. Часам адзначалася, што партыя здольная забяспечыць сваіх функцыянераў пасадамі ў структурах незалежнага грамадства (няўрадавыя арганізацыі, незалежная прэса і інш.), але гэтага недастаткова для сістэмнай працы. Асабліва гэты фактар нястачы вызваленых функцыянераў праяўляецца ў рэгіянальных структурах. Адзначалася, што партыя няздольная забяспечыць працай нават тых партыйцаў, якія былі звольненыя з дзяржаўнай працы ў звязку з іх палітычнай дзейнасцю. У рэгіёнах таксама большая небяспека атрымаць праблемы на працы з-за партыйнай дзейнасці – там і верагоднасць быць звольненым па палітычных матывах большая, і працу знайсці цяжэй. Практычна адзіным выйсцем для рэгіянальных функцыянераў робіцца праца ў структурах няўрадавых арганізацыяў, што часам правакуе канфлікт інтарэсаў паміж пазіцыяй партыі, і працоўнымі інтарэсамі функцыянераў. Праца функцыянераў у нейкім дробным прыватным бізнэсе значна менш распаўсюджаная, хаця таксама часам здараецца.

Пытанне персанала разглядаецца не толькі як кадравае, але і як палітычнае. Сумяшчэнне палітычных і тэхнічных пасадаў досыць распаўсюджанае, хоць у некаторых партыях існуе прынцыповая забарона на гэткую практыку. Пры гэтым такі падзел тэхнічных і палітычных функцыяў звычайна адзначаўся рэспандэнтамі як натуральны стан рэчаў. Ва ўсіх партыях усе пытанні кадравага характару і фармаванне апарату з’яўляюцца прэрагатывай дзеючага партыйнага кіраўніцтва, і ўплыў унутрыпартыйнай апазіцыі на вырашэнне гэтых пытанняў мінімальны.

У беларускіх партыях практычна адсутнічае навучанне. Сістэмы падвышэння ведаў для партыйных функцыянераў існуюць толькі ў адзінкавых партыях, часам праводзяцца школы лідэраў для маладых партыйцаў. Аднак большасць партыяў арыентаваная хутчэй на ўдзел у навучальных мерапрыемствах, якія арганізуюцца іх замежнымі партнёрамі, альбо беларускімі структурамі грамадзянскай супольнасці. Тыя бываюць карысныя і цікавыя, але часцей яны фармальныя і не ўзгодненыя з патрэбамі актывістаў і патрэбамі партыі. Увогуле адукацыйную дзейнасць для партыйных функцыянераў рэспандэнты ацанілі вельмі невысока. На гэта скардзіліся і партыйныя актывісты з рэгіёнаў. Яны ведаюць, што гэтае навучанне не патрэбнае ні ім, ні партыі. Іх даводзіцца браць удзел, каб паказаць наяўнасць такой партыі, наяўнасць у партыі людзей, альбо дапамагчы партнёрам ці пэўным партыйным функцыянерам асвоіць бюджэт. У дзяржаўнай адукацыйнай сістэме апазіцыйныя партыі практычна ўдзельнічаюць. Увогуле падвышэнне кваліфікацыі партыйных функцыянераў застаецца іх прыватнай справай і залежыць ад іх амбіцыяў дамагчыся вышэйшага ўзроўню ведаў.

 8. РЭГІЁНЫ І ЦЭНТР: БАРАЦЬБА І ЛЮБОЎ

Супярэчнасці паміж цэнтрам і рэгіёнамі ў беларускіх палітычных партыях праяўляюцца ў разнастайных аспектах дзейнасці. Яны ўплываюць на стыль партыйнага лідэрства, на ўзаемадзеянне партыі з іншымі палітычнымі структурамі. Пераважная большасць прадстаўнікоў рэгіянальных партыйных структур праявіла крытычнае стаўленне да рэгіянальнай палітыкі сваіх партыяў. Таксама і прадстаўнікі цэнтральнага кіраўніцтва часта канстатавалі незадавальняючы стан стасункаў паміж цэнтрам і рэгіянальнымі аддзяленнямі, адзначалі важнасць у партыйным апараце асобы, адказнай за сувязі з рэгіянальнымі структурамі. Адметна, што прадстаўнікі нядаўна створаных альбо радыкальна абноўленых палітычных арганізацыяў дэманстравалі большы аптымізм адносна стану рэгіянальнай палітыкі і надавалі большае значэнне гэтаму аспекту партыйнай дзейнасці ў параўнанні з прадстаўнікамі “старых” партыяў. (Магчыма, гэта выклікана тым, што рэгіянальныя структуры ў “новых” арганізацыях яшчэ не паспелі сфармуляваць уласныя палітычныя амбіцыі і ўключыцца ў барацьбу супраць кіраўніцтва партыяй.)

Цэнтр зацікаўлены ў існаванні як мага большай колькасці моцных і шматлюдных зарэгістраваных суполак, бо на выбарах без іх немагчыма правесці паўнавартасную палітычную кампанію. І тут больш важная не наяўнасьць у рэгіёне легальна зарэгістраванага аддзялення партыі, а дзеяздольнасць мясцовага актыва і актыўнасць рэгіянальнага кіраўніка. Часта тыя гарады, дзе няма зарэгістраваных структураў партыяў, дэманструюць больш высокі ўзровень апазіцыйнай актыўнасці, чым тыя, дзе дзейнічаюць некалькі легальна зарэгістраваных аддзяленняў партыяў. У тым ліку гэта выклікана і дзяржаўнай палітыкай на мясцовым узроўні – “бяззубыя” і кволыя лакальныя структуры не прыцягваюць рэпрэсіўную актыўнасць уладаў, якія могуць доўгі час не звяртаць на іх увагу і не пазбаўляць рэгістрацыі. А больш-менш актыўныя аддзяленні падлягаюць уціску і часцей сутыкаюцца з ліквідацыямі альбо адмовамі ў рэгістрацыі.

Акурат таму, што менавіта ў моцных рэгіянальных структурах нараджаецца ўнутрыпартыйная апазіцыя, складваецца парадаксальная сітуацыя: самім палітычным партыям патрэбныя моцныя рэгіянальныя структуры, але партыйнаму цэнтру яны ўтвараюць патэнцыйную пагрозу. Гэтае супярэчнасць і вызначае непаслядоўную палітыку цэнтральнага апарату ў дачыненні да сваіх рэгіянальных структураў. Да рэгіёнаў звяртаюцца дзеля ажыццяўлення агульнанацыянальных партыйных акцыяў, часцяком рэгіянальнымі мускуламі вядзецца барацьба за ўплыў унутры кааліцыі АДС, галасы рэгіёнаў граюць рашаючую ролю на партыйных з’ездах. Аднак у большасці партыяў рэгіянальныя структуры маюць абмежаваны ўплыў на прыняццё партыйных рашэнняў і вызначэнне партыйнай палітыкі.

Варта адзначыць адрознасць функцыяў рэгіянальных партыйных структураў у розных партыях. Большасць беларускіх партыяў у той альбо іншай ступені арыентуюцца на мадэль масавай партыі з фіксаваным сяброўствам, хоць малалікасць іх шэрагаў наўрад ці апраўдвае падобную прэтэнзію. Унутранае фінансаванне праз сяброўскія складкі ў большасці партыяў не адыгрывае вырашальнай ролі як крыніца партыйных фінансаў, таму партыі не вельмі зацікаўленыя ў арыфметычным павелічэнні шэрагаў партыі. Гэта таксама накладае і адбітак на рэгіянальную палітыку партыйнага цэнтра, які фінансава не надта зацікаўлены ў колькасным умацаванні рэгіянальных структураў. У гэты час некаторыя іншыя партыі фактычна адмаўляюцца ад нарошчвання рэгіянальных структураў і канцэнтруюцца на дзейнасці лідэраў на нацыянальным, кааліцыйным або міжнародным узроўні.

Ва ўмовах адлучанасці партыяў ад публічнай палітыкі і агульнапрынятага скептычнага стаўлення да электаральных кампаніяў для большасці партыяў рэгіянальныя аддзяленні не падаюцца падставовым элемэнтам партыйнага жыцця. Ужываючы рыторыку, уласцівую масавым партыям, у рэальным жыцці партыі больш нагадваюць сетку палітычных клубаў. Вертыкальная партыйная кар’ера праз выгадаванне і рост лідэра ў рэгіёне з наступным ягоным уваходжаннем у склад рэальнага (а не намінальнага) партыйнага кіраўніцтва адбываецца даволі рэдка. Функцыянеры ў Менску, нават маючы меншыя здольнасці, валодаюць непараўнальна большымі магчымасцямі для паспяховай партыйнай кар’еры.

Менская гарадская арганізацыя, што паводле беларускага заканадаўства павінна мець абавязковы легальны статус, мае асаблівы статус для некаторых партыяў. З адказаў асобных рэспандэнтаў можна зрабіць выснову, што часам менская арганізацыя толькі намінальна з’яўляецца вялікай, рэальна сціскаючыся амаль да памераў партыйнага апарату. Падаецца, што ў Менску актыўна ўдзельнічае ў партыйным жыцці і палітычнай дзейнасці меншасць фармальна зафіксаваных сяброў. З улікам таго, што ў Менску традыцыйна больш моцныя апазіцыйныя настроі насельніцтва, гэта выклікае занепакоенасць і сведчыць пра дысбаланс у стане апазіцыйных партыяў. Умацаванне сталічных структураў партыі ставілася ў якасці задачы на бліжэйшы перыяд у адказах некалькіх рэспандэнтаў.

Пакуль жа размешчаны ў Менску партыйны апарат большасці партыяў мае асноўным рычагом кіравання і захавання свайго статусу маніпуляцыю галасамі рэгіянальных структураў. Гэткая маніпуляцыя дасягаецца праз вызначэнне квотаў прадстаўніцтва і парадку абрання дэлегатаў з’езду, а таксама праз далучэнне рэгіянальных структураў да каналаў фінансавання альбо іншыя формы ўгодаў з рэгіянальнымі лідэрамі. Такім чынам ствараецца ілюзія значнасці рэгіёнаў ва ўнутрыпартыйных спрэчках і ў прыняцці партыйных рашэнняў, у той час як на самой справе яны часта ўсяго толькі застаюцца сляпымі выканаўцамі волі менскіх палітыкаў.

 9. АНАЛІТЫЧНАЯ ПРАЦА І ПАСТКА ІЗАЛЯЦЫІ АД ГРАМАДЗТВА

У даследаваных партыях звычайна існуюць адмысловыя органы, адказныя за аналітычную працу. Але іх уплыў збольшага невызначальны ў прыняцці палітычных рашэнняў (хоць тут ёсць і партыі-выключэнні). Больш дзейснымі называліся тыя аналітычныя структуры, якія фармуюцца на нефармальнай аснове вакол лідэраў альбо ad hoc, а зусім не афіцыйныя аналітычныя групы. Спецыяльныя аналітычныя даклады, якія зрэдчас з’яўляюцца ў партыях, звычайна не выходзяць за межы нефармальнага кола вакол кіраўніцтва. Больш распаўсюджаным жанрам пры абмеркаванні партыйных рашэнняў з’яўляюцца рознага кшталту звароты і адкрытыя лісты публіцыстычнага характару, што часам агучваюцца праз непартыйныя медыі.

Рэспандэнты сыйшліся на тым, што ўмацаванне ўнутрыпартыйных аналітычных структураў было б больш прадуктыўным, чымсьці стаўка выключна на чужыя напрацоўкі. Але пакуль што ў абсалютнай большасці выпадкаў рэспандэнты ўспрымалі аналітычнае забеспячэнне падрыхтоўкм партыйных рашэнняў у кантэксце выкарыстання ўжо гатовых напрацовак арганізацый, адасобленых ад партыі. Такія матэрыялы выкарыстоўваюцца партыямі, але іх уплыў на характар партыйных рашэнняў неадназначным.

Вынікі сацыялагічных апытанняў улічваюцца партыямі. Але часта такія матэрыялы выкарыстоўваюцца ў якасці аргумента ва ўнутрыпартыйных спрэчках або імі толькі падмацоўваецца ўжо прынятае з іншых матываў рашэнне, альбо яны падаюцца як даведачная інфармацыя ў падмацаванне прапановаў кіраўніцтва партыі.

Партыйныя дзеячы адзначалі, што ім патрэбныя ў першую чаргу дадзеныя сацыялагічных апытанняў і аналіз эканамічнага стану, то бок веды пра актуальныя настроі ў грамадстве і пра гаспадарчую дынаміку. Некаторыя рэспандэнты казалі, што патрэбныя “толькі лічбы” – а ўсё астатняе яны зробяць самі на падставе ўласных ведаў. Іншыя ставіліся да сябе больш крытычна і адзначалі, што ад аналітычных цэнтраў патрабуецца не толькі веда пра грамадзтва, але і веда пра тое, як гэтае грамадзтва змяніць: “Патрэбныя не дыягназы, а прагнозы і рэцэпты”.

Асобна прагучала пытанне партнёрскіх стасункаў паміж партыямі і фабрыкамі думкі. Адзначалася, што толькі ў адзінкавых выпадках адчуваецца гатоўнасць аналітычных цэнтраў выступіць выканаўцам для замовы з боку партыяў. З іншага боку, часцей замоўцамі для гэткіх цэнтраў выступаюць замежныя арганізацыі, здольныя маніпуляваць беларускімі партымі і навязваць ім свае ідэі. Некаторыя рэспандэнты адзначалі ненатуральнасць падобнай сітуацыі і абвінавачвалі незалежных аналітыкаў у безадказнасці: маўляў, ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі і крытэраў паспяховасці яны яшчэ болей за партыі адарваліся ад беларускага жыцця і з’яўляюцца яшчэ больш беспаспяховымі ў прафесійным плане. Але ж большасць рэспандэнтаў пагадзілася з патрэбай нарошчаваць супрацу паміж партыямі і фабрыкамі думкі для вывучэння канкрэтных грамадскіх праблемаў на патрэбу партыяў. Рэгіянальныя дзеячы выразілі пажаданне звярнуць увагу аналітыкаў не толькі на нацыянальны, але і на лакальны ўзровень палітыкі, роўна як і актывізаваць даследаванні па цікавых для партыяў сацыяльных групах (наменклатура, чынавенства, бюджэтнікі, рабочыя, прадпрымальнікі, вернікі і г.д.).

Прадстаўнікі партыяў левага крыла адзначылі, што напрацоўкі беларускіх фабрыкаў думкі хутчэй арыентаваныя на партыі правага кірунку і ў сваёй аснове менш карысныя для палітыкаў левай скіраванасці. Гучала прапанова сфармаваць “левы парадак дня” для беларускай аналітычна-экспертнай супольнасці, што ўяўляецца вельмі актуальным у сітуацыі згортвання сацыяльных гарантыяў і нарастання эканамічных супярэчнасцяў у беларускай дзяржаве.

У якасці малазапатрабаваных вынікаў працы незалежных фабрыкаў думкі называліся альтэрнатыўныя законапраекты і іншыя напрацоўкі, зробленыя з разлікам на далёкую будучыню, калі апазіцыя атрымае доступ да ўлады. Крытычныя ацэнкі прагучалі ў дачыненні да экспертных напрацовак тых структураў, што створаныя пры кааліцыі АДС. Выказвалася незадаволенасць тым, што публічныя аналітыкі і палітычныя каментатары займаюць неаб’ектыўную пазіцыю пры аналізе партыйных дзеянняў і займаюцца агульным крытыканствам. “Ад аналітыкаў мы часта атрымліваем “дыдактычную нататку” замест аналізу тэндэнцыяў і прагнозу” – выказаўся адзін з рэспандэнтаў.

Азначаныя праблемы патрабуюць удасканалення не толькі ўзаемадзеяння партыяў і фабрык думкі, але вымагаюць асэнсавання самой стратэгіі працы незалежных экспертна-аналітычных цэнтраў.

Беларускія партыі цяпер знаходзяцца ў своеасаблівай пастцы ізаляцыі ад грамадства. Нячасты ўдзел у выбарах, нявыбарчыя палітычныя кампаніі прынцыпова не паляпшаюць камунікацыяў партыі з насельніцтвам. Адзіны мэсідж, які партыі адрасуюць грамадству падчас гэтай працы: “Мы – ёсць! Пакуль мы не зніклі!”. Адлучаныя ад ажыццяўлення практычнай палітыкі, партыйныя дзеячы маюць скажоную оптыку працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве. У такой сітуацыі нерэпрэзентатыўны персанальны досвед і інфармацыя ад блізкага атачэння робіцца для іх больш значным фактарам і падставай для прыняцця палітычных рашэнняў, чым экспертная інфармацыя.

Насуперак звычайнай практыцы партыяў заходняй дэмакратыі, ідэалагічна блізкія аналітычна-даследчыя інстытуцыі не з’яўляюцца кадравай крыніцай для партый. У аналітычныя структуры не ідуць асобы, якія імкнуцца зрабіць партыйную кар’еру, не губляючы годы на праходжанне ўсёй вертыкальнай іерархіі партыйнай дзейнасці ад нізавых палітычных структураў да кіраўніка партыі – такія асобы звычайна рэалізуюць свае амбіцыі праз маладзёвыя ці іншыя грамадскія аб’яднанні. Хутчэй наадварот, у аналітычныя і даследчыя арганізацыі партыйцы сыходзяць, стаміўшыся ад палітычнай барацьбы альбо па іншых прычынах вырашыўшы перарваць партыйную кар’еру.

Прагнозы і планаванне ў дзейнасці партыяў звычайна вымяраецца сярэднетэрміновай перспектывай – бліжэйшыя і наступныя за імі выбары, наступны з’езд і г.д. Найбольш распаўсюджанай формай ажыццяўлення такой дзейнасці з’яўляецца нарада кіраўніцтва альбо мазгавы штурм. Гэтаксама вызначаюцца прыярытэты ў партыйнай дзейнасці на будучыню.

Аналіз вынікаў выбарчых кампаніяў заяўляўся рэспандэнтамі як абавязковы накірунак працы. Але пры гэтым усе адзначалі, што гэты аспект партыйнай дзейнасці патрабуе ўдасканалення. Ацэнка партыйнай дзейнасці падчас выбарчай кампаніі адбываецца звычайна фармальна, але дыскусіі і спрэчкі па выбарах маюць ярка выражаны характар персанальных абвінавачанняў на адрас асобных кіраўнікоў. Прынцып “наступная выбарчая кампанія пачынаецца на наступны дзень пасля заканчэння папяэдняй” робіць нязначным пытанне аналізу вынікаў уласнай дзейнасці. Нягледзячы на бурныя высвятленні адносінаў па заканчэнні выбараў, партыям звычайна цяжка сфармуляваць уласную ацэнку іх вынікаў – справа абмяжоўваецца фармальнымі рэзалюцыямі кіраўніцтва.

***

Аналіз гэтай серыі інтэрвію дае самае агульнае і прыблізнае ўяўленне пра функцыянаванне апазіцыйных партыяў. Аднак нават такія агульныя сцвярджэнні могуць быць базай для іх далейшага даследавання і выкарыстаныя для планавання іх развіцця. Можна меркаваць, у перыяд 2009-2012 гадоў апазіцыйныя партыі будуць перажываць перыяд кадравых перастановак і ратацыі лідэраў, што звязана з натуральнай зменай генерацыяў. Аўтары цешаць сабе надзеяй, што здабыты падчас даследавання эмпірычны матэрыял дазваляе зрабіць абагульненні дапамогуць беларускім палітычным партыям перажыць гэты складаны перыяд зменаў.

_______________________________________

Юры Чавусаў – палітоляг, сталы аўтар “ARCHE”. Гэты тэкст заснаваны на выніках дасьледаваньня “Аналіз стылю і сістэмы прыняцьця рашэньняў у беларускіх палітычных партыях”, рэалізаваным у 2008 годзе ў межах дасьледчай праграмы Беларускага фонду публічнай палітыкі і Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.