(Да выхаду двухтомнага “Падручнага гістарычнага слоўніка субстантыўнай лексікі”, Менск, “Беларуская навука”, 2013).

Улічваючы ўсё яшчэ актуальнасьць моўнага пытаньня ў Беларусі, падобны слоўнік, няма сумневу, прэтэндуе на першае месца ў рэйтынгу чытанак 2013-2014 гадоў. А ўлічваючы скрупулёзнасьць, а яшчэ нябачнасьць каласальнай працы, зрэалізаванай супрацоўніцамі і супрацоўнікамі Інстытуту мовы і літаратуры Акадэміі навук, слоўнік зьяўляецца, дадушы, шэдэўрам.

Гэта слоўнік субстантыўнай лексыкі старабеларускай мовы 14-18 ст. Субстантыўнай, то бок, падразумявае толькі назоўнікі, якія ўжываліся нашымі продкамі ў побытавай, грамадзка-палітычнай і сацыяльнай сфэрах.Падобныя слоўнікі памылкова адносяць да вузкай сфэры, да сфэры, мала зьвязанай з сучаснасьцю. Тым ня менш, праца дэманструе ня толькі геній старабеларускай мовы і ейнае багацьце, а яшчэ непарыўную і моцную сувязь з Эўропай і эўрапейскімі мовамі. Шкада, што падобнае выданьне абмежавалася вельмі малым накладам у 300 асобнікаў.

Нават як немовазнаўца, я бачу надзвычайную карыснасьць і актуальнасьць дадзенай працы ў сфэры словатворчай і лексычнай. Словы з старабеларускай мовы ня мёртвыя, а цалкам актыўныя. Геній старабеларускай мовы можна выкарыстоўваць зноў і зноў: так, многія, сабрадзеныя ў слоўнку словы, якія мы сяньня не ўжываем, маюць усе шанцы атрымаць новую прапіску ў сучаснасьці. Бо па сяньня некаторыя старабеларускія словы куды больш трапныя і не такія грувасткія, як словы сучасныя, часта няўдала падабраныя ці запазычаныя: напрыклад, кампрамісар (компромисаръ) можа замяніць слова трацейскі судзьдзя, множыца (множица), як сынонім мноства, разнастайнасьці, наказьнік (наказник) замест давераная асоба, небогалюбец (небоголюбецъ) замест атэіст ці нявернік, абцаваньне (обцованье) нароўні з зносінамі, сужыцьцём, платца, тое што і цяперашні плацельнік, скарацеча (скоротеча), як сынонім ганца, страчаньне галавы (шыі) (страченне головы (шыі), як сьмяротнае пакараньне і г.д.

Кур’ёзна даведацца, што раней, калі ў нас не было пісьменьніцаў, а толькі пісьменьнікі, слова “пісьменьніца” (писменница) азначала граматыку. Цяперашняя кветка “валошка” (волошка) у старабеларускай азначала жыхарку Валахіі. На жанчыну казалі яшчэ і “белая плоць” (белая плоть). На аматара сьвецкага, нерэлігійнага жыцьця казалі “сьветалюбец” (светолюбец).

Багата ў слоўніку пададзена і цікавых, эстэтычных тагачасных фразэалягізмаў: “ставити въ малую речъ” (лічыць нязначным), “жадною речью” (ніякім чынам), “речъ кривая” (крымінальная злачынства), “подвоити речъ” (схлусіць), “выпасти зъ розуму” (здурнець), “тукъ земли” (зямное багацьце), “потомные часы” (будучыня), “протянути чоботъ” (завалодаць, падпарадкаваць), “смерть у зубы не гледить” (сьмерць не выбірае), “хвосты позакарачывати” (заганарыцца).

Таксама варта пазначыць, што ў слоўніку налічваецца больш за 120 жаночых агентываў, што яшчэ раз цьвердзіць пра тое, што ў мове адбіваўся статус жанчыны, адбіваліся разнастайныя эканамічныя і прафэсыйныя практыкі, адкрытыя кабетам. Мова не маўчала, а вельмі часта азначала існыя практыкі: так, акрамя вядомых і частых званьняў “почтариха”, “пастушка”, “повелительница”, “прачка”, “работница”, “советница”, “владарка”, “арендарка” сустракаюцца і іншыя – “дворничка”, ”дьякониса”, “казнодейка”, “отчичка”, “докторка”, “тютюнница”, “сукцесорка”, “стодольница”, “соверстница”, “скоморошка”, “служебка”, “постоялка”, “сенаторка” і г.д. Старабеларуская мова, такім чынам, значна сьмялей і актыўней выкарыстоўвала рэсурс фэмінізацыі мовы, чымся сучасная беларускай мова.

Акрамя таго, слоўнік тлумачыць нам многія сучасныя прозьвішчы і мянушкі, якія мы часта чуем, але ўспрымаем бяз пэўных асацыяцыяў і значэньняў. Так, Скарына – гэта скарынка, скарына, Карач – гэта татарскі саноўнік, Дуналь – кручок, Дунчык – датчанін, Оргіш – абоз з таварам, а Шостак – шастак.

У дадатак, слоўнік дэманструе, як адзначалася вышэй, непарыўную сувязь з Эўропай і эўрапейскімі мовамі: так, некаторыя словы, якія мы сяньня пазычаем у эўрапейцаў праз пасярэдніцтва расейскай мовы, існавалі ў старабеларускай. Так, напрыклад, слова парка (футра, шкурка) існавала ў старабеларускай мове, а цяпер у сучаснай беларускай мове яно азначае падоўжаную куртку простага пакрою. І слова гэтае мае куды даўжэйшую гісторыю, чымся нам можа падацца.

Такім парадкам, новы слоўнік – гэта ня простае корпаньне ва ўчорашнім, гэта няспынная гульня ў слова заўтрашняе. Бо прыгадайма, што вялікая частка словаў з старабеларускай перайшла ў цяперашнюю мову і словы тыя маладыя, якія маюць пяць-шэсьць стагодзьдзяў ад нараджэньня. І перажыўшы папярэднія генэрацыі, а таксама многія мовы, яны, няма сумневу, перажывуць і нас. Таму будзьма прынамсі прыстойнымі, дасьведчанымі і дакранемся да незабыўнай чытанкі, якой ужо шмат-шмат стагодзьдзяў.