Пытанне пра сучасную маладую беларускую гістарыяграфію можа фармулявацца ў вельмі розных катэгорыях, пачынаючы з найбольш шырокіх, якія будуць закранаць пытанні агульнай культурнай сітуацыі ў Беларусі. Ці не найбольш плённым, аднак, будзе наступны спосаб аналізаваць яе становішча: разгляд паасобных выпадкаў, звязаных з гэтым полем навуковай творчасці.

 


Падыходзячы да гэтай праблемы, заўсёды трэба мець на ўвазе непазбежную пагрозу гаварыць пра маладую гістарычную навуку клішыравана. Культываваць штампы – напрыклад, пра крытычны запал маладых вучоных, тое, што ў акадэмічных колах прынята называць “юнацкім максімалізмам”, скіраваным супраць (тут заўсёды мяркуецца – уяўнай) коснасці старэйшых пакаленняў, – не хацелася б. Але разам з тым, проста ігнараваць іх не выпадае – варта захаваць іх па ходу гаворкі ў полі нашага зроку.

Нарэшце, дадзеная канстэляцыя вельмі добра суадносіцца з тэзісам, агучаным некалі С. Гур’евым у прымяненні да культуры наогул. Гэты рускі маргінальным культуролаг, – дазволім сабе вялікую цытату дзеля яе незвычайнай змястоўнасці і важнасці для нашай гаворкі, – пісаў: “Культура жывая ў адмаўленні сябе. Калі культура сябе ўзнаўляе і з’яўляецца сваім натуральным працягам – гэта ўжо штамп культуры. А жыццё культуры ў тым, што нейкі контркультурны авангард пастаянна разбурае гэтыя штампы і ставіць на іх месцы нешта новае. Менавіта там адбываецца нейкі рух, разбуральны, разлютаваны, актыўны”[1]. Як уяўляецца, гэты тэзіс можа лёгка дастасоўвацца і да гістарыяграфіі як пэўнага поля творчасці.

Ніжэй мы пакажам, што весці гаворку пра беларускую маладую гістарыяграфію пры дапамозе катэгорый “юнацкі максімалізм” і “разбурэнне штампаў” папросту недарэчна. Зрэшты, у дадзеным выпадку, гэта належыць падкрэсліць асобна, гаворка ідзе пра вельмі і вельмі асцярожную індукцыю, якая, па вялікім рахунку, не мае пад сабой лагічна вывераных падстаў. У гэтым сэнсе прапанаваны дослед застаецца выключна аўтарскай гіпотэзай. Даследаваныя тэксты паказваюць, што малая навука з’яўляецца непасрэдным працягам “старой навукі”, і ў гэтым сэнсе сама пастаноўка пытання пра маладую / старэйшую навуку ўключае ў сябе пэўную долю глупства (калі абстрагавацца ад банальнай канстатацыі ўзроставых параметраў вучоных). Яна паслядоўна мімкруе, старанна наследуючы акадэмічнаму лоску і прафесійнай ангажаванасці ўсё яшчэ магутнай традыцыі, у новых генерацыях маладой беларускай гістарыяграфіі пастаянна ўзнаўляецца ўнутраная логіка пабудовы традыцыйнай індустрыі навуковай вытворчасці.

Разам з гэтым зусім неабходна звярнуць увагу на два нюансы. Па-першае, аўтарам рупіць, каб вышэй пазначаны факт успрымаўся выключна нейтральна; (для аўтараў ён хутчэй негатыўны, але гэта не так важна) між тым, мы можам уявіць, як гэты факт можа быць ацэнены станоўча, і якім чынам гэтая ацэнка можа генерыравацца ў дыскурсе. Пра гэта можна і трэба спрачацца, але, несумненна, у рамках асобнай гаворкі, г.зн., пасля атрымання хаця б мінімальнай эмпірычнай базы. Па-другое, вартасць ажыццёўленай у тэксце індукцыі. Пашыраючы атрыманыя на падставе разгляду тэкстаў двух аўтараў выніковыя заключэнні на ўсіх маладых вучоных, аўтары грунтаваліся на ўласным чытацкім досведзе. І тут мы дазволім сабе апеляваць да такога ж вопыту чытача: суб’ектыўнасць, урэшце, заўсёды прысутнічае ў рамках гуманітарнага навуковага тэксту (пар.: “Рэцэнзіі і даследчыцкія паведамленні – цалкам спецыяльная галіна навуковай публіцыстыкі. Калі ёсць так мала аб’ектыўнай праўды пра гістарычныя падзеі і гістарыяграфія заўсёды абавязаная перспектыве аўтара, тады таксама ўспрыманне, тлумачэнне, рэфлексія і ацэнка манаграфій і зборнікаў заўсёды залежаць ад індывідуальнага пункта гледжання назіральніка[2]).

Апошні момант, які аўтары вельмі хацелі б акрэсліць, тычыцца культуры крытыкі. Ён увогуле вельмі часта абмяркоўваецца ў Беларусі, што праўда, пераважна ў рамках нефармальнай камунікацыі (накшталт блогаў). Тым не менш, адносна нядаўна з’явілася рэпліка А. Краўцэвіча, прысвечаная дадзенай праблеме[3]. Дазволім сабе не пагадзіцца з ключавым меркаваннем гэтага аўтара. Ён сцвярджае, у прыватнасці, што дыскусія мае першасную неабходнасць што да захавання прыстойнага тона і, напрыклад, абавязкова патрабуе рабіць акцэнт на станоўчых баках рэцэнзуемае працы. Усё ж такі здаецца, што большае значэнне мае змест і думка. Погляд А. Краўцэвіча судзейнічае толькі фармалізацыі навуковага дыскурсу, які і без таго фармалізаваны дастаткова. Супраць пазіцыі А. Краўцэвіча гаворыць і тое, што многія адкрыта недарэчныя рэцэнзіі, якія публікуюцца ў перыёдыцы, звязанай з інстытуцыямі афіцыйнай беларускай навукі, з яго пункту гледжання будуць ацэненыя пазітыўна, што зусім непрымальна.

Першы аўтар, творы якога прапануецца разгледзець, – Ф. Падбярозкін. Ён апублікаваў два артыкулы, прысвечаныя адной і той жа праблеме: “прыватнай вайне” графа фон Клеве[4]. Паўстанне абодвух звязана з выданнямі РІВШ і БДПУ імя М. Танка. Такая лакалізацыя цалкам суадносіцца са зместам гэтых работ.

З чаго варта, на нашу думку, пачаць, – агульнаметадычныя і метадалагічныя пытанні. У дадзеным выпадку яны гранічна паказальныя. Справа ў тым, што ў адной з работ Ф. Падбярозкін звяртаецца да прынцыпова іншага ў параўнанні са звычнымі для гістарыяграфіі метадаў – псіхагісторыі, якая хоць і выяўляе некаторую прысутнасць у беларускіх акадэмічным дыскурсе[5], усё ж застаецца маргінальным складальнікам навуковай веды. І такое метадалагічнае абнаўленне навуковага даследаванне можна было б толькі вітаць: яшчэ ў 2001 г. Г. Сагановіч справядліва адзначаў, што для беларускай гістарычнай навукі надзвычай актуальнае пытанне метадалагічнай мадэрнізацыі – у 1990-х гг. трансфармацыі ў навуцы адбываліся перш за ўсё ў дачыненні да тэматыкі навуковых доследаў[6]. На недастатковую ўвагу да асобы і яе ролі ў развіцці падзей мінулага ўказваюць і прадстаўнікі прафесуры[7]. Аднак амбіцыйнае мэтавызначэнне Ф. Падбярозкіна – прымяніць адносна новы метад вывучэння мінулага – застаецца нерэалізаваным. “Псіхагісторыя” ў дадзеным выпадку зведзена да выпадковай заўвагі “паводле Майерса” (падамо вытрымку ў арыгінале: “мы имеем дело с проявлением враждебной агрессии, предпосылкой к чему явился гнев (по Майерсу)”)[8] і крыху няўклюдным увядзеннем у маўленне імя Э. Эрыксана. Зусім зразумела, што ні пра якія “метадалагічныя навацыі” гаворка ісці не можа. Гэта небяспечная імітацыя, якая можа быць нават горшай за рэшткавае захаванне ўплываў і значэнняў постсавецкага марксізму. Як павінна выглядаць псіхагісторыя, напрыклад, можна скласці ўяўленне з адпаведных раздзелаў манаграфіі “Вывучэнне асобы ў гісторыі”[9]. Так, досыць распрацаваны метад аналізу групавых фантазій, які звязаны з выкарыстаннем псіхалагічнага кантэнт-аналізу. Гэта фармалізаваныя і таму функцыянальныя метады. Адмыслова зазначаецца: “спалучэнне псіхалагічнага аналізу з колькасным аналізам (…) зніжае суб’ектыўнае тлумачэнне атрыманых вынікаў даследавання[10].

Можа ўзнікнуць асцярожная здагадка, што ў цэлым нізкую якасць гэтага невяліага тэксту Ф. Падбярозкіна можа выбачыць адпаведны ў цэлым узровень зборніка (які не быў не заўважаны і беларускай благасферай[11]). Аднак трэба разумець, што ў ім ёсць і выдатныя рэчы – напрыклад, работа даследчыка Е.Н. Сурты, прысвечаная маргіналізацыі паасобных прафесійных груп у познесярэдневяковым горадзе[12].

Другі артыкул Ф. Падбярозкіна прысвечаны той жа тэме, але мае на мэце зусім іншае. Наогул, было б цікава высветліць, чаму малады даследчык вырашыў звярнуцца ў дакладзе для канферэенцыі да псіхагісторыі: гэта досыць дзіўна, бо яна зусім не ўспамінаецца ў гэтым яўна першасным тэксце, надрукаваным, да таго ж, у даволі салідным зборніку (першы зборнік, хоць і выдадзены пад грыфам БДПУ, выкананы вельмі нядбайна нават з пункту гледжання паліграфіі). Зрэшты, будаваць спекулятыўныя меркаванні на гэты конт наўрад ці варта. Можна было б толькі асцярожна выказаць здагадку, што гэта звязана з патрабаваннямі навуковай сацыялізацыі, дзе колькасць навуковых публікацый мае вядомае значэнне (хаця яго не выпадае перабольшваць; таму дадзеная здагадка застаецца вельмі сумніўнай і няпэўнай – аўтары гэта разумеюць).

Тым не менш, дадзены тэкст таксама прадукуе пафас, які тычыцца асноватворных элементаў традыцыйнай пабудовы гістарычнага тэксту. Ён звязаны з агульнай трактоўкай гістарычнага працэсу. Як вядома, савецкая гістарыяграфія зыходзіла з пазіцый, якія знеаблічвалі мінулае, выціскаючы асобу на маргінэз навуковага інтарэсу і падмяняючы яе такімі макраструктурамі, як “клас”, “эканамічныя адносіны” і пад.

Можна казаць аб тым, што Ф. Падбярозкін бярэцца выпраўляць гэтую хібу. Ён задае прынцыпова іншуе перспектыву погляду на падзеі вайны 1443–1448 гг. – і прама агаворвае сваю пазіцыю стасоўна ранейшай традыцыі, напрыклад, з некаторай пагардай кажучы пра “рускі падыход” у дачыненні да ордэнскай дакументацыі як хлуслівай (такая трактоўка прычын гэтай вайны мае на ўвазе пошук “сапраўдных” прычын вайны Лівоніі і Ноўгарада)[13].

Такую змену даследчыцкай оптыкі можна было б прызнаць рэлевантнай мэтам навуковага пошуку, калі б не адзін сутнасны нюанс. Справа ў тым, што Ф. Падбярозкін наогул выкасоўвае з тэксту свайго даследавання магчымыя аб’ектыўныя прычыны, г.зн. прычыны эканамічнай, соцыякультурнай ці, нарэшце, палітычнай якасці. Пры гэтым ён і сам разумее, што гэта не проста непрадуктыўна – гэта наіўна, гэта пярэчыць усялякай здаровай логіцы. Ён заўважае ў канцы даследавання: “ёсць пэўная ўмоўнасць у тым, каб называць вайну 1443–1448 гг. “прыватнай вайной” (бо ж граф Герхард фон Клеве вярнуўся на радзіму і ў самой вайне не браў удзел)[14]. Але гэтая заўвага – як і заключная сакраментальная рэмарка: “той рэдкі выпадак, калі чалавек мог раптоўным рашэннем сваёй волі паўплываць на ход гістарычных падзей[15], – носіць яўна перэферыйны характар, яна не ўплывае на агульны ход выкладання, а ён вельмі красамоўны. Апафеозам аўтарскага гістарычнага светапогляду з’яўляецца назва апошняй часткі артыкула, падамо яе зноў жа ў арыгінале: “Эпилог: сила, изменившая ход событий”. Лішне тлумачыць, што пад сілай маецца на ўвазе граф фон Клеве ці асбтрактна – чалавечая воля, учынак і г.д. Паставіўшы ў цэнтр свайго даследавання дзеянні графа і адмовіўшы ў значэнні ўсяму навокал, Ф. Падбярозкін яскрава прадэманстраваў, што рэалізацыя даследчыцкага праекту, агучанага ў названай ужо манаграфіі У. Сідарцова і А. Прыбаровіча[16] (зразумела, не толькі і не ў першую чаргу імі, але ўсё ж такі), можа мець далёкасяжныя наступствы. У той жа час, гэтыя вельмі важныя рэчы можна выказаць інакш, нашмат больш пераканаўча. Пар.: “Сказанае мае дачыненне да гістарычнага працэса пастолькі, паколькі літаратура можа ўплываць на ход гісторыі[17] (сувязь прадмету нашай гаворкі і гэтай вытрымкі не відавочная, але хочацца падкрэсліць – яна існуе).

Зразумела, што Ф. Падбярозкін трапіў у пастку монакаўзальнасці. Гэтай пасткі не здолелі ўнікнуць многія выдатныя інтэлектуалы ХІХ–ХХ стст. У філасофскім сэнсе, праца Ф. Падбярозкіна стасуецца з прынятай К. Поперам логікай, што “ўсё магчыма ў справах чалавечых[18], тэзіс, які Э.Г. Кар, на нашу думку – цалкам адэкватна, ахарактарызаваў як “або бессэнсоўнае, або бязглуздае[19]. З іншага боку, у кантэксце гэтай гаворкі нельга не ўспомніць К. Маркса і ягоны марксізм – выдатны ўзор еўрапейскага мыслення. Адсюль зручна перайсці да іншага пункту нашай гаворкі.

Ён тычыцца высвятлення культурных перадумоў фарміравання спосабу “расказваць гісторыю”, прадстаўленага ў работах Ф. Падбярозкіна. Дыскурс-аналіз да строга навуковых тэкстаў наўрад ці дастасавальны. Але ж, ёсць магчымасць больш адцягнена гаварыць пра намеры і мэты Ф. Падбярозкіна як складаны культурны рэфлекс. Растлумачым, што мы маем на ўвазе. Справа ў тым, што ў беларускай гістарыяграфіі склалася парадаксальная сітуацыя, калі вельмі часта (нават, прама скажам, зачаста) ўбоства паасобных навуковых твораў – шэрасць стылю, беззмястоўнасць вывадаў, метадалагічная беднасць – вытлумачаецца “шкодным марксізмам”, якія нібыта ўсё яшчэ пануе ў гуманітарыстыцы. Гэта поўная няпраўда, і кожны, хто паўтарае гэты тэзіс, хутчэй зацямняе сутнасць справы, чым што-небудзь праясняе. У той жа час, такія настойлівыя, нават навязлівыя паўтарэнні спрыяюць фарміраванню адпаведнага пагрозлівага вобразу ўсёмагутнай парадыгмы, якая няспынна разбурае беларускую гістарыяграфію. Трэба меркаваць, менавіта гэта ўплывала на радыкалізм Ф. Падбярозкіна.

Ёсць яшчэ два моманты, якія варта агучыць, але на якіх няма неабходнасці спыняцца падрабязна: 1) навуковыя інтарэсы Ф. Падбярозкіна звязаны з сусветнай гісторыяй – гэта, відавочна, не мейнстрым, які ўсё ж такі хіліцца ў бок беларусазнаўства; на гэта даўней звяртаў увагу П. Шупляк[20]; 2) Ф. Падбярозкін валодае нямецкай мовай, а што ў беларускай гістарыяграфіі з замежнымі мовамі наогул ёсць істотныя цяжкасці, таксама не навіна.

Цяпер неабходна крыху спыніцца на факталогіі. Увогуле, існуе работа нямецкага вучонага[21], якая выглядае больш сімпатычнай у параўнанні з тэкстам Ф. Падбярозкіна. Але выклікае сумненне і ключавая знаходка аўтара – атрыбутаваць вайну 1443–1448 гг. як “прыватную”. Пры гэтым маецца на ўвазе традыцыя Святой Рымскай імперыі. У эпілогу Ф. Падбярозкін нават тлумачыць, што ў 1438 г. “прыватныя войны” былі забароненыя імперскімі курфюрстамі[22]. Тут жа вельмі небяспечна аўтар заўважае, што “пункт гледжання нашага сучасніка, светапогляд якога звычайна апелюе дзяржаўнымі і нацыянальнымі катэгорыямі, відавочна ўступае ў канфлікт з рэаліямі Сярэднявечча”. Цяжка сказаць, ці варта было тлумачыць гэта менавіта светапогляднымі ўстаноўкамі ананімных “сучаснікаў”. Гаворка павінна весціся хутчэй пра агульную даследчыцкую логіку, якая, як мы намагаліся паказаць вышэй, задаецца іншымі культурнымі фактарамі, чым абстрактнай катэгорыяй “светапогляд”. У той жа час, аўтару варта было б грунтоўней раскрыць сваю галоўную думку пра “прыватную вайну”. Выглядае, нібыта гэта метафара, прынесеная ў тэкст самім аўтарам. Пытанне, ці ёсць сведчанні ў крыніцах, што вайна ўспрымалася так у “рэаліях Сярэднявечча” – г.зн., бюргерамі або самім графам, – у рабоце нават не ўздымаецца (sic!).

Такім чынам, нельга прызнаць прымальнай структуру артыкула, перш за ўсё з прычыны таго, што ў ім вельмі нязграбна і часта невытлумачальна метафары і ацэначныя суджэнні блытаюцца з даследчыцкім інструментарыем. Гэта, як уяўляецца, разбурае саму тканіну навуковага даследавання. 

Традыцыйна жанр рэцэнзіі вымагае і заўваг наконт “тэхнічнай якасці” выканання работы. Ляпы такога роду ў артыкуле прысутнічаюць, хоць і не часта (напрыклад, “аттрибут”). Побач з гэтым стыль работы пакідае чытача ніякаватым дзеля сваёй яўнай недапрацаванасці і шурпатасці.

Такім парадкам, неабходна вярнуцца да першапачаткова абазначанага тэзісу пра тое, што маладая навука не высоўвае пярэчанняў супраць папярэднікаў. З вышэй сказанага пра Ф. Падбярозкіна можна зрабіць на першы погляд пераканаўчы выгляд – маладая беларуская гістарыяграфія імкнецца спрыяць далейшаму пашырэнню творчых магчымасцей у навуковай дзейнасці. Гэта не так. Ф. Падбярозкін імкнецца захаваць добрую міну пры кепскай гульні, і яму гэта не ўдаецца. Яго навацыі носяць яўна сімуляцыйны, павярхоўны характар, а на практыцы маюць на мэце добрапрыстойную інтэграцыю ў існуючую сістэму. Зрэшты, нельга не заўважыць, што Ф. Падбярозкін намагаецца прадукаваць новы падыход да гістарыяграфіі. Такая ў большай ступені вербальная інжэнерыя зусім не ўласцівая І. Жыгалу, да разгляду работы якога мы звернемся цяпер.

У якасці другога прыклада становішча сучаснай маладой беларускай гістарыяграфіі мы вырашылі абраць артыкул студэнта гістфака БДУ І. Жыгала, які быў надрукаваны ў 8-м нумары зборніка артыкулаў «Раманаўскія чытанні». Артыкул мае назву “Некаторыя дасягненні савецкай улады ў сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва сярод літоўскага насельніцтва БССР  ў 20-я гг. ў ХХ ст. ў кантэксце палітыкі беларусізацыі”[23]. У першую чаргу, артыкул прыцягвае ўвагу сваёй досыць незвычайнай і цікавай тэмай – сапраўды, мала хто (у тым ліку і аўтары гэтай рэцэнзіі) мае добрае ўяўленне нават аб існаванні ў БССР 20-х гг. ХХ ст. літоўскага насельніцтва, а тым больш аб дасягненнях савецкай улады ў сферы нацыяльнальна-культурнага будаўніцтва сярод гэтага насельніцтва. Гэткім чынам, падобны артыкул не можа не прыцягнуць увагу кожнага, хто цікавіцца этнічнай, палітычнай і соцыякультурнай гісторыяй Беларусі.

На вялікі жаль, аніякіх спробаў прыцягнення ў такую спецыфічную сферу гістарычнай навукі, як вывучэнне этнічных меншасцяў, якіх-кольвек метадалагічных навацый (як і вогуле метадалагічнага мыслення як такога) мы тут не знойдзем, таму пяройдзем адразу да аналіза фактуры.

Як вядома, на сённяшні дзень ці не адзінай ў беларускай гістарыяграфіі працай, прысвечанай літоўцам Беларусі, з’яўляецца манаграфія Ю. Внуковіча “Літоўцы Беларусі: этналагічнае даследванне”[24], якая выйшла з друку у 2009 г. (г. зн., за два гады да ўзнікнення рэцэнзуемага артыкула). Адзначым, што ў спісе літаратуры, выкарыстанай І. Жыгалам пры напісанні свайго артыкула, гэтай манаграфіі мы не знайшлі; тым цікавейшым аказалася параўнанне гэтых двух працаў.

Увогуле, трэба адзначыць што спіс выкарыстанай літаратуры ў рэцэнзуемым артыкуле адразу прыцягвае ўвагу: у ім няма аніводнай пазіцыі на літоўскай мове. Абмінаючы канкрэтыку (да якой мы звернемся ніжэй), агучым толькі адное пытанне, якое непазбежна ўзнікае ў дадзенай сітуацыі: ці магчымае ўвогуле вывучэнне літоўцаў, без выкарыстання напрацовак літоўскай гістарыяграфіі, вывучэння літоўскамоўных крыніц?

Перад тым, як перайсці да асноўнай часткі артыкулу, звернем увагу на ўступнае слова. Аўтар абгрунтоўвае актуальнасць сваёй працы, спасылаючыся на артыкул супрацоўніка ІМЭФ НАН РБ[25] А. Гурко, у якім сцвярджаецца, што “для разумення сучасных этнакультурных працэсаў у беларускім грамадстве неабходным з’яўляецца веданне працэсаў станаўлення і развіцця культуры тых этнічных груп, якія моцна ўкараніліся на беларускай зямлі і звязаныя трывалай сувяззю з беларускай гісторыяй і культурай”[26]. Не адмаўляючы безумоўнай слушнасці гэтае тэзы, як і бясспрэчнай актуальнасці вывучэння ўсіх этнічных супольнасцяў, якія пражывалі і/альбо пражываюць на тэрыторыі Беларусі, не можам не зазначыць, што літоўскае насельніцтва міжваеннай БССР[27], якое, як мы даведаліся з працы Ю. Внуковіча,  ў пасляваенны перыяд альбо эмігравала ў ЛітССР, альбо з’ехала ў беларускія гарады, страціўшы сувязі са сваім культурным асяроддзем[28], цяжка адназначна аднесці да тых этнічных груп, якія “моцна ўкараніліся на беларускай зямлі”. Акрамя таго, выклікае пытанне, наколькі слушна з боку І. Жыгала падмацоўваць актуальнасць сваёй працы агульнымі разважаннямі аб актуаліях беларускай этналогіі ў кантэксце таго, што ягоны ўласны артыкул не мае з этналогіяй адно толькі агульны аб’ект даследавання.

Звернемся, аднак, да асноўнага тэксту працы. Колькі абзацаў, якія ўтрымліваюць агульныя палажэнні аб нацыянальнай палітыцы савецкага ўраду, палітыцы беларусізацыі і колькасным складзе літоўскага насельніцтва ў міжваеннай БССР выглядаюць цалкам прыстойна і не выклікаюць жадных пярэчанняў. На нашую думку, пэўную карысць мог бы мець таксама і невялічкі экскурс ў гісторыю ўзнікнення этнічнай групы літоўцаў Усходняй Беларусі (тым больш што гэтая тэма падрабязна выкладзена ва ўзгаданай вышэй працы Ю. Внуковіча[29]), аднак, з улікам абмежаванняў прац па памеры ў падобнага кшталту публікацыях, не будзем залішне затрымлівацца на гэтым моманце.

Далей пяройдзем да непасрэднага тэксталагічнага параўнання артыкула І. Жыгала з манаграфіяй Ю. Внуковіча. У І. Жыгала бачым: “Адным з галоўных дасягненняў савецкай улады было развіццё адукацыі сярод літоўцаў. Першыя дзве нацыянальныя літоўскія школы распачалі сваю дзейнасці ў 1925/26 навучальным годзе ў вёсках Рукшыніцы і Усомлі Полацкай акругі. У наступным годзе было адчынена яшчэ 6 школ: у Крупскім раёне – дзве, Раснянскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Лупалаўскім – па адной. Праз год у Віцебскай акрузе былі адчынены яшчэ дзве школы. У 1928/29 навучальным годзе ўжо дзейнічала 11 нацыянальных школ і адзін сталы літпункт.”[30]. Той жа самы тэкст, з невялікімі адрозненнямі ў фактуры[31] знаходзім ў манаграфіі Ю. Унуковіча[32].Цікава, што Жыгал пры гэтым спасылаецца на працу В. Скардзіса[33], у якой маюцца звесткі выключна аб літпункце, у той час як ў манаграфіі Внуковіча стаіць спасылка на іншую працу[34], у якой сапраўды знаходзім падцверджанне пададзенай фактуры. Акрамя таго, ў тэксце Жыгала адсутнічаюць звесткі пра адкрыццё ў БССР сямігадовых і поўнавартаснай сярэдняй літоўскай школы, які ёсць у Внуковіча[35].

У наступным абзацы вядзецца пра выдавецкую справу. Пададзеныя звесткі аб літоўскамоўнай газеце “Raudonasis Artojas“ (“Чырвоны араты”). Тэкст Жыгала ў гэтым месцы не супадае даслоўна з тэкстам Внуковіча, аднак спасылкі на пададзены факталагічны матэрыял[36] ў Жыгала няма. Спасылкай суправаждаецца толькі канец абзаца, які завяршаецца сцверджаннем аб набыцці газеты літоўцамі ЗША; і сказ і спасылка даслоўна паўтораныя з працы Внуковіча[37]. Адзначым, што ў тэксце з пэўных прычын не ўзгаданыя літоўскамоўныя часопісы “Priekalas” (“Кавадла”) і “Kolektyvas” (“Калектыў”), якія выходзілі ў міжваеннай БССР. У якасці гіпотэзы вылучым думку аб тым, што прычына гэткай хібы палягае ў тым, што аўтарам былі агледжаныя толькі 80-86 старонкі працы Ю. Внуковіча, на якіх аб існаванні гэтых дзвух часопісаў не нагадвае анічога, акрамя шматлікіх спасылак на змешчаныя ў іх артыкулы; звесткі аб саміх часопісах пададзеныя ў раздзеле, прысвечаным гістарыяграфіі[38].

Цікавы факт назіраем датычна падання фактаў аб літоўскай выдавецкай справе ў БССР. Абодва аўтара, абапіраючыся  на падлікі В. Скардзіса[39], падаюць пэўныя лічбы. Аднак, калі у Ю. Внуковіча пададзеная колькасць літоўскамоўных пазіцый, выдадзеных ў БССР з 1928 па 1934 г. – “каля 80”[40] – то Жыгал, чамусьці, падае толькі звесткі з перыяда 1928-1930 г. (14 пазіцый[41]. Чым абумоўлены выбар менавіта гэтага прамежку часу, аўтар, на жаль, не тлумачыць. Адзначым, што негледзячы на дзіўны выбар храналагічнага адрэзку і абумоўленую гэтым няпоўнасць дадзеных, падобнае выбарачнае прадстаўленне звестак не пакідае сумневаў у самастойнай працы аўтара з працытаванай крыніцай. Далей, Жыгал піша аб стварэнні ў 1926 г. кафедры гісторыі Літвы пры Інбелкульце, пакідаючы гэты тэзіс без падмацоўваючый спасылкі[42]. У той жа час, у Внуковіча годам стварэння гэтай кафедры пазначаны 1927, што падцвярджаецца і тэкстам прыведзенай спасылкі[43]

Пэўную цікавасць выклікаюць і нейкія фармулёўкі з высноваў артыкула. Так, прыкладам, аўтар піша: “узмацненне таталітарнай сістэмы прывяло да скасавання ўсіх дасягненняў у галіне нацыянальна-культурнага будаўніцтва”. На нашую думку, гэткая фармулёўка з’яўляецца недакладнай, паколькі ўзмацненне таталітарнай сістэмы per se у прынцыпе не прадугледжвае з неабходнасцю адыходу ад магістральных парадыгмаў палітыкі “карэнізацыі”; відавочна, што гэтыя працэсы адбываліся хутчэй паралельна, і былі складаючымі часткамі агульнага працэсу трансфармацыі савецкага грамадскага ладу.  Цікава, што думкі, сугучныя з нашымі, хоць і ўскосна, выказаныя ў артыкуле У. Навіцкага, на які спасылаецца аўтар рэцэнзуемай працы[44].

Што мы маем у выніку? Па-першае, артыкул, напісаны без ужывання шырокага і лёгкадасяжнага кола літоўскамоўных крыніц[45]. Застаецца толькі здагадвацца, чым гэта абумоўлена: банальным няведаннем безумоўна неабходнай для правядзення  падобнага кшталту даследавання літоўскай мовы альбо прынцыповай аўтарскай пазіцыяй? Адзначым, што падобнага кшталту “пазіцыя” (і словам “пазіцыя” мы прыкрываем праявы непрафесіяналізму) не з’яўляецца чымсьці новым для беларускай гістарыяграфіі. Чаго вартая толькі манаграфія У. Тугая, заснаваная на ягонай доктарскай дысертацыі[46]. У працы, прысвечанай латышам на Беларусі, нам удалося знайсці толькі дзве (!) пазіцыі латышскамоўнай літаратуры.

 Па-другое, ў артыкуле прысутнічаюць прамыя цытаты з іншых прац, без пазначэння аўтарства. Па-трэцяе, вялікая колькасць факталагічнага матэрыялу папросту засталася па-за ўвагай аўтара: адкрыццё сярэдняй літоўскай школы, культурна-асветніцкая праца сярод літоўскага насельніцтва, стварэнне педагагічных літоўскіх курсаў, стварэнне нацыянальных сельсаветаў і калгасаў, ўсебеларускія з’езды літоўскіх рабочых і сялян і шмат чаго іншага[47]. Нарэшце, у некаторых выпадках факталагічныя звесткі пададзеныя няпоўна альбо некарэктна.

Адзначым, што І.У. Жыгал, як не без здзіўлення даведаліся аўтары гэтай рэцэнзіі па выніках пошуку ў сеціве дадатковай інфармацыі аб ім, прадстаўлены на дошцы гонару гістарычнага факультэта БДУ[48]. Застаецца толькі спадзявацца, што напісаныя ім “ок. 10-и статей, посвящённых различным аспектам внешней политики Чехословакии межвоеннного периода, проблемам исламо-христианского диалога” маюць больш высокую навуковую вартасць.




[1]Заповедник. Интервью С. Гурьева // Панорама. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.panorama.ru/gazeta/p33gur.html. Датадоступа: 7.11.2013.

[2]Hohls R., Ziegeldorf V., Burckhardt D. Editorial // Historische Literatur. 2003. Bd. 1, H. 1. S. 2.

[3] Краўцэвіч А. Пра прынцыпы вядзення дыскусіі // ARCHE Пачатак [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.arche.by/by/page/ideas/16535. Дата доступу: 7.11.2013.

[4] Гл. Подберезкин Ф.Д. Частная война графа Герхарда фон Клеве // StudiaHistoricaEuropaeOrientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 5. Минск, 2012. С. 117–129; Подберезкин Ф. Герхард фон Клеве и русские:  психологическим мотивам начала войны Новгорода и Ливонии // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы ІV Междунар. науч.-тер. конф. Минск, 2013. С. 39–40.

[5] Гл. напр.: Шутова О.М. Психоистория: школа и методы: учеб. пособие. Минск, 1997.

[6] Сагановіч Г. Дзесяць гадоў беларускай гістарыяграфіі (1991–2001) // Беларускі гістарычны агляд. 2001. Т. 8, Сш. 1–2. С. 225.

[7] Гл. напр.: Сидорцов В.Н., Приборович А.А. Изучение личности в истории: ориентация на контент-анализ, психоанализ, дискурс-анализ. Минск, 2011. С. 5–6 і далей.

[8]Подберезкин Ф. Герхард фон Клеве и русские:  психологическим мотивам начала войны Новгорода и Ливонии… С. 40.

[9]Сидорцов В.Н., Приборович А.А. Изучение личности в истории… С. 66–76.

[10] Там же. С. 75.

[11] блогер “lehire”. Гл. О последних тенденциях в белорусской исторической науке // Sodomrice [Электронны рэсрурс]. Рэжым доступу: http://lehire.livejournal.com/35192.html?thread=91256. Дата доступу: 23.11.2013.

[12]Сурта Е.Н. К вопросу о маргинализации банщиков, цирюльников и хирургов-ремесленников в позднесредневековом западноевропейском обществе // Европа: актуальные проблемы этнокультуры: материалы ІV Междунар. науч.-тер. конф. Минск, 2013. С. 31–35.

[13] Подберезкин Ф.Д. Частная война графа Герхарда фон Клеве… С. 118–119.

[14] Там же, с. 128.

[15] Там же.

[16] Гл. таксама артыкул: Сидорцов В.Н. Субъект в историческом творчестве: от Информационного представления действительности к её научному анализу // Роль личности в истории: реальность и проблемы изучения: науч. сб. Минск, 2011. С. 8–14

[17]Успенский Б.А., Успенский Ф.Б. Провиденциальные сюжеты истории // Факты и знаки. Исследования по семиотике истории. Вып. 2. Москва, 2010. С. 124.

[18] Цыт. паводле: Кар Э.Г. Прычыннасць у гісторыі // Будучыня гісторыі. Мінск, 2008. С. 190–191.

[19] Тамсама.

[20] Шупляк П. Усеагульная гісторыя ў Беларусі: дасягненні, праблемы, перспектывы // Гістарычны альманах. 2001. Т.4. С. 40.

[21] Selart A. Schismatiker, Vereinigung der Kirchen und das Geld. Livland und die Union von Florenz (1439) // Zeitschrift für Historische Forschung. 2009. Bd 36. S. 1–32.

Рускі пераклад гл.: Селарт А. Принудить к унии? Тевтонский орден, Новгород и Флорентийская уния // Родина. 2009. №9. С. 41–42.

[22] Подберезкин Ф.Д. Частная война графа Герхарда фон Клеве… С. 127–128.

[23] Жыгал, І.У. Некаторыя дасягненні савецкай улады ў сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва сярод літоўскага насельніцтва БССР  ў 20-я гг. ў ХХ ст. ў кантэксце палітыкі беларусізацыі // Романовские чтения-8: сб. статей Международной науч. конференции.  Могилёв, 2011. С. 210

[24] Внуковіч, Ю.І. Літоўцы Беларусі: этналагічнае даследванне. Мінск, 2010.

[25] Цяпер – ў складзе Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

[26] Гурко, А.У. Беларуская этналогія ў ХХІ ст.: праблемы і перспектывы // Весці НАН РБ. Серыя гуманітарных навук. 2009, № 1. С. 83.

[27] То бок усходняй частцы сучаснай Беларусі – гэта неабходна падкрэсліць для адрознення ад літоўскага насельніцтва Віленшчыны, якое жыло ў той мясцовасці здаўна і застаецца жыць зараз.

[28] Внуковіч, Ю.І. Літоўцы Беларусі... С. 86.

[29] Тамсама, С. 55-59.

[30] Жыгал, І. У. Некаторыя дасягненні…С. 210.

[31] Не супадае агульная колькасць адчыненых літоўскіх школ, а таксама гады з’яўлення некаторых з іх; у Жыгала не пазначаны што адкрытыя школы былі пачатковымі.

[32] Внуковіч Ю.І. Літоўцы Беларусі… С. 80.

[33] Скардзіс, Літоўцы на Беларусі (Нарыс аб літоўскіх колёніях). Наш край. 1929. № 8-9, С. 20.

[34]Практическое разрешение национального вопроса в Белорусской Советской Социалистической Республике. Ч.2. Мн., 1928. с. 93.

[35] Внуковіч Ю.І. Літоўцы Беларусі… С. 81.

[36] Прыкладам, год пачатку выдання газеты.

[37] Жыгал І.У. Некаторыя дасягненні… С. 210; Внуковіч, Ю.І. Літоўцы Беларусі… С.  82.

[38] Внуковіч Ю.І. Літоўцы Беларусі… С. 30.

[39] Скардзіс В. Літоўцы ў Совецкай Беларусі. Нарыс аб узнікненні літоўскіх пасяленняў на Беларусі, іх становішчы пры царызме і соцыялістычным будаўніцтве пры совецкай уладзе. Менск, 1935. С. 119.

[40] Внуковіч Ю.І. Літоўцы Беларусі…, С. 30.

[41] Жыгал І.У. Некаторыя дасягненні… С. 210.

[42] Гэтак жа сама ў Жыгала пакінута без спасылкі сцверджанне аб стварэнні ў 1929 літоўскага сектара пры АН БССР, у той час як Ю. Внуковіч падмацоўвае гэта спасылкай на часопіс “Priekalas (гл. Matulaititė K. Baltarusijos Mokslų akademijos tautinių mažumų institutas // Priekalas. 1935, № 10(52). P. 642-645.)

[43] Практическое разрешение национального вопроса… С. 95.

[44] Навіцкі У.І. Савецкая палітыка ў адносінах да этнічных супольнасцей Беларусі // Этнічныя супольнасці Беларусі: гісторыя і сучаснасць: навук. канф. (Мінск, 6-7 снеж. 2001 г.) . С. 19-20.

[45] Асабліва хацелася б адзначыць зборнік успамінаў жыхароў літоўскай вёскі Малькаўка Аршанскай акругі (Malkavos beržyno šviesa. Vilnius, 2004. 179 p.), які, верагодна, мог бы даць надзвычай цікавую інфармацыю, пазбаўленую афіцыёзнага налёту.

[46] Тугай У.В. Латышскі этнас у сацыяльна эканамічным і культурным жыцці Беларусі. Мінск, 2003. – 305 с.

[47] Усю гэтую фактуру аўтары рэцэнзіі знайшлі ў манаграфіі Ю. Внуковіча