Пад канец мінулага месяца многія электронныя СМІ знялі з сайту газеты “Звязда” матэрыялы “круглага стала” пад загалоўкам “Вопыт і ўрокі гісторыі”. Публікацыя гэтых матэрыялаў была прымеркавана да 95-угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У прыватных гутарках можна было пачуць словы аб прагрэсе: вось і “яны” нарэшце прызналі, што БНР была формай беларускай дзяржаўнасці. Нават можна было пачуць засцярогі: не, ні ў якім разе не трэба крытыкаваць ні саму “звяздоўскую” публікацыю, ні выказванні ўдзельнікаў “круглага стала”.

З гэтымі высновай і засцярогай можна было б згадзіцца, калі б не адзін момант, а менавіта наяўнасць падрыхтаванай у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII – пачатку ХХІ ст.”, першая кніга якой выйшла пазалетась, а другая з’явілася на паліцы новых паступленняў ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі не больш як паўмесяца таму.

Яшчэ невядома, ці з’явяцца на гэтую калектыўную працу рэцэнзіі і водгукі спецыялістаў, якія будуць ацэнкі працы, заўвагі і закіды. Мусіць, каб запабегчы негатыўнай рэакцыі адмыслоўцаў і паспалітых чытачоў на іхняе дзецішча, ініцыятары “Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці…” вырашылі самі прарэкламаваць плён свае працы. А каб сказанае імі не ўспрымалася як самарэклама, за “круглы стол” былі запрошаны «привлеченные товарищи”, як, напрыклад, вядомы сваімі даследаваннямі з гісторыі Беларусі галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі. Так 26 сакавіка на старонках “Звязды” з’явілася публікацыя “Вопыт і ўрокі гісторыі”, прымеркаваная да 95-угодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР.<!** Image 3 align=»middle» alt=»Круглы стол у рэдакцыі газеты »Звязда». Фота А. Клешчука // zvyazda.minsk.by» sub=»Круглы стол у рэдакцыі газеты »Звязда». Фота А. Клешчука // zvyazda.minsk.by» >У чым беларускасць беларускай мадэлі?

Што да “Гісторыі беларускай дзяржаўнасьці…” могуць быць заўвагі і закіды — несумненна. Напрыклад, я маю не адну заўвагу да артыкула нябожчыка Мікалая Сташкевіча “Пытанне беларускай дзяржаўнасці ў праграмах і дзейнасці палітычных партый і арганізацый у пачатку ХХ ст.”. Як і артыкул таго ж аўтара “Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец ХІХ ст. – люты 1917 г.)” (Беларускі гістарычны часопіс. 1999. № 3), яго нельга назваць вынікам вывучэння крыніц. Аматары могуць налічыць энную колькасць канцэптуальных і тэкстуальных супадзенняў паміж тым, што друкавалася ў 1999-м і ў 2011-м, і паміж тым, што напісаў М. Сташкевіч і што напісалі да яго іншыя аўтары. Здзіўляе некрытычнае стаўленне да напісанага папярэднікамі.

Можна паказваць недахопы публікацыяў нябожчыка, але нельга прад’яўляць яму прэтэнзій. Прэтэнзіі прад’яўляюць жывым.

Вядома, што цяпер Інстытут гісторыі, як і сама НАН Беларусі, — установа цалкам дзяржаўная, пазбаўленая многіх адзнакаў аўтаноміі, а супрацоўнікі Акадэміі — калі не чыноўнікі, дык наёмныя работнікі дзяржавы. І хіба ніхто не сумняваецца, што пра існую палітычную сістэму і эканамічны лад Беларусі наёмныя работнікі дзяржавы будуць пісаць у лепшым разе расплывістымі фразамі, у горшым разе людзі, якія называюць сябе гісторыкамі, будуць займацца банальнай прапагандай.

У старой Расіі амаль усе універсітэты былі імператарскія, амаль усе школы – калі не дзяржаўныя, дык у ведамстве дзяржаўнай царквы. Аднак там былі акадэмічныя свабоды. І адным з няпісаных правілаў было тое, што ў падручніках гісторыі для школаў і гімназій не асвятлялася цараванне імператара, які сядзеў на троне. Такога асвятлення пазбягала і універсітэцкая прафесура, бо гісторык асвятляе мінуўшчыну; калі ж ён пачынае асвятляць цяпершчыну, то міжволі ўваходзіць у палітычную сферу. Мусіць, такога ўваходжання навукоўцаў у актуальную палітыку не хацела і царская ўлада. Іншыя парадкі запанавалі за бальшавікамі ды іх наступнікамі.

У аўтараў “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…” не хапіла мужнасці ўзяць прыклад з аўтараў цяпер ужо славутага “Гродназнаўства”. І яны вымушаныя былі пісаць такое, што не вытрымлівае нават самай спагадлівай і добразычлівай крытыкі. Пачытайце, да прыкладу, што і як напісана ў “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…” пра выбары 2010 года. А вось як у “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…” гучыць адказ на пытанне “Што такое беларуская мадэль развіцця”:

“…не ўсе якасці, уласцівыя беларускай мадэлі развіцця, з’яўляюцца ўласна беларускімі. Ідэя моцнай дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі была савецкай. Да савецкага перыяду можна аднесці і ідэю канкурэнцыі двух сектараў эканомікі — дзяржаўнага і прыватнага, якая была распрацавана ў час НЭПа. Уласна беларускімі можна назваць: ідэю гістарычнай пераемнасці і захавання лепшых традыцый папярэдняга перыяду, а таксама апору на ўласныя сацыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы і, вядома, адмову ад любых формаў неакаланіяльнай залежнасці. Да ўласна беларускай у многім можна аднесці ідэю апоры на эфектыўнага і сацыяльна адказнага ўласніка. Такім чынам, беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта творчае выкарыстанне лепшых дасягненняў айчыннага вопыту і традыцый неалібералізму і кітайскага мадэрнізацыйнага вопыту. Разам з тым беларуская мадэль — гэта эвалюцыйнае ўрастанне беларускай шматукладнай эканомікі ў сусветную цывілізацыйную прастору” (Кн. 2. С. 487).

У інтэпрэтацыі аўтараў “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…” беларуская мадэль — гэта алагічная мешаніна ўсяго ўсякага, бобу з гарохам. Тут што ні сказ, то зачэпка для кпінаў.

Калі згадаць, што ідэя апоры на ўласныя сацыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы і адмова ад любых формаў (неа)каланіяльнай залежнасці нагадвае распрацаваную ў Паўночнай Карэі ідэю чучхэ, што ідэя апоры на эфектыўнага і сацыяльна адказнага ўласніка вызнаецца ўсімі грамадствамі дабрабыту, дык у так званай беларускай мадэлі развіцця нічога ўласна беларускага няма. А калі дадамо сюды той факт, што ідэя моцнай сацыяльнай палітыкі была найпаўней рэалізавана не ў СССР, а на Захадзе, асабліва ў скандынаўскіх краінах, што ідэя канкурэнцыі двух сектараў эканомікі ў СССР у 1929 годзе ляснулася, але затое рэалізуецца, напрыклад, у Аўстрыі? Дык ці варт пераймаць такія айчынны вопыт і традыцыі? І ўжо зусім недарэчна гучыць у дадзеным кантэксце згадкі аб “традыцыях неалібералізму” і “кітайскім мадэрнізацыйным вопыце”.

Эфектыўнасць беларускай мадэлі

Як на маю думку, дык да сучаснай беларускай палітычнай і эканамічнай мадэлі цалкам стасуецца выпрацаванае ў марксізме паняцце “азіяцкі (усходні) спосаб вытворчасці”. Пры такім спосабе вытворчасці прадукцыйныя сілы, свабода і нават жыццё ўласнікаў сродкаў вытворчасці цалкам залежаць ад вярхоўнай улады. Пры такім спосабе вытворчасці дзяржава асуджаная на хранічнае адставанне ва ўсіх сферах жыцця, на залежнасць ад больш багатых і больш развітых у навуковых, тэхнічных і тэхналагічных адносінах краін.

Беларусь, якая на пачатку 1990-х адносілася да краін 2-га свету і разам з балтыйскімі рэспублікамі мела моцныя стартавыя пазіцыі, цяпер істотна адстала ад іх ў разліку ўнутранага валавага прадукту (УВП) на душу насельніцтва: ад Эстоніі амаль у тры разы, а ад Латвіі і Літвы — у два разы. І гэта ад краін, якія маюць мізэрныя мінеральныя рэсурсы.

Не будзем тут пісаць пра такія паказчыкі, як якасць і — адпаведна — канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў, эфектыўнасць выдаткавання матэрыялаў і энергіі на адзінку прадукцыі. Адзначым, што паводле разліку УВП на душу насельніцтва Беларусь адносіцца цяпер да краін шостай групы (усяго груп дзесяць) і апусцілася на ўзровень некаторых краін 3-га свету, займаючы сярод дзяржаў і тэрыторый (паводле розных ацэнак) месцы ад 69-га па 84-е.

У СССР Беларусь была рэспублікай-донарам. Цяперашняя Беларусь — кліентка Расіі.

Усяго гэтага вы ў “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…” не прачытаеце.

Бальшавікі і самавызначэнне нацый

Паўтараю: чытачы “Гісторыі беларускай дзяржаўнасці…”, асабліва спецыялісты, знойдуць не адну зачэпку, для заўваг, закідаў і кпінаў, знойдуць тут і звычайныя памылкі набору. Але тут я хачу перайсці да пэўных выказванняў, якія прагучалі за “круглым сталом”.

Думалася, што ініцыятар “круглага стала”, Аляксандр Каваленя, добра ведае тэксты Уладзіміра Леніна, Іосіфа Сталіна і дакументы бальшавіцкай партыі ў нацыянальным пытанні. Цяпер бачу, што мне давядзецца, спасылаючыся на прафесара Рыгора Лазько, паказаць былому дырэктару Інстытута гісторыі, што ёсць істотнае адрозненне паміж палітычнымі лозунгамі і прынцыпамі. Мабыць, давядзецца адрасаваць яму асобны артыкул, прысвечаны пытанню аб папулярнасці сярод бальшавікоў лозунгу (ідэі) аб праве нацый на самавызначэнне.

Гістарычнае і нацыянальнае. Аб карысці думання

Не буду надта запыняцца на выказванні Мікалая Смяховіча “Калі няма дзяржавы, то няма і народа”. Задам пытанне: няўжо няма лужычанаў у Германіі, кашубаў і слянзакаў у Польшчы, саамі ў Швецыі і г. д.?

Куды больш цікава паказаць “творчы падыход” удзельнікаў “круглага стала” да раней выказаных ідэй. Вячаслаў Даніловіч, цяперашні дырэктар Інстытута гісторыі, паведамляе, што “акадэмічнымі вучонымі-гісторыкамі была распрацавана навуковая канцэпцыя аб тым, што ў гісторыі Беларусі існавалі гістарычныя і нацыянальныя формы дзяржаўнасці”.

Тут міжволі ахнеш: а што, нацыянальныя формы дзяржаўнасці не з’яўляюцца гістарычнымі? Прыкладам, у Францыі пяць Рэспублік, Дырэкторыя, Консульства, дзве Імперыі, Рэстаўрацыя і Ліпеньская манархія не гістарычныя формы? А БНР, БССР, Літоўска-Беларуская ССР і Рэспубліка Беларусь не гістарычныя формы?

Гэта што тычыць пытання аб дыялектычнай логіцы. А цяпер пяройдзем да іншага пытання.

Што-колечы аб перыядызацыі гісторыі Беларусі

Вядома, што ў свой час акадэмік Усевалад Ігнатоўскі прапанаваў перыядызаваць гісторыю Беларусі паводле дзяржаўнай прыналежнасці нашай краіны і вылучыў пяць перыядаў: Полацкі, Беларуска-Літоўскі, Польскі (Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай), Расійскі (Беларусь у складзе Расійскай імперыі) і пяты, які пачаўся пасля звяржэння царызму. У гэтай перыядызацыі, як заўважыў чытач, адсутнічала першабытнае грамадства на тэрыторыі нашай краіны. Акрамя таго, У. Ігнатоўскі не стаў улазіць у актуаліі і перыядызаваць гісторыю пасля Лютаўскай рэвалюцыі.

Пазней у аснову перыядызацыі гісторыі Беларусі паклалі марксісцкае вучэнне аб грамадска-эканамічных фармацыях ў сталінісцкай трактоўцы. У Рэспубліцы Беларусь гэты прынцып збольшага быў выкарыстаны аўтарамі акадэмічных “Нарысаў гісторыі Беларусі” (1994—1995), хоць у іх праглядваецца і дзяржаўніцкі (назавем яго так) падыход да праблемы. Можна думаць, што ў Інстытуце гісторыі ў той час, калі складаўся праспект “Нарысаў” вялася барацьба паміж прыхільнікамі канцэпцыі Усевалада Ігнатоўскага і прыхільнікамі сталінісцкай канцэпцыі.

Больш выразна дзяржаўніцкі падыход да перыядызацыі гісторыі Беларусі можна бачыць у 6-цітамовай “Гісторыі Беларусі (2000—2011). Першы том (“Старажытная Беларусь”; загаловак як у кнігі Міколы Ермаловіча) склалі два раздзелы: “Першабытная эпоха” і “Беларускія землі ў раннім Сярэднявеччы (VI ст. — сярэдзіна ХІІІ ст.)”. Другі том мае загаловак “Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага”. Паводле логікі, гэты том трэба было б завяршыць Уставай на валокі, Люблінскай уніяй ды пачатковым этапам Інфалянцкай вайны, але складальнікі не ўстрымаліся і завяршылі яго Берасцейскай уніяй. Таму трэці том (“Беларусь у часы Рэчы Паспалітай”) прысвечаны XVII—XVIII стст., што не зусім лагічна. Чацвёрты том “Гісторыі Беларусі” мае загаловак “Беларусь у складзе Расійскай імперыі”.

Праблемы з тым, як назваць кнігу, пачаліся з пятага тома “Гісторыі Беларусі”, выпушчанага ў 2006 годзе. Названы ён даволі нейтральна: “Беларусь у 1917—1945 гг.”. Тут звяртаюць ўвагу трэцяя глава першага раздзелу кнігі (“Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва”) і загалоўкі паасобных параграфаў: “Нацыянальны рух”, “Абвяшчэнне БНР”, “Утварэнне БССР”, “Знешнепалітычная дзейнасць” і “Рыжскі мір і падзел Беларусі”.

Праморатам гэтай главы і аўтарам ды суаўтарам трох параграфаў быў акадэмік Іларыён Ігнаценка, які, дарэчы будзе сказаць, паставіў БНР у адзін шэраг з БССР яшчэ ў 1995 годзе — у першым томе “Нарысаў гісторыі Беларусі”. Але не можна не звярнуць увагу, што ў пятым томе “Гісторыі Беларусі” БНР толькі “абвешчана”, а БССР — “утворана”, хоць насамрэч яна была не больш як абвешчана. Недахопам пятага тома трэба лічыць таксама адсутнасць у ім параграфу “Літоўска-Беларуская ССР”, як і параграфу “Другое (паўторнае) абвяшчэнне (утварэнне) БССР”. Гэта дало б магчымасць адцеміць той факт, што першапачаткова бальшавікі адно гулялі ў беларускую дзяржаўнасць.

У гэтай сувязі трэба нагадаць, што такія аўтарытэтныя гісторыкі дзяржавы і права, як Вадзім Круталевіч ды Язэп Юхо, у кніжцы “Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.)” сюжэтам “Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка”, “Аднаўленне Беларускай Савецкай Рэспублікі” і “Рыжскі мірны дагавор” прысвяцілі асобныя главы. Ёсць у гэтай кніжцы, што выйшла ў 2000 годзе, і глава “Беларуская палітычная эміграцыя ў новых умовах”, у якой асвятляецца дзейнасць ураду БНР пасля паўторнага абвяшчэння БССР і падпісання Рыжскага трактату.

На маю думку, у пятым томе “Гісторыі Беларусі” ненапісаны параграф “Другое (паўторнае) абвяшчэнне (утварэнне) БССР” і параграф “Рыжскі мір і падзел Беларусі” трэба было б паставіць у пачатак другога раздзела, бо менавіта з ліпеньскіх падзей 1920 г. і Рыжскага трактату пачынаецца паралельнае існаванне БССР і Заходняй Беларусі ў 1920—1939 гг.

У шостым томе “Гісторыі Беларусі” (з нейтральным загалоўкам “Беларусь у 1946—2009 гг.”) асвятляецца не толькі паваенная гісторыя БССР. Тут маецца асобны раздзел “Беларусь ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту”. Як відаць з загалоўка тома, аўтары не здолелі ўхіліцца ад абавязку пісаць пра падзеі, што пачаліся пасля абрання прэзідэнта Беларусі (глава “Прэзідэнцкае праўленне”), і такім чынам “улезлі” ў палітыку, вымушаныя займацца прапагандай.

Новае слова ў нашай гістарычнай навуцы

Агляд папярэдніх выданняў спатрэбіўся мне, каб паказаць, у чым навізна, старызна і слабізна новага падыходу да перыядызацыі гісторыі Беларусі.

Алагічнасць новага — падзяліць усе формы дзяржаўнасці на гістарычныя і нацыянальныя — мы ўжо паказалі. Задамо толькі пытанне: да якой формы дзяржаўнасці аднясуць вучоныя мужы Літоўска-Беларускую ССР? Ці праігнаруюць яе?

Далей В. Даніловіч прапануе нам прыняць наступныя гістарычныя формы дзяржаўнасці: Кіеўскую Русь, Полацкае і Тураўскае княствы ў адным пакеце (дакладна як на расійскім сайце ў Вікіпедыі).

Па-мойму, пад назвай Кіеўскай Русі з куфра дастаецца пранафталіненая камуна-імперская ідэя старажытнарускай народнасці і Старажытнарускай дзяржавы як калыскі трох усходнеславянскіх народаў. Цяпер гэта ў штыхі сустрэтая ўкраінцамі ідэя “русского мира», агучаная патрыярхам Кірылам. Ці я няправільна зразумеў сп. Даніловіча?

Калі Кіеўская Русь была гістарычнаю формаю дзяржаўнасці беларускіх земляў, то як быць з узведзеным у ранг ледзь не догмы цверджаннем акадэміка Міхайлы Грушэўскага, што “Кіеўская Русь ёсць першаю формаю ўкраінскай дзяржаўнасці”? Напішам, што ў пэўныя перыяды сучасныя беларускія землі ўваходзілі ў склад украінскай дзяржавы або залежалі ад яе? Мы ж беларусы, народ памяркоўны, чаму б нам не пабываць і пад украінскай уладай? А які горад мы будзем лічыць палітычным цэнтрам Старажытнай Русі з сярэдзіны ХІІ ст.? Уладзімір-Залескі, як сцвярджаюць расійскія гісторыкі?

Калі я правільна зразумеў прапанову дырэктара Інстытута гісторыі, дык рэвізіі падлягае распрацаваная пад кіраўніцтвам акадэміка Міхаіла Касцюка і пад рэдакцыяй доктара Георгія Штыхава канцэпцыя 2-га раздзела першага тома “Гісторыі Беларусі” (2000). А канцэпцыя, з увагі на спрэчнасць і палітызаванасць саміх паняццяў “старажытнаруская народнасць” і “Старажытнаруская дзяржава”, прадуманая і ўзважаная. Таму і названы раздзел “Беларускія землі ў раннім Сярэднявеччы”.

Ідзем далей. “Новае слова” заключаецца не толькі ў тым, што Кіеўская Русь была адной з формаў нашай дзяржаўнасці. Вячаслаў Даніловіч сцвярджае, што Кіеўская, Полацкая і Тураўская дзяржавы існавалі “пачынаючы з Х стагоддзя”. Гэта што — зноў рэвізія ці непрадуманае выказванне? Бо дзе ж тады падзеліся “велиции князи под Ольгом суще”?

Манаполія на ісціну?

З выказванняў В. Даніловіча я даведаўся, што ў 2005 годзе — на 15-м годзе існавання Рэспублікі Беларусь! — у Інстытуце гісторыі быў створаны аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Вось гэты аддзел і сказаў “новае слова ў нашай гістарычнай навуцы”. Каб жа толькі сказаў!.. На гэты аддзел, чытаем мы ў “Звяздзе”, ускладзены абавязак каардынаваць даследаванні з гісторыі беларускай дзяржаўнасці ўсіх навукоўцаў нашай краіны. “Каардынаваць” — значыць і кіраваць, бо распрацоўкі з гісторыі дзяржаўнасці павінны праводзіцца “ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследванняў”.

Чуеце, Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук і Генадзь Сагановіч? “У рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследванняў”! Чуеце, Андрэй Катлярчук, Алег Латышонак, Яўген Мірановіч? Чуеце, Янка Запруднік, Аляксей Каўка, Лявон Юрэвіч? А ты, Уладзімір Арлоў, ці чуеш?

Кажаце, што вам няма справы да дзяржаўнай праграмы і каардынцыйнага цэнтра, што вы — вольныя гісторыкі, а не чыноўнікі? І я тое кажу. І яшчэ не адзін чалавек, які вывучае гісторыю нашай краіны, скажа гэтак.

Дзіўна, што ў наш век — век камунікацый і інфармацыйных тэхналогіяў — знаходзіцца нейкая ўстанова, якая бярэ на сябе манапольнае права каардынаваць даследаванні і – як наступства – кіраваць даследчыкамі, нешта прызнаваць правільным, а нешта памылковым, нешта дазваляць, а нешта забараняць.

Аднадумства ў гістарычнай навуцы не ўдалося дасягнуць нават у камуністычную эпоху. Не дапамог і фізічны тэрор. Пагатоў не ўдасца дасягнуць гэтага аднадумства ў наш час. Дарма, што ў час дырэктарства А. Кавалені “пачысцілі” Інстытут гісторыі, а цяпер “чысцяць” Гродзенскі універсітэт. Запалохаць усіх гісторыкаў не ўдасца.

Трохі ведаючы гісторыю даследаванняў з гісторыі Беларусі, я магу сцвярджаць, што чыноўнікам ад гістарычнай навукі ніколі не ўдавалася сказаць новае слова ў гістарычнай навуцы. Гэтае слова казалі або вольныя людзі, або разняволеныя. Пра тое, што БНР — форма беларускай дзяржаўнасці, вольныя і разняволеныя людзі казалі і пісалі даўно. За гэтую ісціну, за гэты ідэал пакладзена не адно жыццё. Нарэшце гэтую ісціну прызналі і чыноўнікі ад навукі. Але адначасна нам у прыгожай упакоўцы падносяць непрадуманы тэзіс аб гістарычных і нацыянальных формах дзяржаўнасці, а пад выглядам новага слова ў навуцы спрабуюць рэанімаваць камуна-імперскія палажэнні аб старажытнарускай народнасці і Кіеўскай Русі.