Кніга М. Кошалева і Т. Папоўскай змяшчае ў сабе багаты і цікавы факталагічны матэрыял па беларуска-малдаўскіх адносінах ува ўсіх сферах жыцця, пачынаючы са старажытных часоў і канчаючы сённяшнім днём. Але гэтая кніга не з’яўляецца навуковым даследаваннем і не адпавядае крытэрам, якія да яго прад’яўляюцца.

Выданне, якое разглядаецца ў рэцэнзіі: Кошалеў М.К., Папоўская Т.А. Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін. – Мінск: “Беларуская навука” 2009, — 187 с.

Рэцэнзуемае выданне ўяўляе сабой выніковы тэкст даследавання беларуска-малдаўскіх адносін, якое было праведзена ў межах выканання дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006-2010 гг.

Рэцэнзуемае выданне ўяўляе сабой выніковы тэкст даследавання беларуска-малдаўскіх адносінаў, якое было праведзена ў межах выканання дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў на 2006-2010 гг. “Гісторыя беларускай нацыі, дзяржаўнасці і культуры” (навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар А.А. Каваленя). Паводле анатацыі, кніга разлічана на гісторыкаў, спецыялістаў у галіне міжнародных адносінаў, выкладчыкаў і шырокае кола чытачоў у Беларусі і Малдове. Хаця, не зусім зразумела ў такім разе, каго з іх у Малдове можа зацікавіць кніга на беларускай мове…

Ва ўводзінах да кнігі апісваецца агульны кантэкст беларуска-малдаўскіх дачыненняў і крыніцы праведзенага даследавання. Тамсама даецца ацэнка гістарычнай ролі СССР, які “не здолеў упісацца ў постіндустрыяльны этап”, і гаворыцца пра асноўны метад далейшага даследавання – “комплексны параўнаўчы аналіз гістарычнага лёсу абедзвюх краін”.

Ня гледзячы на тое, што кніга заяўлена як вынік даследавання, яна не з’яўляецца даследаваннем у агульнапрынятым сэнсе гэтага слова. Кніга ўяўляе сабой досыць кароткі энцыклапедычны агляд гісторыі беларуска-малдоўскіх адносінаў, а таксама гісторыі Малдовы і расповед пра беларускую дыяспару ў Малдове з паданнем біяграфіяў малдоўскіх дзеячаў навукі і культуры беларускага паходжання і падрабязным пералікам палітычных, эканамічных і культурных падзеяў, якія маюць хоць нейкае дачыненне да беларуска-малдаўскіх адносінаў. Разам з тым, навуковы стыль выдання не заўсёды вытрымліваецца і досыць часта збіваецца на публіцыстычны і нават мастацкі: “Подзвігі воінаў розных нацыянальнасцей, здзейсненыя ў барацьбе з фашызмам[1], назаўсёды застануцца ў памяці ўдзячных нашчадкаў” (с. 61), “край чароўных легенд, казак, песень і цудоўных краявідаў – так успамінаюць Малдову […] Але галоўнае ў ёй – людзі” (с. 13), “З вышыні птушынага палёту бачацца ўзгоркі ад Прута да Днястра, вузенькія зморшчынкі рэк паміж імі, люстраныя гладзі азёраў, зялёныя вінаграднікі, золата кукурузных палёў, векавечныя гушчары з дубу, буку… Бацян на адной назе над страхой сялянскай хаты нагадвае родныя беларускія малюнкі” (с. 13) і г.д. Стылістычна тэкст вельмі неаднародны.

З першай жа ўводнай главы здзіўляе беднасць крыніц, на падставе якіх рабілася даследаванне. Што да крыніцаў па гісторыі беларуска-малдаўскіх адносінаў у сярэднявечны перыяд, то ў якасці такіх згаданы толькі “Літоўская Метрыка”, “Полное собрание русских летописей” (Том 35), “Кронікі” Длугаша і ўсё. Усе астатнія спасылкі – на другасныя крыніцы: манаграфіі, энцыклапедыі, зборнікі навуковых канферэнцыяў і папулярныя выданні па гісторыі абедзвюх краін. Цікавы падыход да выкарыстання крыніц дэманструецца ўжо на першых старонках кнігі, калі пры апісанні тэрыторыі гістарычнай Малдовы спасылка робіцца на выданне “Русские в Евразии XVII-XIX вв.” (Тула, 2008) і Малдаўскую Савецкую Энцыклапедыю (1970), у абзацы пра сучасны дэмаграфічны стан у Малдове аўтары адсылаюць чытача да артыкула ў Беларускай энцыклапедыі, а дадзеныя аб моўнай сітуацыі ўзятыя з “Очерка современного молдавского языка”, выдадзенага аж у 1967 годзе. Усе крыніцы па гісторыі і сучаснасці Малдовы выключна рускамоўныя, відаць, з прычыны недаступнасці для аўтараў літаратуры на румынскай мове. Гэта, несумненна, рэзка зніжае вартасць самога даследавання. Недаступная для аўтараў апынулася і літаратура на іншых замежных мовах: у кнізе прысутнічаюць толькі адзінкавыя спасылкі на выданні на ангельскай і польскай мовах. Крыніцы па эканамічных і культурных сувязях у асноўным датаваныя савецкім перыядам.

Гаворачы пра крыніцы, нельга не адзначыць і такую цікавую акалічнасць: распавядаючы пра міжнародныя адносіны найноўшага перыяду, аўтары кнігі шырока цытуюць мемуары апазіцыянера Пятра Краўчанкі, незалежную газету “Белорусский рынок” і незалежны навінавы рэсурс naviny.by, хаця тую ж інфармацыю, дзеля большай паліткарэктнасці, можна было ўзяць з сайту дзяржаўнай агенцыі БелТА.

Як ужо было адзначана, уводная частка кнігі дае агульную характарыстыку адносінаў і каментуе выкарыстаныя крыніцы. З пэўнай доляй неадабрэння аўтары канстатуюць той факт, што ў малдаўскіх крыніцах найноўшага часу стасункі Малдовы з суседнімі краінамі разглядаюцца “выключна з пункту гледжання “нацыянальных інтарэсаў”[2] земляў свайго рэгіёна” (с. 5). Таму для аўтараў не зусім зразумела, чаму экспансія ВКЛ у XIV-XV стст. у малдаўскіх тэкстах называецца экспансіяй ВКЛ, а не вызваленнем малдаўскіх земляў ад татараў. “…Такі мадэрнізаваны падыход часам прыводзіць аўтараў да парадаксальных высноў, накшталт “польска-літоўскай экспансіі XIV-XV стст., перыяду, калі дзякуючы Вялікаму княству Літоўскаму малдаўскія землі насамрэч пазбавіліся ад татарскага панавання” (с. 5). Далей Кошалеў з Папоўскай таксама з жалем канстатуюць, што практычна нідзе ў работах малдаўскіх аўтараў не тлумачыцца, што “згадваемыя імі “літоўцы” з’яўляліся нічым іншым, як славянскім (у большасці беларускім) зачынам гэтай дзяржавы (ВКЛ)”, і даюць спасылку на польскага даследчыка Лаўмяньскага.  Тут жа даецца стаўшы ўжо традыцыйным невялікі ўрок пра правільную назву беларускай дзяржавы, якая ў малдаўскіх даследаваннях называецца Белоруссіей (с. 6).

Увогуле ў рэцэнзуемай кнізе што да апісання старажытнага перыяду выразна прасочваюцца некалькі тэндэнцыяў: амаль поўнае атаясамленне ВКЛ з беларускай дзяржаўнасцю і інтэрпрэтацыя гістарычных падзеяў праз прызму вялікалітоўскіх нацыянальных інтарэсаў, апраўданне экспансіі ВКЛ у паўночнае прычарнамор’е вызваленнем жыхароў гэтых земляў ад татарскага панавання (прычым ніяк не аналізуюцца наступствы пераходу з адной залежнасці ў іншую для насельнікаў забраных тэрыторыяў), супрацьпастаўленне “міралюбнай і добрасуседскай палітыцы” ВКЛ у рэгіёне з варожай антымалдаўскай палітыкай Кароны Польскай.

Першая частка кнігі называецца “Знаёмства з Малдовай” і ўяўляе сабой кароткую даведку пра гісторыю, геаграфію, насельніцтва і эканоміку краіны. Апрача ўсяго іншага ў гэтай главе даецца тлумачэнне назвы краіны, якая нібыта паходзіць ад мянушкі сабакі (“Молда”) легендарнага князя Драгаша. Спасылкі на крыніцу, адкуль аўтары ўзялі гэтую легенду, не прыводзіцца. Пасля прачытання гэтае главы для “шырокага кола чытачоў” так і застанецца незразумелым, чым жа адрозніваюцца Малдова, Бесарабія і Румынія апрача назваў. Малдаўскай аўтаномнай савецкай рэспубліцы прысвечана два абзацы, якія адсылаюць чытача да кнігі “Советская Молдавия”, выдадзенай ў Ціраспалі ў 1938 годзе. У гэтай жа главе досыць нейтральна распавядаецца пра Прыднястроўскую малдаўскую рэспубліку (ПМР) і ўводзіцца тэрмін “расійска-савецкая цывілізацыя”. “Прыднястроўе, якое акумуліравала ў сабе сілы, арыентаваныя на існаванне ў арбіце расійска-савецкай цывілізацыі, прыступіла да стварэння ўласнай дзяржаўнасці, якая павінна была абараніць правы грамадзян гэтай часткі краіны на захаванне тых каштоўнасцей і норм, што засталіся ім блізкімі, нягледзячы на ўсе катаклізмы” (с. 25). Прыднястроўцы нідзе не называюцца сепаратыстамі, не падкрэсліваецца роля 14-й арміі ва ўзброеным канфлікце 1992 года, але гаворыцца пра паслядоўную лінію Беларусі ў прызнанні тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы і непрыняцці ПМР у Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі.

Ў другой главе пад назвай “Гістарычныя карані беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва” разглядаюцца міжнародныя адносіны ў рэгіёне, пачынаючы ад хрысціянізацыі ўсходнееўрапейскіх тэрыторыяў і да канца савецкай эпохі. Паколькі такі храналагічна вялізны перыяд разбіваецца яшчэ і на параграфы, прысвечаныя палітычным, эканамічным і культурным стасункам, то цяжка чакаць тут глыбокага аналізу пытанняў міжнародных адносінаў. Таму ў дадзенай главе ў храналагічным парадку пералічваюцца асноўныя больш-менш значныя палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі, якія закранаюць тэрыторыі тагачасных Малдовы і Беларусі і могуць разглядацца як праява міжнародных адносінаў і міжнароднай камунікацыі.

Уплыў Маскоўскай дзяржавы на беларускія і малдаўскія землі ў высокім Сярэднявеччы і пачатку Новага часу ацэньваецца ў цэлым негатыўна. Напрыклад, адзначаецца, што стаўка малдаўскіх гаспадароў на Расію ў сваім лавіраванні паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяў не спраўдзіліся – Расія пазней інкарпаравала малдаўскія землі без аніякага ўліку іх былой дзяржаўнасці (с. 46). У адрозненні ад Расійскай дзяржавы, Рэч Паспалітая паказана ў кнізе як станоўчая сіла ў адносінах да беларусаў і малдаван, яе характарызуюць як “магутную процівагу Расіі” (с. 47), “славутую дзяржаву” (с. 47). Хаця РП ужо не разглядаецца аўтарамі кнігі як выключна “свая” дзяржава.

Распавядаючы пра пачатак дзяржаўнага будаўніцтва ў 1917-1918 гадах, аўтары даюць выключна адмоўную ацэнку палітыцы бальшавікоў на заходніх ускраінах былой Расійскай імперыі. “Спробы самастойнага незалежнага нацыянальна-дзяржаўнага ўладкавання беларусаў і малдаван на дэмакратычных асновах сутыкнуліся з новаімперскімі камуністычнымі ідэямі бальшавікоў”, якія “кіраваліся ўтапічнымі і вельмі небяспечнымі праектамі” (с. 52). Дзевяць старонак кнігі прысвечана Вялікай Айчыннай вайне і супольнаму “змаганню з фашыстамі”, на якіх падрабязна пададзены арміі і дывізіі, ў складзе якіх ваявалі беларусы на тэрыторыі Малдовы і малдаване на тэрыторыі Беларусі з прозвішчамі камандзіраў і біяграфіямі асобных герояў.

Трэцяя  глава “На шляхах незалежнасці” апісвае найноўшы перыяд развіцця двухбаковых адносінаў пасля распаду СССР і набыцця краінамі дзяржаўнай незалежнасці. У гэтай главе таксама не заўважаны аналіз адносінаў, а прысутнічае храналагічны пералік афіцыйных візітаў, сустрэчаў, падпісаных дакументаў, выстаў, канцэртаў і інш.

У кнізе ўсімі сіламі аўтары стараюцца пазбегнуць ацэнак палітычных рэаліяў у Беларусі і Малдове, які паўплывалі на міждзяржаўныя стасункі. Яны стрымана зазначаюць, што “несупадзенне выбару Беларуссю і Малдовай знешнепалітычных вектараў і прыярытэтаў нярэдка вызначае асаблівасці падыходаў да шэрага пытанняў”. Адсюль і “скептычнае стаўленне” Кішынёва да праекту старэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і  Расіі і ўступленне Малдовы ў ГУАМ. Аднак прычыны такой рознасці геапалітычнага выбару аўтары лічаць за лепшае не тлумачыць.

У беларуска-малдаўскіх адносінах перыяду незалежнасці Кошалеў з Папоўскай вылучаюць два вялікіх перыяды: з 1991 да 2003 і з 2003 да сённяшняга дня. Першы перыяд яны характарызуюць як час, калі Малдова на знешнепалітычнай арэне падтрымлівала Беларусь, а другі перыяд распачаўся пасля таго, як Малдова ўзяла курс на еўрапейскую інтэграцыю, і з гэтага часу адносіны паміж дзвюма краінамі ахалоджваюцца. І зноў, прычыны такога знешнепалітычнага павароту Малдовы аўтары не тлумачаць. Але, разам з гэтым, робіцца цікавая заява: “для еўрапейскай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь, і ў геапалітычнай сітуацыі, што склалася, уваходжанне ў еўрапейскую цывілізацыйную прастору з’яўляецца не менш актуальнай перспектывай, чым для Малдовы” (с . 86). Што гэтым хацелі сказаць аўтары, да канца не зразумела, паколькі на гэтым пасажы раздзел пра палітычныя стасункі заканчваецца і здагадвацца чытачу тут ужо прыйдзецца самому. Ці дэкларавалі гэтым аўтары сваю прыхільнасць еўрапейскай інтэграцыі для Беларусі? Ці можа яны агучылі такім чынам пазіцыю беларускіх уладаў? Калі так, то на якой падставе і абапіраючыся на якія крыніцы?

У раздзеле, прысвечаным эканамічным стасункам, адзначаецца, што Беларусь, у адрозненні ад Малдовы абрала правільны эканамічны курс, пра што сведчыць “душавой узровень ВУП” (с. 106). Вялікую праблему для “мытных налагавікоў” (с. 106) складае нефармальная эканоміка і кантрабанда, але гэтае пытанне, паводле аўтараў, выходзіць за тэматычныя межы дадзенага даследавання.

У апошняй, чацвёртай, главе апісваецца жыццё беларускай дыяспары ў Малдове. Гэты раздзел больш за ўсе астатнія падобны да артыкула з даведніка. Аднак і тут ёсць з што зачапіцца воку. Напрыклад, у пастаронкавай зносцы даецца тлумачэнне хто такія Сапегі (с. 143). Пры тым, што ў анатацыі сцвярджаецца, што кніга разлічана на гісторыкаў. Або заўважаная аўтарамі дэмакратызацыя: “Уласцівыя Беларусі і Малдове працэсы дэмакратызацыі дзяржаўнай палітыкі […] будуць служыць трывалым залогам дабрабыту і камфортнага існавання беларускай абшчыны ў Малдове” (с. 149).

Высновы:

Кніга М. Кошалева і Т. Папоўскай змяшчае ў сабе багаты і цікавы факталагічны матэрыял па беларуска-малдаўскіх адносінах ува ўсіх сферах жыцця, пачынаючы са старажытных часоў і сканчаючы сённяшнім днём. Гэтая кніга, безумоўна, зацікавіць чытача, які хоча пазнаёміцца з гісторыяй Малдовы і атрымаць першапачатковыя веды па двухбаковых стасунках Беларусі і Малдовы. Але гэтая кніга не з’яўляецца навуковым даследаваннем і не адпавядае крытэрам, якія да яго прад’яўляюцца. І паводле зместу, і паводле стылю кніга нагадвае энцыклапедычны даведнік месцамі разбаўлены публіцыстычнымі разважаннямі і паэтычнымі вобразамі. Тым больш разгледжанае выданне не з’яўляецца поўнай і вычарпальнай крыніцай інфармацыі па ўсім спектры беларуска-малдаўскіх дачыненнях. Хутчэй гэта першая спроба акрэсліць адносна новы для беларускай гістарычнай навукі накірунак даследаванняў.

Друкуецца паводле: Дзяніс Мельянцоў. Спроба комплекснага апісання дачыненняў Беларусі з Малдоваю. //Палітычная сфера. Эліты і нефармальная палітыка, #13 2010

 


 

[1] У кнізе аўтары не адрозніваюць нямецкі нацызм і італьянскі фашызм.

[2] У тэксце кнігі словазлучэнне “нацыянальныя інтарэсы” ўзята ў двукоссі.

 

palityka.org