Водгук на прадмову А. Катлярчука да «літоўскага» ARCHE.

Чытаньне прадмовы ня толькі выклікае расчараваньне спосабам падаваньня інфармацыі і інтэрпрэтацыяй паасобных фактаў, але і адбівае жаданьне знаёміцца з гэтым беларуска-летувіскім супольным праектам.

У сваіх навуковых зацікаўленьнях нам даводзіцца наўпростава сутыкацца як зь літаратурай, напісанай летувіскімі аўтарамі, так і зь першакрыніцамі, што тычацца праблематыкі як ВКЛ, так і сучасных Беларусі і Летувы. Таму літуаністыка ў шматлікіх ейных інтэрпрэтацыях, што залежаць ад той ці іншай гістарычнай школы, ёсьць нам добра знаёмай тэмай.

Варта адцеміць, што супраца паміж навукоўцамі розных краінаў ёсьць карыснай і абсалютна неабходнай рэччу. Аднак, пытаньне ў тым, як гэтая супраца падаецца шэраговаму чытачу. Прадмова Андрэя Катлярчука мела на мэце прадставіць беларускаму чытачу нумар часопісу Arche з артыкуламі прадстаўнікоў сучаснай гістарычнай думкі Летувы, краіны, гісторыя якой шчыльна павязаная зь Беларусьсю. Але чытаньне прадмовы ня толькі выклікае расчараваньне спосабам падаваньня інфармацыі і інтэрпрэтацыяй паасобных фактаў, але і адбівае жаданьне знаёміцца з гэтым беларуска-летувіскім супольным праектам.

У гэтым водгуку на прадмову Катлярчука мы засяродзімся на падачы аўтарам шэрагу гістарычных фактаў і на высновах, якія ён на іх падставе робіць. Водгук будзе складацца з пунктаў, якія будуць рабіцца на падставе зьместу прадмовы, пачынаючы ад яе пачатку.

1. Пачнем з таго, што Катлярчук сьцьвяржае, што «літоўцы стваралі гістарычную навуку ў межах уласнай дэмакратычнай дзяржавы». Так, безумоўна, у адрозьненьні ад беларусаў, у міжваенныя часы летувісы жылі ва ўласнай нацыянальнай дзяржаве, але вельмі дзіўна чуць ад прафэсійнага гісторыка пра ейны дэмакратычны характар. Нягледзячы на абвешчаную 18 лютага 1918 году незалежнасьць Летувы, прызаньне маладой рэспублікі «вялікімі дзяржавамі» не было імгненным. Так, Летува стала чальцом Лігі Нацыяў 22 верасьня 1921 году, не зьяўляючыся дэ-юрэ прызнанай дзяржавамі-саюзьніцамі, [1] [2]  дэ-юрэ прызнанье якіх чакала Летуву толькі 20 сьнежня 1922 году [3]. Таму, пра існаваньне Летувы як паўнавартаснай міжнародна прызнанай дзяржавы можна казаць толькі з 1921, калі не з 1922 году. Акрамя таго, у Летуве «ў 1926 годзе адбыўся дзяржаўны пераварот, які ператварыў краіну ў аўтарытарную дыктатуру, што праўда, даволі  памяркоўнага характару» [4]. Як з пункту гледжаньня паліталёгіі, так і з пункту гледжаньня права, аўтарытарная дыктатура апрыёры ня можа быць дэмакратыяй. Вось чаму, аналізуючы міжваенную летувіскую дзяржаўнасьць, мы можам казаць максымальна пра 4-5 гадоў адноснай дэмакратыі. Таму мы можам сьмела сьцвярджаць, што летувіская гістарычная школа часоў першай ЛР цалкам абслугоўвала інтарэсы недэмакратычнай дзяржавы зь ейнымі экспансіянісцкімі памкненьнямі датычна ўсталяваньня кантролю над Віленскім краем [5].  У гэтым пытаньні палітыкі тагачаснай ЛР наўпростава зьвярталіся да гісторыі, сьцвярджаючы, што «гістарычныя «правы» і гістарычная прыналежнасць мусяць вызначаць цяперашнюю прыналежнасць» [6]. Яшчэ ў 1929 годзе гэта паказаў галяндзкі юрыст Райнэр Флаэс, адцеміўшы, што «летувіскі ўрад падкрэсліваў, што калі горад Вільня быў сталіцай старога Вялікага княства Літоўскага, ён мусіць стаць ядром новай [летувіскай] дзяржавы. Адзін ўжо гэты факт мусіць быць вырашальным» [7].

2. Неразуменьне выклікае і пасаж шаноўнага гісторыка пра тое, што «супраца менскіх і ковенскіх калегаў была немагчымай, бо Літва ўважалася ворагам СССР». Магчыма, можна насамрэч казаць пра абмежаваную ступень супрацы паміж менскімі і ковенскімі гісторыкамі, але вельмі сумнеўным выглядае тлумачэньне такой сытуацыі праз варажэчу паміж краінамі, асабліва калі паглядзець на праблему зь юрыдычнай пэрспэктывы. Нагадаем, што 12 ліпеня 1920 г. ўрад Леніна быў другой пасьля Нямеччыны істотнай сілай, што дэ-юрэ прызнала незалежнасьць Летувы, а Мірная бальшавіцка-летувіская дамова, падпісаная ў гэты ж дзень, істотна падмацавала пазыцыю Летувы на міжнароднай арэне [8], што было асабліва важна ва ўмовах адсутнасьці прызнаньня з боку дзяржаваў-саюзьніцаў. Нагадаем, што згодна з гэтай дамовай, урад Леніна пакідаў за летувісамі ня толькі Вільню, але і Горадню, Ліду, Ашмяны і Браслаў. Не абмяркоўваючы тут пытаньне легітымнасьці бальшавіцкага і летувіскага бакоў на падзел беларускіх тэрыторыяў, што варта, пэўна, цэлага юрыдычнага артыкулу, мы зьвернемся да далейшых міжнародных дамоваў, заключаных паміж ўжо СССР і Летувой. Так, у Савецка-летувіскай дамове аб ненападзе і нэўтралітэце, падпісанай 28 верасьня 1926 г., «СССР пацьвердзіў, што ўсе палажэньні Маскоўскай мірнай дамовы 1920 г. зь Летувой застаюцца дзейнымі» [9]. Гэтаксама і Дамова аб перадачы Летувіскай Рэспубліцы гораду Вільні і Віленскай вобласьці і аб ўзаемадапамозе паміж Савецкім Саюзам і Летувой ад 10 кастрычніка 1939 г. пры ўсіх «асаблівасьцях» яе заключэньня ў сваёй прэамбуле пацьвярджала, што абедзьве вышэй згаданыя дамовы ёсьць трывалым грунтам дзеля ўзаемных савецка-летувіскіх дачыненьняў і абавазальніцтваў. Вось чаму, ужо толькі назвы савецка-летувіскіх дамоваў могуць сьведчыць пра тое, што СССР не ўважаў Летуву за ворага, і што дачыненьні дзьвюх краінаў, пачынаючы з 1920 году, былі ня толькі мірнымі, але і прынамсі нэўтральнымі.

3. Цалкам слушна апісваючы зьнішчэньне беларускай гуманітарнай навукі, у тым ліку гістарычнай школы, у савецкія часы, Катлярчук сьцвярджае, што «далучаная да СССР пазьней Літва пазьбегла татальнага зьнішчэньня гуманітарных кадраў і здолела ў 1945—1991 гг. працягваць традыцыі навуковай школы пэрыяду незалежнасьці, хай сабе і ў моцна абмежаваных марксісцкай дагматыкай рамках.» Чаму так сталася, Катлярчук не дае адказу. На нашу думку, розьніца ў часе далучэньня да СССР ня мела б такой істотнай ролі, калі б усе рэспублікі аднолькава трактаваліся Масквой. Насамрэч, Летуве, як Латвіі і Эстоніі, было дазволена мець унівэрсытэт на тытульнай мове [10]. Гэты летувіскамоўны Віленскі ўнівэрсытэт хутка стаў «раем для бальтыйскіх дасьледаваньняў» [11]. Аднак, у адрозьненьні ад Рыгі, Таліну ці Менску, куды ехала працоўная сіла з усяго Саюзу, Масква дазволіла Летуве літуанізацыю Вільні, у выніку чаго горад стаў набываць летувіскае аблічча. Як бачым, у савецкія часы Летува займала выключнае становішча сярод усіх эўрапейскіх саюзных рэспублікаў, маючы больш магчымасьцяў дзеля разьвіцьця нацыянальнага жыцьця, чым якая-кольвек зь іх. Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр тлумачыць гэта кампрамісамі паміж з аднаго боку Масквой і летувіскімі камуністамі, а з другога боку – летувіскай кампартыяй і інтэлігенцыяй [12]. Аднак, Снайдэр не дае адказу, чаго каштавала Летуве такое адмысловае становішча, і не называе прычынаў асаблівай прыязнасьці Масквы да Летувы. Бадай што, аб’ектыўнае навуковае  дасьледаваньне на гэтую тэму магло б скласьці цэлую кнігу. Такім чынам, беларусам даводзілася толькі марыць пра тыя ўмовы для нацыянальнага і навуковага жыцьця, якія мела за Саветамі Летува. Пра гэтую розьніцу, хоць і сьцісла, шаноўны гісторык Катлярчук мусіў бы напісаць у сваёй прадмове. Замест гэтага, ад чытаньня ягонага тэксту складаецца ўражаньне, што гэта беларусы самі вінаватыя ў тым, што нашая нацыянальная гістарычная школа за савецкім часам апынулася ў такім заняпадзе.

4. Шаноўны спадар Катлярчук, апісваючы факусаваньне беларускіх савецкіх гісторыкаў на гісторыі КПСС замест, здавалася б, натуральнага вывучэньня гісторыі роднага краю, кажа, што «пасьля разбурэньня каляніяльнай сыстэмы ў Афрыцы і Азіі падобнай сытуацыі не было нідзе ў сьвеце». Такім чынам, аўтар наўмысна ці міжволі параўноўвае Беларусь з краінамі Азіі і Афрыкі. Ужо сам такі падыход выклікае пытаньні дзеля падставаў для такога параўнаньня. Пэўна, ня трэба нікому даводзіць, што ў краінах Афрыкі, а таксама і шмат дзе ў Азіі, адміністрацыйныя межы не адпавядалі ані межам этнічным, ані гістарычным. Гэта часта прыводзіла да таго, што ў межах адной афрыканскай краіны апынаўся канглямэрат розных народнасьцяў, найбольшая зь якіх добра калі складала траціну насельніцтва, а нейкая буйная народнасьць зазвычай магла апынуцца падзеленай паміж дзьвюма такімі дзяржавамі. Вось чаму, практычна ў кожнай афрыканскай краіне паўставала неабходнасьць стварэньня адзінай нацыі з гэтага пярэстага канглямэрату народнасьцяў. У СССР жа кожная тытульная этнічная група саюзнай рэспублікай лічылася нацыяй і беларусы тут не былі выняткам. Таму, любое параўнаньне Беларусі зь якой-кольвек афрыканскай ці азіяцкай пост-каляніяльнай краінай – абсалютна няслушнае і мэтадалягічна хібнае.

5. Далей Катлярчук даводзіць, што «акурат тады [т.б. у савецкія часы] нечужы нам Віленскі край у сьвядомасці большасьці беларусаў стаўся часткай далёкай культурна Прыбалтыкі». Хочацца задаць аўтару пытаньне, калі гэты край нам нечужы, як ён можа быць часткай нечага іншага ў нашай сьвядомасьці? Гэта раўназначна таму, каб забыцца, выракчыся ўласнай гісторыі. Насамрэч, слушна было б сказаць пра тое, што беларусы не забыліся на Вільню, ня выкінулі яе з сваёй сьвядомасьці, а адно, магчыма, сталі часам трошкі няслушна ўспрымаць ролю Гораду для беларускай нацыі. Паводле Катлярчука, аднак, хутчэй атрымліваецца, што беларусы мусяць адмовіцца ад ўспрыняцьця Вільні як чагосьці свайго блізкага, роднага. Чытаючы шаноўнага гісторыка, складаецца ўражаньне, што ён ня бачыць нічога дрэннага ў тым, каб беларусы пачалі ў мэнтальным і культурным кантэксьце ўспрымаць Вільню як частку летувіскай культуры. У зьвязку з гэтым, спадару Катлярчуку хочацца нагадаць словы Вітаўта Тумаша, пра тое, што «пісаць гісторыю беларускага народу ды без гісторыі нацыянальна-духовага цэнтру краю, сталічнае Вільні, гэта такая ж недарэчнасьць, як калі б нехта пробаваў пісаць гісторыю старажытнае Грэцыі ды без гісторыі Афінаў».

6. Спадар Катлярчук кажа пра міт ««беларускай дзяржавы ВКЛ», які паўстаў на падставе «аматарскіх тэкстаў настаўніка літаратуры Міколы Ермаловіча». Такая заява гучыць  ня толькі дзіўна, але і абразьліва, ствараючы ўражаньне пра тое, што шаноўны аўтар лічыць канцэпцыю беларусацэнтрычнага бачаньня гісторыі ВКЛ няслушнай, а ейных апалягетаў – непрафэсіяналамі. Акрамя таго, калі падзяляць дасьледчыкаў гісторыі на «прафэсіяналаў» і «аматараў» паводле Катлярчука, атрымліваецца, што ўсе асобы без вышэйшай гістарычнай адукацыі аўтаматычна будуць запісаныя ў катэгорыю «аматараў» – юрысты, палітолягі, літаратура- і мастацтвазнаўцы, тэолягі і г.д. Таму, хочацца зьвярнуць увагу спадара Катлярчука на тое, што сьветлай памяці Мікола Ермаловіч быў ня толькі настаўнікам мовы і літаратуры, але і меў вышэйшую пэдагагічную адукацыю. Ня думаем, што камусьці варта нагадваць пра тое, што як ў савецкія часы, так і цяпер школьны курс літаратуры – як беларускай, так і расейскай – уключаў у сябе таксама і вывучэньне твораў старажытнай літаратуры. Вывучэньне ў школе падобных тэмаў вымагае ад настаўніка літаратуры таксама добрых ведаў гістарычнай факталёгіі, якая згадваецца ў творы а таксама і гістарычнага кантэксту, у якім гэты тэкст быў напісаны. Зьяўляючыся прафэсыйнім выкладчыкам літаратуры, Ермаловіч меў усе падставы на тое, каб займацца аналізам падобных твораў старажытнай літаратуры, якімі зьяўляюцца летапісы і іншыя дакумэнты, на якія зазвычай спасылаюцца гісторыкі. Адзіная «хіба» Ермаловіча палягае ў адсутнасьці ў яго гістарычнай адукацыі, аднак, ягоная пэдагагічная адукацыя ў сфэры літаратуразнаўства напоўніцу кампэнсуе гэтую лякуну.

7. Далей Катлярчук цьвердзіць, што апалягеты Ермаловіча характарызуюць ВКЛ як беларускую дзяржаву, «адмаўляючы этнічным літоўцам у праве на спадчыну ВКЛ і заціскаючы іх у межы Жамойці». Па-першае, адмаўляць летувісам ў іх праве на частку спадчыны ВКЛ было б абсалютна недарэчна, бо гэтая этнічная група была адной з складовых частак шматэтнічнага ВКЛ. Пытаньне, аднак, у тым, хто такія сучасныя летувісы і якая роля ў ВКЛ належала іх продкам. Калі зьвярнуцца да сучаснай Канстытуцыі Летувы, мы пабачым, што ў яе Прэамбуле падкрэсьліваецца, што менавіта летувіскі народ «шмат вякоў таму стварыў Летувіскую дзяржаву» і што «яго  [народу]  праўны фундамэнт грунтуецца на [сярэднявечных] Літоўскіх Статутах», а ў арт. 17 напісана, што «сталіцай Летувіскай дзяржавы з’яўляецца горад Вільня – шматвекавая гістарычная сталіца Летувы» [13]. Усе гэтыя палажэнні грунтуюцца на «гістарычных правах», а ў цэнтры ўсёй канцэпцыі знаходзіцца паняцьце народ (па-летувіску: tauta). Такім чынам, на падставе «гістарычных правоў летувіскага народу» сучасная Летувіская дзяржава прадстаўляе сябе ў якасці адзінай праваспадкаемцы Вялікага княства Літоўскага, а сучасных летувісаў народам, цалкам тоесным літвінам ВКЛ [14]. Больш за тое, аналіз гэтых палажэньняў Канстытуцыя дазваляе сказаць, што афіцыйнымі ўладамі нашай суседкі ВКЛ –  як і сучасная ЛР – разглядаецца як летувіская нацыянальная дзяржава. Зьвяртаючыся, аднак, да значэньня слова народ (tauta)  у летувіскай мове і вылучыўшы такім чынам тры ключавыя словы дзеля аналізу адпаведнасьці паміж літоўскай нацыяй ВКЛ і летувіскай нацыяй ЛР – тэрыторыя, мова і культура – мы можам прыйсьці да высновы, што  трактаваньне гістарычнай ролі летувіскага народу, якое прапануе Канстытуцыя ЛР, зьяўляецца больш чым спрэчным, а  летувіская нацыя ЛР ня ёсьць эквівалентнай літоўскай нацыі ВКЛ у аніводным з гэтых трох кампанэнтаў [15]. Вось чаму, нельга казаць пра дзяржавастваральную ролю і  дамінуючае становішча  балцкай летувіскай меншасьці ў ВКЛ.

8. Асаблівага разгляду вартае пытаньне Жамойці і ейных межаў, пра якія згадвае спадар Катлярчук у прадмове, а таксама ў сваім эсэі «Падарожжа ў сэрца Літвы», на які ён спасылаецца. Элемэнтарнае знаёмства з крыніцазнаўствам, лінгвістыкай і гісторыяй давядзе, што шаноўны спадар Катлярчук ня бачыць і не разумее істотнай розьніцы як паміж сучаснай і гістарычнай Жамойцю, так і паміж сучаснай жамойскай мовай (ці гаворкай) і гістарычнай пісьмовай жамойцкай мовай. Сёньняшняя Жамойць – адзін з этнаграфічных рэгіёнаў Летувы –  ня ёсьць ані палітычнай, ані адміністрацыйнай адзінкай. Аднак, нягледзячы на гэткі статус, падзел ёйныя межы былі зацьверджаныя на афіцыйным узроўні [16]. Дастаткова зірнуць на мапу, каб зразумець, што сучасная Жамойць нашмат меншая, чымся Жамойць гістарычная, што выступае на гістарычнай арэне як асобная палітычная адзінка з акрэсьленымі межамі. Пад Жамойцю гістарычнай можна разумець дзьве адзінкі – адміністрацыйную – Жамойцкае стараства – і касьцельную – Жамойцкае біскупства. Як вядома, канчаткова стаўшы часткай ВКЛ толькі ў 1411 годзе,  Жамойць у 1413 годзе на падставе прывілею Вялікага князя Вітаўта Жамойць атрымала статус аўтаноміі, што было пацьверджана ў 1441 г. Казімірам Ягайлавічам. Такім чынам, Жамойць стала самакіравальнай тэрыторыяй, пазьней вядомай як Жамойцкае стараства [17], а ейны статус сёньня б значыў сувэрэнітэт у межах Вялікага княства Літоўскага [18]. Жамойцкае стараства заставалася асобнай адміністрацыйнай адзінкай з дакладна акрэсленымі межамі цягам усяго далейшага існавання ВКЛ аж да 1795 г. У сваю чаргу, усходняя мяжа Жамойцкай дыяцэзіі ня цалкам адпавядала палітычнай мяжы Літвы і Жамойці, ахопліваючы, сярод іншага, напрыклад, частку суседняга з Жамойкім стараствам Упіцкага павету Троцкага ваяводзтва [19]. Акрамя таго, кажучы пра Кейданы, якія Катлярчук згадвае ў сваім эсэі «Падарожжа ў сэрца Літвы» як прыклад летувіскасьці, варта зазначыць, што гэты горад быў аб’ектам спрэчкі паміж віленскай і жамойцкай дыяцэзіяй і жамойцкія біскупы трактавалі Кейданы як частку іх дыяцэзіі [20]. Пакінуўшы пытаньні дачыненьняў жамойцкай і летувіскай моваў для наступнага пункту, мы зробім тут дзьве высновы. Па-першае, гістарычная Жамойць займала тэрыторыю большую, чым сучасны этнаграфічны рэгіён Летувы з гэткай жа назвай. Па-другое, у рэлігійным, а г.зн. і ў культурным, кантэксьце тэрыторыя Жамойці выходзіла па-за межы Жамойцкага стараства, ахопліваючы частку Троцкага ваяводзтва, у тым ліку і Кейданы.

9. Тут мы разгледзім, што такое жамойцкая мова і якое дачыненьне яна мае да сучаснай летувіскай, а таксама прааналізуем выказваньне Катлярчука пра тое, «што літоўскія кнігі масава друкаваліся ў ВКЛ, прычым з канца XVII — у XVIII ст. яны ўжо пераўзыходзілі накладамі друкаваныя выданьні на старабеларускай мове. Мова гэтых кніг называлася «літоўскай», і на гэтай мове пісаліся афіцыйныя акты ВКЛ – між іншым, Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 траўня 1792 г.». Такім чынам, у памянёным эсэі «Падарожжа ў сэрца Літвы» кажучы пра летувіскую мову, Катлярчук падкрэсьлівае тое, што «межы гістарычнага Жамойцкага староства не супадаюць зь межамі жамойцкага дыялекту, які пачынаецца далёка на поўнач ад Кейданаў», з чаго робіць выснову, што ў Кейданах гавораць па-летувіску, а не па-жамойцку і прыводзіць прыклад колішняга бурмістра Сьцяпана Цялегі. У такі спосаб шаноўны гісторык абсалютна няслушна блытае сучасную жамойцкую мову (ці гаворку) і пісьмовую мову Жамойцкага стараства. Каб высьветліць гэтую розьніцу, зьвернемся да аўтарытэтнага летувіскага лінгвіста Зігмаса Зінкявічуса. Паводле Зінкявічуса, «куршскі субстрат меў асабліва моцны ўплыў на фармаваньне сучаснай жамойцкай гаворкі» [21]. Такім чынам, сучасная жамойцкая гаворка даволі істотна адрозьніваецца ад літаратурнай летувіскай мовы, а таму яе часам вылучаюць у якасьці асобнай мовы. Што ж такое жамойцкая пісьмовая мова? Паводле Зігмаса Зінкявічуса, у ВКЛ «былі спробы стварэньня не адной, але дзьвюх пісьмовых моваў, адной – для гістарычнай Літвы [тут у значэньні «Летува»] (усходні варыянт), а іншай – для жамойтаў (цэнтральны варыянт)» [22]. Такім чынам, адносна блізкі да ўжыванай у Прусіі летувіскай мовы, цэнтральны варыянт быў традыцыйнай мовай былых Жамойцкага стараства і дыяцэзіі, а ягоным ініцыятарам і найвыбітнійшым прадстаўніком быў Мікалай Даўкша [23]. Гэтым самым варыянтам мовы паслугоўваўся і вышэй згаданы кейданскі бурмістр Сьцяпан Цялега [24]. Усходні ж варыянт летувіскай пісьмовай мовы, што, паводле Зінкявічуса, грунтаваўся на прывіленскіх дыялектах, цалкам зьнік у пачатку XVIII стагодзьдзя (1705) [25]. «З тае прычыны, што летувіская мова шырока ўжывалася сярод дробнай шляхты Жамойцкай дыяцэзіі і цэнтральны варыянт пісьмовай мовы, які называлі «жамойцкай мовай», добра асталяваўся, паняцьці «летувіскі» і «жамойцкі» задзіночыліся» [26]. Тут трэба таксама зацеміць, што «розньніца паміж старалетувіскай мовай XVI стагодзьдзя і сучаснай летувіскай мовай – ня надта вялікая» [27]. Таму, тое што мы сёньня называем летувіскай мовай (Lietuvi? kalba) ёсьць нічым іншым як працягам старой жамойцкай пісьмовай мовы, якая называецца «літоўскай» (у значэньні летувіскай) толькі паводле імя.

Зараз разгледзім пытаньне статусу летувіскай мовы ў ВКЛ і кнігадрукаваньня на ёй. Па-першае, «летувіская мова цягам стагоддзяў не была мовай палітыкі» [28]. Насамрэч, палітычная, эканамічная, сацыяльная і культурная сытуацыя ў ВКЛ не была прыхільнай да летувіскай мовы, якая была загнаная «ў ніжэйшую клясу ва ўласнай айчыне» [29]. Напрыклад, «вялікія князі літоўскія ніколі не друкавалі кнігаў на летувіскай мове» [30]. Больш за тое, паводле Зінкявічуса, «для летувіскай мовы сытуацыя была катастрафічнай, ёй не давалі разьвівацца, выштурхоўвалі з агульнага ўжытку ды й друкаваць пісьмовыя тэксты па-летувіску было цяжка» [31]. Пэўна таму, летувіскія навукоўцы стала падкрэсліваць «адзінства арэалу летувіскай мовы праз праз палітычную мяжу паміж ВКЛ і Прусіяй» [32]. Сапраўды, «летувіскія граматыкі і слоўнікі доўгі час [аж да канца XVIII стагоддзя] друкаваліся выключна ў Прусіі» [33]. У той жа час, нягледзячы на тое, што ад 1697 г. польская мова «стала афіцыйнай мовай ВКЛ», беларуская мова захавала «статус лінгва франка ці койнэ аж да канца існавання Рэчы Паспалітай» [34]. У сваю чаргу, «перасьледаваная стагодзьдзямі летувіская мова, упершыню за сваю гісторыю атрымала статус дзяржаўнай» толькі ў першай ЛР (т.б. у 1918 годзе) [35]. Таму, развагі Катлярчука аб масавым друкаваньні летувіскіх кнігаў ў ВКЛ і публікацыі  дзяржаўных дакумэнтаў на гэтай мове – цалкам беспадстаўныя. Варта толькі дадаць колькі словаў пра летувіскі тэкст Канстытуцыі 3 траўня 1791 году (а не 1792 як піша Катлярчук!). Як вядома, арыгінал дакумэнту быў напісаны па-польску. Калі параўнаць польскі рукапіс арыгіналу і летувіскі рукапіс «перакладу» (а абодва дакумэнты можна ў дыгітальным выглядзе знайсьці ў інтэрнэце), то можна пабачыць наступнае: летувіскі тэкст ня мае аніякіх подпісаў, пячатак, нумароў у загалоўках артыкулаў Канстытуцыі і сканчваецца польскай фразай «да гэтага месца прагледжана і выпраўлена». Хочацца запытацца спадара Катлярчука, хіба сур’ёзны спэцыяліст можа такі нават натарыяльна незасьведчаны рукапіс, зроблены невядома калі і невядома кім, назваць «афіцыйным актам ВКЛ»? Таму, можна зрабіць выснову, што выкарыстаньне летувіскай мовы на афіцыйным узроўні абмяжоўвалася максымальна мясцовым узроўнем, а тыя «афіцыйныя акты ВКЛ» на летувіскай мове, пра якія кажа Катлярчук, ёсьць у лепшым выпадку натарыяльна засьведчанымі перакладамі. Акрамя таго, апісваючы пытаньне статусу моваў у ВКЛ, нельга таксама забывацца на нэгатыўныя дэмаграфічыныя зьмены ў краіне, выкліканыя амаль бесьперапыннымі вайсковымі дзеяньнямі на беларускіх землях ВКЛ пачынаючы з другой паловы XVII стагоддзя, а аналізуючы прыняцьце Канстытуцыі Трэцяга траўня варта памятаць, што на той момант значная частка беларускіх земляў ужо была захопленая Расейскай Імпэрыяй, што істотна зьмяніла нацыянальны склад насельніцтва краіны.

10. Далей спадар Катлярчук кажа пра тое, што «пасьля атрыманьня незалежнасці абедзьве краіны рухаліся ў бок дэмакратыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў»,  а «лагодны палітычны клімат спрыяльна адбіваўся на кантактах гісторыкаў суседніх краінаў», аднак пасьля ўсталяваньня цяперашняй беларускай улады «практычна ўсе сумесныя навуковыя ініцыятывы замарозіліся». Такая заява выглядае прынамсі дзіўна, калі прааналізаваць палітычныя стасункі паміж Беларусьсю і Летувой ў першай палове 1990-х. Нагадаем, што нягледзячы на тое, што краіны прызналі адно адную ўжо ў 1991 годзе, да 1994 году «двухбаковыя дачыненьні не адрозьніваліся вялікай інтэнсыўнасьцю і нейкімі адмысловымі дасягненьнямі» [36]. Больш за тое, Летува была адзінай нашай суседкай, да якой ужо незалежная Беларусь высоўвала афіцыйныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Так, 24 лютага 1992 году на сустрэчы з прадстаўнікамі Эўрапейскіх супольнасьцяў тагачасны міністар замежных справаў Пятро Краўчанка заявіў пра неабходнасьць на міжнародным узроўні ўзьняць пытаньне перагляду беларуска-летувіскай мяжы. Пра гэта апэратыўна напісалі вядучыя замежныя СМІ, такія як, напрыклад, The New York Times [37]. Прэтэнзіі афіцыйнага Менску адбіліся на эканамічных дачыненьнях паміж дзьвюма краінамі. Таму, можна зрабіць выснову, што з-за тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Віленшчыну і Вільню Беларусь «магла вырашыць адмовіцца ад сьціслых эканамічных стасункаў» зь Летувой, што выявілася ў рашэньні выкарыстоўваць польскі порт Гдыню, замест бліжэйшай летувіскай Клайпэды [38]. А вось рэактывацыя двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Летувы нашмат зьвязаная зь абраньнем Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, што праявілася ўжо ва ўдзеле прадстаўнікоў летувіскіх уладаў у ягонай інаўгурацыі, а таксама ў візыце беларускага кіраўніка ў Летуву ў лютым 1995 году [39].

Акурат у часе таго візыту былі падпісаныя дзьве дамовы «Аб супрацы і добрасуседстве» і «Аб дзяржаўнай мяжы паміж Летувой і Беларусьсю», што дазволіла упершыню ў гісторыі   ўсталяваць паміж дзьвюма дзяржавамі мяжу, якая б юрыдычна прызнавалася абодвума бакамі і зьняць шмат цяжкіх тэрытарыяльных пытаньняў, якія тычыліся савецкіх часоў [40]. З гэтага можна зрабіць выснову, адваротную той, якую робіць Катлярчук – у пачатку 1990-х дэмакратычная Беларусь ня толькі не цікавіла Летуву, але і ўяўляла пагрозу ейнай тэрытарыяльнай цэласьці. На той момант, калі шмат якія заходнія краіны выказвалі занепакоенасьць абраньнем Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Беларусі і ўсталяваньнем у краіне аўтарытарызму, афіцыйная Летува, якая зараз заяўляе пра недэмакратычнасьць беларускага рэжыму і падтрымку беларускай апазыцыі, зрабіла ўсё, каб інтэнсыфікаваць двухбаковыя беларуска-летувіскія стасункі. Вось чаму Летува нясе частку адказнасьці за тое, што, пачынаючы з 1994 году, «беларуская гістарычная супольнасьць пагружалася разам з усёй краінай у цемру міжнароднай ізаляцыі» з усімі тымі наступствамі, пра якія распавядае Катлярчук.

11. Апошняе, на што хочацца зьвярнуць увагу ў гэтым водгуку – міжнароднае стаўленьне да працаў беларускіх і летувіскіх гісторыкаў. Пытаньне палягае ў тым, чаму аб’ектыўнасьць  якога-кольвек «беларускацэнтрычнага» артыкулу датычна праблематыкі ВКЛ, што закранае і на сёньня вострыя пытаньні падзелу ягонай спадчыны, адразу ставіцца пад сумнеў, нават калі кожны сказ пацьверджаны фактамі і спасылкамі. У той жа час, «летувісацэнтрычныя» творы абсалютна не выклікаюць пытаньняў ані наконт мэтадалёгіі, ані наконт трактаваньня фактаў. Прыкладам можа быць вядомая «Гісторыя Летувы» Эдвардаса Гудавічуса, якая ў 2009 годзе таксама вышла ў ангельскім перакладзе ў выдавецтве Alphascript Publishing. Пра тое, як гіпотэзы Гудавічуса становяцца «неабвержнымі фактам» пераканаўча калісьці выказаўся Алесь Краўцэвіч – спачатку гіпотэзы Гудавічуса друкаваліся ў акадэмічных выданьнях, праз, скажам, 10 гадоў яны станавіліся распаўсюджанымі тэорыямі, яшчэ празь 10 – неабвержнымі фактамі, а тое, што гэтыя «неабвержныя факты» ёсьць практычна ніколі непацьверджанымі гіпотэзамі – ніхто ня ведае [41]. Тым ня менш, на такія творы летувіскіх аўтараў, як Гудавічусава «Гісторыя Летувы», актыўна спасылаюцца міжнародныя навукоўцы, ня ставячы пад пытаньне звычайныя падтасоўкі фактаў, якія могуць у іх сустракацца. Чым такія мэтады «прафэсійнай канцэпцыі» Гудавічуса лепшыя ад «аматарскіх тэорыяў» Ермаловіча, якога, пры ўсіх ягоных хібах, аніяк ня можна абвінаваціць у маніпуляцыі фактамі? Аднак, тут трэба пагадзіцца з Алесем Краўцэвічам наконт таго, што ў Летуве «гістарычная навука — частка дзяржаўнай ідэалёгіі», а таму пры падтрымцы Летувіскай дзяржавы, тамтэйшыя гісторыкі маюць шырокія магчымасьці ў прасоўваньні сваіх канцэпцыяў навонкі [42]. Беларуская ж гістарычная школа замест таго, каб рэагаваць на такую прапаганду суседа і аргумэнтавана прасоўваць беларускае бачаньне праблемы, ёсьць абцяжараная комплексам памяркоўнасьці і жаданьнем нікога не пакрыўдзіць. Яскравым прыкладам такога стаўленьня беларускіх гісторыкаў зьяўляецца згаданы Катлярчуком Генадзь Сагановіч, які сёньня займае стаўку для дасьледчыка беларускай спадчыны ВКЛ пры Інстытуце гісторыі Летувы. Дастаткова пагартаць працы Сагановіча з 1990-х і параўнаць іх з сучаснымі, каб пераканацца ў якаснай зьмене танальнасьці ў апісаньні паасобных фактаў гістарычнай спадчыны ВКЛ.

Такім чынам, усе прыведзеныя тут аргумэнты сьведчаць пра адное – шаноўны спадар Катлярчук у прадмове да «літоўскага» нумару Arche няслушна і небесстаронна, а таму цалкам непрафэсійна, трактуе паасобныя факты зь гісторыі ВКЛ. Гэта праяўляецца і ў заяве шаноўнага гісторыка пра тое, што Летува «цягам сваёй 1000-гадовай гісторыі шчыльна павязаная зь Беларусьсю». У зьвязку з гэтым хочацца нагадаць спадару Катлярчуку пра тое, што ў Квэдлінбурскай хроніцы згадваецца Litua (у форме роднага склону Litue), а не Lietuva, як чамусьці пазначана на вокладцы часопісу зь лягатыпам сьвяткаваньня 1000-годзьдзя гэтай даты ў Летуве, і што вельмі хісткімі і бяздоказнымі выглядаюць аргумэнты летувіскіх дасьледчыкаў наконт таго, што гэты запіс тычыўся  продкаў сучасных летувісаў. Аднак, у такім аднабокім пралетувіскім трактаваньні тэрміну «Літва» спадар Катлярчук моцна нагадвае савецкіх гісторыкаў, пра якіх Вітаўт Тумаш пісаў: «вось пры гэткім культурна-мэханічным трактаваньні партыйнай гістарыяграфіяй гісторыі беларускага народу савецкім гісторыкам даводзіцца цяпер пісаць, што не ў Беларусі, але Жамойці-Летуве, бо ж у Вільні, беларускія кнігі друкаваў доктар Скарына, а па ім слаўны Пётра Мсьціславец, знакамітая Друкарня Дому Мамонічаў ды іншыя беларускія друкары, што ў Жамойці-Летуве складаўся ды выдаваўся Літоўскі Статут…»

Дзесяць гадоў таму тагачасны старшыня ВС РБ Сямён Шарэцкі на сьвяткаваньні 60-годзьдзя далучэньня Вільні да Летувы сказаў у тамтэйшым Сойме, што «мы, беларусы, удзячныя жыхарам Вільні ўсіх нацыянальнасьцяў, якія на працягу доўгіх стагодзьдзяў давалі магчымасьць прыяжджаць сюды беларусам і ствараць тут свае друкарні (я маю на ўвазе Скарыну), пачынаць тут і нашае пісьменства, і адукацыю». На гэткую недарэчную заяву лістом у «Нашу Ніву» жорстка адрэагавала сьветлай памяці Раіса Жук-Грышкевіч. Дык ці даводзіцца нам сёньня казаць пра роўныя магчымасьці беларускіх і летувіскіх гісторыкаў у дасьледаваньні спадчыны ВКЛ, калі зь беларускага боку шчыруюць такія адмыслоўцы як спадар Катлярчук?


1. Вялікая Брытанія, Францыя, Італія і Японія.

2. Alfonsas Eidintas and Vytautas Žalys. Lithuania in European Politics: The Years of the First Republic, 1918-1940. Edited by E. Tuskenis with an introduction and afterword by A. E. Senn. New York:  St. Martin’s Press, 1998, p. 224.

3. Тамсама.

4. August Rei. Drama of the Baltic Peoples . Stockholm: Kirjastus Vaba Eesti, 1970, p. 164.

5. Гэтая тэрытарыяльныя прэтэнзія была замацавана ў Канстытуцыях міжваеннай Летувы, пачынаючы з Канстытуцыі 1928 году. Згодна з гэтымі актамі, Вільня абвяшчалася сталіцай Летувы. Да атрыманьня летувісамі кантролю над горадам, ролю «часовай сталіцай» выконвала Коўня. Азнаёміцца з тэкстамі Канстытуцыяў міжваеннай ЛР (па-летувіску) можна выкарыстаўшы форму пошуку на сайце Сойму ЛР: http://www3.lrs.lt/pls/inter_archyvas/dokpaieska_arch.forma_l.

6. Flaes, R. Das Problem der Territorialkonflikte. Eine Untersuchung ueber ihre Grundlagen und Eigenschaften am Beispiele der Territorialgeschichte Polens.  Utrecht: Univ., jur. Fak., Diss., 1929, S. 269.

7. Тамсама, S. 268-269.

8. Gerutis, A. (ed.) Lithuania 700 years. New York: Manyland Books, 1969, p. 164-165.

9. Eidintas, гл. спасылку 1, ст. 109.

10. Snyder, T. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569 – 1999, New Haven: Yale Univ. Press, 2003, p. 93.

11. Тамсама, p. 95.

12. Тамсама, pp. 93, 95.

13. Ангельскі пераклад Канстытуцыі Летувіскай Рэспублікі, даступны на афіцыйным сайце Сойму ЛР: http://www3.lrs.lt/home/Konstitucija/Constitution.htm.

14. Ka?cian K. Die Litauische Verfassung und die Auslegung des Begriffs „Volk“ in historischer Perspektive, in: Osteuropa-Recht 5/2008, S. 290-297 (291-292).

15. Падрабязную аргумэнтацыю глядзіце ў артыкуле аднаго з аўтараў гэтага тэксту: Ka?cian K. Die Litauische Verfassung und die Auslegung des Begriffs „Volk“ in historischer Perspektive, in: Osteuropa-Recht 5/2008, S. 290-297.

16. Гл. Рэкамэндацыі Рады аховы этнічнае культуры Летувы № 1 аб усталяваньні межаў этнаграфічных рэгіёнаў ад 17 верасьня 2003 году. Тэкст рэкамэндацыі (па-летувіску) даступны на сайце Сэйму Летувіскай Рэспублікі: http://www3.lrs.lt/pls/inter3/dokpaieska.showdoc_e?p_id=220186&p_query=D%CBL%20ETNOGRAFINI%D8%20REGION%D8%20RIB%D8%20NUSTATYMO&p_tr2=2.

17. Жамойць на сайце музеяў Летувы (ангельск.): http://www.muziejai.lt/telsiai/samogitia.en.htm.

18. З гісторыі Жамойці на сайце Жамойці, створаным Цэнтрам рэгіянальных культурных ініцыятываў (ангельск.): http://www.samogit.lt/ISTORIJA/istorija.en.htm.

19. Krahel T. Spory graniczne między diecezją żmudzką i wileńską w XVII–XVIII wieku, in: SOTER Journal of Religious Science (SOTER – Religijos mokslo žurnalas), 31/2009, st. 125-133 (126).

20. Тамсама, st. 129.

21. Zinkevičius, Z. History of the Lithuanian Language. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų  leidybos institutas, 1998, p. 34.

22. Тамсама, pp. 245-246.

23. Тамсама, p.  246.

24. Тамсама, p. 248.

25. Тамсама, p. 255.

26. Тамсама.

27. Mathiasen, T., A Short Grammar of Lithuanian, Columbus, Ohio: Slavica Publ., 1996, p. 20.

28. Snyder, гл. спасылку 10,  p. 32.

29. Zinkevičius, гл. спасылку 21,  p. 244.

30. Snyder, гл. спасылку 10, p 32.

31. Zinkevičius, гл. спасылку 21,  p. 244.

32. Niendorf, M. Das Großfürstentum Litauen: Studien zur Nationsbildung in der Frühen Neuzeit (1569 — 1795), Wiesbaden: Harrassowitz, 2006, S. 102.

33. Niendorf , гл. спасылку 29, S. 103. Выключэннем быў слоўнік Канстанціна Шырвіда, які быў выдадзены ў каля 1620 г. і некалькі разоў перавыдаваўся. Ён быў адзіным слоўнікам летувіскай мовы, выдадзеным на тэрыторыі ВКЛ да канца XVIII стагоддзя (гл. Schmalstieg, W. R. Early Lithuanian Grammars у: Lituanus, Vol. 28, No.1/1982, даступна: http://www.lituanus.org/1982_1/82_1_03.htm.

34. Тамсама, S. 118.

35. Zinkevičius , гл. спасылку 21, p. 297.

36. Грицюс А. Влияние «белорусского фактора» на внешнюю политику Литвы и  стабильность в Балтийском регионе, ст. 139-162,  у: Белоруссия на перепутье, Масква: Маскоўскі цэнтар Карнэгі, 1998, ст. 153.

37. Belarus Official Lays Claim To Lithuanian Border Lands, The New York Times, 25/2/1992. Available at: http://query.nytimes.com/gst/fullpage.html?res=9E0CE4DA1E38F936A15751C0A964958260.

38. Burant, S. R., International Relations in a Regional Context: Poland and its Eastern Neighbours Lithuania, Belarus, Ukraine in: Europe-Asia Studies 45 (993), No. 3, p. 407, 417.

39. Грицюс,, гл. спасылку 36, p. 154.

40. Тамсама.

41. Гл. Алесь Краўцэвіч: “Кніга Гудавічуса — праява летувіскай гістарычнай экспансіі ў Беларусь”: Беларуская служба «Радыё Свабода», праграма «Вольная студыя» ад  8 кастрычніка 2006 г., даступна на: http://www.svaboda.org/content/transcript/774575.html.

42. Тамсама.