Загадка: жоўты, непісьменны і з цягай да аральнага сексу. Тармозіце? Добра ўжо, не ламайце галаву, вось вам адгадка: жаўцізна і непісьменнасць — дзве галоўныя бяды загалоўкаў у байнэце. Пра секс будзе ніжэй.

Каб генераваць загалоўкі кідкія і разам з тым густоўныя, патрэбны час, эрудыцыя, начытанасць. Брак гэтых якасцяў ў шэрагу медыяў кампенсуюць пошласцю, адвязанасцю, спекуляцыйнымі прыёмчыкамі. Культура працы над загалоўкамі ў некаторых рэдакцыях проста пячорная. Іх аддаюць на водкуп малапісьменным суб’ектам, заточаным пад бульваршчыну.

У дзяржпрэсе — савецкі стандарт

Калі ў другой палове 70-х студэнтам я трапіў на практыку ў “Знамя юности”, то старэйшыя калегі муштравалі бязбожна, раз за разам забракоўваючы слабыя загалоўкі. Напачатку я задзёўбся па дзесяць разоў іх прыдумваць. Але сёння ўдзячны за гэту суровую школу. Зрэшты, прасунутая моладзевая “Знамёнка”, што трымала яшчэ зарад хрушчоўскай адлігі, была тады феноменам, выключэннем з шэрагу зашпіленых на ўсе гузікі выданняў.

Увогуле ж у загалоўках савецкай прэсы, асабліва мясцовай, панаваў стандарт. Ён жа пануе і сёння ў дзяржаўных беларускіх медыях. Гэты панылы жалезабетон (варыянт: саладжавыя мусі-пусі ў матэрыялах “для душы” на апошніх палосах) нават разбіраць улом.

Зрэшты, БЕЛТА вырашыла зарыгінальнічаць, паведаміўшы, што “Мінскі кінатэатр “Беларусь” 16–17 жніўня ладзіць усяночную”. Але слоўца з царкоўнага ўжытку тут рэжа вока. Яно ўжытае недарэчна, у духу “праваслаўнага атэізму”, зыходзячы з прымітыўнага разумення, што ўсяночная — калі не спяць да раніцы. Насамрэч жа для людзей рэлігійных начныя маленні — праява аскетызму і ўзвышэння душы. А тут народ будзе адрывацца па поўнай: сіквел “Брыдкі Я 2”, трылер “Параноя”, выступ кавер-бэнда, розыгрышы прызоў і г.д.

Сайт жа “Народнай газеты” з загалоўкамі кшталту “На шляху да росквіту”, “Духоўны падмурак” проста акунае ў брэжнеўскі застой.

Хібы офіснай квазіжурналістыкі

На такім тле загалоўкі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў, натуральна, выйграюць экспрэсіяй, хвосткасцю. Але нярэдка ў ахвяру хвосткасці прыносіцца імавернасць. Звыш усяго, надта ж карціць лішні раз падкусіць рэжым. Так, у тэме калійнай вайны злівы расійскага боку выдаюцца за ісціну ў апошняй інстанцыі, хоць насамрэч усё не так адназначна і “Уралкалій” у гэтай гісторыі паўстае далёка не белым і пухнатым.

Яшчэ адзін прыклад неапраўданай безапеляцыйнасці — “Пефціеў вярнуў сабе кантроль над “Белтэхэкспартам”. Пры тым што сам тэкст на “Белорусском партизане” пачынаецца з “Не выключана, што…”. То бок гаворка толькі пра версію, прычым не сказаць каб моцна абгрунтаваную.

“Маразм на дарогах Беларусі: пасярод шашы стаіць слуп” — крычыць загаловак таго ж “Белорусского партизана”. Але калі разабрацца, то — з гарматы па вераб’ях. Крыклівае абагульненне прыцягнутае за вушы. Гаворка пра адзінкавую недарэчнасць, увогуле ж, пры ўсёй нелюбові да рэжыму, варта прызнаць, што айчынныя дарогі як мінімум непараўнальна лепшыя, чым расійскія.

Што ж да тэксту, то ён пярэсціць памылкамі: “линия электропередач” замест “электропередачи” (аўтар, мусіць, пераблытаў з праграмай тэлеперадач), “демонтажём”, “инвест-программах”. Відаць, правілы арфаграфіі ды граматыкі таксама здаюцца аўтару і рэдактару маразмам.

Я разумею: інтэрнэт — гэта вечны цэйтнот, карэктараў няма, таму рызыка абдрукоўкі аб’ектыўна большая. Але пісьменны чалавек нават у спешцы не наробіць столькі памылак у некалькіх радках.

Ну а галоўнае, як высветліў пастфактум TUT.BY, той праезд праз прыватны сектар на ўскраіне Магілёва яшчэ недароблены. І слуп, натуральна, прыбяруць да здачы дарогі ў эксплуатацыю.

Сенсацыя лопнула. Гэты прыклад лішні раз паказвае яшчэ і хібы офіснай квазіжурналістыкі, калі ўсё робіцца пры кампе, высмоктваецца з пальца, без выхаду ў рэал, элементарнага спраўджвання інфы.

Геаграфічная разводка

“Адміністрацыя прэзідэнта заявіла аб правале дыпвысілкаў” (у арыгінале — “дипусилий”) — інтрыгуе “Товарищ online”. Але я, ведаючы гэты стыль псеўдаінтрыгі-бурбалкі, ужо прадбачу, што сюжэт не мае дачынення да Беларусі. Так і ёсць: Егіпет. Трохі раней на гэтым жа рэсурсе было паведамленне “Спікер ніжняй палаты парламента абвінавачваецца ў плагіяце”. Ну, вы ўжо зразумелі методу: гэта 100% не пра айчынную Палату прадстаўнікоў. Сапраўды, гаворка пра скандал у бундэстагу.

Маскаванне геаграфіі ў загалоўку дзеля стварэння псеўдасенсацыі — прымітыўны і неэтычны прыём. У прыведзеным жа прыкладзе спатыкаешся яшчэ і на выродлівым навамоўі — “дипусилий”. Не кожны адразу ўедзе ў дзікаваты скарот. З гэтага ж разраду і так улюбёныя незалежнай прэсай “дэмсілы” (дэманічныя?). Оруэл у чыстым выглядзе.

Са скаротамі ў загалоўках увогуле варта быць абачлівымі. Малазнаёмыя і немілагучныя абрэвіятуры кепска чытаюцца, варыянты кшталту “парк им. Горького” выглядаюць неахайна (вось ужо зэканомілі месца!), пра “ж/д вокзал” і “3-х пакаёвую кватэру” ўвогуле маўчу: у медыі палезлі перліны ў стылі саматужных абвестак на плоце.

Ну як жа без “гэтага”!

“Ксенію Сабчак дапыталі ў СК паводле скаргі Мізулінай” — стрымана паведаміла маскоўская Lenta.Ru. Але айчынны UDF.BY “узмацняе” гучанне тэмы — дае перадрук пад загалоўкам “Сабчак дапыталі наконт аральнага сексу”. Не прапусціла свайго і “Салідарнасць”: “Сабчак пагутарыла са следчым пра аральны секс”.

Было б ханжаствам казаць, што згадкі пра варыянт фізічнага кахання ў загалоўку — маветон у прынцыпе. Ёсць жа спецыяльныя рубрыкі кшталту “Каханне і секс” на сайце “Нашай Нівы”. Але ў звязцы з прозвішчам канкрэтнай замужняй жанчыны, калі туманная фраза набывае гуллівую двухсэнсоўнасць, гэта дакладна маветон.

Я ўжо не кажу, што сутнасць канфлікту між каларытнай персонай расійскай фронды і дэпутаткай Думы, вядомай апантаным змагарствам за “чысціню нораваў”, палягае зусім не ў сексуальнай плашчыні. І пры жаданні можна было б цікава асэнсаваць тэму ў праекцыі на беларускія рэаліі. Але каму гэта трэба? Уваліць дозу эротыкі ў загаловак — і хай дурныя чытачы пстрыкаюць мышкай!

Часцей зазіраць у слоўнік

“Depeche Mode узбударажылі “Мінск-Арэну”: поўны аншлаг і трыумфаванне прыхільнікаў” — паведамляе TUT.BY. Між тым менавіта “поўны аншлаг” лінгвісты любяць скарыстоўваць як красамоўны прыклад плеаназму (разам з “вольнай вакансіяй” ды “калегам па працы”). Так што хай бы галоўныя рэдактары нашых парталаў часцей раілі “калегам па працы” даведнік Разенталя.

Той жа TUT.BY хранічна хварэе на лішнія двукоссі ў загалоўках. “Свініну ў людзей “пад шумок” закупляюць за 9-15 тысяч за кілаграм…”, — піша партал. Але ж “пад шумок” — гэта фразеалагізм, устойлівы выраз, замацаваны ў слоўніках. Тут няма ніякага пераноснага значэння! Не трэба, не трэба ляпіць гэтыя двукоссі на ідыёмы і нават на метафары, калі яны не зусім ужо крэйзі!

На сайце “Еўрарадыё” ў загалоўку і тэксце пеню ўпарта называюць пянёй. Так сапраўды цвердзяць дробныя службоўцы ў розных канторах, але журналіст на тое і журналіст, каб зазіраць у слоўнік.

Не трэба пустых бразготак, сябры!

Калі б зазірнулі ў слоўнік калегі са “Свабоды”, то напэўна не з’явіўся б на іх сайце загаловак “У Расеі 36 алігархаў падтрымалі Навальнага”. Па-першае, алігархаў не можа быць шмат, гэта вам не 38 папугаеў. Па-другое, алігархі — гэта таўстасумы, што ўжо захапілі ўладу і кайфуюць. А гэтыя ж, наадварот, ідуць з вярхамі на канфлікт, каб прасунуць ва ўладу вядомага блогера!

Але ж напішы “36 бізнэсоўцаў” — не тое, вяла. У нас цяпер кожны дробны гандляр — “бізнэсовец”. Не коціць. Алігарх жа — крута. Гучыць. Хаця насамрэч тут гэтае слоўца грыміць як пустое вядро.

І ўжо проста ашалець можна ад увайшоўшага ў дурную моду слоўца “пратараніць” у сэнсе — дзюбнуцца (звычайна пра аўто). “Жыгулі” пратаранілі будынак суда на Магілёўшчыне — фотафакт” — вынес у загаловак сайт “Нашай Нівы”. Хаця насамрэч здымак сведчыць, што жыгуль скрышыў сабе капот аб ганак установы — і не болей. Можна як заўгодна грашыць на айчынныя суды, але на легкавіку іх не пратараніш, то бок не праб’еш наскрозь, дакладна.

Страшны прыклад, калі слова “пратараніць” было дарэчы — гэта тэракты 9/11 ў Нью-Йорку: тады захопленыя тэрарыстамі боінгі насамрэч прашылі вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра. Так што не трэба пустых бразготак, сябры!

Хаця трошкі пахуліганіць з загалоўкам ніколі не шкодзіць. Што я і зрабіў.