Аповеды Мудрова — гэта спосаб канструяваньня калектыўнай ідэнтычнасьці, калі даецца базавае разуменне таго, што азначае быць прыналежным да той ці іншай групы.

Выданьне, якое аналізуецца ў аглядзе: Мудроў Вінцэсь. Ператвораныя ў попел: Эсэ, фантасмагорыі, успаміны. — Менск: Логвінаў, 2005. — 132 с.

Некалі ў ЭГУ нам чытаў лекцыі швайцарскі лінгвіст Патрык Сэрыё. Ён вельмі абураўся, калі хтосьці са студэнтаў ужываў выраз «айчынная навука». Для прафэсара зь Лязаны гэта патыхала правінцыялізмам ды імкненьнем загрувашчваць навуковы дыскурс палітычнымі канатацыямі.

Калі Алесь Аркуш прапанаваў напісаць матэрыял для полацкага нумара «ARCHE», у мяне ўзьнікла пытаньне наконт мэтазгоднасьці «ўпакоўваньня» пэўных літаратурна-інтэлектуальных прадуктаў у лякальную абалонку. Напэўна, геаграфічная прыкмета наўрад ці можа быць вызначальнай для клясыфікацыі пэрсаналій і тэкстаў.

Таму, калі я абрала для разгляду творчасьць Вінцэся Мудрова, сваёй задачай я бачыла ня столькі выяўленьне полацкага калярыту, колькі магчымасьць яшчэ раз перачытаць здаўна ўлюбёнага пісьменьніка. Адразу скажу — са сваёй задачай я амаль справілася, хаця ў зборніку «Ператвораныя ў попел» (2005), на якім я грунтуюся ў сваіх нататках, Полацак у розных сваіх іпастасях схавана ці імпліцытна прысутнічае ледзь не на кожнай старонцы.

Эпістэмалягічнай рамкай для асэнсаваньня тэкстаў Вінцэся Мудрова выступае наратыўная форма аповеду. З дапамогай гэтага «натуральнага» і «ачалавечанага» шляху размовы пра ўласнае жыцьцё пісьменьнік рэпрэзэнтуе і сваю ідэнтычнасьць, і вобраз гораду, і грамадзтва ў цэлым. Мудроў піша ад першай асобы, так што галоўны герой адначасова зьяўляецца і аўтарам аповедаў. Наратыў дапамагае пісьменьніку арганізаваць свой досьвед у значныя эпізоды і, па сутнасьці, пасьпяхова вырашае праблему пераводу веданьня ў апавяданьне [1].

Вінцэсь Мудроў адзначае «часавую закамплексаванасьць і прасторавую абмежаванасьць» сваіх аповедаў:

… Ёкнапатофа мая займае невялічкі лапік зямлі дзесьці на паўночным усходзе Беларусі, а яе насельнікі й дагэтуль жывуць (сапуць, керхаюць, рагочуць, плачуць, п’юць, ядуць, задавальняюць фізіялягічныя патрэбы) дзесьці пры канцы 60-х гадоў» («Ператвораныя ў попел», с. 16) [2].

Штодзённасьці (зь якой пачынаецца і якой сканчаецца наратыўны падыход у прынцыпе) Полацку сярэдзіны мінулага стагодзьдзя прысьвечаныя практычна ўсе творы зборніка.

Наратыў Мудрова — гэта дакладныя прозьвішчы і храналёгія, апісаньне стасункаў з бацькамі, сябрамі і настаўнікамі, рэфлексія над уласнымі памылкамі і перамогамі і ўрэшце — канструяваньне сябе як часткі мадэлі сьвету, у першую чаргу беларускага.

ЗНАХОДКА Ў КУЧЫ СЬМЕЦЬЦЯ

Творцы, якія нарадзіліся ў Полацку, акалічнасьці свайго зьяўленьня на сьвет лічаць ці не праграмным момантам для сваёй ідэнтычнасьці. Для параўнаньня — цытата з эсэ Ўладзімера Арлова «Мае Альфа і Амэга»:

Сафiйскiя вежы, убачаныя няцямлiвымi вачыма немаўляцi, сталiся маiм першым уражаньнем ад навакольнага свету, i, магчыма, менавiта гэта прадвызначыла мой лёс.

Штосьці падобнае знаходзім у Вінцэся Мудрова:

Нарадзіцца ў Полацку, можна сказаць, на цьвінтары Сьвятой Сафіі, пабачыць з вакна радзільні перакуленую апсыду старажытнага храму і ня стаць, кажучы словамі пісьменьніка Л. Прокшы, бебурнацам, я проста ня мог. Энэргетыка сьвятога места працяла маю недалугую істоту, у мазгох індуцыраваліся токі, і, паблукаўшы па зьвілінах, заклалі ў іх жыцьцёвую праграму: аднаўленьне Вялікай Крывіі» (с. 9—10).

Нацыянальная ідэя, матэрыяльна ўвасобленая ў гістарычных помніках і артэфактах, нібыта містычным чынам узьдзейнічае на самаідэнтыфікацыю. Хаця насамрэч Мудроў не «натуралізуе» беларушчыну. Ягоныя наратывы якраз-такі паказваюць выразна канструктывісцкую пэрспэктыву фармаваньня Мудрова-беларуса.

Становіцца зразумелым, чаму ў якасьці асноўнага часу наратыва абраныя 1960-я гады. Менавіта тады аўтар зрабіў для сябе фундамэнтальныя адкрыцьці: францускае кіно, ангельская рок-музыка і замежная літаратура, якія ўтварылі для яго альтэрнатыўную экзыстэнцыяльную прастору («жыцьцё напоўнілася новым зьместам і новай эстэтыкай») і сталіся сымбалямі канфрантацыі маладога Мудрова з ідэалягізаванай сыстэмай савецкай адукацыі.

Шлях да асабістага разьняволеньня, а таксама і грамадзкую эмансыпацыю Мудроў зьвязвае са зьяўленьнем гурта «Beatles» і магчымасьцю яго слухаць на замежных радыёхвалях і рэдкіх у савецкай Беларусі кружэлках. У аповедзе «Джордж Гарысан» аўтар так і піша:

Яны стваралі музыку, якая гучала ў аднолькавай амплітудзе з нашым дыханьнем, з трапятаньнем нашых душаў (с. 79).

Тое ж і з францускім кіно. Дарослы пісьменьнік прызнаецца, што ня можа нават праз трыццаць гадоў патлумачыць, чым уразіла сяміклясьніка Мудрова («а разам зь ім і ўсю цывілізаваную Эўропу») легранаўская мэлёдыя і банальнасюжэтны м’юзыкал «Шэрбурскія парасонікі».

Паказальным у гэтым сэнсе зьяўляецца эпізод сустрэчы з ангельскім славістам Арнольдам Макмілінам, які, як аказалася, ніколі не цікавіўся «Бітлз». Для Мудрова гэтае прызнаньне сталася выпрабаваньнем ягоных юнацкіх ідэалаў. Але пытаньні кшталту «а сапраўды… чым я захапляўся?» спыніліся разам з чарговым праслухоўваньнем гіта, калі беларускі бітляман

…зноў, каторым ужо разам, дыхнуў азонам пранізьліва-сьветлай раніцы, убачыў чырвоны дыск сонца, што падымаўся з-за далягляду, і прашаптаў нядобрае слова на адрас замежнага госьця ( с. 82).

Увага, якая надаецца ў творах уплыву «фундамэнтальных адкрыцьцяў», падштурхоўвае да пытаньня, ці стаў бы Мудроў прыхільнікам беларушчыны бяз глебы, падрыхтаванай «Бітлз», Гэмінгўэем і францускімі мэлядрамамі. Прыход да беларускасьці становіцца, па сутнасьці, лягічным працягам стварэньня альтэрнатыўнай прасторы ў савецкім ледавіку. І аўтар адкрыта прызнаецца сабе ў гэтым: «кругагляд маёй душы, у якой не хапала аднаго сэгмэнту, набыў завершаную форму» (c. 26).

Мудроў пазначае дакладны ўзрост, калі яго «апанавала Беларусь», — няпоўныя васямнаццаць гадоў. З дакумэнтальнай дакладнасьцю пісьменьнік аднаўляе і зьвязаны з гэтай паваротнай падзеяй факт зь біяграфіі — знаходка ў кучы сьмецьця хрэстаматыі па беларускай літаратуры і прачытаныя адтуль вершы Максіма Багдановіча…


1. Этымалогія слова «наратыў» узыходзіць да індаэўрапейскага кораня «gna», які азначае і «ведаць», і «распавядаць».

2. Тут і далей цытаты падаюцца па выданьні: Мудроў, В. Ператвораныя ў попел: Эсэ, фантасмагорыі, успаміны. — Менск: Логвінаў, 2005, з указаньнем у дужках назвы твору і адпаведнай старонкі.


ЦАЛКАМ РЭЦЭНЗІЯ ЮНЭЛІ САЛЬНІКАВАЙ НАДРУКАВАНАЯ Ў № 4 «ARCHE» ЗА 2009 ГОД.

 

Гэты нумар часопісу, як і іншыя, можна замовіць у распаўсюднікаў:

 

Баранавічы — Руслан Равяка, п/с 13, 225409, Баранавічы-9, тэл. (029) 767-20-37.

 

Берасьце — Ігар Бараноўскі, тэл. (0162) 25-61-55.

 

Віцебск — Барыс Хамайда, тэл. (0212) 34-52-41.

 

Гомель — Ларыса Шчыракова, тэл. (029) 341-66-94;

 

Дзяніс Федарэнка, тэл. (029) 733-55-22.

 

Горадня — Эдвард Дмухоўскі, тэл. (029) 133-87-17.

 

Магілёў — Алесь Асіпцоў, тэл. (0222) 25-57-85, (029) 625-57-85.

 

Маладэчна — Алесь Кштальтны, тэл. (044) 792-36-88, (029) 271-77-22.

Менск Віталь Рыжкоў, тэл. (029) 545-20-36.

 

Наваполацак — Ірына Бельская, тэл. (029) 296-15-73.

 

Шукаем распаўсюднікаў зь іншых мясьцінаў.

 

Падпіска на часопіс «ARCHE Пачатак» прымаецца ўва ўсіх аддзяленьнях «Белпошты».

 

Падпісны індэкс — 00345.

 


 

Юнэля Сальнікава — дасьледчыца літаратуры, жыве ў Гомелі. Аўтарская назва тэксту — «Наратыў Вінцэся Мудрова. Кропка яшчэ не пастаўлена».