8 парадаў крытыка

1. Забудзьце шлях у кніжныя крамы, акром букіністычных: набывайце кнігі праз выдавецтвы, на кніжных кірмашах, выставах, прэзентацыях, а таксама наўпрост у беларускіх аўтараў, што жывуць у бары каля “Ў” ці ў «Лёндане». Кнігі замежных пісьменьнікаў замаўляйце ў індывідуальных прадпрымальнікаў ці сваіх сябрукоў, якія выпраўляюцца ў Маскву, Кіеў, Варшаву.

2. Працягвайце хоць зрэдчасу набываць новыя незнаёмыя кнігі. Аднак толькі па прамой наводцы людзей, у эстэтычным гусце якіх вы пэўныя! Сказанае не датычыцца навінак трох гатункаў: інтэлектуальных бэстсэлераў (кніг Умбэрта Эка ці Гюнтэра Граса), раманаў вядомых статусных/модных аўтараў (Віктара Пялевіна ці Харукі Муракамі), кніг выдавецтваў, якія трымаюць плянку (“Логвінаў” ці “Симпозиум”). Гэтыя творы можаце купляць, не вагаючыся.

3. Бярыце чытаць кнігі ў гарадзкіх альбо прыватных бібліятэках — там вы спакойна, удумліва зробіце свой чытацкі выбар. Калі кніга ўсё-ткі не спадабаецца — нічога кепскага, аддасьцё, ашчадзіўшы свае грошы.

4. Дзякуй Богу, мы не мармоны, каб дбаць пра чужыя інтэлектуальныя правы. Таму свабодна і з радасьцю бярыце кнігі ў сеціве і раздрукоўвайце іх. Калі гэта адбываецца на працоўным прынтэры, не называйце вордаўскія дакумэнты імёнамі спампаваных кніг накшталт «le_goff_intellektuali_v_srednie_veka».

5. Крызіс — найлепшы трэнажор духу. А Сэнэка ў свой час раіў як мага даўжэй заставацца з той ці іншай кнігай. Улічваючы сёньняшнія абставіны часу і словы славутага рымляніна, чытайце клясыкаў. Басё, Тодар Дастаеўскі ці Кузьма Чорны — прафесійныя трэнеры “шэрых клетачак” мозгу. Перачытваньне клясычных тэкстаў дзейнічае сапраўды быццам штанга — наступным разам вы абавязкова “ўзьнімеце” крыху больш Прыгажосьці й Сэнсу.

6. Не спакушайцеся рыдэрамі і аўдыёкнігамі — тыя пратэзы тэхнагеннай цывілізацыі маюць апасродкаванае дачыненьне да кніжнай культуры. Ім крызіс толькі на руку.

7. Калі на чытаньне кніг у вас застаецца ўсяго некалькі гадзін у тыдзень дый і то па дарозе на працу, абярыце “малую” форму (апавяданьне, п’еса), “лёгкі” жанр (гумарыстычная проза) альбо літаратурны часопіс (“Дзеяслоў”). Тады вы будзеце чытаць хутчэй і нават больш.

8. Не эканомце на кнігах для сваіх дзяцей, песьціце іх творамі з прыгожымі малюнкамі. Да таго ж сумеснае чытаньне дзіцячых кніг перад сном — найвялікшае шчасьце і надзейны паратунак ад крызісу.

paval-abramovi4.livejournal.com