“Людскае таўро” – гэта гісторыя жыцця былога дэкана з Афіна-коледж, Коулмэна Сілка, расказаная суседам і анкалагічна хворым пісьменнікам Цукерманам.
Филип Рот. “Людское клеймо” The Human Stain, издательство: Амфора, 2008 г.
Піліп Рот — адзін з найболей вядомых сёння амерыканскіх аўтараў. Яго творы рэгулярна намінуюцца на Нобелеўскую прэмію. Нарадзіўся ён 19 сакавіка 1933 года ў горадзе Ньюарк, штат Нью-Джэрсі. Першы раман «Наплявальніцтва» пабачыў свет у 1962 году. Шырока вядомы рускамоўнаму чытачу, як аўтар рамана “Выпадак краўца”.
«Адмаўляючыся прызнаваць праведзеныя грамадствам строгія межы, адмаўляючыся паступацца воляй асабістага выбару ў рамках закона, мы ўсяго толькі карыстаемся адным з асноўных правоў чалавека”, — лічыць амерыканскі пісьменнік Піліп Рот. Гэтай жа думкай і прасякнуты вышэй узгаданы твор.
“Людскае таўро” – гэта гісторыя жыцця былога дэкана з Афіна-коледж, Коулмэна Сілка, расказаная суседам і анкалагічна хворым пісьменнікам Цукерманам. “Я ўсяго толькі знайшоў сябра – прабіў пралом, і туды лінула ўсё сусветнае зло”, — прызнаецца ён нам, чытачам, у самым пачатку твора. І гэтае прызнанне — завязка далейшай інтрыгі.
Дзеянне адбываецца на фоне сэксуальнай істэрыі, узнятай грамадствам вакол “амаральных” паводзін амерыканскага прэзідэнта, у год яго так званага імпічменту. Пажылога прафесара Коулмэна Сілка, светласкурага негра, які хавае сваё праўдзівае паходжанне ўсё свядомае жыццё, абвінавачваюць у расізме. Так, менавіта таго самага Коулмэна, які сам неаднаразова “… пералятаў праз праявы расавай дыскрымінацыі, нібыта на бегавой дарожцы праз нізкія бар’еры.” Так, таго самага Коулмэна, які сам з дзіцячых гадоў сніў і бачыў сябе свабодным чалавекам. Абвінавачванні, вядома, ілжывыя. Коулмэн называе двух чорнаскурых студэнтак “духамі”, студэнтак, якія працяглы час атсутнічаюць на занятках, якіх ён увогуле ніколі не бачыў у сваім жыцці. Сэнс слова, як высветляецца пазней, дваякі, і, ужыўшы яго, Коулмэн Сілк нават не здагадваецца, што так зневажальна яшчэ называюць неграў. “Адно трапнае слова — і якая пагібельная, выкрывальная сіла!” – здзіўляецца ён свайму недарэчнаму промаху. Кар’ера шаноўнага пажылога прафесара пад пагрозай. Яго калегі, як тое часта бывае, — людзі, якім ён цалкам давяраў, якіх браў у свой час на працу, людзі, з якімі працаваў працяглы час у адной звязцы, здраджваюць яму. І прафесару нічога не застаецца, акрамя як сыйсці з працы. Але яго сыход — не капітуляцыя, а гнеўны пратэст, свядомая дэманстрацыя нязломнай пагарды. Усім вядома, што адбываецца з чалавекам, калі з ім абыходзяцца не па справядлівасці. Вышэйшая ступень абуранасці прыводзіць яго да помсты. Запускаецца цыкл узаемнага ўздзеяння. “Вы ваюеце не з эгалітарнай – элітарнай хеўрай вывучаных добрым манерам дзеячоў, якія маскіруюць свае амбіцыі высокімі словамі аб роўнапраўі. — перасцярагаюць яго сябры. — Вы ваюеце ў свеце, дзе злосць не хаваецца за чалавекалюбівай рыторыкай. Гэта людзі, чыё галоўнае адчуванне ў жыцці — што іх абакралі.” Але Коулман Сілк не з тых людзей, хто здаецца за проста так. Ён абірае шлях барацьбы. Ён і не ўяўляе сябе ў нейкай іншай іпастасі. Гэта яго жыццёвае крэда. Але бяда, як вядома, адна не ходзіць. Няўдачы пераследваюць яго адна за другой. Не вытрымаўшы такога жыццёвага накалу, памірае яго жонка Айрыс. Сын Марк адразу ж абвінавачвае ў яе смерці бацьку. “Ты гэта зрабіў! Ты яе забіў! — кідае ён у запале. — Таму што заўжды маеш рацыю! Таму што ніколі ніі ў кога не просіш прабачэння, усё можна было б уладзіць – за суткі, не больш, калі б ты змог хоць адзін раз у жыцці папрасіць прабачэння.” Коулмэну не зусім зразумелыя гэтыя словы сына, — таму Колмэну Сілку, якім ён быў усё сваё свядомае жыццё – таварысцкаму, дасціпнаму, поўнаму спакойнай сілы, спрытняку, выкладчыку антычнай славеснасці. Ніколі ў жыцці ён яшчэ не адчуваў сябе такім безабаронным, як цяпер. “Але нават у самых магутных умацаваннях ёсць жчыліны, — суцяшае ён сябе, — куды пранікае тое, чаго мы менш за ўсё чакаем”. І вось у гэты крытычны момант, у ягоным жыцці паяўляецца Фауні Фарлі – трыццацічатырохгадовая жанчына, прыбіральніца, непісьменная вясковая баба, якая ведае, што такое бяда не па чутках, якая дасюль трымае пад ложкам урну с прахам сваіх малалетніх дзяцей. І гэта ўвесь жыццёвы яе набытак. І вось гэтым Дваім, зусім розным людям, як па ўзросце, так і па інтэлекце, робіцца пад сілу “…сгустить всё, что в них есть несоеденимого, до состояния взрывной оргиастической смеси, сделать противоречия источником бешеной энергии”. І Коулмэн шчыра,, спаўна, аддаецца гэтай адзіна сур’ёзнай у яго цяперышнім жыцці “запоздалой авантюре чувства”. Але ён забывае ў які век жыве. Ад людзей немагчыма схавацца. Калі ты не ідзеш да іх, яны прыходзяць да цябе. І аднойчы ён атрымлівае ананімны ліст, у якім яго абвінавачваюць у сэксуальнай эксплуатацыі жанчыны, якая гадзіцца яму ў дочкі.
Мякка кажучы, яму намякаюць, што сувязь з гэтай жанчынай не адпавядае прыстойным паняццям аб тым, з кім можа дзяліць ложак чалавек сталага ўзросту. Але прыстойнасць, як грамадская сіла надзвычай зменліва.
Прыстойнасць — шматаблічная спадарыня, якая не супраць прыкінуцца, калі тое спатрэбіцца, і грамадскай адказнасцю, і барацьбой за правы жанчын, і шмат чым яшчэ. Устойлівасць амерыканскіх паняццяў прыстойнасці, яшчэ зусім нядаўна здавалася Коулмэну Сілку нечым неверагодным і смешным. І вось цяпер ён сам стаў ахвярай яе новага вопліску. Зноў выспявае скандал. У дадатак да ўсяго, Коулмэна пераследуе і муж Фауні – Лестэр Фарлі. Гэта чалавек сапсаваны вайной ва В’етнаме, псіхічна хворы, і адвакат, да якога Коулмэн звяртаецца за дапамогай, раіць яму спыніць усякія адносіны з гэтай жанчынай. “У свеце Фарлі, ваша Фауні ледзь засталася жывой, — папярэджвае ён Коулмэна, — і кожны раз, пераступаючы ваш парог, яна мімаволі прыводзіць гэты свет з сабой”. Але Коулмэн не здольны ўжо прыняць такія парады. Фауні Фарлі – апошняя надзея, апошняя радасць у ягоным жыцці. Коулмэн Сілк застаецца сам сан са сваім лёсам.
Жыццёвы шлях Коулмэна Сілка – яскравы прыклад самотнага мецяжу супраць негрыцянскага лёсу. Адзінаю сваёй мэтай у яго было жаданне зрабіць так, каб яго лёс вызначалі не цёмныя, не“… насычаныя ненавісцю падахвочванні свету, а наколькі гэта магчыма, у межах гуманнасці, яго, Коулмэна, асабістая воля”. Сваім свядомым выбарам стаць белым, ён не збіраўся нікога зняважыць, тым больш выявіць нейкі пратэст. Аднак і быць правільным ён ніколі не імкнуўся. Поўную свабоду Коулмэн Сілк адчуў толькі пасля смерці бацькі, які да гэтага часу і ствараў яго жыццё. Цяпер жа, пасля яго смерці, ён адчуў новы прыліў сіл і зразумеў, што здольны вырашаць усё самастойна. Адчуў сябе свабодным не толькі ад яго апекі, але і ад усяго таго, што таму даводзілася цярпець: ад прыніжэнняў, ад ран, ад болю, ад прытворства, ад сораму – ад усіх унутраных пакут і параз. “Кожны раз, калі да цябе звяртаецца белы, — памятаў ён бацькоўскі запавет, — якімі б добрымі не былі яго намеры, адчуваеш: ён перакананы ў сваёй інтэлектуальнай перавазе. Ён заўжды дасць табе зразумець, што ты тупень…” Коўлмэн Сілк быць тупням не жадаў. Запісаўшыся аднойчы белым – ён свядома абраў свой лёс і ў гэтым выбары не бачыў нічога кепскага. Пасля войска адразу ж паступіў ва ўніверсітэт. Пытлівы розум, цэпкая памяць, цудоўнае валоданне мовай, забяспечылі яму автарытэт і павагу сярод калегаў і выкладчыкаў. Аднак страх, што яго аднойчы выкрыюць, што ўсё стане вядома ўсім, вымушаюць яго адмовіцца ад таго, ад чаго адмаўляцца нельга ні пры якіх умовах. Ён кідае сваіх родных: маці, брата, сястру, і пасяляецца на супрацьлеглым беразе Гудзона. Больш ён з імі ніколі не пабачыцца ў сваім жыцці.
І вось цяпер, калі ў яго не засталося болей нічога, калі ад яго адмежаваліся нават дзеці, калі ён адчуў сябе безваротна загнаным у кут, безнадзейна расчараваным ва ўсім чалавекам, яму захацелася толькі аднаго – стаць недасяжным для гэтага справядлівага людскога суду, стаць недасяжным для гэтага ўсюды існага людскога абвінавачвання. “Гэта не проста жыццё, — падумаў ён, — а больш – гэта яго канец. Нішто не доўжыцца — і нішто не мінае. Не мінае менавіта таму, што не доўжыцца” І ўсё што яму застолося яшчэ, гэта жыць. Жыць, пакуль не памёр. Жыць па-за гэтай людской, паганай, дурной, невыноснай юрыспрудэнцыяй.
Безумоўна, кожнага з нас чакае свой фінал. Але варта не забываць, што пасля кожнага з нас застаецца і нейкі след. Мы пакідаем таўро, адбітак. Бруд, жорсткасць, здзек, нядбайнасць, экскрыменты, сперма — па-іншаму нам і не пражыць. І літасць Божая, і выратаванне, і адкупленне тут ні пры чым. Гэта ў кожным з нас. Неад’емнае. Прыроджанае. Вызначальнае…
Каментары