У выдавецтве «Белы Крумкач» выйшла дэбютная кніга Уладзіміра Блюдніка – «Вяртаньне».

Аўтар кнігі ўраджэнец (паводле афіцыйных дадзеных) вёскі Пятрэвічы, а паводле самога У. Блюдніка – іншай вёскі Гарадзенскай вобласьці, цяпер стала жыве і працуе ў Познані. Па прафэсіі ён маляр і графік, па пакліканьні мастак у поўным значэньні гэтага слова. У кнізе прадстаўленыя вершы, апавяданьне, алейныя працы, а таксама шматлікія літаграфіі. Кніга ўяўляе сабой сумесь мастацкіх жанраў, якую ня можна назваць ані зборам паэзіі, ані кнігай прозы, ані мастацкім каталёгам. Хутчэй гэта кніга мастацтва, або цалкам новая форма, у якой аўтар ілюструе свае тэксты ці апісвае свае карціны. Кніга дзьвюхмоўная. Шэсьць вершаў выдатна пераклаў паляніст і літуаніст беларускага паходжаньня Радаслаў Акуліч-Казарын. Адзін верш і апавяданьне пераклаў Віталь Воранаў, які выступіў таксама рэдактарам і выдаўцом кнігі. Віталь Воранаў таксама напісаў уступ да кнігі – «Вяртаньне ў будучыню», у якім тлумачыць патрэбу «вяртаньня» У. Блюдніка ў беларускую культуру.

Кніга падзеленая на тры канцэптуальныя часткі, запазычаныя з «У чаканьні Гадо» Сэмюэла Бэкета, пад назвамі: athambia (адвага), aphasia (немата) i apathia (абыякавасьць). У першай частцы прадстаўленыя сем вершаў, у другой – карціны і графікі, у апошняй – апавяданьне «Белы Дзень». Кніга «Вяртаньне» сьведчыць пра адноснасьць. Падважваецца само значэньне дзеяслова «вяртацца», якое, выкарыстанае ў дачыненьні да аўтара ці ягонай кнігі, можа азначаць многае, а часам даваць цалкам супярэчлівы сэнс. Бо ці можна вяртацца туды, адкуль ты ніколі ў пэўным сэнсе не сыходзіў, альбо вяртаць у пэўны кантэкст тое, што гэтым жа кантэкстам і створана. Адноснасьць таксама ва ўмоўным і штучным падзеле на галіны мастацтва. У кнізе У. Блюдніка падзел на віды мастацтва прысутнічае „pro forma”, так, каб гэтую форму адразу ж разьбіць і пахаваць як неактуальную сёньняшняму мастацтву. Мастацтва У. Блюдніка непадуладнае кананічнаму ўяўленьню пра творчасьць, паколькі зьнішчае ягоныя межы, у даслоўным і алегарычным сэнсе. Аўтар гаворыць – можна быць беларускім мастаком у замежжы і можна ствараць унівэрсальнае мастацтва, будучы глыбока закарэненым у сваю глебу. Верш можа быць карцінай, а літаграфія апавяданьнем. Гэты сэнс адлюстроўвае таксама лягатып сэрыі, якую распачынае кніга «Вяртаньне» – мадыфікаваны лінгвістычны знак унівэрсальнасьці мовы Н. Чомскага, які зрабіў рэвалюцыю ў лінгвістыцы і дыскурсе, а карані якога вядуцца зь Беларусі. Дарэчы, графічны знак, у якім выкарыстоўваецца тэхніка каляжу, запраектаваў сам аўтар кнігі. Аўтар, ілюстратар, аздабляльнік і першы крытык.

У кнізе У. Блюдніка, як і ў жыцьці, усё адносна, усё – мастацтва. Гэтую кнігу трэба мець абавязкова, а чытаць – не.

Наклад – 1000 асобнікаў. Колькасьць старонак не пазначаная, але абмежаваная. Вокладка цьвёрдая; ані старая, ані новая. «Белы Крумкач», Познань, 2008.

UladzimirBludnik.mp3