Даваць кухталёў Ватыкану і хрысціянству ў цэлым у сусветным кіно цяпер ня тое што модна, а нават прэстыжна

ХХ стагоддзе пераканала нас у тым, што жанчына можа ўсё: лятаць у космас, атрымліваць Нобелеўскую прэмію, пераносіць восем тон цэменту за адну змену. Нежаночых прафесіяў і пасадаў амаль не засталося.

Папа Рымскі — адна з іх.

Але і гэтая цытадэль мужчынскага шавінізму падае ў новай карціне нямецкіх кінематаграфістаў па кнізе амерыканскай пісьменніцы.

Нямецкі рэжысёр з унісэксуальным для (бела)рускага вуха імем-прозвішчам Зенке Вортман (мужчына на самой справе) расстараўся працяглай драмай з сярэднявечнага жыцця. Звычайна ў кадр трапляе пазняе Сярэднявечча з замкамі і крыжовымі паходамі, а ў дадзеным выпадку мы бачым экзатычнае дзевятае стагоддзе, пра якое сярэдні глядач ведае толькі, што тое калісьці было. У прынцыпе, нават навукоўцы ведаюць пра тыя часы не так шмат. Хоць легенда пра жанчыну на папскім троне, хутчэй за ўсё, менавіта легенда. Прынамсі, ніякіх дакладных звестак пра «папесу Іаану» да гэтага часу няма. Затое сама гісторыя незвычайна прыгожая, у прыгодніцкім рэчышчы: некалькі гадоў Ватыканам, а значыць, усім хрысціянскім светам (прынамсі, заходнім), кіравала дама, і ўсё было добра, пакуль яна не памерла падчас родаў (!).

Цалкам галівудзкі сюжэт еўрапеец Зенке Вортман уціснуў ў галівудзкую ж форму. Праўда, па цяперашнім часе на грандыёзнае відовішча яго карціна ўсё роўна не цягне. Колькасцю масавых сцэнаў «Жанчына на папскім троне» вельмі нагадвае кіно класа «В» і выдзяляецца толькі сюжэтам ды акцёрамі, сярод якіх варта адзначыць тоўстую храпу Джона Гудмэна ў ролі папярэдняга Папы.

Хто-ніхто з беларускіх гледачоў карціны нават абазваў яе «Анастасіяй Слуцкай», прымаючы да ўвагі беднаватыя масавыя сцэны, бюджэтныя касцюмы і даволі прымітыўныя дыялогі. Стужка ў цэлым і будуецца на дыялогах-маналогах, сэнс якіх зводзіцца да наступнага — жанчыны гэткія ж крутыя, як мужчыны, і маюць права чытаць, пісаць і кіраваць дзяржавай.

Іаана Вокалек і Дэвід Уэнхэм ў фільме «Іаана — жанчына на папскім троне»

Для нашага стагоддзя думка, мякка скажам, зусім не рэвалюцыйная. Для восьмага стагоддзя, па уяўленням аўтараў «Іааны», жудасна крамольная. Феміністычны пафас ў карціне проста зашкальвае: многія мужыкі, уключаючы святароў, паказаныя выключна як грубыя і недалёкія жывёлы. Супрацьпастаўленне «чорнае-белае» з’яўляецца галоўным недахопам стужкі. Усе персанажы падзеленыя менавіта па гэтай прыкмеце, натуральна, жанчыны толькі ў ліку станоўчых.

У выніку канфлікты ў фільме здаюцца абсалютна надуманымі, у духу сацрэалізму, а гульня актораў непераканаўчай. Цёзка сваёй гераіні актрыса Йохана Вакалек хутка надакучвае аднастайным пакутніцкім выразам твару. З усіх выканаўцаў варта адзначыць вышэйзгаданага Гудмэна — яго Папа калі і не падобны на кіраўніка хрысціянскага свету, то, па меншай меры, ўдае на жывога чалавека.

Ніхто не збіраецца, у тым ліку аўтар гэтых радкоў, адмаўляць полавае раўнапраўе. Парадаксальна, але аўтары «Іааны» раўнапраўя не прагнуць: адукаваныя жанчыны з фільма імкнуцца быць падобнымі на мужчынаў, таму гатовыя адмовіцца не толькі ад традыцыйных жаночых абавязкаў, але і ад жаночага аблічча ў цэлым. Маніякальнае імкненне выглядаць як мужчына папахвае пэўнымі комплексамі. Адукаваная гераіня «Іааны» апраналася ў мужчынскую вопратку і хавала менструацыі, каб выжыць сярод сярэднявечных варвараў, але ствараецца ўражанне, што аўтары карціны мелі на ўвазе нешта зусім іншае, тое, што да барацьбы за раўнапраўе не мае ніякага дачынення.

Даваць кухталёў Ватыкану і хрысціянству ў цэлым у сусветным кіно цяпер ня тое што модна, а нават прэстыжна. Яшчэ не паспела забыцца гісторыя з «Кодам да Вінчы» і «Анёламі і дэманамі», дзе Ватыкан паўстае перад шырокім спажыўцом масавага кінапрадукта ў вобразе злачыннай арганізацыі. Для публікі трошкі разумнейшай нядаўна выпусцілі нудную «Агару» Алехандра Аменабара, дзе галоўная гераіня, як і ў «Іаане», адукаваная жанчына, супрацьстаіць натоўпу грубых мужланаў-хрысціянаў. Не хацелася б выглядаць прыхільнікам тэорыі сусветнай змовы, але на тле сюжэтаў пра святароў-педафілаў «Жанчына на папскім троне» глядзіцца як яшчэ адна антыцаркоўная агітка. Даволі прымітыўная, але, як ні дзіўна, здольная прамываць мазгі. Праўда, у тое, што жанчына магла апынуцца на папскім троне пасля прагляду ўсё роўна не верыш.

kinopark.by