Праўладная “Белая Русь” і “апазіцыйная” ЛДПБ сышліся 4 чэрвеня на пляцоўцы для міні-футбола ў Мінску. Выбар саперніка намеснік старшыні гэтага грамадскага аб’яднання, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі тлумачыць проста – структуры маюць шмат агульнага. І не толькі ў пытаннях “прапаганды здаровага ладу жыцця”.

Віктар Гумінскі: “Скажу проста: усё, што накіравана на стварэнне ў нашай краіне, і Ліберальна-дэмакратычнай партыі гэта тычыцца, мы гэта падтрымліваем. Бо мы – за стварэнне, наша грамадскае аб’яднанне”.

“Капітан” прызнаецца, што не з кожным “Белая Русь” пагодзіцца іграць у футбол. З тымі ж “бэнээфаўцамі” ці “някляеўцамі” на адным полі бегаць не стануць. Нават дзеля такой мэты, каб сумесна змагацца за здароўе нацыі.

Віктар Гумінскі: “З усімі канструктыўнымі структурамі, гатовымі да стварэння, мы гатовыя іграць. Але тое, што вы называеце – гэта далёка не канструктыўныя структуры. І я магу па гэтым пытанні з кім заўгодна паспрачацца”.

Сяргей Гайдукевіч у адказ на пытанне Еўрарадыё наконт “канструктыўных адносінаў па іншых пытаннях з “Белай Руссю” горда ўсміхаецца.

Сяргей Гайдукевіч: “Белай Русі” прыемна, што мы маем хаця б адну важную платформу, па якой я гатовы з імі размаўляць – абарона суверэнітэту краіны! Усё”.Ну, а яшчэ можна іграць у футбол. Але не больш за тое, запэўнівае Гайдукевіч. Сумесны матч не сведчыць, што дзве структуры аб’яднаюцца для вядзення, да прыкладу, сумеснай кампаніі падчас мясцовых выбараў.

Футбольны матч арганізаваны быў па усіх правілах: на ўваходзе – АМАП і столік з “дэгустацыйнымі” ёгуртамі, непадалёк – аўтазак, ля трыбун – бутэлькі з бясплатнай пітной вадой, на трыбунах – “заўзятары” па адмысловых запрашальніках у “карпаратыўных” майках, куртках, кепках ды з іншай сімволікай, дзяўчаты-забаўніцы ў кароткіх сукенках.Вось толькі запрашальнікі, скардзіцца Гайдукевіч, падзялілі не па-таварыску.

Сяргей Гайдукевіч: “Далі толькі 200 запрашальнікаў. Далі б 1 тысячу – прыйшла тысяча патрымаць сваіх. Хай будзе 200 – у іх больш”.

Еўрарадыё: “А чаму так – вы ж ініцыятары матчу?”

Сяргей Гайдукевіч: “Ну, вось так… Мы пагадзіліся”.

Першы тайм з лікам 2:1 выйграла каманда “Белай Русі”. Больш гэтага футбола журналіст Еўрарадыё не вытрымаў.Ну, а канчатковы лік 5:2. На чыю карысць, вы зразумелі…