Лілія Плыгаўка, Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспекты. — Vilniaus pedagoginis universitetas, 2009. – 340 p. ISBN 978-9955-20-431-2

 

Цікавыя зьвесткі з манаграфіі (2001 год):

Колькасьць беларусаў у Летуве (2001): 42 866 (1,23% ад агульнай колькасьці жыхароў)

Колькасьць беларусаў у Вільні: 21 484 (4,1 % ад усяго насельніцтва)

Колькасьць беларусаў, якія размаўляюць

на беларускай мове: 14 603 з 42 866;

 колькасьць беларусаў, якія размаўляюць на расейскай мове: 22 386 з 42 866;

колькасьць беларусаў, якія размаўляюць на летувіскай мове: 1 622;

на польскай2 494.

Інфармацыя за 2011 год:

Колькасьць беларусаў у Летуве: 33.600 або 1%[1].
Колькасьць беларускіх школаў у Летуве: 1 (138 вучняў).

Манаграфія Ліліі Плыгаўкі, дырэктаркі Цэнтру беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прысьвечаная беларускай мове Летувы, аднаму з рэдкіх рэгіёнаў па-за межамі Беларусі, дзе беларуская мова мае даўгую гісторыю і традыцыю (як вусную, так і пісьмовую). Па сутнасьці, гэта адна з калысак традыцыі афіцыйнай, дзяржаўнай беларускай мовы. У сваёй працы аўтарка, мовазнаўца якраз разважае пра тое, як з багатага ўчора беларуская мова паступова, а часам гвалтоўна ў выніку палітыкі дэбеларусізацыі з боку розных уладаў, падыйшла да стадыі страты ўплыву і да тэндэнцыі выміраньня ў сучаснай Летуве. Мэта дасьледваньня палягала ў тым, каб ахапіць і прааналізаваць сацыякультурную і лінгвістычную дынаміку разьвіцьця беларускай мовы ў Летуве. То бок, прапанаваць чытачам аналіз разьвіцьця мовы з улікам сацыяльнай, культурнай, нацыянальнай і моўнай кампанэнтаў палітыкі на працягу, як мінімум, апошняга стагодзьдзя. Праўда, як бачна з назвы манаграфіі, акцэнт зроблены хутчэй на сацыялінгвістычным аспэкце, чыньнікі нацыянальны і нацыяналістычны, а таксама рэлігійны, натуральна, у такога кшталту акадэмічнай працы ўсяляк змінімізаваныя.

Праца аўтаркі вельмі сьцятая, тэарэтызаваная з улікам полікультурнасьці і полілінгвізму рэгіёну, а таксама багата і цікава аздобленая прыкладамі ўжываньня мовы як літаратурнага, так і дыялектнага кшталту ў кантэксьце, адарваным ад гістарычнага і моўнага цэнтру – Беларусі.

Аўтарка слушна тэарэтэзуе  развагі аб разьвіцьці беларускай мовы ў Летуве праз такія катэгорыі, як білінгвізм (полілінгвізм), інтэрфэрэнцыя, канвэргенцыя і запазычаньне. Як мовазнаўка, яна не дазваляе сабе такіх ацэнак і рэмарак, як “заняпад”, “згуба” ці “выміраньне мовы”, усьлед за дасьледнікам В. Пазьняковым яна цьвяроза кажа пра “выцісканьне культуры і мовы”, “раздрабленьне этнанацыянальнага субстрату”, “замкнутасьць”, “фрагмэнтацыю”, а затым і “зьнікненьне мовы і культуры”. Натуральна, дадзеныя зьявы не адбываюцца за дзесяць год, на ўсё йдуць стагодзьдзі, але ж дынаміка разьвіцьця беларускай мовы ў Летуве ў цэлым ахопленая слушна. І хоць у працы, праз далікатнасьць і дыпляматычнасьць, не пазначаецца таго, што гістарычная радзіма, мэтрапольная Беларусь амаль ніяк не дапамагала, не спрыяла (і не спрыяе!) захаваньню пазыцыяў беларускай мовы ў Летуве, пакінуўшы дыяспару самастойна вырашаць шматлікія праблемы, гэта ўсё ж–такі часам чытаецца скрозь радкі. Бо ў сучаснай Летуве, як частцы ЭЗ, нацыянальныя і моўныя мяньшыні маюць значныя магчымасьці разьвіваць свае школкі, друк. Але беларусы Летувы амаль пазбаўленыя падтрымкі з мэтраполіі, а галоўнае пазбаўленыя прыкладу і натхненьня ў разьвіцьці і захаваньні мовы. Мясцовыя дыяспарныя арганізацыі, суполкі (Згуртаваньне беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, Таварыства беларускай культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віленскага раёна) на тле агульнага дэмаграфічнага згасаньня ўжо ня ў сілах зьмяніць сытуацыі і надаць дынаміцы станоўчай і тым больш адраджэнскай тэндэнцыі.

Зразумела, у аналізе мовазнаўка не магла абыйсьці тэму балта-славянскіх лінгвістычных кантактаў. Яна прааналізавала ўсе мовазнаўчыя дасьледваньні тэмы, пачынаючы з працаў Я. Карскага і завяршаючы працамі Э. Смулковай, П. Сцяцько, Ю. Гурскай і іншых сучасных дасьледнікаў і дасьледніцаў. Цікава, што акрамя моцнага балцкага ўплыву на беларускую мову ў працы разглядаецца маргінальная тэма ўплыву беларускай мову на летувіскія гаворкі, у прыватнасьці, тэма беларусізмаў у летувіскай мове. На жаль, аўтарка манаграфіі не аздобіла тэарэтычную частку прыкладамі гэтых гістарычных беларусізмаў у летувіскай мове. Малаабазнаным у пытаньні, але кур’ёзным асобам было б цікава даведацца, напрыклад, што многія словы ў цяперашняй летувіскай мове маюць беларускае паходжаньне: anykas – унук, baravikas – баравік, blinas – блін, botгgas – батог, cesnykas – часнок, часнык, duda – дуда, grybas – грыб, kisilius — кісель, krupos – крупы, miestas – ст. бел. места азначаў горад, norgas – нарог, slyvа – сліва, visniа – вішня, telyjа – цялё, цяля і інш. Прыгэтым спадарыня Плыгаўка пазначае сучасны ўплыў беларускай мовы на маўленьне летувісамоўных і расейскамоўных  жыхароў Летувы: так, напырклад, словы дранікі, крупнік актыўна ўжываюцца сучаснымі небеларусамоўнымі жыхарамі. Таксама аўтарка  канстатуе, што на літоўскім памежжы з Віцебскай вобласьцю (Даўгялішкі, напрыклад) мясцовыя летувісы ўжываюць значную колькасьць беларускай лексыкі (зацірка – zaci’rka, бацьвіньне – batvi’niai, панядзелак – paldienikas, аўторак – uta’rnikas і іншыя).

На маю думку, асабліва цікавай для чытачоў-немовазнаўцаў зьяўляецца больш практычная частка дасьледваньня – асаблівасьць беларускай мовы Летувы і пэрспэктывы ейнага разьвіцьця.

Беларуская мова ў сучаснай Летуве мае два ўзроўні: па-першае, беларуская літаратурная мова, а, па-другое, беларускія дыялекты. Калі на літаратурнай мове размаўляюць тыя, хто навучаўся ў беларускіх школках ці клясах, або прыезжыя з мэтраполіі беларусы, то на дыялектах размаўляюць аўтахтонныя беларусы Летувы. Гэтыя апошнія жывуць ці жылі цэлымі масывамі летувіскай тэрыторыі, што прымыкаюць да Беларусі. Аўтарка абапіраецца ня толькі на дасьледваньні Я. Карскага, але і сучасныя палявыя дасьледваньні этнографа М. Савіча, які вызначыў наступныя арэалы распаўсюджаньня беларускіх дыялектаў Летувы: Салечніцкі раён Віленшчыны і поўдзень раёну Эйшышак. Цікава адзначыць, што пад уплывам мясцовага касьцёлу часьцяком беларуская мова памылкова азначаецца як польская мова. Іншы цікавы момант дасьледваньня спадарыні Плыгаўкі – гэта выяўленьне польскага ўплыву на беларускамоўных камунікантаў з правінцыі і, наадварот, уплыву расейскай мовы на мову гараджанаў-беларусаў і носьбітаў беларускай унармаванай мовы. Аўтарка тлумачыць такія ўплывы тым, што на правінцыйных беларусаў паўплываў касьцёл і ягоныя стэрэатыпы, а на беларусаў-гараджанаў, у асноўным выхадцаў з Беларусі паўплывала расейская мова, якая мае моцныя пазыцыі ў Беларусі.

Іншым важным і моцным момантам працы зьяўляецца фіксаваньне і апісаньне сярод немалодага пакаленьня беларусаў лексыкі дарэформеннай беларускай мовы – тарашкевіцы (напрыклад, мэтраполія, клясык, плян, мэлёдыя, опэра і г.д.). Гэта досыць актыўная і разьвітая лексыка сьведчыць аб альтэрнатыўным разьвіцьці беларускай мовы, аб чым часта забываюць у самой Беларусі, дзе збольшага ў сьвятле дамінаваньня расейскай мовы досыць скептычна ставяцца да клясычнага правапісу і, дзе амаль цалкам забыты гэты альтэрнатыўны моўны рэсурс.

Ці не ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве ў працы спадарыні Плыгаўкі сабрадзеныя асноўныя асаблівасьці беларускай мовы Летувы:

  1. Фанэтычныя: з аднаго боку, моцны ўплыў дарэформеннай беларускай мовы, а, з другога, акцэнталягічны ўплыў польскай мовы.
  2. Лексыка-сэмантычныя: ужываньне словаў з г.зв. тарашкевіцы, а таксама з дыялетнай мовы, наяўнасьць пэўнай колькасьці летувізмаў у мясцовай беларускай мове (апілінка ад летувіскага apylinké – сельсавет, нуолайда ад летувіскага nuolaida – зьніжка, зьніжкі ў краме і г.д.).
  3. Марфалягічныя: у асноўным развмова йдзе пра марфалягічныя асаблівасьці дарэформеннага беларускага правапісу (адна з праблемаў, партыяў, крыніцаў і г.д.); канчаткі –ох (ёх): у 20-ых гадох, па сьлядох і пад.
  4. Сынтаксычныя: беларускамоўныя Летувы ў сваім маўленьні часта ўжываюць вельмі архаічную для сучаснай беларускай мовы форму прошлага часу (былі пайшоўшы, былі вывязшы, быў купіўшы, бый ішоўшы і пад.) Таксама ў беларускую  мову Летувы ўкропліваюцца пэўныя сынтаксычныя балтызмы (шукаць свае дзеці, прыехаць за лесьніка, напрыклад).

Грунтоўная, хоць і досыць сьцятая, і клясычная праца дасьледніцы беларускай мовы Летувы, усебакова ахоплівае зьявы, якія зьведала і зьведвае мова ў кантакце з летувіскай, польскай і расейскай мовамі, на якіх актыўна гаворыць летувіскі люд.

І ўсё ж-такі нечым праца нагадвае рэквіем па згубленай мове, па страчаных магчымасьцях, па мове, якую губляе калісьці полікультурная і полімоўная Летува, якая бязупынку ператвараецца ў монамоўную і монакультурную краіну.


[1] http://www.svaboda.org/content/article/24268276.html

* Загаловак рэдакцыі arche.by