(зацемкі з прэзэнтацыі эсэ «Аб фэмінізацыі беларускай мовы» і дэбатаў вакол тэмы фэмінітываў у беларускай і ўкраінскай мовах у Кіеве, 24.12.12.)

 

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!

Ф. Багушэвіч (1891)

Не пакідайце мову сваю без дагляду.

Дж. Фішман (2006)

Вельмі сьціпла распачатая ў Вільні, прэзэнтацыя эсэ “Аб фэмінізацыі беларускай мовы” з новым імпульсам на першыя калядкі працягнулася ў Кіеве. Дзякуючы актыўнасьці і зацікаўленасьці кіеўскай гендарысткі і сацыялягіцы Тамары Марцэнюк з Магілянкі і ўдзелу львоўскай мовазнаўкі Алены Сынчак, прэзэнтацыя ператварылася ў крытычную і шматдысцыплінарную актуалізацыю і дэбаты вакол тэмы фэмінітываў ва ўкраінскай і беларускай мовах. Сустрэча адбылася пры падтрымцы ўкраінскага выдавецтва “Смолоскип”, якое было створанае ў эміграцыі ў ЗША, каб выдаваць дысыдэнцкую і праваабарончую літаратуру. Яно вярнулася ва Ўкраіну, як толькі краіна стала незалежнай.

Да сяньня выдавецтва і кнігарня застаецца альтэрнатыўнай плятформай, ладзіць сустрэчы, імпрэзы, якія па розных прычынах ня могуць адбыцца ў іншых месцах. З ласкавай згоды выдавецтва заарганізавала і нашую фэмінісцкую стрэчу і дэбаты. Нарэшце, на стрэчы прысутнічаў беларускі выдавец Ігар Іваноў, які стварыў у Злучаным Каралеўстве падобнае да ўкраінскага выдавецтва belarusians.co.uk, якое таксама спрабуе прасоўваць і выдаваць кнігі, якія ня могуць зьявіцца ў Беларусі.  У прэзэнтацыі тэмы фэмінітываў ва ўкраінскай і беларускай мовах прынялі ўдзел Алена Сынчак (Олена Синчак), украінская мовазнаўка, выкладніца Львоўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту і Ўладзіслаў Гарбацкі, беларускі палітоляг, этноляг, выкладнік палітычнай навукі (ЭГУ, Вільня). Мадэравала выступы і дэбаты Тамара Марцэнюк (Тамара Марценюк), украінская сацыялягіца, выкладніца Магілянкі, мадэратарка дэбатаў.

Перадусім цікава было канстатаваць адсутнасьць ці разарванасьць сучасных моўных і фэмінісцкіх сувязяў паміж беларускімі і ўкраінскімі мовазнаўцамі і фэміністкамі, фэміністамі: беларускія дасьледваньні ў дадзеным пытаньні амаль цалкам ігнаруюць украінскія мовазнаўчныя параўначыя напрацоўкі, прыгэтым украінскія дасьледваньні цалкам ігнаруюць беларускі вэктар, беларускую моўную практыку. Украінскім лінгвісткам і фэміністкам куды лепш вядомая праблематыка фэмінітываў у славацкай, чэскай, харвацкай, польскай ці славенскай мовах, чымся ў беларускай. Ды і беларускія лінгвісты мала ведаюць і цікавяцца ўкраінскімі лінгвістычнымі тэорыямі і практыкай, цалкам прысьвяціўшы сябе параўнаньню беларускай мовы з польскай і/ці расейскай мовамі. Насамрэч, у пытаньні фэмінізацыі назваў пасадаў беларуская мова куды бліжэй і радней да ўкраінскай мовы – як у гістарычнай, так і цяперашнім вымярэньні – чымся да расейскай ці польскай. Так, асноўная мадэль фэмінізацыі назваў пасадаў з дапамогаю суфіксу –к – аднолькавая ў нашых мовах. Таму стрэча і дэбаты ў Кіеве сталіся прыемным і карысным адкрыцьцём і абменам ведамі, досьведамі. Мажліва, новым, маладым генэрацыям беларускіх і ўкраінскіх навукоўцаў удасца пазьбегнуць канфліктнасьці што датычыць старабеларускай і стараўкраінскай моўнай спадчыны. Мяркую, стрэча і шматдысцыплінарны падыход да выбуховай і рэдкай тэмы ў Кіеве якраз прадэманстраваў адкрытасьць і ідэалягічную безінтэрысоўнасьць спэцыялістаў з Украіны і Беларусі.

Алена Сынчак, якая прэзэнтавала прысутным выступ на тэму «Фемінітиви в українській мові: між соціальним замовленням і мовним плануванням», прапанавала разглядаць пытаньне фэмінітываў, як рэсурс мовы, які можна плянаваць, мяняць, то бок успрымаць і аналізаваць у рэчышчы звычайнага моўнага плянаваньня. Спаслаўшыся на самым пачатку на працу амэрыканскага сацыялінгвіста Джошуа Фішмана “Do Not Leave Your Language Alone: The Hidden Status Agendas Within Corpus Planning in Language Policy”, даступную між іншым па-ўкраінску “Не кидайце сваю мову напризволяще”, дасьледніца канстатавала, што ў сучаснай Украіне не існуе ніякага моўнага плянаваньня. Ня толькі фэмінітывы пакінутыя без дагляду, але і мова цалкам застаецца па-за ўвагай і пільнатой спэцыялістаў, слоўнікі не рэвізуюцца, у іх не інтэгруюцца новыя словы, не дадаюцца зьмены. Не зважаючы на тое, што ўкраінская мова застаецца адзінай дзяржаўнай мовай, насамрэч, яна ня стала зброяй і каштоўнасьцю пераважна расейскамоўных  элітаў.

Надзвычай цікава разгледзіць назву і пасыл працы амэрыканскага сацыялінгвіста праз беларускую прызму. Нешта падобнае, хаця, канечне, у іншым гістарычным і сацыяльным кантэксьце, было сказана ў нас нашым клясыкам – Францішкам Багушэвічам. Ягонае вядомае выказваньне “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!” вельмі блізкае да пасланьня Джошуа Фішмана. Канечне, Багушэвічава засьцярога можа падацца рамантычнай і нават эсэнсэалісцкай, але гэта толькі так падаецца з-за ейных рамантызму і эмацыянальнасьці. Бо цалкам магчыма ўспрымаць ягоную засьцярогу ў рэчышчы простага закліку да ўжываньня мовы, да яе спрычыненьня да рэальнага, сацыяльнага. Гэтае “каб ня ўмёрлі!” можна трактаваць на сучасны капыл, як занядбаньне мовы, бо, зразумела на іншых прыкладах, што народ не памірае, калі зьнікае мова. Бо ня зьніклі пакуль ані брэтонцы, ані эльзасцы, ані ханты, ані мардоўцы, ані каталёнцы, ані нават тыя правансальцы. Сумна, але відавочна: часам народ жыве і бяз мовы, без сваёй мовы.“Каб ня ўмёрлі!” можа азначаць простае “каб ня згубілі, ані асымялявалі мову ў іншую, больш пасьпяховую ці дамінантную”.

Алена Сынчак усьлед за амэрыканскім сацыялінгвістам цьвердзіць, што абавязкова варта прадпрымаць нейкія захады ў дачыненьні да мовы – якія менавіта – гэта ўжо вырашаць уладным элітам, але галоўнае – не пакідаць мову без дагляду. Калі часам эліты, пісьменьнікі і пісьменьніцы рэфармуюць мову штучна, радыкальна, то прыгэтым варта ўлічваць напрацоўкі, рэсурсы, якія ўжо прысутнічаюць у мове. Да такіх прысутных належыць і фэмінізацыя мовы – у той ці іншай ступені  распрацаванай і задзейнічанай у беларускай ды ўкраінскай мовах. Таму ўсьлед за нашым клясыкам, працягваючы так бы мовіць сацыяльную і канструктывісцкую лёгіку, можна сказаць наступнае: “Фэмінізуйце мову, каб ня ўмёрлі!” Каб не згубіць цікавы, непаўторны рэсурс, каб не стала наша мова клёнам мовы расейскай.

Іншым цікавым момантам выступу ўкраінскай мовазнаўкі можна лічыць багатае параўнаньне жаночых агентываў украінскай мовы з агентывамі ў чэскай, славацкай, славенскай ды харвацкай мовах. Тут паўднёва- і заходнеславянскія мовы больш прынцыповыя ў пытаньні гендарнай роўнасьці ў мове, бо праз палітычнае яны ўвялі амаль поўную і сымэтрычную роўнасьць рэпрэзэнтацыі агентываў. То бок не пакінулі мову без дагляду. Прыгэтым львоўская дасьледніца ня сьлепа і стэрыльна займаецца тэмай фэмінітываў, бо зразумела, што змаганьне за жаночыя агентывы аўтаматычна не вырашае глябальнай гендарнай роўнасьці і цалкам не вынішчае моўных сэксызмаў. Тым ня менш, сымбалічныя, пакрокавыя зьмяненьні і замацаваньні могуць замацаваць і фэмінісцкія пэрспэктывы ў навуцы, у мовазнаўстве, напрыклад.

Нарэшце, варта прыгадаць крытычныя і цікавыя артыкулы маладой дасьледніцы і лінгвісткі – у прыватнасьці, ейны сьмелы і аналітычны артыкул “Як мова вбіває експерток”, дзе аўтарка паказвае, як адначасова (зрусіфікаваны) і змаскулінізаваны варыянт мовы з мінімальнай і пераважна стэрэатыпізаванай колькасьцю фэмінітываў ігнаруе і вынішчае экспэртак, спэцыялістак, па-просту блякуе прафэсійнае, эканамічнае прасоўваньне і ўзбагачэньне жанчынаў. Прымітыўна кажучы, няма слова, назвы –няма пасады, а значыць няма і грошаў, ці прычыны плаціць такія ж самыя грошы кабетам, што плацяцца мужчынам. Аналіз украінскай дасьледніцы цалкам слушны і ў беларускім кантэксьце, толькі тут ён дапаўняецца ня толькі гендарным начыньнем, але і нацыяналным: бо змаскулінізаваны і зрусіфікаваны варыянт беларускай мовы вынішчае ня толькі экспэртак і спэцыялістак, але… і беларусаў, беларусак. Бо зачастую беларусам прапануецца ня толькі гендарна зьлегчаная мова, але і нацыянальна, дыялектна зьлегчаная мова – нам па-просту прапануецца нейкі субстрат расейскай мовы ці зкалянізаваная беларуская мова, пазбаўленая аўтэнтычных рысаў, між іншым і фэмінізацыі назваў пасадаў, званьняў. Гэтая пэрспэктыва цалкам апраўдваецца і выразьней вымалёўваецца праз прызму правапісных дэбатаў паміж прыхільнікамі наркамаўкі і тарашкевіцы, напрыклад. Такім парадкам, гендарны падыход да мовы агольвае ня толькі сацыяльныя перакруты ў грамадзтве, але і нацыянальныя, моўныя, дапамагае раскрыць  посткаляніяльную практыку ў нашых грамадзтвах.

Падчас дэбатаў выразна стала зразумелым тое, што ўкраінскія лінгвісткі і лінгівісты, фэміністкі і фэміністы амаль ніколі не бяруць пад увагу ўплыву чыньніка расейскай мовы на блякаваньне ці гальмаваньне пытаньня фэмінітываў. У асноўным перашкодаю для іх зьяўляецца мясцовы кансэрватызм, мясцовыя антыфэмінісцкія памкненьні з часінаў казацтва. Менавіта гэтая прычына была агучаная як выступоўкамі, так і прысутнымі падчас дэбатаў. Канечне, у Беларусі мы таксама ня можам пахваліцца адкрытасьцю і дэмакратычнасьцю, але ж не кансэрватызм, на маю думку,  зьяўляецца першаснай праблемай і перашкодаю на шляху да актыўнай фэмінізацыі мовы. Менавіта ўплыў расейскай мовы ў мінулым і сучасным абумоўлівае немагчымасьць беларусізацыі і актывацыі такога рэсурса, як фэмінізацыя мовы. Менавіта расейская мова ў галавах бальшыні беларусаў і беларусак, у тым ліку мовазнаўцаў, фэміністаў і фэміністак не дазваляе шырэй і актыўней ужываць жаночыя агентывы.

Зрэшты, ня толькі беларускі бок адкрыў для сябе новае. Украінскія дасьледніцы зацікавіліся этналягічным і эстэтычным вымярэньнем аналізу фэмінізацыі мовы, бо традыцыйна ўкраінская гендарная лінгвістыка ігнаруе дадзеныя кірункі. Этналягічныя экспэдыцыі, а таксама аналіз літаратурных твораў, прадпрынятыя і актыўна задзейнічаныя ў беларускім дасьледваньні, прыўносяць ня толькі цікавыя прыклады фэмінітываў, але і, шырэй гледзячы, легітымізуюць тэму фэмінізацыі, надаюць ёй большай навуковай, сацыяльнай і эстэтычнай абгрунтаванасьці.

У дадатак, фэмінісцкія дасьледнікі і дасьледніцы вытрымалі балянс і не праігнаравалі іншай, моцна зьвязанай з фэмінізацыяй мовы, тэмы  маскулінізацыі пэўнай часткі агентываў. Бо гендарная роўнасьць, фэмінісцкія патрабаваньні падразумяваюць  двухбаковы рух – інтарэсы, уяўленьні і апісаньні як жанчынаў, так і мужчынаў. Таму нароўні з фэмінітывамі ў дэбатах абмяркоўваліся варыянты маскулінізацыі пэўнай катэгорыі словаў, якія звычайна ня маюць адпаведнікаў у кансэрватыўным грамадзтве: хатні гаспадар, павітун/павітух, прыбіралец/прыбіральнік, балерон/балерун, выхавацель, мадыст, пакаёўнік і г.д.

Наагул, дэбаты ў Кіеве адбыліся ў лінгвістычна-сацыялягічным рэчышчы, што было абумоўлена пераважна прысутнасьцю мовазнаўцаў, мовазнавак і сацыялягіцаў. Толькі адзін прысутны – супольнік часопісу “Критика” – досыць крытычна паставіўся да галоўнага пасланьня – мяняць, рэфармаваць і фэмінізаваць мову. Зразумела, акрамя гэтага падыходу існуюць іншыя – не чапаць мову, напрыклад, бо яна “сьвятая”, “богам дадзеная” і пад. Але ж і тыя, хто лічыць так, мусяць разумець, што і ў “богам-дадзенай-мове” заўсёды прысутнічалі фэмінітывы няхай у мізэрнай колькасьці (Алена Сынчак палічыла, напрыклад, што ў нашых мовах у “Лексыконе” Лаўрэнтыя Зізанія (1596) налічвалася 7 фэмінітываў, а сяньня іх больш за 3000!). То бок, мова радыкальна зьмянілася з таго нібы залатога і патрыярхатнага часу і працягвае імкліва мяняцца пад нашым даглядам і з нашым штохвілінным удзелам у ёй.

Няма сумневу, нашыя грамадзтва йдуць па тым самым шляху, што і нашыя заходнія суседзі і суседкі. Гэта шлях максымальнай роўнасьці, спачатку сымбалічнай, уяўнай, а потым і рэальнай. Ці не зьяўляецца сам факт натуральнай фэмінізацыі нашых моваў той важнай адзнакай нашай прыналежнасьці да заходняй культуры і дэмакратыі, ад якіх нас бязупынку адцягвае нашая ўсходняя, малаўпэўненая ў сваіх паходжаньні і прыналежнасьці, суседка?


Чытайце таксама: Прабуджаць мову з патрыярхатнага сну