У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася прэзентацыя каталога “Рукапісы татараў Беларусі канца XVII – пачатку XX ст. з дзяржаўных кнігазбораў краіны”, што выйшаў у “Выдавецкім доме “Беларуская навука”.

Па рэдакцыйных заданнях часта даводзіцца бываць на шматлікіх прэзентацыях, арганізаваных у музеях, кнігарнях, бібліятэках. Часцей за ўсё яны арганізаваны слаба, таму справаздачы з іх я на блог не выкладваю. Але бываюць і шчаслівыя выключэнні. Адным з іх стала мерапрыемства ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы, дзе прысутным расказалі пра каталог “Рукапісы татараў Беларусі канца XVII – пачатку XX ст….»

Кніжная культура татараў-мусульман Беларусі без перабольшвання ўнікальная з’ява. Прадстаўнікі гэтай нацыянальнасці пачалі перасяляцца на беларускія землі з XIV ст. Як мяркуюць навукоўцы, ўжо ў XVI ст. беларуская мова стала для іх роднай. Каб зберагчы на новай радзіме ісламскую рэлігію, татары пераклалі на беларускую і польскую мовы свае рэлігійныя кнігі, карыстаючыся пры гэтым арабскім алфавітам, свяшчэнным для мусульман.

Рукапісы татар Беларусі атрымаліся шматмоўнымі: у іх змяшчаліся тэксты на арабскай, цюркскай, беларускай і польскай мовах, усе яны былі напісаны арабскімі літарамі. На жаль, такіх рукапісных кніг засталося вельмі мала, усяго ў свеце – некалькі сотняў. У дзяржаўных калекцыях Беларусі знаходзіцца 50 асобнікаў. Вынікам шматгадовай працы супрацоўнікаў ЦНБ НАН Беларусі па іх вывучэнню стаўкаталог (па гэтай спасылцы можна паглядзець змест – Д. М.), прэзентаваны чытачам.

Складальнікі выдання Мікалай Тарэлка, малодшы навуковы супрацоўнік адддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, і Алена Цітавец, загадчык сектарам кнігазнаўства аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ, працавалі з рукапісамі, якія захоўваюцца ў фондах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, БДУ культуры і мастацтваў, музеі гісторыі рэлігіі (у Гродна) і Клецкім краязнаўчым музеі.

Цікава, што на шэрагу з іх сустракаюцца імёны перапісчыкаў, уладальнікаў, але даволі рэдка – саміх перакладчыкаў. Адным з нешматлікіх выключэнняў стаў самы даўні рукапіс калекцыі, “Тэфсір”, які датуецца 1686 годам. На ім пазначана імя Ур’яша ібн Ісмаіла, імама мусульман Мінска.

З нагоды імпрэзы ў памяшканні бібліятэкі была арганізавана выстаўка “Рукапісы татараў Беларусі канца XVII – пачатку XX ст. з фондаў ЦНБ НАН Беларусі”, на якой прадстаўлены 15 арабаграфічных рукапісных кніг канца XVII – пачатку XX ст. Таксама наведвальнікі змаглі ўбачыць даследаванні айчынных і замежных навукоўцаў пра татарскую кніжнасць: пачынаючы ад працы першаадкрывальніка пісьменства татараў, ураджэнца Беларусі, прафесара ўсходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта Антона Мухлінскага “Zdanie sprawy o Tatarach litewskich…” і заканчваючы публікацыямі сучасных навукоўцаў. Для тых сяброў бібліятэкі, якія не змаглі прыняць у прэзентацыі асабісты ўдзел, установа падрыхтавала калядны падарунак: віртуальную прэзентацыю, з якой можна пазнаёміцца на яе сайце.

Дарэчы, літаральна за некалькі дзён да здачы каталога ў друкарню навукоўцы давядаліся пра існаванне яшчэ двух рукапісаў, якія знаходзяцца ў Мядзельскім раённым музее. Апісаць іх ужо не паспелі. Магчыма, адклалі да перавыдання?

Рукапісы не гараць!// Літаратура і мастацтва. 2012. 6 студзеня. № 1. С. 15.