Ініцыятыўная група “Крок насустрач” запрашае да ўдзелу ў інтэрактыўным семінары маладых людзей ад 16 да 30 гадоў, якія цікавяцца журналістыкай. Семінар адбудзецца ў Гродне 3-4 лістапада.

Удзельнікі мерапрыемства не толькі атрымаюць асноўныя веды і навыкі, якія неабходны пачынаючаму журналісту, але таксама навучацца карэктна асвятляць “тэму інваліднасці” ў СМІ.

Ганна Яшына, каардынатарка семінара: “Мы хочам не толькі навучыць маладых людзей асновам журналістыкі, але і паказаць, як пісаць пра інвалідаў без шаблонаў. Мы хочам па-іншаму, па-новаму зірнуць на праблему, расказаць, што пра інвалідаў трэба пісаць як пра звычайных людзей”.

Што такое журналістыка? Што такое СМІ і навошта яны патрэбныя людзям? З якіх элементаў будуецца артыкул? Як граматна напісаць навіну? Якія сакрэты напісання добрага інтэрв’ю? Гэтыя і іншыя пытанні плануецца разглядзець падчас першага блока інтэрактыўнага семінара “Сто падказак пачаткоўцу ці ўніверсальныя парады маладым журналістам”.

“Інваліднасць вачыма журналістаў” – другі блок адукацыйнага мерапрыемства. У яго ўключаюцца наступныя тэмы:

Як пісаць пра інваліднасць? Якая лексіка ў тэкой тэме будзе карэктнай? Стэрэатыпы грамадства ў дачыненні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі; Роля журналістаў у працэсе фарміравання і разбурэння падобных стэрэатыпаў; Якім павінна быць моладзевае выданне для людзей з абмежаваннямі?

Па сканчэнні семінара яго ўдзельнікі змогуць атрымаць досвед працы ў адкрытай рэдакцыі ўнікальнага інтэрнэт-выдання аб жыцці моладзі, у тым ліку і з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Заяўкі на ўдзел у семінары (запоўненую анкету) можна адпраўляць на email [email protected] да 1 лістапада. Іншагароднім удзельнікам пакрываюцца транспартныя выдаткі.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375 29 5877185 (Ганна).

Ілюстрацыя: малюнак Насты Марозавай з акцыі «Сацыяльныя арганізацыі Беларусі вачыма дзяцей»

t-styl.info