13 верасня а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах, падрыхтаванага Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Падрыхтоўка і выданне Збору твораў адбывалася з 1996 па 2012 год уключна. У тамах прадстаўлены: вершы і паэмы Максіма Танка, апавяданні, нарысы, фельетоны, нататкі, артыкулы, рэцэнзіі, выступленні, некралогі, «Лісткі календара» і дзённікі, пераклады, лісты. Упершыню ўведзены ў тамы шматлікія архіўныя дакументы з фонда Максіма Танка ў БДАМЛіМ і архіваў Польшчы, Літвы, Расіі. Упершыню ў гэтым выданні апублікаваны лісты Максіма Танка (за выключэннем асобных лістоў, якія былі раней прадстаўлены ў перыядычным друку), уведзены ў кніжнае выданне дзённікі, пераклады, артыкулы і выступленні.
На прэзентацыі выступяць знаныя даследчыкі творчасці Максіма Танка: А.Ліс, В.Рагойша, А.Верабей, Я.Гарадніцкі, дырэкцыя і загадчыкі кафедр Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы: А.Лукашанец, С.Гаранін, Т.Голуб, прадстаўнікі ВНУ і выдавецтваў: Т.Шамякіна, Г.Кісялёў і інш. Адбудзецца паказ слайдаў з гісторыі жыцця і творчасці Максіма Танка, прагучаць вершы і песні, напісаныя на творы паэта.
Каментары