Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі абвесьціла конкурс для журналістаў на тэму адносінаў ЭЗ зь Беларусьсю ў 2010 годзе.


Мэтай конкурсу зьяўляецца пашырэньне й падтрымка прафэсійнага асьвяшчэньня пытаньняў, зьвязаных з разьвіцьцём адносінаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.


Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: лепшы інфармацыйны матэрыял, лепшы аналітычны матэрыял ды лепшая фотапраца. Тры пераможцы па кожнай намінацыі будуць адзначаныя прызамі: ноўтбук — 1-е месца, абсталяваньне для фота- альбо відэаздымак — 2-е месца, лічбавы дыктафон — 3-яе месца.

 

Адзін аўтар можа падаць ня болей за адну працу ў адну намінацыю й ня болей трох працаў агулам. Аўдыё- і відэаматэрыялы прымаюцца на СD. Анлайн-публікацыі прадстаўляюцца ў раздрукаваным выглядзе з пазнакай прамой спасылкі на публікацыю ў інтэрнэце. Усе матэрыялы мусяць мець дату выхаду публікацыі й мусыць быць завераныя рэдакцыйнай пячаткай ды подпісам кіраўніка рэдакцыі. Аўтарам неабходна падаць кароткую інфармацыю аб сябе разам з кантактнымі дадзенымі.

 

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты беларускіх і замежных СМІ. На конкурс прымаюцца журналісцкія працы на беларускай альбо расейскай мовах, якія зьявіліся ў СМІ з 1 студзеня па 15 кастрычніка 2010 году ўключна.

 

Працы дасылайце па пошце заказным лістом з пазнакай «Конкурс журналістаў» на адрас: Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, вул. Энгельса 34А, будынак 2, Менск, 220030, Беларусь.

 

Апошні тэрмін падачы працаў: 15 кастрычніка 2010 г. (па паштоваму штэмпелю).

 

 e-lekcje.org паводле baj.by