ВЫДАВЕЦТВА “ГАЛІЯФЫ” І ГАЛЕРЭЯ “ПАДЗЕМКА” ЗАПРАШАЮЦЬ:

(г. Менск, НЕЗАЛЕЖНАСЦІ, 43)

23 верасня (чацвер), з 18.00 да 19.00

аўтограф-сэсія ад Арцёма КАВАЛЕЎСКАГА

Можна будзе атрымаць аўтограф ад літаратара. Гэтая другая сустрэча з новага сезону аўтограф-сэсіяў вядомых беларускіх творцаў, якія запланавала новая менская недзяржаўная кнігарня “ГАЛІЯФЫ”.

Арцём КАВАЛЕЎСКІ, паэт, перакладчык, журналіст.

У 2001 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 2004/2005 гг. навучаўся на факультэце паланістыкі Ягелонскага універсітэта (Кракаў, Польшча) у рамках стыпендыяльнай праграмы Ураду Польшчы для маладых навукоўцаў. У 2005 годзе скончыў аспірантуру БДУ. Працуе рэдактарам аддзела мастацкай літаратуры ў часопісе «Бярозка» і выкладчыкам на кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ, займаецца даследаваннем праблемаў інтэрпрэтацыі і аналізу сучаснай паэзіі. Жыве ў Мінску.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Пачынаючы з 1996 г. рэгулярна публікаваў свае творы ў літаратурных выданнях Беларусі («Першацвет», «Маладосць», «Беларусь», «Літаратура і мастацтва» etc.). Мае досвед працы рэдактара і сцэнарыста дакументальнага кіно.

Аўтар вершаў да зборніка літаратурна-мастацкіх паштовак «Горад. Шпацыр. Словы», 2001, кніг «АдмыСЛОВЫя гульні», 2003 (паэзія), «Аддаленасць і Адданасць», 2008 (паэзія і лірычная проза) і «Мой сябра анёлак», 2010 (паэзія для дзяцей). Вершы з кнігі «Мой сябра анёлак» былі пакладзеныя на музыку Змітра Вайцюшкевіча і сталі асновай аднайменнага супольнага музычнага праекта з удзелам салістаў і музыкантаў з гуртоў «Дзеці дзяцей», «Босае сонца», «Маўзер», «Дыліжанс», «Серебряная свадьба», «RockFolk» etc.

Удзельнік нефармальнага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ», стваральнік і тэарэтык логафармізму, творчага метаду сучаснай візуальнай паэзіі. Займаецца літаратурным перакладам з польскай і рускай моваў, неаднаразова браў удзел у перакладчыцкіх майстэрнях і семінарах Міжнароднай гуманітарнай школы ў Варшаве. У 2000 г. атрымаў прэмію Саюзу беларускіх пісьменнікаў «Супервобраз XXI стагоддзя» за цыкл вершаў. У 2004 г. прадстаўляў Беларусь на Міжнародным літаратурным фестывалі «Vilenica» (Славенія).

Творы Арцёма Кавалеўскага перакладаліся на англійскую, нямецкую, шведскую, славенскую, польскую і літоўскую мовы.

zmij-vish.livejournal.com