Першы міжнародны музычна-спартыўны фестываль «Беларускія карані» пройдзе 6—8 жніўня ў Паланзе (Літва). Фестываль арганізаваны Беларускім цэнтрам турызму і аздараўлення ў Літве пры падтрымцы пасольства Беларусі ў гэтай краіне.

Паводле інфармацыі арганізатараў фестывалю, яго галоўнай задачай з’яўляецца знаёмства літоўцаў і жыхароў краін Еўрасаюза з сучаснай беларускай культурай, наладжванне культурных сувязяў паміж Літвой і Беларуссю, стварэнне станоўчага іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Стаць удзельнікам фестывалю ў Паланзе можа любы малады выканаўца ад 16 да 25 гадоў, у якога беларускія карані. У сувязі з тым, што фестываль праводзіцца ўпершыню, арганізатары абвясцілі аб адмене адборачнага туру. Для ўдзелу ў фестывалі дастаткова адправіць на адрас аргкамітэта дыск з уласнай песняй, а таксама відэазапіс выступлення ці сваю фатаграфію. Звязацца з арганізатарамі можна па тэлефонах, указаных на сайце Беларускага цэнтра спорту, турызму і аздараўлення ў Літве www.centr.lt.

Акрамя гэтага, арганізатары фестывалю заявілі, што ўсе выдаткі па пражыванні і харчаванні ўдзельнікаў «Беларускіх каранёў» у Паланзе яны бяруць на сябе. Бясплатную візавую падтрымку забяспечвае пасольства Літвы ў Беларусі.

Акрамя выступлення маладых выканаўцаў плануюцца канцэрты Ірыны Дарафеевай, Аляксандра Саладухі і Алены Варабей.

 

БелаПАН