Прэзентацыя кнігі Міколы Жыгоцкага “Якуб Колас і легендарны
дзед Талаш”. Адкрыццё выстаўкі да дня Перамогі
і 70-годдзя паэмы “Суд у лесе”
8 мая а 15 гадзіне, напярэдадні Дня Перамогі, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць творчую сустрэчу з Міколам Рыгоравічам Жыгоцкім, чалавекам, чыё дзяцінства супала з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Мікола Жыгоцкі — аўтар кніг пра Якуба Коласа, коласаўскія мясціны, коласаўскіх герояў, у прыватнасці, дзеда Талаша. Спадар Мікола звыш паўстагоддзя адпрацаваў у музеі Якуба Коласа, зрабіў каштоўны ўклад у развіццё коласазнаўства. Гэтым разам Мікола Рыгоравіч прэзентуе кнігу “Якуб Колас і легендарны дзед Талаш”. У кнізе разглядаецца жыццё і дзейнасць класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа і двойчы партызана Васіля Талаша (у аповесці пісьменніка «Дрыгва» дзед Талаш), аналізуецца публіцыстыка і паэзія песняра ваеннага часу. Выкарыстаны архіўныя дакументы, лісты, дапоўненыя аповедамі людзей, якія сустракаліся і ведалі народнага паэта Якуба Колса і партызана Васіля Ісаевіча ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства будуць беларускія пісьменнікі Алесь Савіцкі, Сяргей Чыгрын, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп, гісторык і журналіст Анатоль Валахановіч, дырэктар — галоўны рэдактар РВУ “Выдавецкі дом “Звязда” Алесь Карлюкевіч, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Міхась Пазнякоў, малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
Да 70-годдзя паэмы “Суд у лесе” падрыхтавана выстаўка з фондаў музея (рукапісы паэмы, кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа сябрам і знаёмым, розныя выданні паэмы).
Сардэчна запрашаем!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Каментары