У сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ладзяцца праекты, якія адлюстроўваюць не толькі падзеі Другой сусветнай. Так, цяпер ва ўстанове працуе выстаўка “1812 год. Вайна і мір”.

Гэты адметны праект быў створаны дзякуючы агульным намаганням музея і калекцыянераў Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева. Тэма вайны 1812-га актуальная не толькі таму, што сёлета мы згадваем яе 200-годдзе. Вайна з Напалеонам стала адной з самых разбуральных баталій, якія зведала наша зямля.

Трэба адзначыць і дабрачынны складнік выставачнага праекта. З кастрычніка мінулага года працягваецца сумесны праект Музея гісторыі Вялікай Айчыннай з Міжнародным дабрачынным фондам дапамогі дзецям «Шанц». Залы ўстановы сталі пляцоўкай для выставак работ шэрагу мастакоў-пачаткоўцаў, дызайнераў і калекцыянераў, а сродкі, сабраныя на іх, ужо дапамаглі многім цяжкахворым дзецям. Варта адзначыць, што гэтым разам усе атрыманыя сродкі ад продажу білетаў пойдуць на аднаўленне помнікаў Героям, месцам і падзеям вайны 1812 года.

У чым жа адметнасць экспазіцыі? Справа ў тым, што дзякуючы праекту беларусы ці не ўпершыню ўбачаць вайну 1812-га вачыма відавочцы: на выстаўцы прадстаўлена каля ста літаграфій па малюнках удзельніка напалеонаўскай арміі Хрысціяна Вільгельма Фабера дзю Фора. Аўтар прайшоў усю кампанію 1812 года ў чыне палкоўніка і адлюстраваў жанравыя бытавыя, батальныя сцэны сваіх войскаў, этнаграфічныя дэталі і многае іншае з амаль фатаграфічнай дакладнасцю. Апошняе надае яго творчай спадчыне вялікую гістарычную каштоўнасць. Да таго ж, у экспазіцыю таксама ўвайшлі літаграфіі па малюнках аднаго з найбольш вядомых рускіх мастакоў-баталістаў — Васілія Верашчагіна. Трэба адзначыць, што ён дэталёва вывучаў гісторыю Айчыннай вайны 1812 года і стварыў серыю з дваццаці карцін, дзе імкнуўся “паказаць вялікі нацыянальны дух рускага народа”, а таксама “скінуць вобраз Напалеона з таго п’едэстала героя, на які ён узнесены”.

Экспазіцыйны блок “Беларусь у 1812 г.” прадставіць увазе наведвальнікаў паштоўкі сярэдзіны XIX — пачатку XX ст. ды іх павялічаныя копіі. На паштоўках — выявы помнікаў воінам, рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў (П.Геса, В.Верашчагіна, К.Макоўскага) з батальнымі і бытавымі сцэнамі, памятныя мясціны вайны 1812 года.

Трэба адзначыць і яшчэ адзін момант. У наш час шырока распаўсюджаны міф пра скарб Напалеона. Безумоўна, ён недзе чакае свайго часу. Але хочацца сказаць не пра нарабаванае золата, што французскі імператар нібыта ўтапіў у Бярэзіне, а перш за ўсё пра велізарны гістарычны вопыт, які Банапарт пакінуў пасля сябе разам са спаленымі гарадамі і спустошанай зямлёй.

Думаецца, што экспанаты, прысвечаныя дзвюм войнам — 1812-га і Вялікай Айчыннай, — размешчаныя пад адным дахам, дазволяць правесці пэўныя паралелі.

На здымках: паштоўкі з выстаўкі «1812 год. Вайна і мір».