Выстава «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600-1800″ — на шляху да Нясвіжа. Знакамітую калекцыю Лонданскага музея можна будзе ўбачыць у аўтэнтычных інтэр’ерах.

У жніўні ў Нясвіжы адкрыецца выстава буйнейшага музея прыкладнога мастацтва — Музея Вікторыі і Альберта (Лондан, Вялікабрытанія). Унікальная калекцыя каралеўскіх скарбаў ХVІІ-ХІХ стагоддзяў размесціцца на дзвюх музейных пляцоўках Беларусі — у Палацавым ансамблі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Днямі нашу краіну наведалі эксперты з Музея Вікторыі і Альберта Джаана Норман і Эліс Лоб, каб чарговы раз прасачыць за ходам падрыхтоўкі пляцовак выставы.

5 ліпеня была падпісана дамова паміж музеем Вікторыі і Альберта і прадстаўнікамі беларускага боку. Між тым, яшчэ раней ужо вяліся перамовы, абмяркоўваліся тэхнічныя патрабаванні да афармлення экспазіцыі.

«Мантаж экспазіцыі пачнецца ў апошнія дні ліпеня, — паведамляе куратар выставы ў Нясвіжы Наталля Жэрка, — калі спецыяльным рэйсам з Лондана прыбудуць экспанаты. Для таго, каб прыняць прадметы выставы, амаль усё падрыхтавана: вітрыннае абсталяванне, транспарцёр для падняцця грузаў на верхнія паверхі, дадаткова закупілі мабільныя кандыцыянеры».

Экспазіцыя размесціцца на трэцім паверсе ў трох залах, якія ўпершыню адкрыюцца для наведнікаў адначасова з «заморскай» выставай. Гэта залы той часткі ансамбля, якая называецца «Палац» — Залатая зала, а таксама частка экспазіцыйных залаў княжацкай паловы. Багатае ўбранне гэтых пакояў стане цудоўным і арганічным фонам для знакамітай калекцыі.

Экспертаў Лонданскага музея цікавіла многае: ад узроўню вільготнасці да шырыні дзвярных праёмаў.

«Мы хваляваліся, як перад экзаменам, — прызнаецца Наталля Жэрка. — Лонданская выстава будзе першым маштабным праектам нашага музея, унікальным як для нашай структуры, так і для краіны ўвогуле. Ад таго, як мы вытрымаем гэты іспыт, які ўзровень арганізацыі выставы і паралельных суправаджальных мерапрыемстваў прадэманструем публіцы, залежыць многае. З аднаго боку — гэта ахарактарызуе ступень падрыхтаванасці музея-запаведніка «Нясвіж» да наступнага супрацоўніцтва з сусветнымі музеямі. З іншага боку — вынікі нашай працы паўплываюць непасрэдна на імідж Рэспублікі Беларусь. Нагадаю, правядзенне выставы «Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600-1800″ будзе першым вопытам супрацоўніцтва Музея Вікторыі і Альберта з айчыннымі музеямі».