На вуліцах Мінску ідзе вайна — малазаўважная, але непрымірымая. Невялікі партызанскі атрад вулічных мастакоў, не зважаючы на відавочную няроўнасць сілаў, штоноч робіць вылазкі на тэрыторыю супернікаў — гарадскіх камунальшчыкаў. Ці варта баяцца мастака з балёнікам фарбы і ці ўдасца мінскім уладам прыручыць стваральнікаў вулічных шэдэўраў?

Падчас «ваенных дзеянняў» Грамадскае аб’яднанне «Авангард» абвесціла сябе перамоўшчыкам.

— Я мяркую, што час ужо вывоводзіць мастацтва графіці ў «белы свет» , легалізовываць, каб хлапцоў не каралі за яго, каб яны маглі развіваць свой патэнцыял, не турбуючыся пра магчымую адказнасць, — кажа старшыня «Авангарда» Марат Абрамоўскі.Задумаўшы скіраваць сваю актыўнасць на графіці, суполка звярнулася ў Мінгарвыканкам з прапановай стварыць серыю дазволеных малюнкаў. У выніку чыноўнікі вылучылі 120 аб’ектаў, якія, з іх пункту гледжання, падыходзяць для стрыт-мастацтва, — смеццевыя бакі ды закінутыя будыніны. Цяпер «Авангард» рыхтуе эскізы, а тыя з іх, што пройдуць адбор, мастакам дазволяць намаляваць у вылучаных зонах. Пад наглядам супрацоўнікаў камунальных службаў — «дзеля бяспекі», каб грамадзяне, а ў першую чаргу — міліцэйскія патрулі разумелі, што адбываецца не акт вандалізму, а мастацкае дзеянне. На дадзены момант у праекце задзейнічана каля 15 мастакоў. Аднак пакуль у суполцы выкладзены толькі адзін эскіз.