Роўна год таму, роўна ў гэты час на станцыі метро «Кастрычніцкая» прагрымеў выбух. Дагэтуль цяжка зразумець, што адбылося. Не там у метро, а з кожным з нас. У гадавіну трагедыі мы папрасілі нашых сяброў і знаёмых распавесці, чым ім запомнілася 11 красавіка 2011 года. Мы не правяралі фактаў і не заўсёды ведаем дакладны час гэтых успышак памяці, але спрабуем падаць гісторыі ў выглядзе храналагічнай стужкі. Матэрыял не прэтэндуе на нейкі глыбокі аналіз, гэта проста пазл.

Кацярына Іванаўна, сястра міласэрнасці

Я на сваім працоўным месцы ў пераходзе на «Кастрычніцкай». Усё як звычайна, але мяне здзіўляе, што зніклі галубы, якіх я звычайна падкормліваю. Прадавачка кніг, якая працуе побач, выказвае меркаванне пра санзачыстку. Кажа, птушак тут больш не будзе. Насамрэч птушкі з’явяцца, але толькі праз пару дзён.

Марыйка Мартысевіч, пісьменніца

Еду ў маршрутцы з Усходу, праспект перакрыты і даводзіцца чакаць. Вадзіла жартуе: «Відаць, гэты Коленьку з садка едзе забіраць!»

Маша Васільева, кансультант па прасоўванні

Я пасварылася з мамай і спяшаюся на дзелавую сустрэчу на плошчу Перамогі. У гэты момант у мяне сядае тэлефон. Пераходжу з «Купалаўскай» на «Кастрычніцкую». Яшчэ гадзіну мама не зможа да мяне датэлефанавацца.

Валянціна Аксак, журналістка

Я выходжу на «Кастрычніцкай» і рушу ў бок эскалатара, але на прыступкі ступіць не паспяваю – адбываецца выбух. Зверху пачынаюць сыпацца рэкламныя лісты, якія імгненна загараюцца. Паўсюдна дым, смурод. Спачатку думаю, што гэта нейкае кіно здымаюць і крыху перастараліся. Потым эскалатар спыняецца і гасне святло. Я ўсведамляю, што гэта ніякае не кіно. Рушу ў іншы бок. Бачу, як гарыць вопраткі на людзях, чую, як крычаць параненыя. Даходжу да злучэння з «Купалаўскай» – тут ляжаць два нерухомыя целы. Праз іншы выхад трапляю на вуліцу, іду дамоў. Толькі ў кватэры разумею, чаму па дарозе ўсе так на мяне глядзелі – ад пылу і дыму я ўся чорная.

Яна Башлыкевiч, студэнтка

Метро выбухае, калі я ўжо на прыступках эскалатара. Гук не як у кіно, а глухі, быццам нешта пад зямлёй прагрымела. Першая думка – няспраўнасці з цягніком. Адразу закладае вушы. Са сцен падаюць рэкламныя борды. Нічога не відаць ад пылу і дыму. Эскалатары працягваюць ехаць. Уверх і ўніз. Чую крыкі з платформы. Адзінае, чаго я баюся, – гэта тое, што можа адбыцца другі выбух. Выбягаю ў пераход і спыняюся. За мной з’яўляецца мужчына і крычыць: «Чаго стаіш?! Уцякай!»

Цалкам чытайце ТУТ.