На 71-ым годзе жыцця памёр вядомы беларускі паэт, сябра беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» Уладзімір Гайдук з Тарнопаля (Нараўчанская гміна, Польшча).
Уладзімір Гайдук нарадзіўся 7 верасня 1941 года ў вёсцы Полымя, Гайнаўскага павета, у сялянскай сям’і.
У 1955 годзе скончыў пачатковую школу і два гады вучыўся ў беларускім ліцэі ў Бельску Падляшскім. У сярэдзіне 1960-х спрабаваў працягнуць адукацыю ў беластоцкім завочным ліцэі, аднак цяжкія матэрыяльныя ўмовы вымусілі адмовіцца ад задумы, трэба было гаспадарыць на хутары.
Першыя вершы Уладзімір Гайдук напісаў яшчэ вучнем пачатковых класаў. Дэбютаваў у 1956 годзе лістом-вершам “Пазнаёмімся” і вершамі “Захад сонца” і “Зіма ідзе” ў газеце беларусаў Польшчы “Ніва”.
Аўтар кніг паэзіі “Ракіта” (Беласток, 1971), “Блакітны вырай” (Беласток, 1990), “Пах аернага хлеба” (Беласток, 1998), “Полымя роднае” (Беласток, 2010)
У другой палове пяцідзясятых гадоў творы Уладзіміра Гайдука друкаваліся ў “Ніве” сістэматычна. Аўтар зборнікаў паэзіі “Ракіта” (Беласток, 1971), “Блакітны вырай” (Беласток, 1990), “Пах аернага хлеба” (Беласток, 1998). У 2010 годзе выйшаў апошні ўжо зборнік вершаў паэта “Полымя роднае”.
Журналіст “Радыё Рацыя” Янка Мордань часта сустракаўся з Уладзімірам Гайдуком:
— Валодзя Гайдук, гэта талент, які нарадзіўся і ўсё жыццё «гарэў» ва ўрочышчы Полымя, так называецца месца, дзе ён жыў. Я меў шчасце сустракацца з ім, слухаць яго апаведы пра жыццё, пра наваколле, прыроду. Кажуць, што каб зразумець паэта, трэба пабываць на яго Радзіме і пабачыць ягоную маці. Мне пашчасціла пабываць на Радзіме ў Валодзі, дзе ён «гарэў» усё жыццё, але, на жаль, цяпер мы мусім з ім развітацца.
Развітанне з Уладзімірам Гайдуком адбудзецца ў суботу, 25 лютага, а дзявятай гадзіне ў царкве ў Старым Ляўкове.
Паводле Радыё Рацыя і kamunikat.org
Каментары