У 2012 годзе за няправільнае карыстанне інтэрнэт-рэсурсамі можна будзе атрымаць адміністрацыйны штраф. Папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях мусяць уступіць у сілу з 6 студзеня наступнага года.

Пра такія магчымыя карэктыроўкі ў адмысловым паведамленні распавядае Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі.

Сябра брэсцкай арганізацыі праваабарончага цэнтру «Вясна»Уладзімір Вялічкін лічыць, што прыняцце такіх карэктыровак адбывалася з мэтаю яшчэ большага кантролю інфармацыі ў краіне:

— Гэта вельмі проста – надалей абмяжоўваць магчымасць распаўсюду сапраўднай інфармацыі праз разнастайныя сродкі масавай інфармацыі, каб пазбавіць людзей рэальнай сітуацыі і таго, што адбываецца ў краіне. Днямі памёр лідар Паўночнай Карэі, менавіта ў іх падобны план ужо рэалізаваны, інфармацыя цалкам абмежаваная, яны існуюць у ненармальных умовах, а інфармацыя падаецца такая, што ў іх проста рай, але калі яны з’явяцца ў іншай кране, то будуць выглядаць, як нейкія выкапні на фоне іншых людзей.

Ад 5 да 15 базавых велічыняў можа атрымаць юрыдычная асоба, адказная за пункт калектыўнага карыстання Інтэрнэтам, пры парушэннях пэўных правілаў карыстання. Штрафам у 30 базавых велічыняў можа быць пакараная фізічная асоба, што распаўсюджвае ў Інтэрнэце забароненую інфармацыю.