У rss з catholic.by мяне зацікавіў артыкул з назваю «Католікі і праваслаўныя ніколі не аб’яднаюцца?«, на «Экуменічнай старонцы«, якую вядзе (вёў?) брат Яраслаў Крыловіч. Але мне выдала памылку 404. Зразумела, што гэта не prokopovi.ch, таму ціснуць на f5 не дапаможа. Старонка знікла. Вось інфа з гугл-кэшу: «Католікі і праваслаўныя ніколі не аб’яднаюцца?» (кэш)

Рэчаіснасць падзеленнага хрысціянства так глыбока ўвайшла ў нашае жыццё, што ў многіх веруючых значна прытупілася пачуццё ненармальнасці і трагічнасці такой сітуацыі. Як думаеце, які адказ вы пачуеце, калі ў сваіх знаёмых, нават глыбока веруючых, зыпытаецеся: «Ці аб’яднаюцца калі-небудзь католікі і праваслаўныя ў адно?»

А як бы на гэтае пытанне адказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI? «Малітва, навяртанне сэрца, узмацненне ўзаемных сувязяў з’яўляюцца асновай гэтага духоўнага руху [экуменічнага], які, я спадзяюся, хутка прывядзе да (…) супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі на знак адзінства»[1]. А вось яго выказванне пра каталіцка-праваслаўны тэалагічны дыялог: «Няхай Дух Святы кіруе і апякуецца гэтай вялікай касцёльнай справай, заданне якой — вярнуць поўнае і бачнае адзінства Касцёлаў Усходу і Захаду»[2]. Пры гэтым Святы Айцец нам прыпамінае, што «клопат пра аб’яднанне хрысціянаў не з’яўляецца заданнем толькі некаторых або дзейнасцю дадатковай. Кожны пакліканы, каб зрабіць свой уклад у набліжэнні да поўнага адзінства ўсіх вучняў Хрыста»[3]. «Гэта павінна разумецца як абавязак маральны, адказ на выразны заклік Пана, — навучае Бэнэдыкт XVI. — Таму трэба перамагчы спакусу занядбання і песімізму, бо гэта з’яўляецца праяўленнем недаверу моцы Духа Святога»[4].

Мімаволі з’яўляецца пытанне: а чым я, такі малы чалавечак у Касцёле, магу наблізіць гэты момант бачнага аб’яднання? Ад мяне нібы не залежыць, «калі яны там навярху дамовяцца».

А аднак жа залежыць вельмі шмат! Мэтай серыі артыкулаў «Экуменічная старонка» з’яўляецца спроба разабрацца ў тым, як заклік Каталіцкага Касцёла да ўдзелу ў экуменічным руху можна аднесці да нашага звычайнага штодзённага жыцця. Каб пазбегнуць павярхоўнасці, здаецца, разумна распачаць ад адносін з той хрысціянскай канфесіяй, якая ў нашай краіне лічыцца найвялікшай — з Праваслаўнай Царквой, і з якой, як гаворыць Катэхізіс, «малага не хапае, каб (…) дайшло да супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі Панскай»[5].

Каб спалучыць разважанне навучання Касцёла з прыкладамі з нашага штодзённага жыцця, здаецца, добра прыняць наступную схему для выбару тэм паасобных артыкулаў:

на пачатку ідзе артыкул, які засярожваецца на фрагменце каталіцкага навучання аб экуменізме;
затым — некалькі артыкулаў на тэму: як гэта адносіцца да звычайных адносін паміж католікамі і праваслаўнымі;
зноў адзін артыкул пра іншы фрагмент навучання Касцёла і г.д.

На заканчэнне хацелася б прыгадаць словы малітвы Пана нашага Езуса Хрыста, якія павінны крануць сэрца кожнага веруючага чалавека:

Ойча святы, не толькі за іх [Апосталаў] прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне (Ян 17, 20–23).

Бр. Яраслаў Крыловіч

1. Разважанне Бэнэдыкта XVI перад малітвай «Анёл Панскі» 20.01.2008 г.
2. Сустрэча Бэнэдыкта XVI з праваслаўным арцыбіскупам Кіпра Хрызастомам ІІ 5.06.2010 г.
3. Гамілія Бэнэдыкта XVI на заканчэнне Тыдня Малітваў аб Адзінстве Хрысціянаў 25.01.2010 г.
4. Гамілія Бэнэдыкта XVI на заканчэнне Тыдня Малітваў аб Адзінстве Хрысціянаў 25.01.2011 г.
5. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла 838.