Па даных Белстата, у студзені — маі гэтага года аб’ёмы рэалізацыі гарэлкі павялічыліся на 10,3% у параўнанні з такім жа мінулагоднім перыядам. Прададзена 4 млн 664,8 тыс. дал гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 44,3% (у студзені — маі 2010 года — 45,4%).


Доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту ў студзені — маі 2011 года склала 10,4%. На спажывецкім рынку рэалізавана алкагольных напіткаў і піва на 2 трлн 590 млрд рублёў.

Піва за пяць меяцаў прададзена 13 млн 169,2 тыс. дал, што на 23,9% больш за аналагічны паказчык мінулагодняга перыяду. Доля гэтага напітку ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 12,5% (за такі ж перыяд 2010 года — 11,4%).

Лікёра-водачных вырабаў рэалізавана 862,6 тыс. дал (+43,6%), вінаградных він — 1 млн 330,4 тыс. дал (+27,2%), пладовых він — 6 млн 908,2 тыс. дал (+6,5%). Пладовыя віны занялі 29,5% у аб’ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у студзені — маі 2010 года — 31,4%).

Марына Носава, БелаПАН


Андрэй Капытоў, загадчык аддзела наркалогіі РНПЦ (Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра) псіхічнага здароўя:
«Асобасныя матывы пераважаюць сацыяльныя»

— Як паказваюць нашы даследаванні, сёння на першае месца выходзяць матывы спажывання, якія называюцца «атарактычнымі» — гэта значыць асабістыя, несацыяльныя. Гадоў дваццаць назад лідзіравалі традыцыйныя (сацыяльныя) матывы — звычкі, звычаі, традыцыі ў грамадстве, аднак цяпер атарактычныя выйшлі на першае месца. А гэта сведчыць пра незадаволенасць людзей унутраным станам — трывога, дэпрэсія. Зараз, каб свае ўнутраныя эмоцыі прывесці ў парадак, прыбягаюць да алкаголю. А ўжо тое, што ўплывае на гэта, аналізаваць можна доўга. Прычым і Расія, і Украіна, і Беларусь выглядаюць у гэтым плане жахліва — чым бядней грамадства, тым вастрэй стаіць алкагольная праблема. У нас, у Цэнтры псіхалагічнага здароўя, быў адзін праект: мы падлічылі, што больш выгадна — эфектыўнасць ад продажу спіртных напіткаў або выдаткі на наступствы. Аказваецца, другое абыходзіцца даражэй. Затраты на выдаткі большыя, чым грошы ад продажу алкагольнай прадукцыі: гэта і траўматызм, і хваробы не толькі саміх пітушчых, але і іх жонак, і дзяцей.

І лісты непрацаздольнасці, і пропускі на працы… Калі бутэлька гарэлкі каштуе 10000 рублёў, то дзяржаўных сродкаў на аднаўленне здароўя чалавека ідзе ў некалькі разоў больш. Чалавек, які задаволены сваім жыццём і жыве ў гармоніі з асяроддзем, піць не будзе. Гэта паводзіны ўцёкаў — сысці ад праблем, ад сітуацыі, пазбегнуць цяжкасцей. І гэта тычыцца не толькі мужчын. Жанчыны і падлеткі зараз співаюцца больш хуткімі тэмпамі, чым мужчыны.

Болей чытайце ТУТ.