Блогер Яўген Ліпковіч збіраецца напісаць адкрыты ліст у афіцыйны Саюз пісьменнікаў. Так ён вырашыў адказаць на заяву, прынятую пісьменніцкай арганізацыяй.

Нагадаем, Саюз пісьменнікаў Беларусі прыняў заяву з асуджэннем «фашысцкіх дзеянняў» Ліпковіча, які ладзіў спаленне кніг Мікалая Чаргінца. І гэта не дзіўна, бо генерал-пісьменнік Чаргінец і ўзначальвае праўладны Саюз пісьменнікаў.

У гутарцы з Еўрарадыё Ліпковіч кажа, што гэта не першая спроба Чаргінца адпомсціць за спаленыя кнігі:

Ліпковіч: “Мне ўжо казалі, што Чаргінец назбіраў на мяне тэчку таўшчынёй з два пальцы маіх выказванняў. Яго юрысты ўсё вышуквалі, як на мяне падаць у суд. Нічога ў іх не атрымалася, бо я маю права рабіць з сваёй уласнасцю тое, што хачу. Вось набыў я туалетную паперу, а на ёй напісана: “Кніга Чаргінца”. На дзіва, яна выявілася цвёрдай, гэтая туалетная папера. Я ўзяў яе і спаліў. Спаліў прылюдна, а чаму б і не?”

Блогер упэўнены ў слушнасці сваіх паводзінаў. Ён лічыць, што свабодны продаж кніг Чаргінца парушае Правілы гандлю, зацверджаныя Саўмінам. Маўляў, у 40-м артыкуле гэтых правілаў накладзеная забарона на продаж непаўналетнім асобам такіх тавараў, як алкагольныя напоі, цыгарэты і літаратура эратычнага характару.

Ліпковіч: “Вы ведаеце кнігу «Тайна Овального кабинета». Гэтая кніга змяшчае эротыку, элементы парнаграфіі. Яна не павінна быць у вольным продажы. Я ў гэтым выпадку займаюся тым, чым не займаецца дзяржава. Так, дзяржава проста ўзяла і не праверыла на змест забароны матэрыял па сваіх жа дзяржаўных правілах”.

Ліпковіч называе Чаргінца «так званы» і кажа, што змаганне з ім працягне.

Ліпковіч: “У наступным годзе мы будзем падаваць заяўку на святкаванне Дня абароны маладой беларускай маральнасці, афіцыйную заяўку ў гарвыканкам. А зараз я планую пісаць адкрыты ліст у адказ. Саюз пісьменнікаў, які ўзначальвае Чаргінец, павінен надрукаваць альтэрнатыўнае меркаванне”.

Людміла Шастак, euroradio.fm