“Гэта ўвогуле выцягванне за валасы Мюнхгаўзэна. Аніякая гэта не лібералізацыя, а элементарнае ўвядзенне больш-менш прагназаваных і ўцямных крокаў з боку Нацбанку. Хоць час, вядома ж, страчаны”.

Нагадаем, што адною з захадаў для барацьбы з недахопам валюты ў краіне стала ўвядзенне альтэрнатыўнага курсу рубля на міжбанкаўскім рынку. На меркаванне эксперта, цяпер ёсць усе падставы стварыць інфляцыйную спружыну, але гэта вельмі небяспечна: “Час страчаны. Цяпер аперацыю рабіць значна складаней – давядзецца ўжо нешта ампутаваць”.

“Цяпер адбываецца вяртанне ў той пункт, калі можа пайсці вельмі складаны працэс, звязаны з утварэннем курсу валютаў”, – каментуе эканамічную палітыку ў краіне Заіка.

На ягоную думку, усе дзеянні для выратавання сітуацыі на валютным рынку трэба было рабіць прынамсі два месяцы таму.

“У Нацбанку думаюць, што на рынку валюты можна займацца творчым праектаваннем. Але гэта непрафесійна. Каб выйсці на аб’ектыўны курс беларускага рубля, спатрэбіцца не месяц, а вельмі значны час, бо трэба будзе выводзіць цэнавыя паказчыкі на зусім іншы ўзровень”, – кажа Заіка.

На меркаванне спадара Заікі, цяпер улада мусіць выразна акрэсліць стратэгію паводзінаў у дачыненні курсу беларускага рубля. “Выйсце з гэтай сітуацыі – толькі ў змене палітыкі, аб працягу якой прэзідэнт заяўляў напярэдадні выбараў. На сённяшні дзень усё, што ўяўлялася надзейнасцю курсу беларускай палітыкі, ёсць міфалогіяй. Мы будзем расплачвацца з дапамогаю інфляцыі. Выбіраць ужо не выпадае”, – мяркуе Заіка.

belsat.eu