Сёньняшнюю Беларусь цяжка назваць самым камфортным месцам у сьвеце для літаратараў, таму багата хто зь іх па тых ці іншых прычынах палічыў магчымым выехаць за межы Радзімы і атабарыцца (хто на часовае, а хто і на пастаяннае жыцьцё) за мяжой. Чым жа там займаюцца нашыя, як раней казалася, «інжынэры душаў»? Ды рознымі рэчамі. І новыя творы пішуць, вядома, але і на ўлюбёную нацыянальную забаву — грызьню паміж сабою — таксама часу стае. Адзін з найхарактэрнейшых прыкладаў — даўняя варажнеча паміж «нарвэжцам» Славамірам Адамовічам і «немцам» Альгердам Бахарэвічам, якую адзін з камэнтатараў дасьціпна назваў «эмігранцкім літаратурным дэрбі». Адно з чарговых абвастрэньняў гэтай хваробы днямі можна было назіраць на блёгу Адамовіча. А ў чым сутнасьць канфлікту, як і зазвычай у такіх справах — «бяз пляшкі не разьбярэшся».