У Данілевічах, ля якіх расце гэты зялёны дубочак, былі якраз на Пятра і Паўла. Тамтэйшыя казакі-палешукі так напетрапаўліліся, што глядзець было люба.

Ездзіў са здымачнай групай «Беларусьфільма» на Палессе пад Лельчыцы шукаць і здымаць шматсотгадовыя дубы для кароткаметражнага дакументальнага фільма «Сведкі вечнасці». (Ліст да Е.Стулпана ад 30 чэрв. 1964)

З ліста да Л.Геніюш ад 13 ліпеня 1964:

Пішу Вам ліст з дарогі, спыніўшыся разам з экспедыцыяй на пару дзён у Рагачове…

Напэўна, пісаў ужо Вам аб апошняй працы. Ездзім на “казле” з аператарам Анатолем Забалоцкім і здымаем на плёнку розныя раслінныя дзівосы.

 

Былі на Наваградчыне (Валеўка, Свіцязь, Міцкевічаў дуб у Варончы, альтанка Марылі ў Туганавічах, алея Храптовіча пад Шчорсамі, дуб Гражыны ў Шчорсах, таполя Напалеона на дарозе з Любчы на Наваградак, дубы ў Белавежы).

Фільм умоўна завецца “Дрэвы, манументы нашы…”, што дае намёк на словы Адама “джэвы, помнікі нашэ, іле кожэн рок вас пожэра…”. Будзе ў ім дзве часткі паэтыкі і філасофіі наконт дрэў і іх схожасці з людзьмі. Мяркую, павінна атрымацца цікава, тым больш, што аператар — выключны.

Ездзілі потым на Ушачы — Полацак, на азёры ды на лясы. А зусім нядаўна пачалі новы рэйд: Бабруйск — Мазыр — Лельчыцы — Данілевічы, у палескую глуш. Здымалі цар-дуб, або яшчэ “дуб Крывашапкі”, гэтакае маленькае, усяго метраў на сорак, сімпатычнае дрэўца. Зусім маладзенькае, прыблізна год на тысячу з беларускім “гакам”. Толькі трошачкі яно старэйшае за Маскву, Берлін, Нью-Ёрк, Рыгу, Францыю як дзяржаву, Расію як дзяржаву… Словам, лухта.

У Данілевічах, ля якіх расце гэты зялёны дубочак, былі якраз на Пятра і Паўла. Тамтэйшыя казакі-палешукі так напетрапаўліліся, што глядзець было люба.

Не зважаючы на дары Вакха, якіх кожны хлебтануў аж трохі зашмат, — было сапраўды прыемна. Былі ўсе людзі ў дзедаўскіх, літаральна музейных строях: вышываныя (жывога месца няма) кужэльныя сарочкі, шнуроўкі-кабаты, клятчатыя ці проста чыпаватыя, у розныя колеры, андаракі і спадніцы з хвандамі. Мужыкі ў вышываных кашулях. Песні свае.

Упершыню бачыў усё гэта так суцэльна, без выняткаў. А ў хатах і посцілкі, і рушнікі, і ўсё. што Вам толькі будзе пажадана. Нават блохі ў адрыне — і тыя свае. Сапраўды было вельмі прыемна. Тым больш, што гэта не аперэтачныя пейзажы, а — заўсёды так. Знікае, аднак, і гэта. Нястрымна.

Паколькі я павінен яшчэ ездзіць “па дрэвах” у канцы лета, а потым восенню, калі яны з жоўтай лістотай і зусім без яе.

Ну вось і ўсё. Хлопцы цягнуць здымаць кісцянёўскія дрэвы, і ліст дапісаны.

З ліста да Л.Геніюш ад 15 верасня 1964:

Як Вы ведаеце, усё лета матляўся па розных мясцінах, здымаючы старыя дрэвы. Паездка мая зацягнулася, і я не трапіў у Мінск на большы тэрмін, чым можна было меркаваць. Урэшце асеў у Рагачове і толькі сабраўся даслаць Вам пазачарговы ліст, як выклікаў мяне ў Мінск аператар Толік Забалоцкі: нешта не ладзілася ў яго з мантажом. Прыязджаю, а мне падносяць прыемны сюрпрыз: аператара выклікаюць у Кішынёў, паказваць там ягоную карціну “Цераз могілкі”.

Прабылі там з аператарам тры дні. “Могілкі” нашы спадабаліся. “Беларусьфільм” хвалілі, магчыма, нават і занадта. Але ў сім-тым мелі рацыю. Вайна, сапраўды, ледзь не ў першым беларускім фільме паказана з набліжэннем да арыгіналу. І, галоўнае, ёсць некаторая пранікненне ў сам вобраз Беларусі. Дзіўна,бо акторы пераважна з боку. Думаю мне, гэта зрабіў аператар. Сам ён алтаец, з Абакана, але дзяды ягоныя былі высланы з Белрусі пасля Каліноўшчыны. І магчыма, падсвядомая памяць і яшчэ свежае вока, якое адразу хапае ўсё адметнае і незвычайнае, і дапамаглі яму зрабіць гэта. Фільм збольшага добры,хаця і жорсткі. Кінутая зямля, разораныя ўсімі, каму не лень, разбітыя капліцы, знявечаныя распяцці на раздарожжах і, уласна кажучы, супраць вялікая машыны — шчанюк-хлапчына, атручаны нянавісцю (урэшце — законнай), але яшчэ і рознай лухтою, ды стары чалавек, ды сухотнік механік, ды ягоны юродзівы сухарукі сын. Вось і ўсё. І, тым не менш ясна: такія маглі. Без усялякіх там загадаў, якія часта толькі перашкаджалі. І не менш ясн другое: якія людзі гінулі без усялякай надзеі на лепшае! Для тых, хто думае — горды, але і надзвычай сумны фільм. Ёсць і лухта, але галоўнае не ў гэтым.

Ну, аб гэтым досыць. Вярнуўшыся ў Мінск, атрымаў Вашага ліста, а адказваю ўжо з Рагачова, пасля таго, як у Мінску папрацаваў з Анатолем над “дубамі”.

 

 

 


 

 

Беларускі варыянт фільма не захаваўся, ёсць толькі адаптаваная дзеля саюзнага прагляду расейскамоўная версія. Калі хто знойдзе родны тэкст — зраблю субтытры ці пераагучу.

 

 

«СВИДЕТЕЛИ ВЕЧНОСТИ» / «СВЕДКІ ВЕЧНАСЦІ» 1964

 

community.livejournal.com/karatkievicz_by