Сёлета Беларусь ужо шосты раз запар далучыцца да Мінароднай ночы музеяў. 15 траўня музеі краіны адчыняць свае дзверы для ўсіх аматараў гісторыі, мастацтваў, а таксама начных шпацыраў.

Напрыклад, Нацыянальны мастацкі музей сёлета прапануе сваім начным наведнікам імпрэзу ў французскім стылі. Супрацоўніца музею Ірына Скварцова тлумачыць, што ідэю імпрэзы ім падказвае жыццё.

Ірына Скварцова: “Паколькі сёлета ў нас праходзіць дзівосная выстава “Нармандыя ў жывапісе”, выстава з прыватных збораў Францыі, то так у нас і нарадзілася гэтая ідэя зладзіць Ноч у французскім стылі. Напэўна, справа ў такім своеасаблівым стаўленні ўсіх еўрапейцаў да Парыжа і да Францыі. Гэта самы рамантычны горад у свеце!”

Дарэчы, штогод колькасць удзельнікаў акцыі стабільна павялічваецца. Так, у 2007 годзе Нацыянальны мастацкі музей наведалі каля 5 тысяч чалавек, а ўжо ў 2009-м – больш за 8 тысяч чалавек.

Валера Руселік для euroradio.fm