Stowarzyszenie Ludu Polskiego na Podolu, Wołyniu i w guberni Kijowskiej. Szymon Konarski. Содружество польского народа в губерниях Подольской, Волынской и Киевской. Шимон Конарский. / Редакционный комитет серии: Юлиан Бардах, Мария Янион, Галина В. Макарова, Константин В. Никифоров, Виктория Сливовская. Warszawa, 2009. 581 с.

У савецкі час даследаванню вызваленчага руху польскага і іншых народаў Расійскай імперыі надавалася немалая ўвага. Акрамя прычын суб’ектыўнага характару, гэтаму садзейнічала таксама існаванне Савецкага Саюза і звязаных з ім шчыльнымі эканамічнымі, палітычнымі і культурнымі повязямі краін т. зв. сацыялістычнага лагеру. Савецкая прапаганда і партыйнае кіраўніцтва ўсяляк заахвочвала вывучэнне кантактаў расійскіх барацьбітоў супраць царскага палітычнага рэжыму і дзеячоў дэмакратычнага лагеру іншых народаў (як тых, што жылі ў савецкіх рэспубліках, так і тых, што жылі ў сацыялістычных краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы) як сведчанне даўніх традыцый іх супрацоўніцтва ў мінулым.

Адносна руска-польскіх адносін гэта атрымала ўвасабленне ў шматлікіх артыкулах і сумесных савецка-польскіх публікацыях аб дзейнасці польскіх рэвалюцыянераў на розных этапах грамадска-палітычнага развіцця Расіі, а таксама ў шматтомным серыйным выданні крыніц «Польскі грамадскі рух і літаратурнае жыццё 30–50-х гадоў XIX стагоддзя. Даследаванні і матэрыялы», якое ажыццяўлялася сумесна Інстытутам славяназнаўства і балканістыкі АН СССР (цяпер Інстытут славяназнаўства РАН) і Інстытутам гісторыі і літаратурных даследаванняў Польскай акадэміі навук.

З распадам сацыялістычнага лагеру і самога СССР у розных краінах, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі і Польшчы, даследаванні вызваленчага руху набылі новы характар, а ранейшыя метадалагічныя ўстаноўкі і даследчыцкія методыкі пачалі пераглядацца.

Тым больш важкім выглядае з’яўленне новага тома серыі, які ахоплівае дзейнасць польскіх патрыятычных арганізацый, якія дзейнічалі ў 30-я гг. XIX ст. на Падоллі, Валыні і Кіеўшчыне (сучасная Украіна) на чале з Шыманам Канарскім. Выданне складаецца з двух асноўных раздзелаў. Першы – гэта манаграфічныя артыкулы, якія датычаць розных аспектаў руху Шымана Канарскага. Сярод іх можна адзначыць цікавы матэрыял пра эканамічную дзейнасць польскіх ссыльных у Забайкаллі ў 40–50-х гг. XIX ст. даследчыка з Улан-Удэ Яўгена Сямёнава, які прадстаўляе маладое пакаленне расійскіх гісторыкаў. Гэта дазваляе спадзявацца, што традыцыі вывучэння расійскімі гісторыкамі польскага вызваленчага руху ў Расійскай імперыі будуць працягнутыя.

Артыкул Яна Трынкоўскага пра лёс польскага ссыльнага Юльяна Сабінскага і яго дзённіка паказвае ўсю складанасць і неадназначнасць становішча палякаў (як правіла, добра адукаваных і абазнаных людзей) у ссылцы, дзе прадстаўнікі афіцыйных уладаў, якія ex officio прадстаўлялі варожы ім палітычны рэжым, нярэдка карысталіся іхнымі паслугамі ў прыватным парадку.

Другі раздзел выдання ўтрымлівае дакументы пра дзейнасць польскага патрыятычнага руху пад кіраўніцтвам Шымана Канарскага, выяўленыя ў архівах і рукапісных аддзелах бібліятэк Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Гэта праграмныя дакументы патрыятычных арганізацый, пратаколы допытаў і вочных ставак, карэспандэнцыя расійскіх уладаў, якая датычыла расследавання дзейнасці руху Шымана Канарскага, а таксама дакументы, якія сведчылі пра прысуды, вынесеныя ўдзельнікам руху.

Усе гэтыя матэрыялы, несуменна, узбагацяць даследчыцкі арсенал тых адмыслоўцаў, у тым ліку і беларускіх, якія цікавяцца грамадскім рухам і гісторыяй вызваленчага руху на землях, што ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі па выніках падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама дадуць магчымасць для шырокага параўнальнага аналізу працэсаў, што адбываліся тады на тэрыторыі цяперашняй Украіны, з аналагічнымі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

У цэлым выданне, нягледзячы на наяўнасць дробных абдруковак і малазначных памылак, звязаных з перадачай тэксту крыніцы, адпавядае самым высокім патрабаванням археаграфіі і агульнапрынятым крытэрыям гістарычнага даследавання.