Пасьля філёсафаў пратэстуюць гісторыкі й філёлягі

„Выцясьненьне гуманітарных навук з унівэрсытэтаў прывядзе да ачмурэньня грамадзтва”, папярэджваюць у звароце да міністра навукі польскія гісторыкі па антычнасьці й клясычныя філёлягі. Пасьля звароту філёсафаў, наступная група навукоўцаў скіравала пратэст міністру навукі й вышэйшай адукацыі прафэсару Лене Калярскай-Бабіньскай. Пад лістом падпісаліся выдатныя польскія прафэсары. Дэмаграфічны спад прывёў інстытуты й факультэты да крызысу, паведамляе выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Цягам апошніх гадоў студэнты перасталі цікавіцца гуманітарнымі навукамі на карысьць больш пэрспэктыўных галінаў. На 20% за апошнія пяць гадоў зьменшылася колькасьць студэнтаў гуманітарных факультэтаў. Колькасьць пэдагагічных – больш чым на 40%. У выніку дэмаграфічнага спаду сваю папулярнасьць страчваюць нават маркетынг і мэнэджмэнт.

У Беластоку філясофія на месцовым унівэрсытэце была цалкам ліквідаваная. На іншых ВНУ набор студэнтаў на гэты накірунак быў прыпынены. Каб ратавацца ад закрыцьця, унівэрсытэты прымаюць усіх жадаючых, незалежна ад выніку экзаменаў. Як кажа намесьнік дырэктара Інстытуту клясычнай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Ян Квапіш, у гэтым навучальным годзе інстытут прыняў усяго 40 студэнтаў на 90 месцаў.

„Гуманітарныя навукі вучаць людзей думаць. Іх выцясьненьне з унівэрсытэтаў у хаатычным парадку з-за дэмаграфічнага спаду прынясе доўгатэрміновыя наступствы. Адным зь іх будзе ачмурэньне грамадзтва”, — пішуць гісторыкі й філёлягі ў лісьце да міністра адукацыі. Яны заклікаюць да стварэньня „такіх умоў для польскай навукі, якія забясьпечаць ейнае далейшае разьвіцьцё, незалежна ад дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне”.

У абодвух лістах да міністра, філёсафаў ды гісторыкаў і філёлягаў, паўтараецца патрабаваньне адмены платы за другі факультэт навучаньня. Паводле навукоўцаў, увядзеньне платы, што было зроблена ў бягучым навучальным годзе, зьяўляецца адной з асноўных прычын крызысу на іхніх факультэтах, чытаем на старонках выданьня „Gazeta Wyborcza”.