Як і да чаго рыхтавалі Лі Харві Освальда ў Мінску, тайны ліквідацыі СССР, акалічнасці барацьбы за ўладу ў ліхіх 90-х: пра гэта і шмат чаго не меней цікавае можна будзе дазнаццца ў часе прэзэнтацыі новай кнігі Станіслава Шушкевіча «Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР».  

«Гэта палітычная аўтабіяграфія, спалучаная ў кнізе з ацэнкай і аналізам значных падзеяў, удзельнікам ці сведкам якіх быў аўтар. Абмінуўшы наменклатурныя прыступкі камуністычнай іерархіі, ён — універсітэцкі прафесар фізікі — апынуўся ў складзе палітычнай эліты спачатку безнадзейна зачаўрэлага СССР, а затым і на дзяржаўнай пасадзе першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Магчыма, гэтым вызначаецца нетрывіяльная ацэнка аўтарам дзейнасці сусветна вядомых палітыкаў, грамадскіх, культурных і рэлігійных дзеячаў, з якімі звёў яго лёс, а таксама яго бачанне перспектыў палітычнага і геапалітычнага развіцця постсавецкай прасторы», — пазначана ў анатацыі кнігі.

«Усё ў гэтай кнізе — мой асабісты погляд. Лічыце, што перад кожным сцвярджэннем стаяць словы «на маю думку», — піша Шушкевіч ва ўступе.

Прэзентацыя адбудзецца ў панядзелак 30 верасня а 16-й гадзіне ў Беларускім Доме ў Варшаве (Wiejska, 13-3).

У часе імпрэзы можна будзе набыць кнігу з аўтарскім аўтографам.

Мерапрыемства адбудзеццца пры падтрымцы кампаніі «Разам для Беларусі».