У 2014-годзе будзе святкавацца 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наступствы Другой сусветнай вайны для Беларусі мелі вялізнае значэнне ў дзяржаўнай палітыцы ў Беларусі яшчэ ў савецкія часы, аднак, пачынаючы з 1996 г. Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачаў адзначацца як галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці (дзень рэспублікі). Наколькі важнае значэнне ў палітыцы дзяржавы займае Другая Сусветная вайна і чым сучасная інтэрпрэтацыя уладамі да гэтых падзеяў адрозніваецца ад той, што існавала ў Беларускай ССР? Ці існуе ў грамадзтве атаясамленне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з незалежнасцю і як уплывае святкаванне галоўнага дзяржаўнага свята ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на ўспрыняцце той вайны маладым пакаленнем? З такімі пытаннямі часопіс Belarusian Review звярнуўся да вядомага беларускага гісторыка прафесара Захара Шыбекі.

Захар Шыбека: “Другая сусветная вайна ў палітыцы кіраўніцтва РБ проста ігнаруецца. Яна засланяецца Вялікай айчыннай вайной, а гэта – розныя рэчы. У якасці сімвала незалежнасці бярэцца савецкі міф аб выключнай ролі Савецкага Саюза, які, нібыта, амаль у адзіночку перамог нацысцкую Германію. Ускосна ўслаўляецца сацыялістычны лад, сацыялістычная ідэалогія, якія, нібыта, забяспечылі перамогу. Ні адна краіна, акрамя СССР, а цяпер Беларусі і Расіі, ніколі не лічыла другую сусветную вайну айчыннай. Існуе разуменне, што перамога над нацызмам – гэта вынік сумесных намаганняў краін антыгітлераўскай кааліцыі, а не нейкай пэўнай дзяржавы.

Акрамя таго, сучаснае кіраўніцтва Беларусі ў якасці сімвала незалежнасці ўзяло яшчэ і створаны былым кіраўніцтвам БССР міф аб выключнай ролі беларускага народа ў выгнанні нацыскіх захопнікаў, аб рэспубліцы-партызанцы. Пры чым, гэты міф набывае фантастычныя памеры, становіцца важнейшым інструментам палітыкі. Факт пераемнасці Беларуссю славы СССР празмерна эксплатуецца, бо арэал пераможцаў выгадна працуе на карысць сучаснага кіраўніцтва. Пераможцаў не судзяць. Пераможцам многае даруецца. Праз грандыёзнае святкаванне вызвалення Беларусі ад нацыстаў, кіраўнікі краіны атрымліваюць бонусы ад Расіі, для якой перамога ў 1945 г. мае сакральны характар.

Незалежнасць Беларусі, як вядома, пачала ажыццяўляцца толькі пасля абвяшчэння 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Аднак наданне гэтаму дню статусу свята незалежнасці, азначала б ухваленне распаду СССР і прызнанне краху сацыялістычнай дактрыны. Таму выключна па ідэалагічных меркаваннях, грамадству навязваецца зусім абсурдная сувязь вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі з днём незалежнасці, днём рэспублікі, а фактычна з днём нараджэння суверэннай Беларусі. Такі кульбіт разлічаны на выключна нізкую гістарычную культуру беларускага грамадства. Аднак народ яшчэ не страціў пачуццё здаровага сэнсу. Ён разглядае, на маю думку, 3 ліпеня, не як свята незалежнасці і нават не як свята вызвалення, а як свята, прысвечанае перамозе над нацызмам.

Штогадовыя аднастайныя і празмерна палітызаваныя сцэнары святкавання у дзень 3 ліпеня проста надакучылі. Замест удумлівага вывучэння і асэнсавання падзей Другой сусветнай вайны адбываецца надакучлівае паўтарэнне ідэалагічных штампаў. Дасведчаная моладзь усё больш выразна дэманструе нігілістычныя адносіны да гераізацыі і схематызацыі падзей мінулай вайны. Хоць гэтыя падзеі, сапраўды, лёсавызначальная ў гісторыі Беларусі. Толькі пасля вызвалення ад нацыстаў беларускі народ стаў адзіным, яго краіна набыла міжнародны аўтарытэт, правяла мадэрнізацыю. Таму перамогу над нацызмам ці вызваленне Беларусі ад нацызму беларускім грамадзянам варта святкаваць, але гэту перамогу нельга звязваць з незалежнасцю.

Атрымліваецца так, што свята незалежнасці Беларусі яе грамадзяне пакуль што не маюць. Яны ўстановяць яго, відаць, толькі пасля вызвалення ад камунізму. І гэта можа быць не абавязкова 25 жніўня.”